ЧКА́ЛАЎ Валерый Паўлавіч (2.2.1904, с. Васілёва, цяпер г. Чкалаўск Ніжагародскай вобл., Расія — 15.12.1938),

лётчык-выпрабавальнік, камбрыг (1938). Герой Сав. Саюза (1936). Вучыўся ў тэхн. вучылішчы ў г. Чарапавец (1915—18). Скончыў ваен.-авіяц. школы ў Барысаглебску (1923), Маскве і Серпухаве (абедзве ў 1924). З 1924 ваен. лётчык-знішчальнік, з 1928 лётчык-інструктар Ленінградскага авіяклуба, у 1930—38 (з перапынкамі) лётчык-выпрабавальнік Навук.-выпрабавальнага ін-та ВПС і шэрагу авіязаводаў. Майстар вышэйшага пілатажу, у якім распрацаваў і ўкараніў новыя фігуры — узыходзячы штопар і запаволеная «бочка». На самалёце АНТ-25 экіпаж у складзе Ч. (камандзір), Г.​П.​Байдукова (2-і пілот) і А.​В.​Белякова (штурман) упершыню ў свеце здзейсніў звышдалёкія беспасадачныя пералёты Масква—Петрапаўлаўск-Камчацкі—в-аў Уд (цяпер в-аў Чкалаў) у Ахоцкім м. (22—23.7.1936, 9374 км за 56 гадз 20 мін) і Масква—Паўн. Полюс—Ванкувер у ЗША (18—20.6.1937, 8504 км за 63 гадз 16 мін). Карыстаўся папулярнасцю ў СССР і свеце. Загінуў пры выпрабаванні новага самалёта-знішчальніка. Яго імем названы населеныя пункты, вуліцы, школы, у т. л. на Беларусі; у гады Вял. Айч. вайны імя Ч. насілі 2 брыгады і больш за 20 атрадаў бел. партызан.

Літ.:

Беляков А.В. Валерий Чкалов. М., 1987;

Байдуков Г.Ф. Чкалов. 5 изд. М., 1991.

М.​Г.​Нікіцін.

В.П.Чкалаў.

т. 17, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫРВО́НЫЯ»,

дэмакратычная плынь у нац.-вызв. руху Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны напярэдадні і ў час паўстання 1863—64. У адрозненне ад «белых» імкнуліся вызваліцца ад царскага ярма шляхам узбр. паўстання; нац. вызваленне звязвалі з дэмакр. пераўтварэннямі. Асн. кантынгент «Ч.» — афіцэры, студэнты, дробныя чыноўнікі, рамеснікі, дробнамаянтковая і безмаянтковая шляхта. У ідэалаг. адносінах «Ч.» былі неаднародныя і падзяляліся на 2 крылы. Левае крыло — рэвалюцыянеры-дэмакраты, якія выступалі супраць памешчыцкага землеўладання, за правы народаў на самавызначэнне, за рэв. саюз народаў у барацьбе з самадзяржаўем. Паслядоўныя рэвалюцыянеры ў Польшчы Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі, І.​Хмяленскі, Б.Шварцэ, на Беларусі — К.Каліноўскі, А.Трусаў, В.Урублеўскі; у Літве А.Мацкявічус, З.Серакоўскі. Правае крыло (лідэры А.​Авейдэ, А.​Гілер) — шляхецкія рэвалюцыянеры, якія выступалі з палавінчатай сац. і нац. праграмай: адстойвалі кампенсацыю памешчыкам за зямлю ў выпадку перадачы яе сялянам, вагаліся паміж прызнаннем права Беларусі, Літвы і Украіны на самаст. развіццё і патрабаваннем аднаўлення Польшчы ў межах 1772. Асобнае месца сярод іх займалі паслядоўнікі ген. Л.​Мераслаўскага, якія прыкрывалі рэв. фразай шавінізм і нацыяналізм і адмоўна ставіліся да рэв. саюзу з рус. народам. Арганізац. цэнтры «Ч.»: у Польшчы — з кастр. 1861 Гарадскі к-т (К-т руху) У Варшаве, пазней Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве; на Беларусі і ў Літве — з восені 1861 — Камітэт руху ў Вільні, пазней Літоўскі правінцыяльны камітэт.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 17, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫЯ БОЕПРЫПА́СЫ,

