ПЁРЫШКІН (Рыгор Андрэевіч) (6.2.1898, г. Новачаркаск, Расія — 30.10.1990),
бел. вучоны ў галіне гідратэхн. будаўніцтва. Чл.-кар.АН Беларусі (1959), праф. (1954). Скончыў Данскі (у г. Новачаркаск) політэхн.ін-т (1922). З 1922 займаўся праектаваннем і буд-вам гідратэхн. збудаванняў (Волга-Данскі канал, Цымлянскі гідравузел і інш.). У 1953—65 заг. кафедры гідратэхн. будаўніцтва Бел.політэхн. ін-та. Адначасова ў 1960—63 дырэктар Ін-та водных праблем АН Беларусі. Працы па даследаванні збудаванняў гідравузлоў, па разліку і канструяванні буйных гідратэхн. збудаванняў.
Тв.:
Гидротехническое строительство в БССР (разам з Ф.П.Вінакуравым, С.П.Міхайлавым) // Сб. науч. работ Ин-та стр-ва и архитектуры АНБССР. Мн., 1958. Вып. 2;
Определение высоты прыжка воды в русле с переменным уклоном дна (разам з В.А.Хавічам) // Докл.АНБССР. 1968. Т. 12, № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЦЮХО́Ў (Уладзімір Анесціевіч) (н. 17.12.1944, с. Ендавішча Сямілуцкага р-на Варонежскай вобл., Расія),
бел. фізік і дзярж. дзеяч. Д-рфіз.-матэм.н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1966). З 1970 у Брэсцкім пед. ін-це (з 1985 заг. кафедры, з 1991 прарэктар). У 1996—99 старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы Вярх. Савета (з 1996 Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь). З 1999 рэктар Брэсцкага ун-та. Навук. працы па класічнай і квантавай тэорыі поля, тэорыі рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў. Аўтар навуч. дапаможнікаў па фізіцы.
Тв.:
Геометриэованная SU(3)-калибровочная теория в решеточном пространстве (разам З В.І.Стражавым) // Теорет. и мат. физика. 1991. Т. 87, № 2;
К описанию дираковских частиц посредством тензорных полей // Докл.АН Беларуси. 1993. Т. 37, № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯТНЁЎ (Пётр Аляксандравіч) (21.8.1792, г. Цвер, Расія — 10.1.1866),
рускі паэт, крытык. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Гал.пед.ін-т у Пецярбургу. У 1832—49 праф.рус. славеснасці, у 1840—61 рэктар Пецярбургскага ун-та. У 1838—46 выдавец і рэдактар час.«Современник». Паэзія П. развівалася пераважна ў рэчышчы элегічнага кірунку, у традыцыях В.Жукоўскага, К.Бацюшкава. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Нататка пра творы Жукоўскага і Бацюшкава» (1822), «Шэкспір» (1837), «Чычыкаў, або Мёртвыя душы Гогаля» (1842) і інш. Адзін з першых у Расіі звярнуўся да жанру біягр. нарыса: «А.С.Пушкін» (1838), «Я.А.Баратынскі» (1844), «Жыццё і творы І.А.Крылова» (1847), «Пра жыццё і творы В.А.Жукоўскага» (1852). Сябраваў з Жукоўскім, М.Гогалем, А.Пушкіным, які прысвяціў яму раман «Яўген Анегін».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗЕРН (Барыс Паўлавіч) (19.7.1882, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 25.2.1939),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу на Беларусі. Вучыўся ў Маск. ун-це. З 1903 на падп. рабоце ў Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Казані, Волагдзе, Маскве, Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 першы старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (да ліп. 1917). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 на Пскоўшчыне, чл. Пскоўскага ВРК, камісар Паўн. фронту. У 1918 камісар Петраградскай ваен. акругі, адначасова член Рэўваенсавета Балт. флоту. Удзельнік грамадз. вайны, чл.РВС 5-й і 7-й армій, Зах. і Усх. франтоў. З 1922 сакратар Паўн.-Зах. бюро ЦК РКП(б), з 1926 рэктар Ленінградскага камуніст. ун-та, з 1930 сакратар Ленінградскага абкома ВКП(б), з 1937 пракурор Ленінградскай вобл.Чл.ВЦВК і ЦВКСССР. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІЛО́ДАЧНЫ КАРАБЕ́ЛЬ,
баявы надводны карабель для пошуку і знішчэння падводных лодак. Як П.к. выкарыстоўваюцца авіяносцы, цяжкія атамныя ракетныя крэйсеры (напр., «Пётр Вялікі»), процілодачныя крэйсеры (сярод іх быў авіянясучы крэйсер «Мінск»), вял. і малыя П.к., вартавыя караблі, эскадраныя мінаносцы (у т. л. былы «Віцэ-адмірал Дрозд»), а таксама (пры адпаведным узбраенні) інш. караблі і катэры.
