АЛЁХІН (Аляксандр Аляксандравіч) (1.11.1892, Масква — 24.3.1946),

рускі шахматыст, чэмпіён свету ў 1927—35 і 1937—46. Упершыню заваяваў тытул чэмпіёна ў матчы з Х.Р.Капабланкам, у другі раз — з М.Эйве, якому з 1935 на 2 гады ўступіў першынство. Пераможца буйных міжнар. турніраў, непераўзыдзены майстар гульні «ўсляпую». Аўтар прац па шахматнай тэорыі. У 1921 эмігрыраваў з Расіі, жыў у Парыжы.

А.А.Алёхін.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕ́Р ((Auber) Даніэль Франсуа Эспры) (29.1.1782, г. Кан — 12.5.1871),

французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1829). Вучыўся ў Л.Керубіні. З 1842 дырэктар Парыжскай кансерваторыі, з 1857 узначальваў і імператарскую капэлу. Стварыў новы тып камічнай оперы з авантурна-прыгодніцкім сюжэтам, імклівым дзеяннем: «Фра-Д’ябала» (1830), «Бронзавы конь» (1835), «Чорнае даміно» (1837) і інш. Адзін з заснавальнікаў жанру вял. оперы [«Нямая з Портычы» («Фенела»), 1828].

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧАСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (1112? — пасля 1127),

клечаскі (клецкі) князь. Сын Яраслава Святаполчыча. Клечаскі ўдзел атрымаў, верагодна, ад кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127 паводле загаду Мсціслава ў кааліцыйным паходзе на Полацкую зямлю ўдзельнічалі войскі Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародна, Вячаслава Яраславіча з Клечаска, якія былі накіраваны на Ізяслаўль (Заслаўе), горад быў імі захоплены і разрабаваны.

т. 4, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МБУРГСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура канца верхняга палеаліту (каля 11 тыс. г. да н.э.) на тэр. паўн. Германіі і Нідэрландаў. Насельніцтва ў асноўным займалася паляваннем на паўн. аленяў, што ішлі з Пд за адступаючым ледавіком, мела жытлы — круглыя і авальныя палаткі. Тыповымі прыладамі былі невял. крамянёвыя наканечнікі з бакавой выемкай, разцы з рога аленя з крамянёвымі ўкладышамі.

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ЦЬКАЎСКІ ХРУСТАЛЁВЫ ЗАВО́Д,

прадпрыемства гатунковага (сталовага) шклянога посуду і вырабаў з хрусталю ў г. Дзяцькава Бранскай вобл. (Расія). Засн. ў 1790 І.​А.​Мальцовым. Асн. прадукцыя: высокамаст. хрусталь з алмазнай гранню і вырабы з нацветам. Славіўся гутным посудам. На з-дзе ствараюць новыя формы посуду, удасканальваюць прыёмы іх апрацоўкі і аздаблення (глыбокае траўленне, гравіроўка, налепы і інш.).

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦА ВІБРА́ТАР, дыполь Герца,

самая простая антэна; першая з вібратарных антэн (гл. Вібратар). Прапанаваны Г.Р.Герцам (1888) для эксперыментальных доказаў існавання эл.-магн. хваль. Герц выкарыстоўваў медныя стрыжні з шарыкамі або палоскамі на канцах і іскравым прамежкам пасярэдзіне. Найменшы з выкарыстаных вібратараў меў даўжыню 26 см, у ім узбуджаліся ваганні з частатой 500 МГц, што адпавядае даўжыні хвалі 60 см.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛ,

у міфалогіі каўказска-іберыйскіх народаў (лакцаў, цахураў, рутульцаў, аварцаў, татаў) вярхоўны бог. Лічылася, што З. жыве на небе, ён вечны, усёвідушчы, усёмагутны, усёпераможны і літасцівы ўладар неба і зямлі. Ад яго залежыць дабрабыт на зямлі; сумленных і добрых людзей ён робіць багатымі, бессардэчных і прагных — жабракамі, пазбаўляючы іх розуму. З распаўсюджаннем ісламу З. сталі атаясамліваць з алахам.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВОЗ,

у Рускай дзяржаве 15—17 ст. вышук і вяртанне збеглых сялян дзярж. органамі і феадаламі ў сувязі з запрыгоньваннем сялянства. Узмацніўся ў 16 ст., набыў сістэм. характар з увядзеннем у 1592—93 поўнай забароны выхаду сялянскага і асабліва пасля прыняцця Саборнага ўлажэння 1649. З гэтага часу З. ажыццяўляўся спец. «вышуковымі» камісіямі, вынікі дзейнасці якіх фіксаваліся ў «звозных» кнігах.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́НАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,

сістэма, якая спалучае нясучыя канструкцыі розных тыпаў (напр., вісячая канструкцыя з бэлькай, арка з бэлькай і падвескамі). У К.с. звычайна адна ч. элементаў прызначана для работы пераважна на выгін, другая — на расцяжэнне або сцісканне. Пры гэтым недахопы адной сістэмы кампенсуюцца перавагамі другой.

Камбінаваныя сістэмы: 1 — арка з фермай; 2 — вісячая сістэма (кабель) з бэлькай.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОТ (галанд. lood),

навігацыйная прылада для вымярэння глыбіні вады з борта судна. Адрозніваюць: ручны Л. (для глыб. да 50 м) — размечаны шнур (лінь) з грузам (маса 3,5—5 кг) на канцы, які апускаецца ў ваду да сутыкнення з дном; механічны Л. (для глыб. 10—200 м) — трос з прыборам, што рэгіструе гідрастатычны ціск каля дна, гідраакустычны (рэхалот).

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)