трацейскія рашэнні міністраў замежных спраў Германіі І.Рыбентропа і Італіі Г.Чыяна аб задавальненні тэр. дамаганняў Венгрыі (вынесены ў Вене, адсюль назва). Паводле 1-га Венскага арбітражу (2.11.1938) пад націскам Германіі і Італіі Чэхаславакія ўступіла Венгрыі паўд. і паўд.-зах. раёны Славакіі і паўд.ч. Закарпацкай Украіны (11 927 км², больш за 1 млн.чал.). Паводле 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) ад Румыніі да Венгрыі адышлі паўн. і паўн.-ўсх. часткі Трансільваніі (43 тыс.км², 2577 тыс.чал., у т. л. больш за 1 млн. румынаў). Другі Венскі арбітраж выкарыстаны Гітлерам для ўмацавання ўласных пазіцый у Румыніі і Венгрыі. Рашэнні абодвух арбітражаў юрыдычна скасаваны паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІФІ́НІЯ,
гістарычная вобласць на ПнЗ М.Азіі (тэр. сучаснай Турцыі). Назва ад фракійскага племя фінаў (або віфінаў), якое прыйшло з Еўропы каля 700 да н.э. У 8—7 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Віфініі былі заснаваны грэч. калоніі Астак, Гераклея і інш. У 7—6 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Лідыі, у 6—4 ст. да н.э. — Ахеменідам. У 297 да н.э. абвешчана незалежнай дзяржавай. Цар В.Нікамед I [280 ці 278 — каля 255 да н.э.] пашырыў межы Віфініі і заснаваў у 264 да н.э. сталіцу Нікамедыю. З 74 да н.э.рым. правінцыя, адыгрывала значную ролю ў эканам. і культ. жыцці Рым. імперыі, потым Візантыі. У 14 ст.н.э. захоплена туркамі-асманамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСА́Ч, марона,
мірон (Barbus barbus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў многіх рэках Еўропы. На Беларусі ёсць у рэках бас. Нёмана, Дняпра і Зах. Буга; жыве на ўчастках рэк з галечным і камяністым грунтам і хуткай плынню; занесены ў Чырв. кнігу. Мясц. назвы: на Дняпры — мірон, радзей марэна, марона, на Нёмане — келб, або марскі келб.
Даўж. 40—60, часам да 90 см, маса 2—3, зрэдку да 10 кг. Цела доўгае, амаль цыліндрычнае, спінка зеленавата-жаўтаватая, аліўкава-зялёная, брушка белаватае, бураватае. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія чырванаватыя. На рыле 4 вусікі (адсюль назва). Корміцца чарвямі, лічынкамі насякомых, малюскамі, ракападобнымі, воднымі раслінамі. Мяркуюць, што ікра ядавітая. Каштоўны прамысл. від.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКІ (Raphidioptera),
атрад насякомых, 2 сям., каля 100 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў вільготных лясах трапляюцца 4 віды, найб. пашыраны вярблюдка танкавусая (Raphidioptera ophiopsis) і бязвочка таўставусая (Inocellia crassicornis).
Даўж. 15—20 мм. Сілуэт пярэдняй ч. цела ў профіль нагадвае галаву і цела вярблюда (адсюль назва). 2 пары празрыстых крылаў, у спакоі складваюцца стрэхападобна, заднія вузейшыя і карацейшыя за пярэднія. Ротавыя органы грызучыя, вусікі шматчленікавыя. Брушка падоўжанае, у самкі з доўгім яйцакладам. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца 2 гады. Кукалкі рухомыя. Лічынкі жывуць у шчылінах і пад карой дрэў, дарослыя — на дрэвах. Вярблюдкі і іх лічынкі знішчаюць насякомых, асабліва тлей і вусеняў.
