ЗНО́СІНЫ,

працэс наладжвання і развіцця кантактаў паміж людзьмі, выкліканы патрэбамі сумеснай дзейнасці. Уключае абмен інфармацыяй, выпрацоўку адзінай стратэгіі ўзаемадзеяння, успрыманне і разуменне другога чалавека. У працэсе З. чалавек самавызначаецца, выяўляе свае індывід. асаблівасці, яго сутнасць раскрываецца для другога чалавека. Сац. сэнс З. у далучэнні суб’екта да культ.-гіст. вопыту чалавецтва. У найб. абагульненых класіфікацыях вызнаюцца тры аспекты працэсу З.: камунікатыўны (звязаны з вызначэннем спецыфікі інфарм. працэсу паміж людзьмі з улікам іх узаемаадносін, мэт, намераў і інш.), інтэрактыўны (увасабляе агульную стратэгію ўзаемадзеяння — супрацоўніцтва, суперажыванне, канкурэнцыя), перцэптыўны (уключае працэс успрымання, разумення і ацэнкі другога чалавека, зыходзячы з асаблівасцей яго паводзін). Адзінства гэтых аспектаў — важная ўмова аптымізацыі адносін паміж людзьмі, іх сумеснай дзейнасці. Развіццё здольнасцей і навыкаў З., фарміраванне іх культуры — адна з важных задач выхавання.

Літ.:

Коломинский Я.Л. Психология общения. М., 1974;

Добрович А.Б. Общение: наука и искусство. М., 1978;

Бодалев А.А. Восприятие и понимание человека человеком. М., 1982;

Лисина М.И. Проблемы онтогенеза общения. М., 1986.

М.​Ф.​Усціновіч.

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЯ́НЕ (польск. ziemianie ад ziemia зямля),

зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.

2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ША,

1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл. Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.

Л.​А.​Малаш.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕАПА́ТРА VII (Kleopatra; 69 да н.э., г. Александрыя, Егіпет — 30 да н.э.),

старажытнаегіпецкая царыца [51—48, 47—30 да н.э.], апошняя з дынастыі Пталамеяў. Дачка Пталамея XII, сястра, жонка, суправіцелька (з 51) Пталамея XIII, з якім сапернічала за ўладу. З 48 у выгнанні ў Сірыі. Пасля Александрыйскай вайны (47) вярнулася на трон з дапамогай Юлія Цэзара, які захапіўся разумнай і адукаванай царыцай (ад Цэзара яна мела сына Цэзарыёна). Пасля забойства Цэзара саюзніца і каханка Марка Антонія (пасля 41, з 37 яго жонка), падтрымлівала яго ў барацьбе з Актавіянам (Аўгустам). Пасля паражэння ў вайне з Рымам і ўступлення арміі Актавіяна ў Егіпет скончыла самагубствам. Паводле падання, ёй прынеслі ядавітую змяю, укус якой, паводле егіп. уяўленняў, абяцаў бессмяротнасць. Вобраз К. VII адлюстраваны ў л-ры (У.​Шэкспір, Б.​Шоу, П.​Карнель) і выяўл. мастацтве (Дж.​Цьепала, П.​П.​Рубенс і інш.).

Літ.:

Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;

Талашова Н. Клеопатра // Женщины-легенды. Мн., 1993.

Л.​М.​Драбовіч.

Клеапатра VII.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА НАСТА́ЎНІЦКАГА ІНСТЫТУ́ТА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1853. Спалучае рысы стыляў позняга класіцызму, псеўдарус. і мадэрн. Мураваны 3-павярховы Т-падобны ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 3 неглыбокімі рызалітамі з параднымі ўваходамі, балконамі 2-ra і 3-га паверхаў з ажурнымі металічнымі агароджамі і невысокімі атыкамі з паўцыркульнымі франтонамі ў цэнтры. Фасад карнізнымі паясамі падзелены на 3 ярусы. 1-ы ярус масіўны, вырашаны як цокаль, сцены аздоблены руставанымі пілястрамі. Рытм 2-га яруса ствараюць размешчаныя папарна арачныя аконныя праёмы, падзеленыя пілястрамі, з геам. скульпт. арнаментам архівольтаў паўцыркульных арак, міжаконных пілястраў і інш. 3-і ярус з прамавугольнымі аконнымі праёмамі кантрастна вылучаецца больш дробным маштабам арх. дэталей. У Вял. Айч. вайну будынак пашкоджаны, у 1953 адноўлены. Напачатку ў будынку размяшчалася жаночая гімназія, з 1913 — настаўніцкі ін-т, з 1919 — Ін-т нар. адукацыі, з 1930 — пед. ін-т, цяпер Магілёўскі пед. ун-т імя А.​Куляшова.

Ю.​А.​Якімовіч.

Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́ШЫЧЫ,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад Карэліч, 209 км ад Гродна, 48 км ад чыг. станцыі Наваельня. 471 ж., 194 двары (1999).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло ў Навагрудскім пав., належала Свірылю. З 1530 уласнасць кн. Ф.​Чартарыйскага, з 1532 — татарскага кн. Ахмета Улана, які заснаваў тут мястэчка. У 18 ст. ўладальнікамі М. былі Есьманты і Багдановічы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. М. — сяло і 3 фальваркі ў Навагрудскім пав. Мінскай губ. З 1921 у складзе Польшчы у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Валеўскага, з 25.11.1940 — Карэліцкага р-наў. У 1961—79 у Райцаўскім с/с. У 1972—415 ж., 112 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

В.​У.​Шаблюк, А.​К.​Брэган.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́САР,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. За 20 км на ПнЗ ад г. і чыг. станцыі Глыбокае, 220 км ад Віцебска. 489 ж., 224 двары (1999).

