ПРЭТО́РЫУС ((Pretorius) Андрыес Вільхельмус Якобус) (27.11.1798, каля Храф-Рэйнета, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 23.7.1853),
бурскі ваен. і паліт. дзеяч у час перасялення бураў (афрыканераў) з Капскай калоніі на Пн ад р. Аранжавая. Узначаліў бураў у 1838 пасля гібелі іх лідэра П.Рэтыфа. У снеж. 1838 камандаваў атрадамі бураў, якія перамаглі зулусаў у бітве на р. Інкоме. У студз. 1852 падпісаў з англічанамі Сандрыверскую канвенцыю, паводле якой тыя прызнавалі незалежнасць бураў на Пн ад р. Вааль, дзе ў 1856 была створана Паўд.-Афр. Рэспубліка (гл.Трансвааль). Ад яго імя паходзіць назва г.Прэторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАЗЁЙЛЯ ЗАКО́Н,
закон выцякання вадкасці праз тонкую цыліндрычную трубку. Паводле П.з. аб’ём вадкасці Q, што працякае за адзінку часу праз папярочнае сячэнне трубкі дыяметрам d, вызначаецца формулай:
, дзе p і p0 — ціск на ўваходзе ў трубку і выхадзе з яе адпаведна, l — даўжыня трубкі,
— велічыня, звязаная з каэфіцыентам дынамічнай вязкасці η. Устаноўлены эксперыментальна Ж.Л.М.Пуазёйлем у 1840, сувязь велічынь k і η вызначана Дж.Г.Стоксам у 1851. П.з. выконваецца для ламінарнага цячэння вадкасці, выкарыстоўваецца ў вісказіметрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́ЗВЫ, перазовы,
у беларусаў звычай у канцы вяселля, паводле якога сваты, інш. вясельныя чыны або суседзі маладога ці маладой запрашалі маладых і найб. паважаных удзельнікаў вяселля да сябе ў госці. Наладжваліся з мэтай аказання матэрыяльнай дапамогі бацькам маладых у правядзенні вяселля. У час П. выконвалі песні, у якіх усхвалялі сватоў, іх хату, гаспадарку, а таксама жартоўныя песні. П. называлі таксама наведванне маладых родзічамі маладой ці наведванне маладымі і родзічамі маладога бацькоў маладой праз тыдзень пасля вяселля. Характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. раёнаў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЛА,
старажытная ворыўная прылада, папярэдніца сахі і плуга. Пашырана ва ўсіх земляробчых народаў. Складалася з рабочай часткі — ральніка, на канец якога насаджваўся жал. наральнік, градыля (дышля) і ручак для кіравання. Паводле канструкцыі падзяляліся на Р. з полазам і без яго, прама- і крываградзільнае, якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў. Ва Усх. Еўропе Р. паявілася ў 1-й пал. 1-га тыс.н.э. Самае стараж. на Беларусі Р. знойдзена каля в. Капланавічы Клецкага р-на Мінскай вобл., якое належала плямёнам зарубінецкай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МА (стараж.-інд. цёмны),
у рэлігіі і міфалогіі індуізму богападобны герой, сёмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну, у вішнуізме разам з Крышнайгал. аб’ект культу. Паводлестараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», сын цара Дашаратхі Р. і яго зводны брат Лакшмана здзейснілі паход з паўн. Індыі на в-аў Ланка (Шры-Ланка), каб вызваліць жонку Р. Сіту, якую выкраў цар ракшасаў Равана. Браты вызвалілі Сіту і перамаглі Равану, чым пазбавілі людзей ад яго тыраніі. У вобразе Р. ўвасоблены мужчынская доблесць, вернасць доўгу, сыноўняя пакорлівасць, сямейная і братняя адданасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,
верш, напісаны аднолькавымі строфамі. Да раўнастрофных адносяцца таксама вершы, у якіх у строгай паслядоўнасці чаргуюцца 2 ці 3 страфы, розныя паводле характару. Напр., у вершы Я.Коласа «Над магілаю друга» пасля кожнага катрэна ідзе 2-радковая страфа.
