СУСВЕ́ТНЫ ВОДАПАДЗЕ́Л, галоўны водападзел,

водападзел. які адмяжоўвае басейны рэк, што ўпадаюць у Атлантычны і Паўн. Ледавіты ак. ад басейнаў рэк Ціхага і Інд. акіянаў. Праходзіць праз найвыш. пункты ўсіх мацерыкоў, за выключэннем Аўстраліі.

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОНАКАРДЫЯГРАФІ́Я (ад фона... + кардыяграфія),

графічная рэгістрацыя гукавых ваганняў, што ўзнікаюць у выніку дзейнасці сэрца. Адрозніваюць бескантактавую, інтэгральную, калібраваную, спектральную Ф. Дае магчымасць ацэньваць дзейнасць сэрца, дыягнаставаць яе парушэнні, дынамічна назіраць за станам хворага.

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ПЕТ,

спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр каля 1460 км. Адлегласць ад планеты 3,56 млн. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 79,3 сут. Адзін бок Я. ў 5 разоў ярчэй за другі. Адкрыты Дж.Д.Касіні (1671).

т. 18, кн. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НЦАЎ Павел Дзмітрыевіч (5.8.1845—?),

рускі гісторык. Стацкі саветнік. З 1873 выкладчык мужчынскай гімназіі ў Сімферопалі, у 1875—98 выкладаў гісторыю і геаграфію ў Віленскім рэальным вучылішчы, у 1898—1906 дырэктар нар. вучылішчаў у Курляндскай губ. У 1890-я г. супрацоўнічаў у «Виленском календаре» і «Виленском вестнике». Працы па гісторыі ВКЛ: «Гісторыя Літоўскай дзяржавы са старажытных часоў» (1889), «Нарыс старажытнай Літвы і Заходняй Расіі» (1891; 2-е выд. 1896). Гал. заслугай бел. князёў лічыў іх барацьбу за праваслаўе. На яго думку, рус. цары выратавалі беларусаў і літоўцаў ад польск. асіміляцыі. Ўхваляў Мураўёва за задушэнне паўстання 1863—64.

Тв.:

Польский мятеж 1863 г. Вильна, 1891 (на вокл. 1892);

Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. Вильна, 1896.

Дз.​У.​Караў.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РТАЎ Дзіга (сапр. Каўфман Дзяніс Аркадзевіч; 2.1.1896, г. Беласток, Польшча — 12.2.1954),

савецкі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў дакумент. кіно. З 1918 працаваў у аддзеле кінахронікі Маск. кінакамітэта. Першыя яго фільмы зманціраваны з кінахронікі: «Гадавіна рэвалюцыі» (1919), «Бой пад Царыцынам» (1920), «Гісторыя грамадзянскай вайны» (1922) і інш. У кіначасопісе «Кіна-Праўда» (1922—25), фільмах «Кіна-Вока» (1924), «Шостая частка свету» (1926), «Чалавек з кінаапаратам» (1929), «Калыханка» (1937) імкнуўся да паэтычнага, вобразна-публіцыстычнага паказу жыцця. У Вял. Айч. вайну зняў фільмы «Кроў за кроў, смерць за смерць» (1941), «У гарах Ала-Тау» і «Клятва маладых» (1944). У 1944—45 выпускаў кіначасопіс «Навіны дня». Новыя прынцыпы кінадакументалізму тэарэтычна абгрунтаваў у арт. «Мы. Варыянт маніфеста», «Кінавока» і інш.

Тв.:

Статьи. Дневники. Замыслы. М., 1966.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне, вышэйшая ступень адзнакі і дзярж. ўзнагарода за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь. Уведзены Законам «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» ад 13.4.1995. Званне прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь толькі адзін раз. Паводле Указа Прэзідэнта ад 15.1.1996 асобам, удастоеным звання Героя Беларусі, уручаецца медаль Герой Беларусі. Узнагароджанне можа быць праведзена пасмяротна. Героямі Беларусі могуць стаць не толькі грамадзяне Беларусі, але і замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства за заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Героі Беларусі карыстаюцца льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам для Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сац. Працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы, Працоўнай Славы. Упершыню званне Героя Беларусі прысвоена ў 1996 У.М.Карвату (пасмяротна).

Г.​А.​Маслыка.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЁЗДАВА,

комплекс археал. помнікаў канца 9—10 ст. каля аднайменнай вёскі, за 13—15 км ад Смаленска, на беразе Дняпра; гандлёва-рамесніцкі цэнтр на шляху з «варагаў у грэкі». Складаецца з 8 курганных могільнікаў і вял. паселішча з гарадзішчам у цэнтры. У могільніках каля 2000 курганоў. Даследавана больш за 1100 пахаванняў і каля 6000 м² паселішча. Пахавальны абрад да сярэдзіны 10 ст. трупаспаленне, пазней трупапалажэнне. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 10 ст. Насельніцтва рознаэтнічнае: скандынавы, славяне, балты, асн. яго масу складалі рамеснікі і члены іх сем’яў, дружыннікі, гандляры. Раскопкамі выяўлена шмат рэчаў са Скандынавіі, Візантыі, краін Усходу, знойдзены 4 грашова-рэчавыя скарбы сярэдзіны 10 ст. З канца 10 ст. пачаўся заняпад паселішча.

А.​В.​Іоў.

Скарб з Гнёздава. 950-я г.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБ Леў Уладзіміравіч (29.9.1904, г. Днепрапятроўск, Украіна — 26.5.1994),

бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). У 1939—79 на кінастудыі «Беларусьфільм». Ствараў маст. фільмы для дзяцей і юнацтва: «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959; прэміі Усесаюзнага кінафестывалю, міжнар. кінафестываляў у Мар-дэль-Плата, «Залатая пласцінка» і дыплом у Вічэнца), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971; за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1972). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1968 за фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Дзеці партызана» (1954, з М.​Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1957) і «Вуліца малодшага сына» (1962). Зняў стужкі «Пушчык едзе ў Прагу» (1965) і «Маленькі сяржант» (1977) (з кінастудыяй «Барандаўфільм», Чэхаславакія). Фільмы Голуба вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, уменнем раскрыць маст. здольнасці юных выканаўцаў.

Л.У.Голуб.

т. 5, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Засн. ў Гродне ў вер. 1907. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геагр., прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, музыка, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, гімнастыка. У ім працавалі выпускнікі з ун-таў Варшавы, Масквы, Пецярбурга, Полацкай настаўніцкай семінарыі і інш. Выпускнікі вучылішча мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Утрымлівалася за кошт казны і збораў за навучанне. У 1907/08 навуч. г. мела 2 класы (49 вучняў), у 1914/15 — 7 класаў (311 вучняў). У 1915 у сувязі з ваен. дзеяннямі пераведзена ў г. Калуга. У 1917 ліквідавана.

А.​Ф.​Самусік.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎКА,

горад у Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. За 1,5 км ад р. Нёман, за 28 км ад Ліды, 7 км ад чыг. ст. Нёман на лініі Ліда—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Лідай і Навагрудкам. 12,8 тыс. ж. (1996). Шклозавод «Нёман». Магіла сав. ваеннапалонных.

У мінулым вёска Лідскага пав. Віленскай губ., побач з якой у 1883 памешчык З.​Ленскі пабудаваў гуту, што пазней стала шклозаводам «Нёман». З 1921 у складзе Польшчы, вёска Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Навагрудскім р-не, цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі. З 15.5.1959 рабочы пасёлак Навагрудскага, з 1962 Лідскага р-наў, э 24.6.1968 — гар. пасёлак, з 21.9.1990 горад.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)