СЁГУ́Н (скарочаная назва ад яп. сейі тайсёгун літаральна — вялікі палкаводзец, які падпарадкоўвае варвараў),

першапачаткова званне, якое надавалася камандуючым войскамі, што пасылаліся са стараж. сталіцы Японіі Кіёта (Хэяна) у 794—811 для заваявання народнасці эбісу (айнаў) у паўн.-ўсх. ч. в-ва Хонсю; у 1192—1867 — тытул ваен.-феад. правіцеляў Японіі, якія кіравалі ад імя імператара і паходзілі з дынастый Мінамота (1192—1333), Асікага [1335(1338)—1573], Такугава (1603—1867). Улада С. (сёгунат) скінута ў час рэвалюцыі 1867—68 (гл. Мэйдзі ісін).

т. 14, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІВІЧНАРО́ТЫЯ (Gnathostomata),

найбольш шматлікая на Зямлі група пазваночных жывёл. Складае 99,8% усёй колькасці відаў тыпу хордавых. Уключае 2 кл. рыб (храстковыя рыбы і касцявыя рыбы) і 4 кл. наземных жывёл (земнаводныя, паўзуны, птушкі і млекакормячыя). Найб. важныя рысы С.: хватальны сківічны апарат, які развіўся з жаберных дуг; парныя канечнасці ў выглядзе плаўнікоў (у насельнікаў вады), пяціпальцых канечнасцей (у насельнікаў сушы) або крылаў. У шкілеце ёсць храстковая ці касцявая тканка. Парныя ноздры; 3 паўкружныя каналы ва ўнутр. вуху.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАМЕ́РНЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае метады вывучэння стат. даных пра аб’екты з некалькімі якаснымі і колькаснымі адзнакамі. Яго задачы — даследаванне структуры сувязей паміж пераменнымі, зніжэнне размернасці характэрных адзнак, пабудова класіфікацый, даследаванне прычынных сувязей. Для выяўлення структуры сувязей паміж рознымі пераменнымі звычайна выкарыстоўваецца матрыца карэляцый. Яе аналіз, які заключаецца ў вылучэнні падмностваў пераменных, што цесна карэліруюць адно за адным, ажыццяўляецца «ўручную» (напр., пры дапамозе графа, які адлюстроўвае найб. істотныя сувязі паміж пераменнымі, або метадамі камп’ютэрнага аналізу (напр., метад гал. кампанент, фактарны аналіз, кластэрны аналіз пераменных). Задачы і метады класіфікацыі, у залежнасці ад умоў, уключаюць: класіфікацыю па зададзеных фармальных крытэрыях, класіфікацыі аўтаматычную і з абучэннем. Класіфікацыя па зададзеных крытэрыях заключаецца ў групоўцы аб’ектаў па адным або некалькіх паказчыках. Класіфікацыя па некалькіх паказчыках наз. перакрыжаванай (лінгвістычнай; напр., полаўзроставая структура насельніцтва). Аўтаматычную класіфікацыю выкарыстоўваюць у выпадках, калі крытэрыі групоўкі невядомыя і адсутнічаюць апрыёрныя ўяўленні аб колькасці і характары класаў. Для яе пабудовы ўжываюць метады кластэрнага аналізу, якія дазваляюць вылучыць групы аб’ектаў, блізкіх адзін аднаму па значэннях пераменных, што вымяраюцца. Класіфікацыя з абучэннем выкарыстоўваецца, калі крытэрыі класіфікацыі невядомыя, але вядомы колькасць класаў і іх тыпалагічныя асаблівасці; такая класіфікацыя ажыццяўляецца некаторымі метадамі кластэрнага аналізу і метадам дыскрымінантнага аналізу. Аналіз стат. прычынных сувязей ажыццяўляецца пры дапамозе дысперсійнага аналізу, а таксама метадамі множнай лінейнай рэгрэсіі, лагістычнай рэгрэсіі, дыскрымінантнага аналізу і інш., якія прадугледжваюць наяўнасць адзінай залежнай пераменнай і не даюць магчымасці даследаваць структуру сувязей паміж незалежнымі пераменнымі (прэдыкатарамі). Структура сувязей паміж прэдыкатарамі можа быць улічана ў мадэлях пуцявога аналізу. Найб. агульным з’яўляецца метад лінейных структурных ураўненняў, што дае магчымасць будаваць складаныя мадэлі з вял. колькасцю залежных і незалежных пераменных, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой; яго прыватнымі формамі з’яўляецца рэгрэсійны, дысперсійны, пуцявы і фактарны аналіз.

Літ.:

Афифи А., Эйзен С. Статистический анализ: Подход с использованием ЭВМ: Пер. с англ. М., 1982;

Айвазян С.А., Енюков И.С., Мешалкин Л.Д. Прикладная статистика: Исслед. зависимостей. М., 1985;

Прикладная статистика: Классификация и снижение размерности: Справ. изд. М., 1989.

В.​В.​Цярэшчанка.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),

раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш. мед. і біял. дысцыплінамі.

Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.​Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.​І.​Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).

