НІВЕРНЭ́ (Nivemais),

гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартамент Ньеўр. Пл. 6,8 тыс. км². Нас. каля 250 тыс. чал. (1998). Адм. ц. — г. Невер. Рэльеф раўнінны і ўзгорысты. Клімат умераны. Цячэ р. Луара. Ёсць каналы, якія злучаюць яе з басейнамі рэк Соны і Сена. Аснова эканомікі — прам-сць. Найб. развіты металургія, машынабудаванне, керамічная, харч., дрэваапр. галіны. Пашавая жывёлагадоўля. Бальнеалагічныя курорты.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬМІЦІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

[CH3(CH2)14COOH], насычаная вышэйшая тлустая кіслата. Пашырана ў прыродзе, у выглядзе гліцэрыдаў ёсць амаль ва ўсіх прыродных тлушчах (у пальмавым алеі 35%, свіным сале 30%, каровіным сале 25%). Уваходзіць у склад воскаў (пчаліны воск, спермацэт). Мае агульныя ўласцівасці тлустых к-т. Солі П.к. ў сумесі з солямі некат. інш. к-т выкарыстоўваюць для атрымання мыла, некат. эфіры — у прыгатаванні фарбаў і пакрыццяў.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУ́ЧЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, сцёблы якіх сцелюцца па паверхні глебы і ўкараняюцца з дапамогай прыдаткавых каранёў. Паўзучыя сцёблы з кароткімі міжвузеллямі наз. плецямі, з доўгімі — вусамі. Са сцябловых вузлоў П.р. акрамя прыдаткавых каранёў вырастаюць надземныя парасткі, а з іх вузлоў — новыя плеці і вусы, якія забяспечваюць вегетатыўнае размнажэнне. Сярод П.р. ёсць кармавыя (канюшына), харч., тэхн., лек. (агурок, батат, журавіны, суніцы), дэкар. (кураслеп) расліны.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКЦІ́НЫ, пекцінавыя рэчывы,

кіслыя поліцукрыды расліннага паходжання. Ёсць у сценках клетак, міжклетачным рэчыве, клетачным соку раслін; назапашваюцца ў сакавітых пладах і караняплодах. Аснова малекулы П. — полігалактуронавая к-та. Найб. значэнне мае пекцін, які дае студні ў насычаным (65—70%) растворы цукру пры наяўнасці арган. к-т. Атрымліваюць П. з яблыкаў, скуркі цытрусавых пладоў і інш. Выкарыстоўваюць у кандытарскай і харч. прам-сці, медыцыне.

т. 12, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮВІЁГРАФ (ад лац. pluvia дождж + ...граф),

прылада для вымярэння колькасці, працягласці і інтэнсіўнасці вадкіх ападкаў. Уключае прыёмнік ападкаў пл. 500 см² і злучаную з ім цыліндрычную пасудзіну з паплаўком, на якім ёсць стрэлка з пяром. Ападкі, што трапляюць у пасудзіну, падымаюць паплавок і адначасова пяро самапісца вычэрчвае крывую (верт. лінія на ёй адпавядае колькасці ападкаў, гарыз. — часу іх выпадзення).

Плювіёграф.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МЕНЬ,

тып яловых лясоў на гліністых ці сугліністых, добра дрэнажаваных глебах, якія фарміруюцца ва ўмовах халоднага ці ўмерана халоднага кантынент. клімату. Характэрны высокая прадукцыйнасць і добрая якасць драўніны; ёсць невял. прымесі хвоі, асіны, бярозы. Ельнік са значным удзелам драбналістых парод — падрамень, з удзелам шыракалістых парод — сурамень. У шырокім сэнсе да Р. адносяцца таксама насаджэнні з піхты і хвоі кедравай.