ядзерныя баявыя часткі (баявыя блокі) ракет (балістычных, крылатых, зенітных), баявыя зарадныя аддзяленні тарпед, авіяц. бомбы, артыл. снарады і міны, глыбінныя бомбы і інж. міны, паражальнае дзеянне якіх засн. на выкарыстанні энергіі ядз. выбуху. Асн. элементы Я.б. — ядз. зарад, сістэма аўтаматыкі і корпус. Магутнасць Я.б. характарызуецца тратылавым эквівалентам. паводле велічыні якога падзяляецца на 5 дыяпазонаў: звышмалыя (да 1 кт), малыя (1—10 кт), сярэднія (больш за 10—100 кт), буйныя (больш за 100 кт — 1 Мт) і звышбуйныя (больш за 1 Мт). Я.б. — асн. частка ядзернай зброі. Першыя Я.б. — ядз. авіяц. бомба (першапачатковая назва «атамная бомба»). Са з’яўленнем т.зв. вадародных бомбаў, заснаваных на тэрмаядз. рэакцыі. зацвердзіўся агульны для іх тэрмін «ядзерная бомба». Я.б. могуць дастаўляцца да цэлі пры дапамозе ракет, тарпед, самалётаў, артыл. гармат або ўстанаўлівацца ў грунце і пад вадой. У залежнасці ад магутнасці і сродкаў дастаўкі Я.б. знаходзяцца на ўзбраенні розных відаў узбр. сіл і родаў войск і могуць выкарыстоўвацца для вырашэння тактычных, аператыўных і стратэг. задач. У час выбуху Я.б. паражальнае ўздзеянне аказвае ўдарная хваля, светлавое выпрамяненне, пранікальная радыяцыя. радыеактыўнае заражэнне і эл.-магн. імпульс.

Літ.:

Белоус С.В. Ядерное оружие третьего поколения // Воен. мысль. 1991. № 11—12.

І.​А.​Шор, В.​А.​Юшкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАЯ ВЫШЫНЯ́,

адлегласць па вертыкалі ад пункта на паверхні зямлі да якога-н. адвольна прынятага за нуль узроўню. Паказвае, наколькі адзін пункт зямной паверхні перавышае другі (напр., выш. горнай вяршыні над яе падэшвай).

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕСУЭ́ЛЬЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Венесуэлы (больш за 15,7 млн. чал.). Агульная колькасць 15,77 млн. чал. (1987). Каля 80% — метысы, мулаты, самба, каля 5% — негры. Гавораць на варыянце іспанскай мовы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі.

т. 4, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРЫ́ЦА,

рака ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 149 км². Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Сялец. Рэчышча на ўсім працягу каналізавана.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ВАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

шматгадовыя расліны з адраўнелымі сцябламі. У залежнасці ад характару і ступені адраўнення падзяляюцца на дрэвы, кусты, кусцікі, паўкусты, паўкусцікі, ліяны. На Беларусі больш за 100 дзікарослых і каля 1500 інтрадукаваных відаў.

т. 6, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГУШЫ́ (саманазва галгаі),

народ у Расійскай Федэрацыі. Жывуць пераважна ў Інгушэціі (больш за 215 тыс. чал., 1992), Чэчні, на Пн Асеціі. Агульная колькасць 237 тыс. чал. Гавораць на інгушскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты.

т. 7, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХВЯ́РСКІ КАПІТА́Л,

першая гіст. форма капіталу. Прыносіў яго ўладальніку даход у выглядзе працэнта. Уласцівы дакапіталіст. спосабу вытв-сці, папярэднік пазыковага капіталу. Ліхвяры спаганялі за грашовыя пазыкі вял. працэнты, даводзячы дробных вытворцаў да галечы.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОТАПРЭСВІ́ТЭР (ад прота... + прэсвітэр),

найвышэйшы сан белага (жанатага) духавенства ў правасл. цэрквах, які даецца як узнагарода за выслугу гадоў і заслугі перад царквой. Званне прысвойваецца, як правіла, настаяцелям кафедральных сабораў і гар. цэркваў.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)