На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек. мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.​А.​Маркаў, Н.​І.​Аляксейчык, П.​В.​Астапеня, В.​М.​Ізуткін, М.​Ф.​Казлоў, Э.​С.​Кашыцкі, Л.​М.​Толстых-Чарнецкая, Ц.​А.​Каган, М.​Г.​Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел. мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМА́Т (ваен.),

ручная аўтаматычная агнястрэльная зброя для стральбы чэргамі або адзіночнымі стрэламі. Мае здымны (аддымны) магазін ёмістасцю 20 патронаў і больш, высокую скарастрэльнасць, невял. габарыты і масу, аснашчаецца штыком-нажом для вядзення рукапашнага бою і рэзання дроту.

Першы аўтамат створаны ў Расіі У.​Р.​Фёдаравым і выкарыстаны ў 1916. У Вял. Айч. вайну аўтаматам звычайна называліся пісталеты-кулямёты (напр., ППШ, ППС і інш.). У арміях краін СНД пераважаюць аўтаматы канструкцыі М.​Ц.​Калашнікава (АК, АКМ, АК74), якія маюць калібр 5,45—7,62 мм, масу 3,3—4,3 кг, тэмп стральбы 600 выстралаў за мін, баявую скарастрэльнасць кароткімі чэргамі да 100, адзіночнымі стрэламі да 40 выстралаў за мін, далёкасць агню 400 м, прыцэльную далёкасць да 1000 м. Для знішчэння групавых цэляў аўтамат аснашчаецца падствольным гранатамётам, які дае магчымасць весці стральбу асколачнымі гранатамі калібру 30—40 мм на адлегласці да 300—400 м. Такую стралк. зброю маюць на ўзбраенні Узбр. Сілы Рэспублікі Беларусь.

Аўтамат ёсць на ўзбраенні армій многіх краін свету пад назвай універсальная або штурмавая вінтоўка, аблегчаная аўтам. вінтоўка з пакарочаным ствалом, напрыклад у ЗША аўтам. вінтоўка, у Англіі і ФРГ — пісталет-кулямёт і інш.

Аўтамат канструкцыі М.​Ц.​Калашнікава: 1 — з драўляным прыкладам (АКМ); 2 — 3 прыкладам, які складваецца (АКМС).

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМА́ТАЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел тэарэтычнай кібернетыкі, які даследуе пераўтваральнікі дыскрэтнай інфармацыі. Узнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з развіццём тэорыі выліч. машын, тэорыі алгарытмаў. Асн. паняцці — абстрактны аўтамат і кампазіцыя аўтаматаў. Першае характарызуе алгарытм функцыянавання прыстасавання (алгарытм перапрацоўкі інфармацыі, які яно рэалізуе), складаецца з 3 непустых мностваў (станаў, уваходных і выхадных сігналаў) і 2 функцый (выхаду і пераходу). Другое характарызуе структуру прыстасавання, прынцыпы яго пабудовы з больш простых элементаў. Аўтаматаў тэорыя складаецца з абстрактна-алг., структурнай тэорыі і тэорыі імавернасных аўтаматаў і самаарганізоўных сістэм.

У абстрактна-алг. аўтаматаў тэорыі даследуюцца ўласцівасці абстрактнага аўтамата і спосабы яго задання. У структурнай аўтаматаў тэорыі аўтамат выяўляецца ў выглядзе сеткі, элементы якой выбраны з папярэдне зададзенай сукупнасці элементарных аўтаматаў. Яны злучаны паміж сабой і ажыццяўляюць запамінанне і пераўтварэнне элементарных сігналаў. Тэорыя імавернасных аўтаматаў і самаарганізоўных сістэм выкарыстоўваецца пры праектаванні і аўтаматызацыі праектавання дыскрэтных канструкцый і выліч. машын. Мае важнае значэнне для тэорыі алгарытмаў, тэорыі фармальных машын сістэм, тэорыі праграмавання і інш.

На Беларусі даследаванні па аўтаматаў тэорыі праводзяцца з 1956 у Мінскім пед. ун-це, ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі АН.

Літ.:

Лазарев В.Г., Пийль Е.И. Синтез управляющих автоматов. 3 изд. М., 1989;

Закревский А.Д. Алгоритмы синтеза дискретных автоматов. М., 1971.

А.​Дз.​Закрэўскі.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,

метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.​Хевешы і Г.​Леві (1936).

Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец. апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10​−7—10​10% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал. працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.

Э.​І.​Гірэй.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАМА́СТЫКА (ад грэч. onomastikos які адносіцца да наймення),

1) сукупнасць уласных імёнаў (анімія).

