ЧУЙКО́Ў Васіль Іванавіч (12.2.1900. г.п. Сярэбраныя Пруды Маскоўскай вобл. — 18.3.1982),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў ваен. акадэмію імя М.В.Фрунзе (1925, 1927). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну камандзір роты, палка, удзельнік баёў з войскамі А.В.Калчака на Урале і ў Сібіры, з польскімі інтэрвентамі — на Беларусі. За баі каля г. Лепель (1920) узнагароджаны 2-м ордэнам Чырв. Сцяга (1925). З 1927 ваен. саветнік у Кітаі, з 1929 на штабных і камандных пасадах у РСЧА. З ліп. 1938 каманд. Бабруйскай армейскай групай Бел. асобай ваен. акругі, потым 4-й арміяй, якая ў вер. 1939 удзельнічала ў паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. У савецка-фінляндскую вайну 1939—40каманд. 9-й арміяй. У снеж. 1940 — сак. 1942 ваен. аташэ ў Кітаі. У Вял.Айч. вайну з мая 1942 каманд. 1-й рэзервовай (з ліп. 1942—64-я) арміяй, у вер. 1942 — крас. 1943—62-й арміяй, якая вытрымала ўвесь цяжар абарончых баёў за Сталінград (гл. таксама Сталінградская бітва 1942—43), а потым прымала ўдзел у разгроме сталінградскай групоўкі ням.-фаш. войск. З крас. 1943 каманд. 8-й гвардз. арміяй (пераўтворана з 62-й), якая ўдзельнічала ў вызваленні Данбаса (1943), бітве за Дняпро 1943, шэрагу інш. баявых аперацый (у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944) і ў штурме Берліна (крас.—май 1945). Пасля вайны нам. галоўнакаманд. (з 1945), галоўнакаманд. (з 1949) Групай сав. войск у Германіі, каманд. войскамі Кіеўскай ваен. акругі (з 1953), галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі і нам. міністра абароны СССР (1960—64). Пахаваны ў Валгаградзе на Мамаевым кургане.