СУДЗЕ́БНІК 1589,

зборнік прававых норм Паўн. Памор’я. Афіцыйна не зацверджаны, але служыў кіраўніцтвам для суддзяў Дзвінскай вобл. ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. Яго крыніцамі паслужылі мясц. звычаёвае права, Судзебнік 1550 і, як мяркуюць, статутная грамата (не захавалася) цара Фёдара Іванавіча. Зборнік быў спробай прыстасаваць нормы Судзебніка 1550 да спецыфічных умоў паўн. рэгіёнаў Рус. дзяржавы: адсутнасць свецкай феад. уласнасці, перавага чарнасошнага сял. землеўладання з паступовым распадам абшчыны, наяўнасць развітой маёмаснай дыферэнцыяцыі ў асяроддзі гар. і сельскага насельніцтва.

т. 15, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДНАВАДЖЭ́ННЕ,

1) сукупнасць навук і навуковых дысцыплін для кіравання рухам судна. Да С. адносяцца навігацыя, лоцыя, гідраграфія, мараходная астраномія, гідраметэаралогія, тэорыя дэвіяцыі магн. компаса, марская практыка.

2) Кіраванне рухам судна на аснове неперарыўнага. інстр. або візуальнага кантролю за ўмовамі плавання, курсам судна, яго скорасцю, месцазнаходжаннем, станам. Інструментальны кантроль вядзецца з дапамогай аўтаматызаваных сістэм С. або навігацыйных прылад (у т. л. гіракомпасаў, лагаў, радыёлакацыйных станцый, радыёнавігацыйных сістэм, радыёпеленгатараў, рэхалотаў, секстантаў, дакладных вымяральнікаў часу). Парадак С. прадпісваецца міжнар. і мясц. правіламі.

т. 15, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОТ, Джэхуці,

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі адзін з найгалоўнейшых багоў, бог Месяца, часу, мудрасці, ліку, пісьма. Яго найчасцей уяўлялі ў выглядзе чалавека з галавой птушкі ібіс (свяшчэнная істота Т.) і прыладамі для пісьма ў руках. Лічыўся стваральнікам усяго інтэлектуальнага жыцця, апекуном пісцоў, архіваў, бібліятэк. Паводле ўяўленняў егіпцян, Т. вёў лік дням, месяцам, гадам (наз. «ўладаром часу»), запісваў дні нараджэння і смерці людзей, вёў летапісы.

Тот. З малюнка ў «Кнізе мёртвых» прынцэсы Несітанебташру. Каля 970 да н.э.

т. 15, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРОМП (франц. trompe ад старажытнаверхненям. trumba труба) у архітэктуры, трохвугольная нішападобная скляпеністая канструкцыя ў форме ч. конуса, палавіны або чвэрці сферычнага купала. Т. служаць для пераходу ад ніжняй, квадратнай у плане ч. будынка да верхняй, круглай ці шматвугольнай (ад купала або яго барабана). Часам Т. з’яўляецца апорнай канструкцыяй для вуглавых купалаў, эркераў. Т. былі пашыраны ў сярэдневяковай архітэктуры Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Закаўказзя і Еўропы; у рус. і бел. дойлідстве — пераважна ў 17 ст. Гл. таксама Ветразі.

Тромпы.

т. 15, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ПІСЬМО́, унцыял (ад лац. uncialis роўны па даўжыні адной унцыі),

асаблівы тып почырку лац. і грэка-візант. пісьма. Для яго характэрны вялікія роўныя літары без вострых вуглоў і ламаных ліній, якія амаль не выступалі за межы радка. Лігатур і словападзелу не было. Было пашырана ў 4—9 ст., пераважна ў царк. кнігах, а таксама ў рукапісах з ант. тэкстамі. Пад уплывам У.п. склаўся ўстаў.

А.​Я.​Міхневіч.

Да арт. Унцыяльнае пісьмо. Надпіс 3 ст. з г. Тымгад (Алжыр).

