МА́РШАЛ ((Marshall) Джордж Кэтлет) (31.12.1880, г. Юніянтаўн, штат Пенсільванія, ЗША — 16.10.1959),
ваенны і дзярж. дзеяч ЗША, дыпламат.Ген. арміі (1944). Скончыў Віргінскі ваен. каледж (1901). Удзельнік 1-й сусв.вайны. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба арміі ЗША (1939—45), удзельнік Касабланкскай, Квебекскай, Каірскай, Тэгеранскай (усе 1943), Квебекскай (1944), Крымскай (Ялцінскай) і Берлінскай (Патсдамскай; абедзве 1945) міжнар. канферэнцый. У снеж. 1945 — студз. 1947 спец. прадстаўнік (пасол) прэзідэнта ЗША Г.Трумэна ў Кітаі. У 1947—49 дзярж. сакратар ЗША, ініцыятар праграмы аказання Злучанымі Штатамі эканам. дапамогі пасляваен. Еўропе (гл.Маршала план). У 1950—51 міністр абароны ЗША. Нобелеўская прэмія міру 1953 (разам з А.Швейцэрам).
Літ.:
Ледовский А.М. Миссия Дж.Маршалла в Китай и советско-китайско-американские отношения // Вопр. истории. 1999. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з канца чэрв. 1941 да вер. 1942 у Мірскім р-не Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобл. Складалася з груп (97 чал.) у вёсках Беражное (кіраўнікі Р.М.Рускіх, Я.І.Крамко), Лядкі (А.Ф.Бянецкі), Пагарэлка (І.М.Мацко), Сіняўская Слабада (К.У.Балабановіч). Да сярэдзіны ліп. 1941 падпольшчыкі дапамагалі часцям Чырв. Арміі выходзіць з акружэння, у в. Антанёва і Быковічы арганізавалі шпіталі для цяжкапараненых. Распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, збіралі і вывучалі зброю. Вясной 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю. Да вер. 1942 падпольшчыкі пайшлі ў лес і стварылі партыз. атрад «Камсамольскі», які пазней з інш. атрадамі стаў базай фарміравання аднайм.партыз. брыгады. За гады вайны загінула 29 падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШСКІ ЗА́МАК Існаваў у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. каля в. Старая Мыш
(Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) на высокім правым беразе р. Мышанка. Квадратны ў плане (50 × 50 м) замак быў абнесены з У, Пд і З земляным валам (шыр. каля 15, выш. 3,5—4 м) і абарончым ровам (шыр. 30, глыб. да 15 м, адхоны берагоў 45°),
з Пн ахаваны дрыгвяністым берагам ракі. На земляным вале і паўн. краі замка былі драўляныя сцены з 4 вежамі па вуглах. У 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасля працяглай аблогі замак узяты рус. войскамі і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВЯРО́ЎСКІ (Невіроўскі) Дзмітрый Пятровіч
(1.11.1771, с. Прохараўка Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 2.11.1813),
расійскі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1812). У арміі з 1786. Удзельнік рус.-тур.вайны 1787—91, «польскай кампаніі» 1792—93, задушэння паўстання 1794. У пач. 1812 сфарміраваў з ураджэнцаў Беларусі 27-ю дывізію, на чале якой у жн. вёў ар’ергардныя баі з напалеонаўскімі войскамі на аршанскай і мсціслаўскай дарогах, удзельнічаў у Смаленскай бітве, вызначыўся ў Барадзінскай бітве 1812, баях каля Таруціна, Малаяраслаўца і інш. Яго дывізія, якая панесла вял. страты ў восеньскай кампаніі, папоўнена ў Вільні і вясной 1813 далучылася да Сілезскай арміі. У час Лейпцыгскай бітвы 1813 смяротна паранены. У 1912 перапахаваны на Барадзінскім полі, дзе яму і 27-й дывізіі пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О’ХІ́ГІНС ((O’Higgins) Бернарда) (20.8.1778, г. Чыльян, Чылі — 24.10.1842),
адзін з кіраўнікоў вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, дзярж. і ваен. дзеяч Чылі. Атрымаў адукацыю ў Перу, Вялікабрытаніі і Іспаніі. Чл. тайнай масонскай ложы «Лаўтара», якая стаяла за незалежнасць Ісп. Амерыкі. Дэпутат Нац. кангрэса (1811), чл. урадавай хунты (1811—13) Чылі. У 1813—14 галоўнакамандуючы чылійскімі войскамі. У кастр. 1814 далучыўся да аргенцінскіх войск на чале з Х.Сан-Марцінам. Сумесна з ім разбіў іспанцаў пры Чакабука (12.2.1817). Вярх. правіцель Чылі ў 1817—23. Падпісаў 18.2.1818 дэкларацыю пра незалежнасць Чылі. Ажыццявіў шэраг ліберальных рэформ, чым выклікаў незадаволенасць клерыкальных і кансерватыўных колаў краіны. У 1823 падаў у адстаўку і эмігрыраваў у Перу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБЯРЭ́СКІЯ,
шляхецкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Родапачынальнік полацкі баярын Яцка Сенькавіч (? — пасля 1520) быў жанаты з сястрой кн. Сямёна Ямантавіча-Падбярэскага Ульянай. Пасля смерці бяздзетнага князя (1540) Ульяна адсудзіла маёнтак Падбярэззе ў Аршанскім пав. і інш. ўладанні на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. З іх Рыгор (1510? — пасля 1585) атрымаў пры падзеле з братам Падбярэззе і Бачэйкава і пачаў ужываць прозвішча П. Яго нашчадкі неаднаразова займалі павятовыя пасады, пераважна ў Аршанскім пав. З іх найб. вызначыўся Рыгор Казімір (1620? — 77), сын Аляксандра, ротмістр казацкай харугвы ВКЛ з 1643, удзельнік Лоеўскай бітвы 1649 з укр. казакамі, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, ваявода смаленскі з 1667. Існаваў іншы род П., якія карысталіся гербам «Тарнава» змененая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯКО́Ў (Іван Барысавіч) (1.7.1902, в. Хутаранка Гомельскага р-на — 5.10.1997),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу парт. арганізатараў пры ЦКВКП(б) (1940). З 1931 на парт. рабоце, з 1940 1-ы сакратар Гродзенскага гаркома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Цэнтр., Бранскім і Калінінскім франтах, з ліст. 1942 сакратар Віцебскага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны сакратар Віцебскага абкома, Аршанскага, Віцебскага гаркомаў КПБ. У 1960—71 у апараце ЦККПБ. Чл.ЦККПБ у 1940—60. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1940—63. Адзін з аўтараў кн. «Без лініі фронту» (2-е выд., 1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАН-ЕЎРО́ПА»,
праект стварэння паліт. і эканам. аб’яднання дзяржаў кантынент. Еўропы, які прапагандаваўся паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі. З 1923 гэту ідэю развіваў пан’еўрапейскі рух, які з 1924 выдаваў у Вене час. «Рапеигора» («Пан-Еўропа»). Праект прапанаваны ў вер. 1929 франц. міністрам замежных спраў А.Брыянам, развіты ў мемарандуме франц. ўрада ад 1.5.1930 урадам еўрап. дзяржаў. Прадугледжваў стварэнне «Еўрап. федэральнага саюза», па-за межамі якога заставаліся Вялікабрытанія і СССР. Фактычна мэтай праекта было ўсталяванне франц. гегемоніі ў Еўропе. Процідзеянне ўрадаў СССР, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін прывяло да правалу франц. праекта (1931). Пасля 2-й сусв.вайны тэндэнцыя еўрап. дзяржаў да аб’яднання ўвасобілася ў стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага саюза і інш.міжнар.ваен.-паліт. і эканам. арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІЯ ФАРМІРАВА́ННІ,
назва арганізацыйных адзінак партыз.узбр. сіл. У Вял.Айч. вайну: партызанскае злучэнне, партызанская брыгада, партызанскі полк, партызанскі атрад, партызанская група, а таксама партыз. ўзвод, рота, батальён і інш. У склад рэгулярных войск не ўваходзілі. У канцы 1941 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр.СССР дзейнічала 2 тыс.партыз. атрадаў (больш за 90 тыс.чал.). Усяго ў гады вайны ў тыле праціўніка знаходзілася больш за 6200 партыз. атрадаў і падп. груп, у якіх налічвалася больш за 1 млн.чал. На Беларусі ў 1941—44 дзейнічала 213 брыгад, якія аб’ядноўвалі 997 атрадаў, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну). П.ф. ўтрымлівалі і кантралявалі да 60% акупіраванай тэр. Беларусі (гл.Партызанская зона).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ КАСЦЁЛ, касцёл Антонія Падуанскага,
помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1898—1904 з цэглы арх. А.Гойбелем у цэнтр. частцы горада на правым беразе р. Мядзелка, на тэр. былога францысканскага кляштара, заснаванага ў 1617 на сродкі С. і Г. Сянкевічаў-Бяганскіх. У гады 1-й сусв.вайны моцна пашкоджаны, знішчаны арган, гал. алтар, амбон (абодва готыка). У 1920-я г. адбудаваны. Касцёл — крыжападобны ў плане храм з 5-граннай апсідай. Асн. аб’ём накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Шмат’ярусная вежа (выш. каля 100 м) завершана шатровым дахам. Бакавыя фасады прарэзаны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ўмацаваны ступеньчатымі контрфорсамі. Уваходы аформлены 3 стральчатымі парталамі. У 1988 касцёл адрамантаваны, дзейнічае.