РЭ́ЙНСКАЯ ДЭМІЛІТАРЫЗАВА́НАЯ ЗО́НА Існавала ў 1919—36. Устаноўлена пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919

(гл. таксама карту да гэтага арт.),

ахоплівала тэр. Германіі на левым беразе р. Рэйн і паласу шырынёй 50 км на яе правым беразе. У зоне забаранялася размяшчаць герм. войскі, будаваць ваен. ўмацаванні і г.д. Яе мірны статус пацверджаны Лакарнскімі дагаворамі 1925. У сак. 1936 нацысцкі ўрад А.​Гітлера абвясціў пра аднаўленне поўнага суверэнітэту Германіі над Р.д.з. і ўвёў туды войскі, што прывяло да ліквідацыі зоны ў парушэнне ўмоў Версальскага і Лакарнскіх дагавораў. Пасля поспеху гэтай акцыі нацысты распачалі падрыхтоўку да аншлюсу Аўстрыі.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛАШЫ (Szálasi) Ферэнц (6.1.1897, г. Кошыцы, Славакія — 12.3.1946),

венгерскі паліт. дзеяч. У 1925—35 афіцэр Ген. штаба (з 1932 маёр). У 1935 заснаваў праварадыкальную «Партыю волі нацыі» (забаронена ўладамі ў крас. 1937). У 1938—40 зняволены па абвінавачанні ў дзейнасці супраць урада М.​Хорці. З 1940 лідэр прафаш. партыі «Скрыжаваныя стрэлы» (гл. Нілашысты). Са жн. 1944 пры падтрымцы ням. фашыстаў разгарнуў падрыхтоўку да захопу ўлады, каб не дапусціць выхаду Венгрыі з 2-й сусв. вайны. З 16.10.1944 да 27.3.1945 узначальваў уладу («правадыр нацыі») на частцы тэр. Венгрыі, занятай ням.-фаш. войскамі. У 1946 нар. судом Венгрыі прыгавораны да пакарання смерцю як ваен. злачынца.

т. 14, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМНІ́ТЫ (лац. Samnites),

старажытнаіталійскія плямёны умбра-оскска-сабельскай галіны. Жылі ў гарах, займаліся пераважна жывёлагадоўляй. У 5 ст. да н.э., спусціўшыся з гор, частка С. заняла З і ПдЗ Апенінскага п-ва і змяшалася з мясц. насельніцтвам. У 4 ст. да н.э. ўзначалілі саюз плямён (т. зв. Самніцкая федэрацыя). У 2-й пал. 4 — пач. 3 ст. да н.э. вялі войны з Рымам (гл. Самніцкія войны), якія скончыліся падпарадкаваннем С. Падтрымлівалі палкаводцаў Піра і Ганібала ў час іх паходаў супраць Рыма. Змагаліся супраць Рыма ў Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э. Амаль поўнасцю знішчаны рым. палкаводцам Л.​К.​Сулам (1 ст. да н.э.).

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРА́ТАЎ,

горад, цэнтр Саратаўскай вобл. ў Расіі. Засн. ў 1590 як умацаваны пункт на паўд.-ўсх. межах Расіі. 874 тыс. ж. (1999). Порт на р. Волга (Валгаградскае вадасх.). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (з-ды станкабуд., авіяц., энергет., электроннага машынабудавання, падшыпнікавы, дызельны і інш.), эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., дрэваапр., харч., лёгкая. З-д тэхн. шкла. 10 ВНУ, у т. л. ун-т, кансерваторыя. 4 тэатры, у т. л. тэатр оперы і балета. Цырк. Планетарый. Музеі: краязн., мастацкі, М.​Г.​Чарнышэўскага, К.​А.​Федзіна, Музей-кватэра сям’і Ульянавых. Троіцкі сабор (17 ст.), грамадскія і жылыя будынкі 1-й пал. 19 ст.

т. 14, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТА́Р,

сан 2-й (сярэдняй) ступені свяшчэнства ў праваслаўнай, каталіцкай і стараж.-ўсходніх цэрквах. Паводле царк. дагматыкі, С. мае дар божы Св. Духа, які дае яму магчымасць здзяйсняць царк. таінствы (акрамя таінства свяшчэнства), царк. службы і даваць вернікам божае блаславенне. Пасвячае ў С. епіскап. У правасл. царкве, дзе гэты тэрмін найб. пашыраны, С. таксама наз. іерэй, прэсвітэр, поп. Правасл. С. павінен быць абавязкова жанаты ці прыняць манаства (С.-манах наз. іераманах). Старшы С., звычайна кіраўнік ніжэйшай царк. акругі (благачыння) ці настаяцель сабора, мае ганаровае званне (протапрэсвітэр, пратапоп, у манастве — ігумен, архімандрыт). Каталіцкага С. ў Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне наз. ксёндз. Гл. таксама Духавенства.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГРЭГА́ЦЫЯ (ад позналац. segregatio аддзяленне),

