АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),

тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.

Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.

Да арт. Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.
Да арт. Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎСКІ РАЁН.

На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 23,2 тыс. чал. (1998), гарадскога 37,1%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Клічаў. 140 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Бацэвіцкі, Віркаўскі, Ганчанскі, Доўгаўскі, Каўбчанскі, Нясяцкі, Патоцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у зоне радыяцыйнага кантролю 17 нас. пунктаў.

Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слабапарэзаная. Пераважаюць выш. 150—165 м, найвыш. пункт 176 м (на ПнЗ ад в. Дубно). Карысныя выкапні: торф, пясок, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз -7,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегет. перыяд 190 сут. З Пн на Пд працякае р. Ольса з прытокамі Нясета (з Гарадзечанкай і Турчанкай), Цераболь, Сушанка, Ганчанка, Суша (з Перасопенкай) і Кострычка, на ПнУр. Друць з прытокам Даўжанка, на Зр. Бярэзіна. Азёры Танек, Дубавец, Орлінскае. Вадасх. Арэхаўка на р. Нясета. Глебы: дзярнова-падзолістыя (53%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,7%), тарфянабалотныя (16,2%). Пад лесам 57,7% тэр. раёна, з іх 17,5% штучных насаджэнняў. На Пн пераважаюць масівы суцэльнага лесу, найб. Вял. Дулебава. Лясы ў асноўным хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя, часткова забалочаныя. Пад балотамі 4,2% тэрыторыі, найб. балотныя масівы: Ганчанскае балота, Ванкоўшчына, Заполле. 20 мясц. геал. (тарфяных) заказнікаў. Помнікі прыроды: рэспубліканскія — дубова-грабавы лес у Бёрдаўскім лясніцтве; мясцовыя — дуброва ў Бацэвіцкім лясніцтве, крыніцы ў в. Бацэвічы і каля в. Ядраная Слабада.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 59 тыс. га, з іх асушаных 19,2 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчванне збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., дрэваапр., паліўнай, лясной, буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Асіповічы—Магілёў, аўтадарогамі райцэнтр звязаны з гарадамі Беразіно, Бабруйск, Магілёў. Па р. Бярэзіна суднаходства. У раёне 12 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач., дзіцяча-юнацкая спарт., 7 муз., маст. школы, тэхнікум, 17 дашкольных устаноў, 23 клубы, 26 б-к, 5 бальніц, паліклініка, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Выдаецца газ. «Сцяг Саветаў».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯХІ́МІЯ (ад радые... + хімія),

раздзел хіміі, які вывучае фізіка-хім. і хім. ўласцівасці радыеактыўных ізатопаў элементаў (радыенуклідаў), метады іх выдалення і канцэнтравання. Асн. раздзелы: агульная Р., якая вывучае агульныя заканамернасці паводзін радыенуклідаў, іх стан у ультрамалых канцэнтрацыях у растворах, газах і цвёрдых рэчывах; хімія радыеактыўных элементаў, якая вывучае хім. ўласцівасці радыеактыўных элементаў, прыкладная Р., якая ўключае сінтэз мечаных злучэнняў, выкарыстанне радыенуклідаў у хім., біял. і інш. даследаваннях (гл. Ізатопныя індыкатары), а таксама праблемы атрымання і перапрацоўкі ядз. гаручага, перапрацоўкі радыеактыўных адходаў і інш. У Р. выкарыстоўваюцца спецыфічныя высокаадчувальныя метады вымярэння колькасці радыенуклідаў, што абумоўлена радыеактыўнасцю даследуемых рэчываў.

Станаўленне Р. звязана з адкрыццём у 1898 радыеактыўных элементаў радыю і палонію (П.Кюры, М.Складоўская-Кюры). У 1-й трэці 20 ст. ўстаноўлены законы суасаджэння і адсорбцыі радыенуклідаў з ультраразбаўленых раствораў (К.Фаянс, Ф.А.Панет, В.Р.Хлопін, О.Ган і інш.), распрацаваны асновы метаду ізатопных індыкатараў (Дз.Хевешы і Панет) і эманацыйны метад даследавання фіз.-хім. уласцівасцей цвёрдых цел. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці (І. і Ф. Жаліо-Кюры) стала пачаткам новага этапу ў развіцці Р.; былі атрыманы радыенукліды нерадыеактыўных рэчываў пры апрамяненні іх нейтронамі (Э.Фермі з супрацоўнікамі), першыя штучныя радыеактыўныя элементы тэхнецый (1937), астат, нептуній, плутоній (1940). Далейшае развіццё Р. звязана з атрыманнем штучных радыенуклідаў усіх элементаў перыяд. сістэмы (акрамя гелію і літыю), што ёсць у прыродзе, актыноідаў, а таксама трансактыноідных элементаў.