2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне, развіццё, структуру, функцыянаванне і пашырэнне ўласных імёнаў. Анамастыка падзяляецца на раздзелы ў адпаведнасці з катэгорыямі аб’ектаў, што носяць уласныя імёны: антрапаніміка (вывучае ўласныя асабовыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, імёны-мянушкі, псеўданімы), тапаніміка, тэаніміка (імёны багоў, міфал. істот), зааніміка (клічкі жывёл), касманіміка (назвы зон касм. прасторы, галактык і сузор’яў), астраніміка (назвы асобных нябесных целаў) і інш. У залежнасці ад моўных асаблівасцяў уласных імёнаў вылучаюць анамастыку літаратурную і дыялектную, рэальную і паэтычную (або маст. тэкстаў), сучасную і гіст., тэарэт. і прыкладную. Анамастычны матэрыял — своеасаблівы хавальнік шматлікіх, часта не зафіксаваных інш. крыніцамі фактаў гісторыі, культуры і мовы народа. Уласнымі імёнамі вучоныя цікавіліся з даўніх часоў, але як навука анамастыка сфарміравалася ў 1930-я г. У 1949 у Бельгіі створаны Міжнар. анамастычны камітэт пры ЮНЕСКА (з 1950 выдае час. «Onoma»). У развіццё анамастыкі зрабілі ўклад бел. мовазнаўцы Я.​М.​Адамовіч, Л.​А.​Акаловіч, М.​В.​Бірыла, В.​П.​Лемцюгова, М.​Р.​Суднік, Г.​К.​Усціновіч, І.​Я.​Яшкін.

Літ.:

Бірыла М.В., Лемцюгова В.П. Анамастычныя словаўтваральныя элементы ва ўсходне- і заходнеславянскіх мовах. Мн., 1973;

Перспективы развития славянской ономастики. М., 1980.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДКО́ВІЧЫ, Валадкевічы,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Радван». Верагодна, паходзяць ад шляхціца з Віленскага пав. Каспара Мікалаевіча Валадовіча, сыны якога Марцін і Рыгор у 1567 ставілі ў войска ВКЛ 2 коннікаў з маёнтка Геранёны Ашмянскага пав.; Марцін згадваецца і сярод шляхты Менскага пав. Найб. вядомыя:

Марцін (згадваецца ў 1567—82), пісар земскі, суддзя земскі і гараднічы менскі (1582). Меў сына Адама і дачку Палонію, якая была жонкаю кн. П.​Друцкага-Горскага. Марцін, верагодна, сын Адама. Суддзя земскі менскі (1628). Крыштоф (1600 ? — 1670), пісар земскі менскі, ваявода новагародскі (1658). У 1645 другі шлюб узяў з княжной Альжбетай з роду Друцкіх-Саколінскіх (памерла ў 1653). Яго дачка Соф’я Канстанцыя ў 1652 выйшла замуж за маршалка ВКЛ кн. А.​Палубінскага. Марцін Казімір, гараднічы і падстароста менскі (1649). Яго нашчадкамі, напэўна, былі Валадковічы, якія ў 2-й пал. 17—18 ст. займалі розныя пасады ў Менскім пав. Магчыма, да гэтага роду адносіліся Валадковічы: Сенька, які ў канцы 15 — пач. 16 ст. служыў князям Мсціслаўскім і атрымаў ад іх вёскі Касмынічы і Філіпаўшчыну; Павел, які ў 1582 з сынам Васілём служыў удаве кн. Ю.​Ю.​Слуцкага Кацярыне з Тэнчынскіх; Рыгор, полацкі шляхціц, згадваецца ў 1582; Дзям’ян (памёр да 1582), жонкай якога была Палонія Лядская. У Жамойціі існаваў род Валадковічаў герба «Лебедзь».

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае вытворныя і дыферэнцыялы функцый, а таксама іх дастасаванні. Разам з інтэгральным злічэннем складае курс матэматычнага аналізу (ці аналізу бясконца малых).

Аформілася ў самастойную матэм. дысцыпліну пасля прац І.Ньютана і Г.Лейбніца, якія сфармулявалі асн. палажэнні Д.з. і паказалі ўзаемна адваротны характар аперацый дыферэнцавання і інтэгравання. Выклікала з’яўленне новых галін матэматыкі: тэорыі шэрагаў, дыферэнцыяльнай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйнага злічэння. Грунтуецца на паняццях: рэчаісны лік, функцыя, ліміт, бясконца малая, неперарыўнасць і інш., якія атрымалі сучасны змест у ходзе развіцця і абгрунтавання аналізу бясконца малых; цэнтральныя паняцці Д.з. — вытворная і дыферэнцыял — і распрацаваны ў Д.з. апарат, які звязаны з імі, даюць сродкі даследавання функцый (у т. л. некалькіх пераменных), лакальна падобных на лінейныя функцыі або паліномы. Асн. дастасаванні Д.з. звязаны з даследаваннем функцый з дапамогай вытворных: знаходзіць выпукласць і ўвагнутасць графіка функцыі, прамежкі нарастання і спадання функцый, іх найбольшае і найменшае значэнне (гл. Экстрэмум), пункты перагіну і асімптоты, а таксама розныя ліміты функцый (напр., віду 0/0, ∞/∞ ; гл. Нявызначаны выраз), якія не паддаюцца вылічэнню інш. метадамі. Метады Д.з. маюць шматлікія дастасаванні ў даследаваннях актуальных праблем матэматыкі, прыродазнаўчых і тэхн. навук.

Літ.:

Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994;

Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.

А.​А.​Гусак.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)