РЫ́ЦІХ (Аляксандр Фёдаравіч) (5.7.1831, Пецярбургская губ. — пасля 1900),

рускі этнограф, ваенны картограф. Ген.-лейтэнант (1891). Скончыў Інжынерную акадэмію (1853) і Акадэмію Генштаба (1858). Стаяў на пазіцыях вялікадзярж. шавінізму. Склаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), У якім памылкова адносіў беларусаў-католікаў да палякаў. Найб. каштоўныя яго этнагр. карты з этнічнай статыстыкай Беларусі, некат. абласцей Расіі, замежных слав. народаў («Этнаграфічная карта Еўрапейскай Расіі», 1875). Яго працы, прысвечаныя Зах. краю («Матэрыялы для этнаграфіі Царства Польскага: Люблінская і Аўгустоўская губерні», 1864, і інш.), мелі апісальны характар.

В.​К.​Бандарчык.

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л,

1) надзвычайны суд у Францыі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99. Створаны як часовы трыбунал у жн. 1792, рэарганізаваны ў сак. 1793. Назву атрымаў пры якабінцах, калі стаў адным з органаў якабінскай дыктатуры. Яго рашэнні не падлягалі апеляцыі і касацыі; адзінай мерай пакарання была смяротная кара. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 Р.т. — орган контррэвалюцыйнага тэрору. Скасаваны ў 1795.

2) Органы правасуддзя ў першыя гады савецкай улады. Створаны паводле Дэкрэта аб судзе ад 22.11.1917 для барацьбы з контррэвалюцыяй, сабатажам і інш. небяспечнымі злачынствамі. Скасаваны ў 1922.

т. 13, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЕ́ ЧА́СУ,

прыстасаванне (прылада), кантакты якога замыкаюцца або размыкаюцца з некаторай затрымкай у часе пасля атрымання кіроўнага сігналу. Затрымку рэгулююць адвольна, для чаго выкарыстоўваюць розныя яе схемы.

У эл. Р.ч. такая схема заснавана на замаруджванні нарастання або спадання сілы току (велічыні напружання) у эл. ланцугах, якія маюць кандэнсатары, шпулі індуктыўнасці, рэзістары, лічыльнікі імпульсаў. У цеплавых Р.ч. выкарыстоўваюць дэфармацыю біметал. пласцін пры награванні токам, у пнеўматычным — змену скорасці выцякання газу (паветра) з рэзервуара. Час затрымкі Р.ч. ад некалькіх мікрасекунд да некалькіх гадзін. Выкарыстоўваюцца ў рэлейнай ахове, сістэмах аўтаматыкі, пры фотадрукаванні і інш.

т. 14, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕНАЛО́ГІЯ медыцынская,

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае выкарыстанне рэнтгенаўскага выпрамянення для даследавання будовы і функцыі органаў і сістэм, дыягностыкі хвароб чалавека і жывёл. Дае магчымасць вывучаць дзейнасць розных органаў, сачыць за дынамікай паталаг. працэсаў, выяўляць раннія формы захворванняў, якія працякаюць скрыта (напр., пухліны) і інш. Узнікла пасля адкрыцця рэнтгенаўскіх прамянёў (1895). Асн. раздзелы — рэнтгенадыягностыка (распрацоўвае пытанні распазнавання пашкоджанняў і захворванняў розных органаў), мед. рэнтгенатэхніка (рэнтгенаўская апаратура); таксама ваенна-палявая Р. (арганізацыя, тэхн. аснашчэнне, методыкі рэнтгеналагічнага даследавання хворых у палявых умовах). У Р. выкарыстоўваецца лічбавая апрацоўка рэнтгенаўскіх відарысаў (гл. Рэнтгенаграмаметрыя).

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКІ СУДНАБУДАЎНІ́ЧА-СУДНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн ў 1931 у г. Рэчыца Гомельскай вобл. у сутоках рэк Дняпро і Ведрыч як прадпрыемства «Суднаверф», дзе будавалі і рамантавалі драўляныя несамаходныя баржы. У Вял. Айч. вайну прадпрыемства разбурана. Пасля аднаўлення будавалі драўляныя, з 1956 метал. баржы. З 1979 — сучасная назва. З-д рэканструяваны, уведзены ў эксплуатацыю блок цэхаў, аснашчаны сучасным абсталяваннем, перадавымі тэхналогіямі. У пач. 1990-х г. з-д супрацоўнічаў з галанд. фірмамі, будавалі судны тыпу «рака—мора». Асн. прадукцыя (2001): буд-ва і рамонт несамаходных метал. суднаў, выраб нестандартнага абсталявання.