На Беларусі развіццё Р. пачалося ў 1969, калі ў Ін-це ядз. энергетыкі АН была створана радыехім. лабараторыя па даследаванні радыенуклідаў у растворах, вывучэнні працэсаў гідролізу катыёнаў і сорбцыі гідракомплексаў радыенуклідаў, па распрацоўцы метадаў ачысткі раствораў радыеактыўных рэчываў, а таксама спосабаў дэзактывацыі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) даследаванні фіз.-хім. стану, хім. трансфармацыі і міграцыі радыенуклідаў у глебе, глебава-раслінным покрыве, вадзе, паветры праводзяцца ў Ін-це радыеэкалагічных праблем і Ін-це радыебіялогіі Нац. АН і БДУ.

Літ.:

Несмеянов А.Н. Радиохимия. 2 изд. М., 1978;

Келлер К. Радиохимия: Пер. с нем. М., 1978;

Нефедов В.Д., Текстер Е.Н., Торопова М.А. Радиохимия. М., 1987.

Ю.​П.​Давыдаў.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭНА́Ж (франц. drainage ад англ. drain асушаць),

сістэма штучных вадатокаў — дрэнаў (труб, свідравін, поласцей і інш.), якія збіраюць і адводзяць залішнюю ваду з с.-г. зямель, ад збудаванняў, зніжаюць узровень падземных (грунтавых) вод. Выкарыстоўваецца пры меліярацыі, буд-ве, торфаздабычы, асваенні рудных радовішчаў і інш.

Д. с.-г. можа выкарыстоўвацца для асушэння, увільгатнення і рассольвання зямель. Адрозніваюць Д. гарыз. (трубчасты і поласцевы), верт. (сістэма свідравін) і камбінаваны (спалучэнне гарыз. дрэн са свідравінамі або калодзежамі). Робіцца з дапамогай дрэнажных машын, экскаватараў. У выкапаную траншэю або шчыліну укладваюць трубы з розных матэрыялаў. Керамічныя (ганчарныя) гарыз. дрэны кладуць упрытык, стыкі абкладаюць фільтравальнымі матэрыяламі, потым траншэю засыпаюць; пластмасавыя дрэны ўкладваюць і бестраншэйным спосабам (напр., з бухты) — у вузкую шчыліну ў грунце. У залежнасці ад размяшчэння дрэн на асушальнай плошчы адрозніваюць Д.: сістэматычны (паралельныя адна адной дрэны або свідравіны раўнамерна размеркаваны па тэр.); выбарачны, або тальвегавы (робіцца на асобных паніжэннях рэльефу); галаўны, або нагорналоўчы (для перахопу падземных вод з боку схілу); берагавы (для перахопу вады з боку ракі або вадасховішча пры падтапленні). У засушлівы перыяд Д. можа выкарыстоўвацца для ўвільгатнення зямель (падачай вады ў дрэнажныя сістэмы). У засушлівых зонах Д. выкарыстоўваюць для барацьбы з засаленнем арашальных зямель. Д. збудаванняў робяць (у выглядзе сістэмы труб, свідравін, латакоў, галерэй, штольняў і інш.) для асушэння і ўмацавання асноў будынкаў, плацін, дарог, аэрадромаў, для паніжэння фільтрацыйнага ціску вады на збудаванне і інш.

Літ.:

Мурашкшо А.И. Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;

Осушение земель вертикальным дренажем. Мн., 1980;

Пивовар Н.Г., Бугай Н.Г., Рычко В.А. Дренаж с волокнистыми фильтрами. Киев, 1980;

Эггельсманн Р. Руководство по дренажу: Пер. с нем. М., 1978.

А.​Я.​Вакар.

Да арт. Дрэнаж. А — дрэнажныя трубы (1—4 — керамічныя, 5—6 — пластмасавыя). Б — схема адводу дрэнамі залішніх вод (1 — паверхня зямлі, 2 — ападкі, 3 — дрэна, 4 — узровень грунтавых вод, 5 — напрамак руху грунтавых вод, 6 — водаўпор). В — схема дрэнажнай сістэмы (1 — дрэны, 2, 3, 4 — калектары, 5 — назіральны калодзеж, 6 — фільтр-паглынальнік, 7 — канал). Г — схема цюфяковага дрэнажу земляной плаціны (1 — адваротны фільтр, 2 — цюфячная дрэна, 3 — вывадны калектар). Д — схема ўкладкі пластмасавага дрэнажу (1 — бухта труб, 2 — дрэнаўкладчык ЭТЦ-202А, 3 — бабіны шклопалатна).