палітыка прымусовага аддзялення груп насельніцтва па расавых або этнічных прыкметах; адна з форм расавай дыскрымінацыі. Існавала ў шэрагу краін (ЗША, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Аўстраліі і інш.) да 2-й пал. 20 ст. ў адносінах да «каляровага» нас. (эмігрантаў, карэнных жыхароў і інш.). Практыкавалася забарона жыць у адных раёнах горада з «белым» насельніцтвам, наведваць прызначаныя для «белых» школы, тэатры, бальніцы, гасцініцы і г.д., карыстацца адным транспартам. У наш час С. спынена як палітыка, што супярэчыць прынцыпам і нормам міжнароднага права, Статуту ААН, Міжнар. канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, Міжнар. пактам аб правах чалавека, Міжнар. канвенцыі аб спыненні апартэіду і інш.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКОК (Skok) Петар (1881, Юркава Сяло, Харватыя — 1956),

харвацкі і югаслаўскі мовазнавец. Чл.-кар. Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў. Д-р філал. й. (1912). Скончыў Венскі ун-т (1904). Выкладаў у школе, у Заграбскім ун-це. Даследаванні ў галіне славянскіх і раманскіх моў, параўнальнай лінгвістыкі, балканалогіі, анамастыкі і этымалогіі, гісторыі югаславянскіх і замежных л-р. Аўтар прац «Прыход славян у Міжземнамор’е» (1934), «Нарыс французскай граматыкі» (т. 1—2, 1938—39), «Асновы раманскай лінгвістыкі» (т. 1—3, 1940), «Славянства і раманства на астравах Адрыятыкі» (т. 1—2, 1950), «Этымалагічнага слоўніка харвацкай ці сербскай мовы» (т. 1—4, 1971—74).

І.​А.​Чарота.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДСКА́Я УКРАІ́НА,

гістарычная вобласць у Расіі 17—18 ст. на тэр. сучасных Украіны (Харкаўская, часткі Данецкай, Луганскай і Сумскай абл.) і Рас. Федэрацыі (часткі Варонежскай, Курскай і Белгарадскай абл.). З 2-й пал. 16 ст. засялялася ўкр. казакамі і сялянамі, што ўцякалі сюды з тэр. Украіны, падуладнай Рэчы Паспалітай. Сяліліся слабодамі (адсюль назва). Казацкае насельніцтва стала называцца слабадскімі казакамі. С.У. з поўначы засялялі рус. служылыя людзі і збеглыя сяляне. З пач. 18 ст. ўрад рассяляў тут вял. групы выхадцаў з тур. уладанняў (малдаван, сербаў і інш.). У 1765 на тэр. С.У. ўтворана Слабодска-Укр. губ., якая ў 1835 перайменавана ў Харкаўскую губерню.

т. 14, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ЎНАЕ,

пасёлак у Талачынскім р-не Віцебскай вобл.; чыг. ст. на лініі Мінск—Орша. Цэнтр сельсавета. За 22 км на ПдЗ ад г. Талачын, 129 км ад Віцебска. 419 ж., 197 двароў (2001).

Вядома як вёска Паўлавіцкай вол. Магілёўскага пав., якая ў 2-й пал. 19 ст. з пабудовай чыг. Орша—Барысаў стала чыг. станцыяй. З 1924 у Талачынскім р-не Аршанскай акр. (да 1930), з 1938 Віцебскай вобл. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі. 28.8.1942 на чыг. ст. С партызаны правялі Слаўненскую аперацыю 1942. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік ахвярам фашызму.

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯПНЁЎ Маўрыкій Трафімавіч (27.6.1896, в. Ямскавічы Кінгісепскага р-на Ленінградскай вобл., Расія — 19.12.1965),

лётчык. Герой Сав. Саюза (1934). Скончыў школы прапаршчыкаў (1915), Гатчынскую лётную (1917) і 1-ю Вышэйшую ваен. лётчыкаў (1923), Ваен.-паветр. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1936). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1925 лётчык грамадз. авіяцыі. За ўдзел у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін», які затануў у Чукоцкім м. (крас. 1934), стаў адным з першых Герояў Сав. Саюза. З 1939 нач. Акадэміі Грамадз. паветр. флоту. У Вял. Айч. вайну нам. камандзіра авіябрыгады ВПС Чарнаморскага флоту (1941—42), потым у ВПС ВМФ і Гал. штабе ВМФ. Чл. ЦВК СССР 1935—37.

М.Т.Сляпнёў.

т. 15, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)