ПУД,

старажытная адзінка масы ў Беларусі і Расіі. Вядома з 12 ст. У пач. 20 ст. 1 пуд = 40 фунтам = 16 бязменам = = 1280 лотам = 16,38 кг. Афіцыйна выкарыстоўваўся да 1924 пры ўзважванні зерня, мёду, воску і інш.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СНЕНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—31. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр — в. Расна (цяпер у Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл.). Уключаў 9 сельсаветаў. 8.7.1931 скасаваны, тэрыторыя перададзена ў Горацкі, Мсціслаўскі і Чавускі р-ны.

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́КУШКА (Luscinia svecica),

птушка сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ва Усх. і Паўн. Еўропе, Паўн. і Цэнтр. Азіі. На Беларусі падвід — варакушка сярэднееўрапейская (L. s. cyanecula). Пералётная. Жыве скрытна ў хмызняках паблізу вадаёмаў, на балотах і забалочаных месцах.

Даўж. цела 14—15 см, маса каля 20 г. Палавы дымарфізм добра выяўлены. У самца горла і грудзі ярка-сінія, акаймаваныя чорнай вузкай паласой, з белай плямкай пасярэдзіне. Верх цела аліўкавы, ніз светлы. У самкі горла і грудзі светлыя з чорнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі пад кустамі ў густой траве, на купінах. Корміцца насякомымі, ягадамі. Пераймае галасы інш. птушак. Зімуе на Пд Азіі, у Паўн. Афрыцы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Варакушка.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВАСІЛЁК»,

беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.​Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.

В.​М.​Мартыненка.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎПША́САЎ (Станіслаў Аляксеевіч) (27.7.1899, в. Грузджай Шаўляйскага р-на, Літва — 19.11.1976),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік партыз. руху ў Зах. Беларусі, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У пачатку Вял. Айч. вайны камандзір батальёна асобнай мотастралк. брыгады спец. прызначэння, якая абараняла Маскву. З сак. 1942 у тыле ворага: камандзір спец. атрада «Мясцовыя», які дзейнічаў у Мінскай вобл., у 1943 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. У час вайны з Японіяй (1945) узначальваў у Маньчжурыі аператыўную групу. Да 1958 у органах дзярж. бяспекі.

С.А.Ваўпшасаў.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЯВО́ДСТВА 1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—18 ст. Узначальвалася ваяводам. Першыя ваяводствы (Віленскае і Трокскае) як ваен.-адм. акругі ўзніклі адразу пасля Гарадзельскай уніі 1413. У пач. 16 ст. на тэр. Беларусі ўтвораны Віцебскае, Полацкае, Новагародскае, Падляшскае, у ходзе адм. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае, Мсціслаўскае ваяводствы. Кожнае мела свой герб і ваяводскія харугвы (штандары). Звычайна ваяводствы падзяляліся на паветы. У 1793 у ваяводствы ператвораны Браслаўскі і Гродзенскі паветы. Ліквідаваны ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).

2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы з 14 ст. Землі Зах. Беларусі ў 1921—39 уваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Пра кожнае ваяводства гл. асобны артыкул.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРА́НДА (англ. veranda ад інд.),

адкрытая або закрытая прыбудова да дома з боку ўваходных дзвярэй. Гістарычна развілася з ганка. З’яўляецца дадатковым гасп. памяшканнем. Часта выкарыстоўваецца як летняя кухня, часам у верандзе адгароджваецца кладоўка. На Беларусі пашырана з 19 ст. ў гарадах і мястэчках; сустракалася ў вясковым буд-ве ў заможных сялян. Найб. пашырэнне атрымала з 1920-х г. Цяпер веранды бытуюць па ўсёй Беларусі, найб. на ПдУ. Тыповыя веранды зашклёныя (памерам 10—15 м²). Некаторыя хаты маюць 2 веранды — на вуліцу і панадворак. Ніжняя частка каркаса веранды ашалёўваецца дошкамі, фарбуецца; верхняя звычайна зашклёная. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі, з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.

У.​С.​Гуркоў.

Веранда ў в. Галошава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,

рускі гісторыка-паліт. і літ. часопіс. Выдаваўся ў 1866—1918 у Пецярбургу, першыя 2 гады — 4 разы на год, з 1868 штомесячна. Выдавец-рэдактар М.​М.​Стасюлевіч (да 1909). Друкаваў навук. працы, публіцыстыку, літ. творы (у т. л. А.​М.​Астроўскага, І.​А.​Ганчарова, А.​К.​Талстога, І.​С.​Тургенева), паліт. агляды, замежную хроніку. Выступаў за паслядоўнае рэфармаванне ўсіх бакоў жыцця імперыі, даваў інфармацыю і аналіз правядзення суд., земскай, школьнай рэформаў на месцах, у т. л. на Беларусі. Абараняў правы народаў Расіі на свабоднае культ. развіццё. Змясціў шэраг матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і л-ры Беларусі. У апошняе дзесяцігоддзе існавання аддаваў перавагу праграмам акцябрыстаў і кадэтаў.

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́К (Леанід Іванавіч) (н. 23.3.1930, в. Кульшыно Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Засл. работнік адукацыі Беларусі (1990). Д-р філал. н. (1980), праф. (1982). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1966 у БДУ. Даследуе сучасную бел. мову, пераважна яе сінтаксічныя і стылістычныя асаблівасці. Аўтар прац «Пунктуацыя беларускай мовы» (1969, 3-е выд. 1982), «Сучасная беларуская мова» (1974, 2-е выд. 1985), «Далучэнне ў сучаснай беларускай мове» (1975), «Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы» (1980), «Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (1987) і інш. Сааўтар акад. «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» (1987), шэрагу навук. дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСХВО́СТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ (Anura, Ecaudata),

атрад земнаводных. 19 сям., 297 родаў, каля 3500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць пераважна на паверхні зямлі, часткова ў глебе (рыючыя), на дрэвах. На Беларусі 10 відаў: жабы — азёрная, вастрамордая, сажалкавая, травяная; жарлянка чырванабрухая; квакша звычайная; рапухі — зялёная, чаротавая, шэрая; часночніца.

Даўж. да 35 см. Тулава кароткае, шырокае, з нерухомай галавой (шыя невыразная), галава трохвугольная, хвост бывае толькі ў лічынкавай стадыі (у апалонікаў). Канечнасці добра развітыя, заднія ў 2—3 разы даўжэйшыя за пярэднія (прыстасаваныя да скачкоў). Самкі большасці бясхвостых земнаводных кладуць ікру ў ваду. Кормяцца насякомымі, лічынкамі камароў, дробнымі ракападобнымі. Карысныя. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП. Рапуха чаротавая (Bufo calamita) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 3, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)