Падбіўся ў дарозе ты, дружа,
І вочы пагаслі твае.
У шуме жыццёвае сцюжы
Байца-песняра не стае.
Спі спакойна, спачывай —
Не забудзе цябе край.
Арыгінальнае чаргаванне 2-радкоўяў і 4-радкоўяў у вершы С.Ліхадзіеўскага «Берасцянка жывых трывог» (2—4—4—2) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАПРАПУСКНЫ́Я ЗБУДАВА́ННІ,
комплекс гідратэхн. збудаванняў для пропуску рыбы цераз плаціны, гідравузлы і інш. перашкоды на рэках, асабліва ў час яе міграцый на нераст. Выбар тыпу Р.з. залежыць ад відаў рыб, напору вады ў гідравузле, скорасці цячэння, ваганняў гарызонту вады. Да Р.з. адносяцца рыбаходы, рыбаходныя шлюзы, рыбапад’ёмнікі.
Па рыбаходах (абхадных, стаўных, латаковых, лесвічных каналах) і рыбаходных шлюзах рыба пераадольвае напор вады і перашкоды самастойна. Рыбаходныя шлюзы маюць рыбаназапашвальнікі і дзейнічаюць паводле прынцыпу суднаходных шлюзаў. Рыбапад’ёмнікі транспартуюць рыбу ў перасоўнай напоўненай камеры ці ў спец. сетцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́СВІКСКІ МІР 1697.
Завяршыў вайну 1688—97 (гл.Пфальцкая спадчына) паміж Францыяй і Аўсбургскай лігай (саюз паміж Галандыяй, імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», Іспаніяй, Швецыяй, Баварыяй, Пфальцам, Саксоніяй, Вялікабрытаніяй), заключаны ў в. Рысвік (Рэйсвейк, каля Гаагі). Складаўся з серыі дагавораў Францыі з Вялікабрытаніяй, Галандыяй, Іспаніяй (усе 20 вер.), імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» і асобнымі герм. княствамі (30 кастр.). Паводле Р.м. Францыя адмаўлялася ад большасці тэрыторый, захопленых ёю пасля Німвегенскага міру 1678—79, але захавала за сабой Страсбург і інш. землі ў Эльзасе. Умовы Р.м. парушаны ў 1701 вайной за Іспанскую спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦІХ (Аляксандр Фёдаравіч) (5.7.1831, Пецярбургская губ. — пасля 1900),
рускі этнограф, ваенны картограф. Ген.-лейтэнант (1891). Скончыў Інжынерную акадэмію (1853) і Акадэмію Генштаба (1858). Стаяў на пазіцыях вялікадзярж. шавінізму. Склаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), У якім памылкова адносіў беларусаў-католікаў да палякаў. Найб. каштоўныя яго этнагр. карты з этнічнай статыстыкай Беларусі, некат. абласцей Расіі, замежных слав. народаў («Этнаграфічная карта Еўрапейскай Расіі», 1875). Яго працы, прысвечаныя Зах. краю («Матэрыялы для этнаграфіі Царства Польскага: Люблінская і Аўгустоўская губерні», 1864, і інш.), мелі апісальны характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л,
1) надзвычайны суд у Францыі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99. Створаны як часовы трыбунал у жн. 1792, рэарганізаваны ў сак. 1793. Назву атрымаў пры якабінцах, калі стаў адным з органаў якабінскай дыктатуры. Яго рашэнні не падлягалі апеляцыі і касацыі; адзінай мерай пакарання была смяротная кара. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 Р.т. — орган контррэвалюцыйнага тэрору. Скасаваны ў 1795.
2) Органы правасуддзя ў першыя гады савецкай улады. Створаны паводле Дэкрэта аб судзе ад 22.11.1917 для барацьбы з контррэвалюцыяй, сабатажам і інш. небяспечнымі злачынствамі. Скасаваны ў 1922.