Ільнозавод, базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мосарскі касцёл Ганны (1792). За 1,5 км на ПнЗ ад вёскі курганны могільнік.

Вядома з 16 ст. як мястэчка. У 16—19 ст. М. валодалі Зяновічы, Валовічы, Далмат-Ісайкоўскія, Млечкі, Бжастоўскія. Апошнія пабудавалі ў 1775—90 у М. палац (не захаваўся), у 1792 — парафіяльны касцёл св. Ганны. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1872 дзейнічала нар. вучылішча. З канца 19 ст. М. — уладанне Пілсудскіх. У 1885 у маёнтку М. 558 ж., у вёсцы М. 117 ж. З 1921 М. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна, з 20.1.1960 — Глыбоцкага раёна, з 1960 ва Удзелаўскім с/с.

І.​У.​Бунто.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна мясцовай прам-сці Беларусі па выпуску муз. інструментаў і дэталей да іх. Муз. інструменты з даўніх часоў выраблялі майстры-ўмельцы. У 1920—30-я г. наладжана іх прамысл. вытв-сць. У 1999 дзейнічаюць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у Беларускае вытворчае аб’яднанне музычных інструментаў, у т. л. Барысаўская фабрыка піяніна (галаўное прадпрыемства аб’яднання), Бобрскі з муз. дэталей (Крупскі р-н), а таксама Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Асн. прадукцыя: піяніна, цымбалы, баяны, акардэоны, гармонікі, акустычныя гітары і электрагітары. дзіцячыя муз. цацкі. Вырабляюцца таксама індывід. муз. інструменты, у асноўным скрыпічныя. Найб. вядомыя муз. інструменты, створаныя бел. майстрамі: В.​В.​Богданам з Вілейскага, Б.​П.​Круглым з Лідскага, І.​М.​Карнеем з Смаргонскага, М.​М.​Міронам з Дзяржынскага р-наў, У.​А.​Крайко з Мінска, М.​П.​Такушэвічам з г. Маладзечна і інш.

Да арт. Музычных інструментаў вытворчасць. Участак зборкі электрагітар на Беларускім вытворчым аб’яднанні музычных інструментаў у г. Барысаў.
Да арт. Музычных інструментаў вытворчасць. Гатовая прадукцыя Маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў.

т. 11, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́БЕЛІ (Nobel),

шведскія вынаходнікі, прадпрымальнікі і прамыслоўцы. Паходзілі са стараж. швед. роду Рудбекаў, адзін з прадстаўнікоў якога ў 1682 змяніў прозвішча на Нобеліус (пазней трансфарміравалася ў Нобель) па назве мяст. Нёбёлеў, дзе жыў род. Эмануэль (24.3.1801—3.9.1872), вынаходнік падводных мін. Бацька Людвіга, Роберта, Эміля і А.Б.Нобеля. У 1842—59 жыў з сям’ёй у С.-Пецярбургу, дзе заснаваў мех. з. У час Крымскай вайны 1853—56 пастаўляў рас. войскам узбраенне і міны. Людвіг (27.7.1831, Стакгольм — 12.4.1888), канструктар станкоў, нафтапрамысловец, інжынер-тэхнолаг. Ператварыў заснаваны бацькам з у буйны маш.-буд. з «Людвіг Н.» (цяпер «Рускі дызель» у С.-Пецярбургу). У 1876 разам з братамі Робертам і Альфрэдам заснаваў нафтапрамысловае прадпрыемства ў Баку (з 1879 «Т-ва братоў Нобель»), якое стала найбуйнейшай нафтафірмай у Рас. імперыі. Увёў транспарціроўку нафты па трубаправодах, упершыню ў свеце выкарыстаў марскія і рачныя нафтаналіўныя судны. Эмануэль (22.6.1859—31.5.1932), сын Людвіга. У 1888—1917 узначальваў прадпрыемствы сям’і Н. у Расіі. З 1918 у Швецыі.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СМІЙ (лац. Osmium),

Os, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 76, ат. м. 190,2, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродны складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 184, 186—190, 192; найб. пашыраны ​192Os (41,1%) і ​190Os (26,4%). У зямной кары 5∙10​−6% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.​Тэнантам, назва (ад грэч. osmē пах) абумоўлена непрыемным пахам аксіду OsO4.

Бліскучы серабрыста-блакітнаваты, вельмі цвёрды метал, tпл 3027 °C, 1кіп 5027 °C, шчыльн. 22 610 кг/м³. Хімічна вельмі ўстойлівы. Кампактны не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, нават з кіпячай царскай гарэлкай. Пры сплаўленні метал. О. са шчолачамі ўтвараюцца водарастваральныя солі — асматы (VI).

Дробнадысперсны пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі (напр., пры 250—300 °C з фторам утварае гексафтарыд OsF6, жоўтыя крышталі з tпл 33 °C), халькагенамі. фосфарам. Выкарыстоўваюць як кампанент звышцвёрдых і зносаўстойлівых сплаваў (з ірыдыем, рутэніем і інш. металамі) для прыладабудавання, вырабу эталонаў і інш.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)