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНІНГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у Расійскай Федэрацыі, паўанклаў. Мяжуе з Літвой і Польшчай, на З і ПдЗ абмываецца Балтыйскім м. Утворана 7.4.1946. Пл. 15,1 тыс. км², Нас. 932 тыс. чал., гарадскога 78% (1996). Сярод насельніцтва 8,5% беларусаў. Цэнтр — г. Калінінград. Найб. гарады: Савецк, Чарняхоўск, Балтыйск, Гусеў, Неман, Піянерскі.

Прырода. Паверхня К.в. — слабаўзгорыстая раўніна. На Пн частка тэр. апускаецца ніжэй узроўню мора (польдэры) і агароджана ад затаплення дамбамі. На ПдУ — Балтыйская града (выш. да 231 м). Уздоўж узбярэжжа Балтыйскага м. і яго заліваў (Куршскі і Калінінградскі) на 140 км паласа пясчаных пляжаў, т. зв. «Бурштынавы бераг». На Куршскай касе (даўж. 98 км, шыр. да 4 км) і Балтыйскай, ці Віслінскай, касе (даўж. 65 км, шыр. да 2 км) пясчаныя дзюны (выш. да 60 м, шыр. да 1 км). Карысныя выкапні: бурштын (80% сусв. запасаў), фасфарыты, глаўканіты, каменная соль, газ, нафта, буры вугаль, торф, буд. матэрыялы, мінер. вада. Клімат пераходны ад марскога да ўмерана кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. ад -2,6 °C да -4,8 °C, ліп. ад 15 да 17 °C. Гадавая колькасць ападкаў 650—700 мм. Рэкі належаць да бас. Балтыйскага м., галоўныя Нёман (з прытокам Шэшупе) і Прэголя (з прытокам Лава). Суднаходныя. Больш за 100 азёр, 7% тэр. забалочана. Глебы пераважна падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам больш за 15% тэр. (елка, хвоя, дуб, граб, бук). Нац. парк — Куршская каса.

Гаспадарка. К.в. з’яўляецца індустр. раёнам з развітой сельскай гаспадаркай. Асн. галіны прам-сці: харч. (рыбная, мясная), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (папера, кардон, мэбля), маш.-буд. (абсталяванне для рыбнай прам-сці, малыя ракетныя рухавікі для штучных спадарожнікаў Зямлі, пад’ёмна-трансп. і электратэхн. абсталяванне, вагоны-самазвалы, суднарамонт), лёгкая, буд. матэрыялаў. Здабыча і апрацоўка бурштыну (ювелірныя вырабы, лакі, фарбы). На тэр. К.в. ў 1991 засн. свабодная эканам. зона «Бурштын» (радыё- і электронная прам-сць, суднабудаванне, абсталяванне для харч. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўка рыбы і інш. марскіх прадуктаў, міжнар. турызм). Малочна-мясная жывёлагадоўля, мясная і беконная свінагадоўля, птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (азімая пшаніца, жыта, ячмень). Вырошчваюць травы, караняплоды, бульбу, агародніну. Развіваецца садоўніцтва. На тэр. К.в. густая сетка чыгунак і аўтадарог. Гал. чыгунка Калінінград—Каўнас, аўтадарога Калінінград—Вільнюс. Незамярзаючыя марскія парты — Калінінград і яго аванпорт Балтыйск. Курорты: Светлагорск, Піянерскі, Зеленаградск.

В.​М.​Корзун.

т. 7, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСІСІ́ПІ (Mississippi, на мове мясц. індзейцаў — вял. рака),