З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, найб. пашырыліся ў 2-ю сусв. вайну. Дзейнічаюць самастойна і ў складзе процілодачных сіл флатоў. Для выяўлення падводных лодак і сачэння за імі аснашчаны гідраакустычнай, гідралакацыйнай і інш. апаратурай, а для іх знішчэння — процілодачнымі ракетамі, тарпедамі, рэактыўнымі і газадынамічнымі бамбамётамі для кідання глыбінных бомбаў. Для самаабароны маюць ракетныя і артыл. комплексы, у т. л. зенітныя, і інш. ўзбраенне.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Процілодачны карабель. Атамны ракетны крэйсер «Пётр Вялікі» (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВА́ЛАЎ (Мікалай Іванавіч) (3.6.1868, г. Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобл., Расія — 28.9.1928),
расійскі музыкант-этнограф, дырыжор, кампазітар. Скончыў пецярбургскія горны (1895) і археалагічны (1903) ін-ты. Ў 1896—1913 музыкант-выканаўца Велікарус. аркестра пад кіраўніцтвам В.Андрэева. Збіраў, даследаваў і рэстаўрыраваў рус.нар.муз. інструменты. Ў пач. 20 ст. ўдзельнічаў у стварэнні квартэта ўдасканаленых гусляў, кіраваў аркестрамі нар. інструментаў. Вёў выкладчыцкую і навук.-асв. работу, выступаў як выканаўца на нар. інструментах. Аўтар працы пра бел.нар.муз. інструменты (першая спроба іх апісання і класіфікацыі), гіст.-этнагр. нарысаў пра муз. інструменты рус. і інш. народаў, самавучыцеляў ігры на гуслях, балалайцы. Апрацоўваў нар. песні, пісаў муз. творы (опера «На Волзе», музыка да драм. сцэн «Ілья Мурамец» і «Скамарохава жонка»).
Тв.:
Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСКО́Ў (Васіль Міхайлавіч) (н. 14.3.1930, с. Арлова Новаусманскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, журналіст. З 1953 на журналісцкай працы. Уражанні ад паездак у кнігах нарысаў «Нататкі фотарэпарцёра» (1960), «Крокі па расе» (1963; Ленінская прэмія 1964), «Белыя сны» (1965), «Падарожжа з маладым месяцам» (1969), «Па дарогах Амерыкі» (1973, з Б.Стрэльнікавым), «Прасёлкі» (1988) і інш. Кніга дакумент. нарысаў «Чакайце нас, зоркі!» (1963; з М.Рабровым) пра лётчыкаў-касманаўтаў В.Церашкову і В.Быкоўскага. Пра сям’ю пустэльнікаў-старавераў дакумент. аповесць «Таежны тупік» (1990). Аўтар кн. «Вайна і людзі» (1970). Самабытна піша пра прыроду (цыклы нарысаў «Акно ў прыроду», «Прасёлкі»), выступае ў яе абарону. Многія кнігі П. праілюстраваны яго фотаработамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТНІЦКІ (Мітрафан Яфімавіч) (3.7.1864, с. Аляксандраўка Варонежскай вобл., Расія — 21.1.1927),
рускі збіральнік і выканаўца нар. песень. Засл. арт. Рэспублікі (1925). Вучыўся ў духоўным вучылішчы ў Варонежы, браў урокі спеваў у Л.Абразцова, К.Эверардзі. З 1903 чл.Муз.-этнагр. камісіі пры Маскоўскім т-ве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Выконваў рус.нар. песні ў канцэртах камісіі. Вёў навук.-этнагр. работу. Запісваў песні з голасу і пры дапамозе фанографа (каля 400 песень пераважна варонежскіх; часткова апубл. ў 1904 і 1914). У 1910 стварыў хор з нар. спевакоў Варонежскай і Разанскай губ. (з 1927 хор яго імя, гл.Рускі народны хор імя М.Я.Пятніцкага). У 1921—25 выкладаў спевы ў студыі МХТ. Сабраў вял. калекцыю нар. інструментаў і касцюмаў.
Літ.:
Казьмин П.М. Страницы из жизни М.Е.Пятницкого. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙСКІ (Барыс Іпалітавіч) (3.9.1915, г. Іркуцк, Расія — 17.2.1993),
бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1973). Скончыў Харбінскае вышэйшае муз. вучылішча (Кітай, 1932). З 1947 у СССР. З 1957 гал. дырыжор аркестра Мінскага цырка. У 1961—88 гал. дырыжор і маст. кіраўнік канцэртна-эстр.арк.Бел. тэлебачання і радыё. Пад яго кіраўніцтвам зроблены фондавыя запісы опер «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Зорка Венера» Ю.Семянякі, «Сівая легенда» Дз.Смольскага, «Матухна Кураж» С.Картэса, радыёоперы «Барвовы золак» К.Цесакова, музыкі балетаў «Альпійская балада», «Выбранніца» і «Маленькі прынц» Я.Глебава, муз. камедый «Паўлінка» Семянякі і «Несцерка» Р.Суруса, вак.-сімф., сімф. і эстр. твораў і песень бел. кампазітараў для Бел. тэлебачання і радыё, грамзапісы і інш. Аўтар аранжыровак для эстр. і сімф. аркестраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКІ КРЭМЛЬ,
архітэктурны ансамбль 17 ст. ў г. Растоў Яраслаўскай вобл. (Расія). Узведзены ў 1670—83 на беразе воз. Нера, да 19 ст.наз. Архірэйскі дом. Уяўляе сабой комплекс культавых, жылых і гасп. пабудоў (гал. з іх пастаўлены вакол цэнтр. плошчы і злучаны арачнымі пераходамі), абкружаных масіўнымі сценамі з 5 вуглавымі, 4 уязнымі і 2 дазорнымі вежамі. Сярод найб. значных арх. помнікаў: цэрквы надбрамныя Уваскрэсення Хрыстова (1670; фрэскі 1675, маст. Д.Грыгор’еў, Г.Нікіцін) і Іаана Багаслова (1683), Спаса-Праабражэнская на Сенях (1675, фрэскі Дз.Сцяпанава, І. і Ф. Карпавых), Адзігітрыі (1698); княжацкія церамы (16—17 ст.), палаты Белая (1672, пл. 300 м²), Красная (1672—80) і Іераршая (17 ст.).
Літ.:
Баниге В.С. Кремль Ростова Великого XVI—XVII в. М., 1976.