гельмінтозная хвароба чалавека і жывёл, пры якой пашкоджваецца тонкі кішэчнік. Узбуджальнік — нематоды з роду анкіластом (Ancylostoma). Сустракаецца пераважна ў раёнах з цёплым і вільготным кліматам, на Беларусі адзначаецца ўсюды. Прыкметы: ірвота, паносы з прымешкамі крыві ў фекаліях, схудненне. Яйцы паразіта з калам інвазіраваных чалавека і жывёл трапляюць у вонкавае асяроддзе, з іх развіваюцца рухомыя лічынкі, якія праз рот ці скуру пранікаюць у арганізм гаспадара і ператвараюцца ў кішэчніку ў палаваспелых анкіластом. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБАЛЕ́Т (франц. Arbalète),
старажытная ручная зброя ў выглядзе стальнога або драўлянага лука з драўляным ложам-прыкладам і механізмам для нацягвання цецівы. Пушчаныя з арбалета драўляныя стрэлы зжал. наканечнікамі ляцелі на адлегласць 300—400 крокаў і прабівалі рыцарскія латы. У краінах Еўропы вядомы з 11 ст. (ёсць звесткі, што ў Еўропу арбалет прынеслі крыжаносцы, якія запазычылі яго ў сарацынаў). На Русі наз. самастрэлам. На Беларусі выкарыстоўваўся ў 12—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЭКСКАВА́ТАРНЫ ЗАВО́Д (БелЭКС). Створаны ў 1974 у г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобласці як Коханаўскія экскаватарныя рамонтныя майстэрні. У 1980 расшыраны і пераўтвораны ў «Рамбудгідрамаш», з 1981 у складзе камбіната «Будіндустрыя» (з 1988 ВА). З 1990 сучасная назва. Выпускае аднакаўшовыя экскаватары для будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі. Асн. прадукцыя (1995): экскаватары на базе шасі МАЗ-5337 з тэлескапічным рабочым абсталяваннем, з экскавацыйным і планіровачным каўшамі, міні-экскаватары, рэзальныя апараты для ротарных касілак, нестандартнае абсталяванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЛІ́РАВАННЕ,
1) выкананне паралельна з кім-н. аднолькавай (падобнай) работы; паўтарэнне, выкананне чаго-н. у 2 экзэмплярах.
2) Д. тэкстыльных матэрыялаў — здвойванне і змацаванне матэрыялаў з дапамогай нітачных строчак ці клею (напр., склейванне 2 розных тканін) або пад ціскам пасля аплаўлення паверхні аднаго з матэрыялаў (напр., змацаванне паралону з тканінай ці трыкатажам).
3) Д. фільма, дубляж — узнаўленне моўнай ч. гукавога кінафільма на інш. мове з сінхранізацыяй рухаў губ акцёра на экране і дублёра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДА́ТАК,
грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВА́РКА ТРЭ́ННЕМ,
зварка металаў пластычным дэфармаваннем нагрэтых узаемным трэннем паверхняў і наступным сцісканнем дэталей. Робіцца на машынах, у якіх вырабы, што трэба зварыць, замацоўваюць сувосева; вярчальны рух звычайна надаюць аднаму з вырабаў. Выкарыстоўваецца для злучэння валоў, штокаў з поршнямі, частак металарэзных інструментаў, інш. малагабарытных вырабаў з разнародных металаў і сплаваў, якія рэзка адрозніваюцца сваімі цеплафіз. і хім. ўласцівасцямі (напр., сталь з алюмініем і меддзю, тытан з алюмініем). Пашырана ў маш.-буд. і інстр. вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІНДЖА́НТРАП (ад Зіндж — стараж.-араб. назва Усх. Афрыкі + грэч. anthrōpos чалавек),
выкапнёвы прымат (гл.Прыматы), рэшткі якога (чэрап без ніжняй сківіцы) знойдзены англ. археолагам Л.Лікі ў цясніне Олдувай (Танзанія) у 1959. Чэрап З. масіўны, з магутным тварам, зубы буйныя, але іклы не выступаюць над астатнімі зубамі. Аб’ём мозга каля 530 см³. Асаблівасці будовы чэрапа сведчаць, што З. хадзіў на дзвюх нагах. Існаваў 1750 тыс. гадоў назад. З. лічаць прадстаўніком аднаго з відаў аўстралапітэкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ГАР СВЯТАСЛА́ВІЧ (1150—1202),
князь ноўгарад-северскі (з 1178), чарнігаўскі (з 1198). Сын чарнігаўскага князя Святаслава Ольгавіча. Удзельнік феад. войн 12 ст. за кіеўскі прастол. У 1172 за р. Ворскла разграміў войска полаўцаў на чале з ханамі Кабяком і Канчаком. Сумесна зінш. князямі ўдзельнічаў у шэрагу паходаў супраць полаўцаў. Узначаліў няўдалы паход 1185, які потым склаў сюжэтную аснову «Слова аб палку Ігаравым». Уцёкшы з палону, нанёс новыя паражэнні полаўцам у 1187, 1190 і 1191.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНА́Р (Inard) Жан Луі, французскі ткач і тэхнолаг 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. прыехаў у Рэч Паспалітую. У 1766—70 працаваў у Варшаве. З 1770 кіраўнік Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур (з В.Дзюпінэем), з 1777 у Цярэспалі на мануфактуры А.Чартарыйскага, з 1779 — у Ружанах (Брэсцкая вобл.) на ф-цы А.Сапегі. Яму прыпісваюць паясы з дэкорам у выглядзе двух асіметрычных букетаў на канцах. Сакрэты «прыгатавання лёну» і картаньернага мастацтва перадаваў вучням.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАДА́Г (цюрк. чорная гара),
вулканічны масіў у Крыме, на беразе Чорнага м., за 20 км на ПдЗ ад г. Феадосія, на Украіне. Складаецца з купалападобнай Святой гары, або г.Вял. Карадаг (выш. 577 м), і Берагавога хр.з арыгінальнымі формамі выветрывання. Складзены з туфаў і лаў. Радовішчы паўкаштоўных камянёў (сердалік, агат, яшма). З боку мора — бухты (Сердалікавая, Блакітная і інш.). Каля ўсх. падножжа — курорт Планёрскае ( б. Кактэбель). З 1979 К. — у складзе Карадагскага запаведніка.