Вярблюдкі: 1 — танкавусая і яе лічынка; 2 — бязвочка таўставусая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСНЯ́НКА (Erophila),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вяснянка веснавая (Erophila verna), нар.назва крупка. Расце на пясках на ўзлесках і лясных палянах, каля дарог і на сухіх схілах, зрэдку як пустазелле на палях.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 2—20 см з прамастойным ці ўзыходным бязлістым сцяблом. Лісце сабранае ў разетку, падоўжана-эліпсоіднае ці ланцэтнае, апушанае, сядзячае або звужанае ў чаранок. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у кароткіх малакветных гронках. Плод — голы эліпсоідны стручочак. Эфемер (цвіце ў крас.—маі, поўны цыкл развіцця праходзіць за 1—2 тыдні, потым адмірае). Лек. (выкарыстоўваецца пры цынзе, панарыцыях, параніхіях) і кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЬШТУЧНІК, зуёк вялікі (Charadrius hiaticula),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Трапляецца на вял. спустошаных лугах-пашах, прыбярэжных косах і водмелях. На Беларусі рэдкі від, адзначаны на пралётах і зрэдку летам на пясчаных берагах, косах і водмелях Дняпра, Сажа. Прыпяці і інш. рэк; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 22,5 см, маса 55—75 г. Патыліца. спіна і надхвосце буравата-шэрыя, грудзі, брушка, сярэдзіна лба і падхвосце белыя. На валляку чорная папярочная паласа — «гальштук» (адсюль назва). Аснова дзюбы і ногі аранжава-жоўтыя, канец дзюбы чорны. Корміцца чарвямі, малюскамі і інш. беспазваночнымі. Гняздуецца на пясчаных і галечнікавых водмелях, выдмах. Нясе 3—5 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА, Аўхар,
протадзяржава, якая існавала ў Зах. Афрыцы на тэр. сучасных Маўрытаніі (паўд.ч.) і Малі (зах.ч.) у 4—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 8 ст. Сталіца — г. Кумбі-Сале. Этн. аснова — народ санінке. Мела армію ў 200 тыс.чал., у т. л. 40 тыс. лучнікаў. Была буйнейшым пастаўшчыком золата ў краіны Магрыба. Правіцелі Ганы кантралявалі транзітны гандаль золатам і соллю, абкладалі яго высокай пошлінай. У 1076 сталіцу Ганы заваявалі Альмаравіды. У выніку паўстання 1087 краіна вызвалілася, аднак у хуткім часе пачаўся яе распад. У 1240 Гана канчаткова трапіла пад уладу протадзяржавы Малі. Ад гіст. Ганы назва сучаснай дзяржавы Гана.
Літ.:
Куббель Л.Е. «Страна золота» — века, культуры, государства. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАТАЛО́ГІІ І ПЕРАЛІВА́ННЯ КРЫВІ́ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1932 у Мінску як філіял Цэнтр. ін-та пералівання крыві на базе хірург. аддзялення 1-й клінічнай бальніцы, з ліст. 1932 Бел.НДІ пералівання крыві, з 1988 сучасная назва. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка метадаў прафілактыкі і лячэння захворванняў у дзяцей і дарослых з выкарыстаннем медулатрансфузіі (перасадка касцявога мозга), прагназаванне і карэкцыя гематалагічнага стану чалавека ў сувязі з праблемамі ліквідацыі мед. вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; даследаванне рэгулятарных механізмаў кроваўтварэння і імунітэту; стварэнне біятэхнал. схем вытв-сці гібрыдомных монакланальных дыягностыкумаў біяспецыфічных прэпаратаў крыві, кровазаменнікаў і гемасарбентаў, стварэнне аптымальнай структуры службы крыві і гематалагічнай службы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРНГУ́ТЭРСКІЯ АБШЧЫ́НЫ,
рэлігійна-грамадскі рух у Прыбалтыцы ў 18—19 ст. Распаўсюдзіўся ў Латвіі з 1729 з мяст. Гернгутэ ў Саксоніі (адсюль назва). Вучэнне запазычылі ад «мараўскіх братоў» (гл.Чэшскія браты). Прапаведавалі працавітасць, беражлівасць і паслухмянасць, усе члены абшчыны называліся братамі і выбіралі са свайго асяроддзя старастаў. У гернгутэрстве лат. і эст. сяляне шукалі ратунак і вызваленне ад ням. памешчыкаў і пастараў. У 1743 Гернгутэрскія абшчыны забаронены. У 1764 Кацярына II дазволіла аднавіць дзейнасць Гернгутэрскіх абшчын. Найб. размаху яны дасягнулі ў 1-й пал. 19 ст. (у 1828 у Прыбалтыцы было больш за 40 тыс. гернгутэраў). У 2-й пал. 19 ст. колькасць абшчын скарацілася. Асобныя асяродкі руху існавалі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА»,
абласная газета. Выдаецца з 30.10(12.11).1917 у Гомелі на бел. мове. У 1917—29 выходзіла на рус. мове, пад рознымі назвамі. Спачатку наз. «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». У час акупацыі Гомеля герм. войскамі (люты 1918 — студз. 1919) не выходзіла. З 1930 наз. «Палеская праўда», з 1938 сучасная назва. У Вял.Айч. вайну орган Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б (выходзіла з 1.5 да 20.11.1943). Пасля вайны — орган Гомельскіх абл. і гар. к-таў КПБ, абл. і гар. Саветаў нар. дэпутатаў. З вер. 1991 — абл. газета. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам., гісторыка-краязнаўчага і культ. жыцця Гомельшчыны, усёй Беларусі. Асвятляе міжнар. падзеі.