М.​В.​Ярмохін.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАГІ́ЗМА АКСІЁМА,

асноўны прынцып катэгарычнага сілагізма, што адносіцца і да аб’ёму і да зместу паняццяў. Для аб’ёму паняццяў С.а. фармулюецца так: усё, што сцвярджаецца (адмаўляецца) адносна ўсіх прадметаў класа, тое сцвярджаецца (адмаўляецца) і адносна любога прадмета гэтага класа; для зместу паняцця — ацэнка прыкметы прадмета ёсць таксама ацэнка самога прадмета; тое, што супярэчыць прыкмеце прадмета, супярэчыць і самому прадмету. Гл. таксама Сілагізм.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ (Мікалай Мікалаевіч) (27.2.1831, г. Варонеж, Расія — 13.6.1894),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—57), пенсіянер АМ у Італіі (1857—63). Працаваў у Рыме (1857—59) і Фларэнцыі (1860—69). З 1870 у Пецярбургу. Зазнаў уплыў К.Брулова і А.Іванава. Адзін з заснавальнікаў Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. У ранніх творах традыц. для акад. мастацтва евангельскія тэмы трактаваў з глыбокім псіхалагізмам і драматызмам («Тайная вячэра», 1863; «Вестуны ўваскрэсення», 1867). У карцінах на евангельскія тэмы («Што ёсць ісціна?», 1890; «Распяцце», 1892—94, «Галгофа», 1893) сцвярджаў блізкія да поглядаў Талстога ідэі духоўнага пратэсту супраць зла, веліч ахвярнага подзвігу ў імя ідэі. Звяртаўся да гіст. жывапісу («Пётр I дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе», 1871, і інш.), пейзажаў, партрэтаў. Яго партрэты перадаюць складанасць духоўнага жыцця чалавека («А.​І.​Герцэн», 1867, «Л.​М.​Талстой», 1884, «Аўтапартрэт», 1893). У Нац. маст. музеі Беларусі тры карціны Ге: «Ахілес аплаквае цела Патрокла», 1855, «Рымлянка», 1857, «Мужчынская галава», 1868.

Літ.:

Н.​Н.​Ге: Письма. Статьи. Критика;

Воспоминания современников. М., 1978.

М.Ге. Што ёсць ісціна? 1890.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМІ́Т у матэматыцы,

адно з найважнейшых паняццяў матэматычнага аналізу. Л. функцыі дазваляе даследаваць аналітычныя ўласцівасці функцыі: неперарыўнасць, дыферэнцавальнасць, інтэгравальнасць.

Л. функцыі 𝑓(z) у пункце z = a ёсць лік A, да якога неабмежавана набліжаецца значэнне функцыі 𝑓(z), калі z імкнецца да α (запісваецца lim z→a 𝑓(z) = A ).

Больш дакладна: лік A наз. Л. функцыі 𝑓(z) у пункце z = a, калі для адвольнага дадатнага ліку ε можна ўказаць такі дадатны лік δ, што для ўсіх значэнняў z, якія задавальняюць |z−a|<δ, і не супадаюць з a, выконваецца ўмова |𝑓(z)−A|<ε. Л. паслядоўнасці лікаў a1, a2, ... an, ... ёсць лік a, да якога неабмежавана набліжаюцца ўсе члены паслядоўнасці, пачынаючы з некаторага дастатковага вял. нумара (запісваецца lim n→∞ an = a ). Больш дакладна: лік a наз. Л. паслядоўнасці a1, a2, ... an, ..., калі для адвольнага дадатнага ліку ε можна ўказаць такі нумар N, што для ўсіх членаў паслядоўнасці з нумарам n>N мае месца ўмова |an−a|<ε. Паняцце Л. ўжываецца да дыскрэтных і пераменных паслядоўнасцей, якія мяняюцца неперарыўна.

А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІЦІ́Н, α—γ-дыамінаваляр’янавая кіслата,

C5H12O2N2, арганічнае рэчыва з групы амінакіслот. Белыя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе і спірце, дрэнна — у эфіры. Атрымліваецца пры гніенні бялкоў і гідролізе аргініну. У свабодным стане ёсць у тканках млекакормячых і ў раслінах, уваходзіць у некаторыя антыбіётыкі (граміцыдзін С і інш.). Арцінін — каталізатар пры сінтэзе мачавіны ў арганізме праз арніцінавы цыкл, прымае ўдзел ва ўтварэнні поліамінаў, здольны ператварацца ў пралін.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)