МАГІЛЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1661 Адбылося 11.2.1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. 3.9.1654 Магілёў перайшоў без бою на бок маскоўскага войска. Хутка паміж магістратам і рас. вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці. Выбухнуў канфлікт і паміж бел. праваслаўным духавенствам і маскоўскай іерархіяй. Паўстанне пачалося раней запланаванага тэрміну з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч «Пара! Пара!» бурмістр Язэп Левановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў; зазваніў ратушны звон. На дапамогу мяшчанам прыйшлі выпушчаныя імі ваеннапалонныя. Маскоўскі гарнізон (ад 2 тыс. да 7 тыс.чал. паводле розных крыніц) амаль цалкам быў вынішчаны, ваявода С.С.Гарчакоў трапіў у палон. Найб. актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Магілёву вернута магдэбургскае права, ён быў ураўнаваны ў правах з Вільняй, яму нададзены новы гар. герб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЬНЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—17 ст. каля в.Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Паводле інвентара 1536 быў пабудаваны Станіславам Пацам. Размяшчаўся на правым беразе Нёмана і займаў чатырохвугольную пляцоўку памерамі 110 × 65 м, абкружаную валам. Яна аддзялялася ад прызамча ровам глыб. да 8 м. Ва ўсх. частцы пляцоўкі быў бастыёнападобны выступ. У замку мелася ўязная брама з пад’ёмным мостам-«узводам» і не менш як 4 вуглавыя вежы. Пад абаронай замка знаходзіліся «село Могильно, двор Могильно» і «местечко Могильно». Як сведчыць інвентар, замак быў забяспечаны рознай зброяй, і ў час небяспекі яго маглі абараняць больш за сто добра ўзброеных воінаў. М.з. страціў ролю абарончага пункта ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЕ́ПА (Калядзінскі) Іван Сцяпанавіч
(1644—8.9.1709),
украінскі дзярж. дзеяч. У 1669—73 на службе ў гетмана Правабярэжнай Украіны (у складзе Польшчы) П.Дарашэнкі, у 1674—81 — у гетмана Левабярэжнай Украіны І.Самайловіча. У 1682—86 ген. есаул, у 1687—1708 гетман Левабярэжнай Украіны. Адзін з найбуйнейшых землеўладальнікаў Украіны. У час Паўночнай вайны 1700—21 узначальваў групоўку ўкр. старшыны, якая выношвала планы аддзялення Левабярэжнай Украіны ад Расіі і разлічвала на дапамогу Швецыі. Вёў тайныя перагаворы з каралём Рэчы Паспалітай (стаўленікам шведаў) Станіславам Ляшчынскім, пазней з каралём Швецыі Карлам XII. У 1708 разам з 5 тыс. казакоў перайшоў на бок Карла XII. Пасля паражэння швед. арміі ў Палтаўскай бітве 1709 М. разам з Карлам XII уцёк у тур. крэпасць Бендэр (цяпер у Малдове), дзе неўзабаве памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РТУР ((MacArthur) Дуглас) (26.1. 1880, г. Літл-Рок, штат Арканзас, ЗША — 5.4.1964),
амерыканскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1944). Скончыў ваен. вучылішча ва Уэст-Пойнце (1903), якое ўзначальваў у 1919—22. Удзельнік 1-й сусв.вайны. У 1930—35 нач. штаба арміі ЗША, 1935—37 ваен. саветнік на Філіпінах (у 1936—37 фельдмаршал філіпінскай арміі), потым у адстаўцы. У 2-ю сусв. вайну з ліп. 1941 зноў на ваен. службе: камандуючы ўзбр. сіламі ЗША на Д. Усходзе. У 1942—51 галоўнакамандуючы саюзнымі ўзбр. сіламі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., прыняў капітуляцыю Японіі; адначасова ў 1945—51 узначальваў акупацыйныя сілы ЗША ў Японіі. У 1950—51 камандуючы ўзбр. сіламі ААН у Карэйскую вайну 1950—53, прыхільнік выкарыстання ядз. зброі. У крас. 1951 звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКІЯ ПАХО́ДЫ ХМЯЛЬНІ́ЦКАГА Б. 1650 І 1652,
паходы ўкр.сял.-казацкага войска на чале з Б.Хмяльніцкім супраць Малдаўскага княства як саюзніка Рэчы Паспалітай у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Улетку 1650 войска Б.Хмяльніцкага перайшло граніцу Малдовы і заняло яе сталіцу г. Ясы, што прымусіла малд. гаспадара (князя) В.Лупу разарваць саюзныя адносіны з Рэччу Паспалітай і заключыць саюз з Украінай. Пасля паражэння ўкр. войска ў бітве пад Берасцечкам (1651) Лупу адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. У адказ Б.Хмяльніцкі вясной 1652 арганізаваў другі паход на Малдову. 1—2.6.1652 у бітве ва ўрочышчы Батог ён знішчыў накіраванае на дапамогу Лупу польскае войска (20 тыс.чал.), пасля чаго ўкр.