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УО́ЛЕС (Wallace) Генры Эгард (7.10.1888, штат Аява, ЗША — 18.11.1965),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Публіцыст. З 1928 належаў да Дэмакр. партыі. У 1933—40 міністр сельскай гаспадаркі, у 1941—45 віцэ-прэзідэнт ва ўрадзе Ф.Д.Рузвельта. Са студз. 1945 міністр гандлю. У вер. 1946 зняты з пасады за крытыку палітыкі прэзідэнта ЗША Г.​Трумэна адносна Сав. Саюза. Кандыдат у прэзідэнты ЗША на выбарах 1948 ад заснаванай ім і яго прыхільнікамі Прагрэс. партыі. Пацярпеўшы паражэнне, адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 16, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРЭТРЫ́Т,

запаленне мочаспускальнага канала (урэтры). Асн. ўзбуджальнікі: стафілакокі, кішэчная палачка, ганакокі, трыхаманады і інш.

Адрозніваюць інфекц. неспецыфічныя (бактэрыяльныя, вірусныя, мікатычныя, хламідыйныя, урэаплазменныя і інш.) і спецыфічныя (ганарэйныя, трыхаманадныя і інш.); неінфекц (траўматычныя, алергічныя, абменныя і інш.). Бывае востры і хранічны; у залежнасці ад пашыранасці па мочаспускальным канале — пярэдні, задні, татальны. Прыкметы: боль, смыленне, сверб, выдзяленні з мочаспускальнага канала, частае мочаспусканне. Прыводзіць да архіту, бясплоднасці, прастатыту. Лячэнне камбінаванае, накіраванае на ліквідацыю прычыны У., запалення і Яго наступстваў.

А.​У.​Строцкі.

т. 16, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНЫ МА́ЯТНІК,

цвёрдае цела, якое вагаецца пад уздзеяннем сілы цяжару вакол гарызантальнай восі, што не праходзіць праз яго цэнтр цяжару. Цыклічная частата ω і перыяд T малых ваганняў Ф.м. вызначаюцца суадносінамі: ω = mgd I і T = 2π I mgd , дзе L = I md прыведзеная даўжыня, I — момант інерцыі адносна восі вярчэння і m — маса маятніка, d — адлегласць паміж воссю вярчэння і цэнтрам цяжару, g — паскарэнне свабоднага падзення. Іл. гл. да арт. Маятнік.

т. 16, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕПЛАТА́ ЗГАРА́ННЯ паліва, каларыйнасць, цеплатворная здольнасць,

колькасць цеплаты, якая вылучаецца пры поўным згаранні паліва. Залежыць ад хім. саставу паліва. Адрозніваюць Ц.з. ніжэйшую — без уліку цеплаты, якая затрачваецца на выпарэнне вады, што ўтрымліваецца ў паліве ці ўтвараецца пры яго згаранні, і вышэйшую — з улікам гэтай цеплаты. Ц.з., аднесеная да адзінкі масы (для цвёрдага паліва) ці аб’ёму (для газу) паліва, наз. ўдзельнай Ц.з., вымяраецца метадамі каларыметрыі. Адзінка Ц.з. ў СІ — джоўль, удзельнай Ц.з. — джоўль на кілаграм ці джоўль на кубічны метр.

т. 17, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАКІНЕТЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ,

сукупнасць з’яў, якія адбываюцца ў сістэмах з капілярамі ці мембранамі, змешчанымі ў электраліт, пры накладанні знешняга эл. поля, а таксама адваротных ім эфектаў.

Абумоўлены наяўнасцю падвойнага электрычнага слоя на мяжы падзелу фаз і здольнасцю дыфузнай ч. гэтага слоя зрушвацца адносна нерухомай яго часткі. Да Э.з. адносяць электраосмас, электрафарэз, з’яўленне эл. рознасці патэнцыялаў паміж канцамі капіляраў ці мембран пры працяканні праз іх вадкасці, узнікненне рознасці патэнцыялаў пры асяданні (седыментацыі) часціц, суспензаваных у электраліце (эфект Дорна).

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)