КАТКО́ВА (Святлана Сяргееўна) (н. 16.8.1941, в. Абросаўка Краснаармейскага р-на Самарскай вобл., Расія),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва і жывапісец. Дачка С.П.Каткова. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1968 працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Алегарычнай ёмістасцю вобразаў, выразнасцю колераў вызначаюцца размалёўкі ў кінатэатры «Вільнюс» (1976), Палацы культуры чыгуначнікаў (1978, абедзве з З.Літвінавай), рэстаране «Планета» (1980) у Мінску, Палацы культуры камбіната нярудных матэрыялаў у р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на (1982), актавай зале тэхн. вучылішча харчавікоў у Слуцку («Купалле», 1984). Дэкаратыўнасць колеру і кампазіцыйнай будовы ўласцівы станковым творам: «Зялёны май. Перамога» (1973), «Палявыя кветкі» (1974), «Летняя ноч» (1975), «Сярэбраныя травы» (1977), «Жніво» (1982), «Дзень памяці» (1984), цыклы «Поры года», «Народныя святы. Калядкі», «Італія. Карнавал» (усе 1995—98). Іл.гл. да арт.Васковы жывапіс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ (Максім Паўлавіч) (25.5.1908, пас. Пуцілаўка Усурыйскага р-на Прыморскага краю, Расія — 11.6.1996),
савецкі гісторык. Акад.АНСССР (1979), чл.-кар. з 1960, д-ргіст.н. (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1934). Да 1951 выкладаў у ВНУ Масквы. З 1951 у Ін-це гісторыі АНСССР. Заснавальнік і першы рэдактар (1956—60) час.«История СССР». З 1959 старшыня навук. савета АНСССР па праблеме «Гісторыя сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва ў СССР». У 1982 першы з сав. гісторыкаў заявіў пра нявырашанасць нац. пытання ў СССР. Асн. працы па гісторыі культуры і культ. рэвалюцыі ў СССР. Аўтар кн. «Праблемы тэорыі і гісторыі рэальнага сацыялізму» (1983). Пад яго рэдакцыяй выдадзена хроніка «Культурнае жыццё ў СССР» (1975—81). Дзярж. прэмія СССР 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАЎ (сапр.Кострыкаў) Сяргей Міронавіч
(27.3.1886, г. Уржум, цяпер Кіраўскай вобл., Расія — 1.12.1934),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Чл. партыі бальшавікоў (з 1904), яе ЦК (з 1923) і Палітбюро ЦК (з 1930, з 1926 кандыдат), сакратар ЦК (1934). Скончыў Казанскае механіка-тэхн. вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць у 1905, 1906—08 і 1911—12 зняволены ў турмах. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе і грамадз. вайны, адзін з кіраўнікоў устанаўлення сав. улады на Паўн. Каўказе. У маі—вер. 1920 паўнамоцны прадстаўнік Сав. Расіі ў Грузіі, у кастр. 1920 кіраўнік рас. дэлегацыі на папярэдніх мірных перагаворах з Польшчай у Рызе. У 1921—25 сакратар ЦК Кампартыі Азербайджана. З 1926 першы сакратар Ленінградскага губкома (з 1927 абкома) і Паўн.-Зах. бюро ЦК ВКП (б). Загінуў у выніку тэрарыст. акта ў Смольным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛЬЧАНКА (Пётр Міхайлавіч) (18.10.1914, г. Краснадар, Расія — 20.9.1997),
бел. альтыст, педагог, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1938). З 1938 артыст сімф. аркестраў у Маскве і Горкім. У 1944—62 саліст Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі, удзельнік струннага квартэта Бел. філармоніі. У 1970—73 гал. дырыжор Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі, у 1980—90 — Мінскай нар. опернай студыі Рэсп. міжсаюзнага Палаца культуры прафсаюзаў. Выкладаў у Бел. кансерваторыі (1945—79). Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены спектаклі «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі, «Вольны вецер» І.Дунаеўскага, «Халопка» М.Стрэльнікава, «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.Сандлера, «Сільва», «Баядэра», «Фіялка Манмартра» І.Кальмана ў т-ры муз. камедыі; «Справа гонару» С.Манюшкі, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «Джані Скікі», «Плашч» Дж.Пучыні і інш. ў нар. опернай студыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЫЧКО́Ў (сапр.Лешанкоў) Сяргей Антонавіч