войскі ўвайшлі ў Малдову. Лупу быў вымушаны заключыць з Б.Хмяльніцкім новае пагадненне аб саюзе на ўмовах 1650.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ВІЧ (Леў Яфімавіч) (20.8.1898, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 11.5.1945),
ваенны разведчык, Герой Сав. Саюза (1965), камбрыг (1938). Скончыў Вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА (1921), Ваен. акадэмію РСЧА (1924), вучыўся ў Ваен.-паветр. акадэміі імя Жукоўскага. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз.вайны. Перад 2-й сусв. вайной у некат. краінах Еўропы быў вядомы як камерсант, уладальнік камерцыйных фірм; на самай справе вёў разведку (псеўд.Эцьен, Конрад Кертнер, Старасцін). У канцы 1936 арыштаваны і італьян. асобым трыбуналам асуджаны да 12 гадоў зняволення, якое адбываў у турмах і канцлагерах. У 1943 перададзены гітлераўцам, прайшоў канцлагеры Маўтхаўзен, Мельк, Эбензе. Адзін з арганізатараў падполля, кіраўнік падп. арг-цыі ў канцлагеры Эбензе (Аўстрыя). Вызвалены 6.5.1945 амер. войскамі безнадзейна хворы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТОРЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ РАСІ́ЙСКІХ,
першае навук.гіст.т-ва ў Расіі ў 1804—1929. Засн. пры Маскоўскім ун-це для вывучэння і публікацыі дакументаў па рас. гісторыі, фактычна разгарнула дзейнасць пасля вайны 1812. Найб. размах дзейнасць т-ва (выданне летапісаў, стараж. актаў і г.д.) набыла з 1840-х г. пад кіраўніцтвам В.М.Бадзянскага, І.Дз.Бяляева, А.М.Папова, Е.В.Барсава і інш. Аб’ядноўвала б.ч.рас. гісторыкаў і археографаў. У сваіх выданнях «Записки и труды» (1815—37), «Русские достопамятности» (1815—44), «Русский исторический сборник» (1837—44), «Временник» (1849—57), «Чтения» (1846—1918) і інш. выдала вял. колькасць каштоўных гіст. крыніц і даследаванняў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзейнасць т-ва паступова згарнулася, афіц. скасавана ў 1929. Архіў рукапісных дакументаў т-ва захоўваецца ў Рас.дзярж. бібліятэцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТЭРА́Н ((Mitterrand) Франсуа) (26.10. 1916, Жарнак, Францыя — 8.1.1996),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Парыжскі ун-т, журналіст, адвакат. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. У жн.—вер. 1944 ген. сакратар па справах ваеннапалонных ва ўрадзе Ш. дэ Голя. Пасля вайны міністр у розных кабінетах Чацвёртай рэспублікі 1946—58. Дэп. Нацыянальнага сходу Францыі (1946—58 і з 1962), сенатар (1959—62). Старшыня Федэрацыі левых дэмакр. і сацыяліст. сіл (1965—68), 1-ы сакратар Франц.сацыяліст. партыі (1971—81). У 1981—95 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за паліт., эканам. і валютны саюз 12 еўрап. дзяржаў (гл.Еўрапейская эканамічная супольнасць), садзейнічаў яго інтэграцыі. Пасля распаду СССР і камуніст. блока прапанаваў канцэпцыю еўрап. канфедэрацыі. Аўтар кніг «Выклік Кітая» (1961), «Сацыялізм магчымага» (1971), «Палітыка» (1977) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміж рус. войскамі на чале з А.М.Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс.чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СЦЕРАЎ (Пётр Мікалаевіч) (27.2.1887, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 8.9.1914),
расійскі ваен. лётчык. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1906), Пецярбургскую афіцэрскую паветраплавальную школу (1912). У 1911 пабудаваў планёр уласнай канструкцыі, на якім выканаў некалькі палётаў. У 1913—14 узначаліў групавы пералёт па маршруце Кіеў—Асцёр—Казялец—Нежын—Кіеў, асабіста здзейсніў палёты Кіеў—Адэса—Севастопаль і Кіеў—Пецярбург. Правёў выпрабаванне шэрагу самалётаў айчыннай вытв-сці; упершыню ў свеце разлічыў і 27.8.1913 выканаў на самалёце «мёртвую пятлю» (гл.Несцерава пятля). Прапанаваў шэраг навінак па вышэйшым пілатажы, па выкарыстанні лятальных апаратаў у баі, разведванні наземных войск і інш. Загінуў у пач. 1-й сусв.вайны у паветр. баі, калі ўпершыню ў свеце тараніў самалёт праціўніка. У 1962 Міжнар.авіяц. федэрацыя заснавала пераходны прыз для пераможцаў першынства свету па вышэйшым пілатажы — кубак імя Несцерава.