АСО́БА ў мовазнаўстве,

катэгорыя дзеяслова, якая паказвае адносіны вытворцы дзеяння да таго, хто гаворыць. Вызначаюць 3 асобы і адпаведна ім 3 асабовыя дзеяслоўныя формы адзіночнага і множнага ліку. Формамі 1-й асобы абазначаюць дзеянне (стан) таго, хто гаворыць («чытаю, чытаем»); формамі 2-й асобы — дзеянне (стан) таго, да каго звяртаюцца ў гаворцы («чытаеш, чытаеце»); формамі 3-й асобы — дзеянне (стан) таго, пра каго (пра што) гавораць («чытае, чытаюць»).

Сродкі афармлення катэгорыі асобы ў розных мовах розныя: у германскіх і раманскіх — адначасова асабовыя займеннікі і канчаткі, у семіцкіх — асабовыя канчаткі, займеннікі і прыстаўкі. У слав. мовах, у т. л. і беларускай, асабовыя формы дзеяслова перадаюцца праз канчаткі (у цяперашнім і будучым часе: «чыта-ю, прачыта-ю; чыта-ем, прачыта-ем; чыта-еш, прачыта-еш, чыта-еце, прачыта-еце; чыта-е, прачыта-е; чыта-юць, прачыта-юць»), асабовымі займеннікамі разам з асабовымі канчаткамі («я чыта-ю, я прачыта-ю; ты чыта-еш, ты прачыта-еш» і гэтак далей) ці асабовымі займеннікамі і назоўнікамі (у прошлым часе: «ён чытаў, вучань чытаў»).

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ГЛЕ́БАЎ,

комплекс дзярж. і рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні і рацыянальным выкарыстанні глебаў як найважнейшага кампанента зямельных рэсурсаў; састаўная ч. аховы прыроды.

Прадугледжвае вывучэнне працэсаў спусташэння, разбурэння і забруджвання глебаў, прагназаванне іх вынікаў, устанаўленне параметраў і пашырэнне, распрацоўку мер барацьбы і мерапрыемстваў па прадухіленні эрозіі глебаў, кірункаў і сродкаў павышэння ўрадлівасці і акультурвання глебаў, рэкультывацыі зямель, уключэнне малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г. абарот, дае навук. абгрунтаванне размяшчэнню розных тыпаў зямель, утварэнню сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, распрацоўку спец. глебаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантроль за выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш.

На Беларусі ахова глебаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі зямельнага заканадаўства, інш. спец. пастановамі і нарматыўнымі актамі. Уведзены забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Функцыю кантролю мерапрыемстваў па ахове глебаў выконвае Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці.

Т.​А.​Раманава.

Да арт. Ахова глебаў. Рэкультывацыя зямель. Культурная паша на былых тарфяніках у Пружанскім раёне Брэсцкай вобл.

т. 2, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГМАНА ПРА́ВІЛА,

вызначае заканамернасць змянення памераў чалавека і цеплакроўных жывёл у залежнасці ад пануючых тэмператур навакольнага асяроддзя. Устанавіў ням. вучоны К.​Бергман (1847). Паводле Бергмана правіла, у чалавека і жывёл аднаго віду або групы блізкіх відаў памеры цела большыя ў паўн. шыротах і меншыя на Пд. Напр., у жыхароў Скандынавіі сярэдні рост 170—175 см, у Іспаніі і Паўд. Італіі — менш за 160 см, такая ж залежнасць і па масе цела; у ваўка на Таймыры даўж. цела да 137 см, маса да 49 кг, у Манголіі адпаведна да 120 см і да 40 кг; у сярэдняй паласе даўж. цела ліса да 90 см, маса да 10 кг, у Туркменіі да 57 см і да 3,2 кг. Бергмана правіла адлюстроўвае адаптацыю чалавека і жывёл да падтрымання пастаяннай т-ры цела ў розных кліматычных умовах: у чалавека і буйных жывёл адносіны паверхні цела да яго аб’ёму меншыя, чым у дробных, таму меншы расход энергіі для падтрымання ўласнай т-ры цела, што важна пры нізкіх т-рах навакольнага асяроддзя.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,

установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.

Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж. цэнтры занятасці.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯРЫТМАЛО́ГІЯ (ад бія... + рытм + ...логія),

хранабіялогія, раздзел біялогіі, які вывучае цыклічныя працэсы ў біял. сістэмах. Як навука ўзнікла ў 2-й пал. 20 ст. У 1950—60-я г. сфарміраваліся ўяўленні аб фізіял. рытмах — высокачастотных перыядычных працэсах эндагеннага паходжання, што рэалізуюцца пераважна на біяхім., клетачным і тканкавым узроўнях арганізацыі (метабалічныя цыклы, рытмы сардэчны, дыхання, электрапатэнцыялаў мозга), і біялагічных рытмах, перыядычнасць якіх задаецца рытмам вонкавых сінхранізавальных фактараў, але з рэалізацыяй на ўсіх узроўнях (ад малекул да біясферы). Спалучэнне «эндагеннасці» і «экзагеннасці» фарміравання біярытмаў — адна з асн. праблем біярытмалогіі. Існуе агульная тэндэнцыя да павелічэння даўжыні перыядаў біярытмаў па меры таго, як ускладняліся біял. сістэмы. З біярытмалогіі вылучыліся хранамарфалагічны кірунак у вывучэнні структурнай арганізацыі біял. сістэм, касм. хранабіялогія; на стыку біярытмалогіі і клінічнай медыцыны — хранамедыцына, якая вывучае ўзаемасувязі біярытмаў з цячэннем розных хвароб і інш. мед. аспекты.

Літ.:

Моисеева Н.И., Сысуев В.М. Временная среда и биологические ритмы. Л., 1981;

Деряпа Н.Р., Мошкин М.П., Посный В.С. Проблемы медицинской биоритмологии. М., 1985;

Емельянов И.П. Структура биологических ритмов человека в процессе адаптации. Новосибирск, 1986.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. activus дзейсны, дзейны) у псіхалогіі, уласцівасць псіхікі быць не толькі актам, але і крыніцай паводзін. Праяўляецца ў сувязі з дзейнасцю як дынамічная ўмова яе ўзнікнення, рэалізацыі і відазмянення. Паняццем «актыўнасць» падкрэсліваецца не рэактыўная, а актыўная сутнасць псіхічнага, якая найлепш праяўляецца праз свабоду волі і жадання. Актыўнасць можа быць вонкавая (праяўляецца праз рухі цела і маторыку) або ўнутраная (існуе ў плыні псіхічнага). У ёй вылучаюць паводзіны і дзейнасць. Дзейнасць адрозніваецца ад паводзін тым, што выклікаецца свядома пастаўленымі мэтамі, якія дасягаюцца пры дапамозе прылад працы. Тэрмін «актыўнасць» выкарыстоўваецца псіхолагамі і ў вузкім сэнсе: актыўнасць асобы — магчымасць чалавека быць суб’ектам міжасабовых зносін, дзейнасці і самарэалізацыі; актыўнасць надсітуацыйная звязана з перавышэннем зададзеных мэт дзейнасці, а звышнарматыўная актыўнасць — з перавышэннем звычайных нормаў дзейнасці; актыўнасць пошукавая — перабор розных варыянтаў сітуацыі дзеяння. Тэрмінам «актыўнасць» называюць таксама аспект тэмпераменту, які характарызуецца хуткасцю, тэмпам, энергіяй, магчымасцю пераадольваць цяжкасці.

Літ.:

Хекхаузен Х. Мотивация и деятельность: Пер. с нем. М., 1986. [Т.]1. С. 12—14, 54—55, 70—93, 152—160, 215, 216;

Общая психология. 2 изд. М., 1986. С. 205—215, 415.

Т.​У.​Васілец.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́І,

тлушчы, атрыманыя з пладоў і насення розных раслін. Складаюцца на 95—97% з сумесі трыгліцэрыдаў (поўных эфіраў гліцэрыны) вышэйшых насычаных і ненасычаных тлустых кіслот, пераважна C16 і C18, і свабодных тлустых кіслот, фасфатыдаў, воску, токаферолаў, вітамінаў, пігментаў і інш. Не маюць у сабе халестэрыну. У залежнасці ад саставу тлустых кіслот падзяляюцца на высыхальныя (ільняны алей, канапляны алей, тунгавы алей), паўвысыхальныя (соевы і макавы алеі) і невысыхальныя (какосавы алей, пальмавы алей).

Алеі — вадкія, мазепадобныя ці цвёрдыя афарбаваныя рэчывы, некаторыя з іх таксічныя. Палімерызуюцца пры t 250—300 °C ці пад уздзеяннем кіслароду паветра (паглынаюць да 30%, чым тлумачыцца «прагарканне» алеяў). Атрымліваюць са здробненага насення, мякаці пладоў алейных раслін, у т. л. алейных культур, прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з ачысткай, адстойваннем, фільтрацыяй, апрацоўкай вадой (гідратацыя), растворамі шчолачаў (рафінацыя), адсарбентамі ці глінамі (адбельванне), вадзяной парай пад вакуумам «(дэзадарацыя). Падзяляюцца на сырыя, рафінаваныя і нерафінаваныя. Выкарыстоўваюцца як харч. прадукты, для прыгатавання кансерваў, маянэзаў, гідрыраваныя алеі — для маргарынаў; у вытв-сці мыла, гліцэрыны, тлустых кіслот, алкідных смолаў, пакостаў, алейных лакаў і фарбаў, сікатыву; як вяжучае мед. мазяў, касметычных сродкаў.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,

