КОТЛААГРЭГА́Т,

комплекс устройстваў для атрымання пад ціскам пары або гарачай вады за кошт спальвання паліва. Складаецца з топачнай камеры і газаходаў, у якіх размешчаны паверхні нагрэву (параперагравальнік, вадзяны эканамайзер, паветранагравальнік). Бываюць з шматразовай натуральнай або прымусовай цыркуляцыяй і праматочныя. Выкарыстоўваюцца на цеплавых электрастанцыях, у прамысл. і ацяпляльных кацельных, у суднавых і інш. кацельных устаноўках. У энергет. К. для павышэння эканамічнасці выкарыстоўваюцца схемы з другасным (прамежкавым) перагрэвам пары. Аснашчаны сродкамі аўтаматыкі, прыладамі і прыстасаваннямі кантролю, кіравання і аховы. Гл. таксама Паравы кацёл.

т. 8, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у міжрэччы рэк Маціца і Бярэжа, за 14 км на Пд ад г. Міёры. Пл. 1,37 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 840 м, найб. глыб. 4,5 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 4,6 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, разараныя, на ПнЗ пад лесам. Берагі пясчаныя, на З забалочаныя, дзе да поймы прымыкае вярховае балота шыр. да 500 м. Дно выслана сапрапелем, каля паўн. і паўд. берагоў пясчанае. Зарастае.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСО́ЎСКІ (Феадосій Мікалаевіч) (26.9.1878, г. Галіч Кастрамской вобл., Расія — 1.10.1948),

савецкі астраном-геадэзіст. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Межавы (каморніцкі) ін-т у Маскве (1900), у якім працаваў з 1907. З 1928 дырэктар, у 1930—37 нам. дырэктара Цэнтр. НДІ геадэзіі, аэраздымкі і картаграфіі. Распрацаваў навук.-тэарэт. асновы пабудовы астранома-геад. і нівелірнай сетак, пастаноўкі тапаграфічных здымак і гравіметрычных работ у СССР. Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся даследаванні па вызначэнні памераў зямнога эліпсоіда (гл. Красоўскага эліпсоід). Дзярж. прэміі СССР 1943, 1952.

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛЕФАСФО́РЫ (ад крышталі + фосфар),

неарганічныя крышт. люмінафоры. Люмінесцыруюць пад уздзеяннем святла, патоку электронаў, пранікальнай радыяцыі, эл. току. Люмінесцэнцыя К. абумоўлена наяўнасцю актыватараў ці дэфектаў у крышталях.

Найб. пашыраныя К. — сульфіды, селеніды, тэлурыды цынку і кадмію, аксіды кальцыю і магнію, галагеніды шчолачных металаў, оксісульфіды індыю і лантану (In2O2S, La2O2S). Актыватарамі з’яўляюцца іоны металаў (медзь, кобальт, марганец і інш.). К. даюць яркае свячэнне (працягласць паслясвячэння ад 10​−9 с да некалькіх гадзін). Выкарыстоўваюць у люмінесцэнтных лямпах, экранах тэлевізараў і асцылографаў, сцынтыляцыйных лічыльніках, паўправадніковых лазерах.

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Лявон Францавіч) (каля 1823, Аўгустоўская губ. — 17.4.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Б.Кульчыцкага. Служыў на тэр. Польшчы ў Кастрамскім пях. палку, выйшаў у адстаўку штабс-капітанам. Напярэдадні паўстання — нач. чыг. станцыі ў Гродне. Быў звязаны з «чырвонымі». Быў інструктарам і камандзірам стралкоў у паўстанцкім атрадзе, які дзейнічаў у літоўскім Занямонні (паўн. частка Аўгустоўскай губ.). 9 4.1863 цяжка паранены ў баі пад Сапяжышкамі (у літ. крыніцах — Лякечай) у Марыямпальскім пав., узяты ў палон, памёр у шпіталі ў Коўне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХАРАЎ (Фёдар Якаўлевіч) (18.3.1924, г. Добруш Гомельскай вобл. — 20.5.1946),

удзельнік партыз. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З пач. акупацыі г. Добруша ням. фашыстамі арганізоўваў збор узбраення для партызан, праводзіў дыверсіі на чыгунцы Гомель—Бранск. З ліп. 1943 у партыз. атрадзе Добрушскай партыз. брыгады імя Сталіна. Са жн. ўзначальваў падрыўную групу, якая пусціла пад адхон 24 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Пасля вызвалення Добруша з кастр. 1943 удзельнічаў у размініраванні тэрыторыі, загінуў ад разрыву снарада.

Ф.Я.Кухараў.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГКАВЫ́ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль, прызначаны для перавозкі людзей (умяшчальнасць да 8 чал.) і багажу. Выпускаюцца з закрытымі кузавамі (седан, лімузін, купэ, універсал) і кузавамі з адкідным верхам (кабрыялет, ландо, фаэтон). Найб. пашыраныя 4—5-месныя Л.а. з закрытымі кузавамі. У залежнасці ад рабочага аб’ёму рухавіка, масы аўтамабіля, яго прызначэння, камфартабельнасці і інш. Л.а. падзяляюць на класы і групы, напр., мікралітражныя, малалітражныя. На Беларусі серыйная вытв-сць Л.а. пачата ў 1997 на з-дзе «Форд-Юніён» пад Мінскам.

Легкавы аўтамабіль «Форд Эскорт».

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙФ Э́ЙРЫКСАН (Leif Eriksson; Leiv Eiriksson; каля 975 — каля 1020),

нарвежскі і ісландскі мараплавец эпохі вікінгаў. Сын Эйрыка Раўдзі. Каля 1000 у час падарожжа ў Грэнландыю збіўся з курсу з-за шторму і трапіў да ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі (верагодна, тэр. п-ва Новая Шатландыя або п-ва Лабрадор), якое ён назваў Вінланд, дайшоў пад ветразем да раёна сучаснага г. Бостан (ЗША). Яго адкрыццё Амерыкі да Х.Калумба не мела гіст. вынікаў.

Літ.:

Ингстад Х. По следам Лейва Счастливого: Пер. с норв. М., 1969.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎЧЫКІ,

лёгкая нерэгулярная кавалерыя ў Рэчы Паспалітай у 1-й пал. 17 ст. Арганізавана А.Ю.Лісоўскім. Л. былі ўзброены шаблямі, рагацінамі, лукамі або ручніцамі, вылучаліся надзвычайнай рухомасцю і баяздольнасцю, адначасова жорсткасцю і рабаўніцтвамі. У 1608—11 ваявалі на баку Лжэдзмітрыя П, у 1611—19 на службе ў Жыгімонта ПІ. З 1619 у войску імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фердынанда III, удзельнічалі ў падаўленні чэшскага паўстання (1620), у войнах з Асманскай імперыяй (пад Хацінам у 1621), у Трыццацігадовай вайне (1618—48). Пасля 1636 атрады Л. расфарміраваны.

т. 9, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЛАН (Lolland),

востраў у Балтыйскім м., у паўд. ч. архіпелага Дацкіх а-воў. Тэр. Даніі. Пл. 1,2 тыс. км². Складзены з вапнякоў і глін. Пераважае марэнная раўніна, у цэнтры і на ПнЗ узгоркі (выш. да 25 м), месцамі ўкрытыя лясамі з буку і дубу. Большая ч. пад ворывам. Шырокія мелкаводдзі каля берагоў асушаны, закрыты ад мора дамбамі. Л. злучаны чыгуначным мостам з в-вам Фальстэр, паромныя зносіны з мацерыком (з Германіяй, праз праліў Фемарн-Бельт). Гал. горад і порт — Накскаў.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)