(6.7.1889, в. Дуброўкі Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 8.10.1937),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маск. ун-це (1908—13). Друкаваўся з 1908. Ранняя паэзія прасякнута рамант. светаадчуваннем, у аснове якога непрыняцце «індустрыяльнай» цывілізацыі (зб-кі «Песні», 1911; «Патаемны сад», 1913). Распрацоўваў матывы рус. казкі, пераасэнсоўваў іх у духу сімвалізму. У паэзіі пераважаюць сузіральнасць, мары пра недасяжнае. У празаічных творах сумяшчаў рэальнае з фантаст., што стварала атмасферу казачнага побыту, дзе героі — самотныя летуценнікі, дзівакі, праўдашукальнікі. У творах 1920-х г. непрыняцце сав. рэчаіснасці, імкненне да даўніны, матывы несуцешнасці і песімізму: кн. «Дубраўна» (1918), раманы «Цукровы немец» (1925; уражанні пра 1-ю сусв. вайну), «Чартухінскі балакір» (1926), «Апошні Лель» (1927), «Князь свету» (1928). Перакладаў груз. паэтаў, вагульскі і кірг. эпасы. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЦКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (н. 25.9.1946, с. Каменскі Хутар Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1978 на Камбінаце мастацтваў у Гомелі. Працуе ў манум. і дэкар. прыкладным мастацтве, пераважна ў галіне керамікі. Аўтар манум. пано «Вясна» (1984) у цэнтр. паліклініцы, «Праца», «Свята» (абодва 1985) у Палацы культуры «Гомсельмаша», размалёвак у прафес.-тэхн. вучылішчы № 67 (1986; усе ў Гомелі) і інш. Станковыя работы вызначаюцца пластычнай выразнасцю форм, імкненнем да выяўлення натуральнай прыгажосці матэрыялу: дэкар. наборы «Беларусіка» (1977), «Сялянскі» (1978), «Вячэрні» (1981), вазы «Вясенняе абуджэнне» (1975), «Лета» (1982), дэкар. пластыка «Памяць народная» і «Свята на сяле» (1978), «Сельскія эцюды» (1980), «Успаміны пра дзяцінства» (1985), дэкар. скульптура «Маці Палесся» (1980), «Мая Беларусь» (1989), «Францыск Скарына» (1990) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 1.1.1947, в. Усць-Дзёміна Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у прэсе (у 1972—77 адказны сакратар газ. «Вячэрні Мінск»), з 1977 гал. рэдактар творчага аб’яднання «Летапіс», у 1982—85 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1964. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар зб. публіцыстыкі «Мінск і мінчане» (1973), кніг апавяд. і аповесцей «Бяссонніца» (1990), дарожных нататак «Марскі дзённік сухапутнага чалавека» (1992), п’ес «Іван» (1982), «Іван і Мадонна» (паст. 1985), «Мар’я» (паст. 1986), «Як цары жылі» (паст. 1989), «Суд» (паст. 1990), «Донаці прамазала» (1990) і інш., у якіх тэма нар. памяці, моц нар. маралі, праблемы ўзаемаадносін людзей, добразычлівы гумар і іронія. Аўтар сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў.
Тв.:
Иван и другие жители деревни Сос: Избранное. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬНЕЎ (Якаў Пятровіч) (5.8.1763, Казельскі р-н Калужскай вобл., Расія — 1.8.1812),
расійскі ваен. дзеяч. Ген.-маёр (1808). Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1785). Удзельнік рус.-тур., рус.-швед. і рус.-франц. войнаў канца 18 — пач. 19 ст., задушэння паўстання 1794 (баі каля Ашмян, Ліды, Вільні, Кобрына). У вайну 1812 камандаваў авангардам і ар’ергардам корпуса П.Х.Вітгенштэйна; вытрымаў 8-гадзінны бой з франц. корпусам маршала Ш.Удзіно пад Вількамірам (цяпер Укмерге, Літва), 3.7.1812 разбіў каля мяст. Друя (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.) 2 кав. палкі і захапіў амаль увесь абоз французаў. Трапіў у засаду каля в. Баяршчына (гл.Клясціцкія баі 1812), смяротна паранены. Паводле ацэнкі Напалеона I, быў адным з лепшых рас.кав. генералаў. Вёска Царкавішча Расонскага р-на перайменавана ў в. Кульнева, у г.п. Друя пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Леў Уладзіміравіч) (13.1.1899, г. Тамбоў, Расія — 29.3.1970),
расійскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог; адзін з пачынальнікаў рас. кінамастацтва. Нар.арт. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1939 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У кіно пачынаў як мастак (1916). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Праект інжынера Прайта» (1918). Стварыў тэорыю мантажу («эфект К.»). Фармальныя і жанравыя пошукі ў фільмах «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924), «Прамень смерці» (1925), «Гарызонт», «Вялікі суцяшальнік» (абодва 1933) і інш. Стужкам К. ўласцівы напружанасць сюжэтаў, востра акрэслены малюнак роляў, высокая выяўл. культура. Аўтар кніг «Мастацтва кіно» (1929), «Асновы кінарэжысуры» (1941) і інш.