кірунак у філасофіі 20 ст., гал. чынам у англамоўных краінах. Развівалася ў рэчышчы неапазітывізму. Асн. задачу філас. даследавання зводзіла пераважна да аналізу моўных сродкаў пазнання, а філасофска-гнасеалагічную праблематыку — да прыватна-навук. праблем, якія вырашаюцца сродкамі і метадамі логікі, лінгвістыкі, семіётыкі і інш. Класічную філасофію абвяшчае «метафізікай», пазбаўленай навук.-пазнавальнага сэнсу. Метад аналізу, што ўкараніўся ў аналітычнай філасофіі, бярэ пачатак ад даследаванняў Дж.​Мура і Б.​Расела. У распрацоўку аналітычнай філасофіі зрабілі ўклад Л.​Вітгенштэйн і прадстаўнікі «Венскага гуртка». Асн. плыні: філасофія лагічнага аналізу, якая сродкі аналізу бярэ ў сучаснай матэм. логіцы і арыентуецца пераважна на «мову навук» (Р.​Карнап, Г.​Фейгль і інш.), і лінгвістычная філасофія, што даследуе тыпы ўжывання выразаў у натуральнай паўсядзённай мове, замяняючы фармальна-лагічныя сродкі аналізу лінгвістычнымі і адмаўляючыся ад культу навук. ведаў (Г.​Райл, Дж.​Осцін і інш.). Абедзве плыні імкнуцца культываваць аналіз як чыстую тэхніку, якая лёгка ўключаецца ў кантэкст розных філас. вучэнняў (экзістэнцыялізм, неатамізм і інш.).

Літ.:

Бегиашвили А.Ф. Метод анализа современной буржуазной философии. Тбилиси, 1960;

Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛО́ГІЯ БЫЦЦЯ́,

адно з асноўных паняццяў каталіцкай філасофіі — тамізму, паводле якога Бог і ўсё ім створанае знаходзяцца ў суадносінах з агульным для іх быццём. Фама Аквінскі ўзвёў аналогію быцця ў фундаментальны прынцып гэтай дактрыны і распрацаваў яго філас. змест. У 20 ст. ўклад у распрацоўку аналогіі быцця, вызначэнне сфер і магчымасцяў выкарыстання зрабілі Э.​Пшывара, Ф. Ван Стэенберген, Б.​Лакебрынк, К.​Ранер. Сутнасць аналогіі быцця ў тым, што паміж Богам і яго тварэннямі існуюць першапачатковыя адносіны падабенства ў адрозненнях і адрозненні ў падабенстве. Таму адносіны аналогіі могуць пераважаць толькі там, дзе няма ні поўнага падабенства, ні поўнага адрознення, а спалучаюцца адно з адным. Першасным, вызначальным прызнаецца падабенства, першакрыніца якога — стварэнне Богам сусвету і ўсяго, што ў ім існуе. Гэта дае магчымасць філас.-тэалагічнымі сродкамі абгрунтоўваць быццё Бога як першакрыніцу створанага сусвету розных падабенстваў, сярод якіх самае набліжанае да творчай магутнасці стваральніка — творчая дзейнасць чалавека. Але яе нельга атаясамліваць з творчым актам стварэння, бо яна толькі набліжаецца да яго паводле падабенства (аналогіі).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў. Родная мова каля 400 млн. чал., другая мова для больш як 200 млн. насельніцтва Індыі, Пакістана і інш. (1992). Адзіная дзярж. мова больш як у 20 краінах, мае афіц. статус у розных краінах Азіі і Афрыкі, адна з 6 афіц. і рабочых моў ААН. Шматлікія рэгіянальныя варыянты англійскай мовы (найб. значныя — брыт., амер., аўстрал., у межах якіх існуюць розныя мясц. дыялекты) адрозніваюцца пераважна фанетыкай і лексікай. Англійская мова вядзе пачатак ад мовы англаў, саксаў і ютаў, што ў 5 ст. захапілі Брытанію. Фарміравалася пад уплывам кельцкай, скандынаўскіх і франц. моў. Сучасная англійская мова мае сістэму фанем, амаль палова з якіх — галосныя. Граматычны лад пераважна аналітычны, асн. сродкі перадачы адносін паміж словамі і словазлучэннямі службовыя словы і фіксаваны парадак слоў у сказе. Значная частка лексікі — запазычанні, асабліва з лац. і франц., а зараз таксама з яп., ісп. і інш. моў. Актыўныя спосабы словаўтварэння — афіксацыя, словаскладанне і безафікснае словаўтварэнне (канверсія). Пісьменства з 8—9 ст. на лац. аснове.

З.​А.​Харытончык.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)