т. 14, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ВІЧ (Антон Навумавіч) (25.12.1895, б. хутар Новамацеева Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 16.2.1982),

генерал-лейтэнант інтэнданцкай службы (1946). Скончыў Вышэйшыя стралк.-тактычныя курсы (1931). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У 1931—37 у БВА. У Вял. Айч. вайну нач. тылу 11-й і 65-й армій, інтэндант Паўн.-Зах. фронту. Удзельнік вызвалення Калінкавіч, Мазыра, Бабруйска, Баранавіч, Слоніма, наступальных баёў на тэр. Усх. Прусіі, Памераніі, Берлінскай аперацыі. Пасля вайны да 1956 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ТА,

мусульманскае феадальна-тэакратычнае дзярж. аб’яднанне (халіфат) у Зах. Судане ў ніжнім цячэнні р. Нігер у 19 — пач. 20 ст. Створана ў выніку паўстання ў пач. 19 ст. народа фульбе пад лозунгам «свяшчэннай вайны» (гл. Джыхад) супраць правіцеляў дзяржаў хаўса. Да сярэдзіны 19 ст. ахоплівала землі сучасных Паўн. Нігерыі, Паўд. Нігера і Паўн. Камеруна. Складалася з эміратаў, многія з якіх толькі намінальна прызнавалі ўладу халіфа са сталіцай у г. Сакота. Пасля ваен. разгрому С. ў 1903 брыт. войскамі яго тэр. ўвайшла ў склад калан. уладанняў Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі.

т. 14, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМУІ́Л (?—6.10.1014),

цар [997—1014] Заходне-Балгарскага царства, якое ў 969 вылучылася са складу Першага Балгарскага царства і адстойвала сваю незалежнасць пасля захопу Візантыяй Усх. Балгарыі (971). Нанёс шэраг паражэнняў візантыйцам і вызваліў ад іх б.ч. балг. зямель, далучыў да свайго царства Сербію, значныя часткі Фесаліі і Эпіра. У 1014 пры Бяласіцы пацярпеў паражэнне ад візант. імператара Васілія II Балгарабойцы. Пераможца асляпіў 15 000 балг. палонных і накіраваў іх да С., які не вытрымаў гэтага відовішча і раптоўна памёр. У балг. гіст. традыцыі С. — узор цара-воіна і барацьбіта за незалежнасць.

т. 14, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЬГО́, Трохцарства,

перыяд у гісторыі Кітая (220—265 або 220—280), калі пасля распаду імперыі Хань ён быў падзелены на тры царствы (Вэй, У і Шу), якія вялі паміж сабой бясконцыя войны за гегемонію над усёй краінай. Напачатку дамінавала царства Шу, але ў 263 знясіленае ўнутр. барацьбой яно было заваявана царствам Вэй. У 265 уладу ў царстве Вэй захапіў палкаводзец Сыма Янь, які заснаваў дынастыю Цзінь [265—420], а ў 280 канчаткова заваяваў царства У. Перыяд С. адлюстраваны ў гіст. рамане 14 ст. «Апавяданні з гісторыі Трохцарства».

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РАБО́ЧЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,

міжнароднае аб’яднанне с.-д. партый ў 1923—40. Засн. на аб’яднаўчым кангрэсе Бернскага інтэрнацыянала і Інтэрнацыянала 2 ​1/2 (май 1923, г. Гамбург, Германія). У сваёй дзейнасці кіраваўся ідэалаг. ўстаноўкамі і тэорыямі рэфармізму («арганізаваны капіталізм», «гаспадарчая дэмакратыя», «чыстая дэмакратыя» і інш.), адмоўна ставіўся да камуніст. руху і СССР. Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны, пасля таго як ням.-фаш. войскі акупіравалі г. Брусель (1940), дзе з 1935 знаходзілася штаб-кватэра С.р.і. Яго пераемнікам у наш час з’яўляецца Сацыялістычны інтэрнацыянал (засн. ў 1951).

т. 14, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)