рака ў ЗША, адна з самых вял. на зямным шары. Даўж. 3766 км (ад вытоку р. Місуры 5970 км), пл. басейна 3230 тыс. км². Пачынаецца з невял. возера на ПнЗ штата Мінесота, перасякае ЗША з Пн на Пд па Цэнтр. раўнінах і Прымексіканскай нізіне, упадае ў Мексіканскі заліў. У вярхоўі рака працякае праз сістэму невял. азёр, даліна вузкая, месцамі М. ўтварае парогі і вадаспады. Ніжэй вусця р. Дэ-Мойн шыр. даліны да 10—15 км, перад упадзеннем р. Місуры — да 20 км. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі рэк Місуры і Агайо) даліна ракі шырокая, рэчышча ад 600 м да 3—4 км, месцамі разгаліноўваецца на рукавы. У ніжнім цячэнні даліна паступова расшыраецца ад 25 км да 70—100 км, рэчышча замацавана ад паводак сістэмай штучных дамбаў. Каля г. Батан-Руж пачынаецца дэльта (пл. каля 33,5 тыс. км²), дзе вылучаюцца 6 гал. рукавоў. Буйныя прытокі: Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер (справа), Вісконсін, Ілінойс, Агайо (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні М. снегавое і дажджавое, у сярэднім і ніжнім пераважна дажджавое. Вясенне-летняе разводдзе і бурныя дажджавыя паводкі, якія перыядычна выклікаюць навадненні (адно з найб. у ліп. 1993). Сярэдні гадавы расход вады ад 1800 м³/с у вярхоўі да 19 тыс. м³/с (макс. 50—80 тыс. м³/с) у вусцевай ч. ракі. Цвёрды сцёк каля 360 млн. т за год. У верхнім цячэнні М. замярзае на 3—4 месяцы. Водзяцца акуні, фарэлі (у вярхоўі), сазаны, самы, рыбы буфала (у сярэднім і ніжнім цячэнні). М. мае вял. трансп. значэнне: злучана рэкамі і суднаходнымі каналамі з Вял. азёрамі і глыбакаводным шляхам па р. Св. Лаўрэнція з Атлантычным ак. Рачное суднаходства ад вусця да г. Мінеапаліс (на 3 тыс. км), марское — да г. Батан-Руж. Даўж. суднаходных шляхоў бас. М. больш за 25 тыс. км. Па М. перавозіцца штогод каля 360 млн. т грузаў (каля 60% рачных перавозак ЗША). Гідратэхн. рэсурсы — 27,5 ГВт. У бас. М. некалькі ГЭС (найб. каля г. Кіякак). Буйныя гарады і парты: Мінеапаліс з Сент-Полам, Сент-Луіс, Мемфіс, Батан-Руж, Новы Арлеан.

Л.​В.​Лоўчая.

У дэльце Місісіпі.

т. 10, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎСКІ РАЁН,

на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 6.1.1965). Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 51,1 тыс. чал. (1997), гарадскога 31,3%. Сярэдняя шчыльнасць 33 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Іванава, 102 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Адрыжынскі, Бродніцкі, Гарбахскі, Дастоеўскі, Дружылавіцкі. Крытышынскі, Ляскавіцкі, Махроўскі, Моладаўскі, Мотальскі, Опальскі, Псышчаўскі, Рудскі, Снітаўскі, Стрэльненскі.

Паўн і паўд. часткі раёна заняты зах. ускраінай Прыпяцкага Палесся, у цэнтры — раўніна Загароддзе. Паверхня плоскараўнінная, 57% тэр. на вышыні 150—170 м. Найвыш. пункт 179 м (каля в. Кротава). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліна, мел, буд. пяскі, жвірова-пясчаная сумесь. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 609 мм за год Вегетац. перыяд 202 сут. На Пн працякае р. Ясельда, на Пд — Піна з прытокамі Няслуха і Піліпаўка; Дняпроўска-Бугскі канал; меліярац. каналы Завішчанскі, Заазерны, Залядынскі, Моладаўскі, Ясельдаўскі; азёры Акуніна, Безуменнік, Завішчанскае, Мотальскае, Мульнае, Пясчанае, Скупое; вадасх. Джыдзінне і Крытышын. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (43%), тарфяна-балотныя (25,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,8%). Пад лесам 28,3% тэр. Лясы хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца шыракалістыя, з іх 40% штучных насаджэнняў. Балоты займаюць 4,3% тэр. Рэсп. біял. заказнік Спораўскі, заказнікі мясц. значэння Аброва і Завышанскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 88,4 тыс. га, з іх асушаных 53,6 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, с.-г. кааператыў, птушкаплемрэпрадуктарная гаспадарка, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжа, бульбу, цукр. буракі. Прадпрыемствы харч., дрэва- і металаапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Брэст—Гомель і Брэст—Мінск, нафтаправод «Дружба». У раёне 24 сярэднія, 18 базавых, 17 пач., 6 муз., спарт. школы, 20 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 57 б-к, 3 бальніцы, 12 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты, раённая паліклініка, санаторый «Алеся». Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанскія цэрквы 19 ст. ў вёсках Бродніца і Варанцэвічы; царква Параскевы Пятніцы (1802) у в. Гнеўчыцы; Мікалаеўская царква (1777) у в. Дружылавічы; Прачысценская царква (да 1783) і сялянскі двор з нязвязанымі пабудовамі (1920) у в. Ляскавічы; царква Ушэсця 19 ст. ў в. Ляхавічы; Петрапаўлаўская царква (1792) у в. Махро; капліца пач. 20 ст. і царква 19 ст. ў в. Моладава; Праабражэнская царква (1888) у в. Моталь; царква Параскевы Пятніцы (2-й пал. 18 ст.) у в. Опаль; Успенская царква 19 ст. ў в. Рудск; царква Аляксандра Неўскага (1800) у в. Стрэльна; двары аднараднага пагоннага тыпу на адной сядзібе (пач. 20 ст.) у в. Шчакоцк. Выдаецца газ. «Чырвоная звязда».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),

працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.

Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстанне эл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр. згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.

Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.

На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш. прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАБАТА́НІКА (ад геа... + батаніка),

навука пра расліннае покрыва Зямлі, яго структурныя элементы — раслінныя згуртаванні (фітацэнозы); раздзел батанікі. Вывучае заканамернасці фарміравання, склад, будову, развіццё і класіфікацыю раслінных згуртаванняў, іх уплыў на асяроддзе. Развіваецца ў цеснай сувязі з комплексам геагр. навук, з экалогіяй раслін, лугазнаўствам, лесазнаўствам, аграмеліярацыяй. Асн. задача геабатанікі: ацэнка магчымасцей павелічэння прадукцыйнасці розных формаў расліннага покрыва і стварэнне штучных фітацэнозаў (лесааднаўленне, стварэнне пашы і лугоў шматгадовага карыстання і інш.). Геабат. звесткі шырока выкарыстоўваюцца ў раянаванні і пры распрацоўцы праектаў рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі, аховы прыроды і генафонду расліннага свету.

Як самаст. навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Тэрмін увёў ням. вучоны А.​Грызебах у 1866. У Расіі ў 1880-я г. пад геабатанікай разумелі пераважна вучэнне пра сувязь расліннасці з глебамі. Вял. ўклад у развіццё геабатанікі зрабілі рус. вучоныя А.​М.​Красноў, Дз.​І.​Літвінаў, Л.​Р.​Раменскі, А.​П.​Шэннікаў, У.​М.​Сукачоў, В.​Б.​Сачава, Я.​М.​Лаўрэнка, Т А.​Работнаў і інш.

На Беларусі геабат. работы праводзіліся з канца 19 — пач. 20 ст. (І.​К.​Пачоскі, У.​С.​Дактуроўскі, Н.​К.​Генко, Г.​І.​Танфільеў). У 1920—30-я г. даследаванні вяліся ў Ін-це бел. культуры, потым у АН БССР, Ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (У.​У.​Адамаў, М.​А.​Збіткоўскі, В.​А.​Міхайлоўская, В.​С.​Палянская, М.​А.​Прахін і інш.). Планамернае развіццё геабатанікі пачалося з арганізацыяй у 1956 у Ін-це эксперым. батанікі АН БССР лабараторыі геабатанікі пад кіраўніцтвам І.Д.Юркевіча. Асн. кірункі геабат. даследаванняў: класіфікацыя і картаграфаванне расліннасці, вылучэнне ўздзеяння экалагічных фактараў на расліннасць, павелічэнне прадукцыйнасці прыродных фітацэнозаў і распрацоўка прынцыпаў аховы раслінных комплексаў. Распрацаваны класіфікацыі, тыпы і асацыяцыі лясоў Беларусі, іх структура і прадукцыйнасць залежна ад глебава-грунтавых умоў (Юркевіч, Л.​П.​Смаляк, В.С.Гельтман, В.І.Парфёнаў, А.В.Бойка, М.Ф.Лоўчы, Дз.С.Голад, У.С.Адзярыха, П.​Я.​Пятроўскі, Я.​Г.​Пятроў, Э.​П.​Ярашэвіч і інш.). Вывучаны заканамернасці размяшчэння, фарміравання і змен расліннасці (Голад), біял. і гасп. прадукцыйнасць лугоў поймы Нёмана, Прыпяці, Бярэзіны, Віліі, Гарыні, невялікіх рэк Палесся (Н.А.Буртыс, Е.​А.​Круганава, Г.​А.​Кім, С.​Р.​Бусько, Л.​М.​Сапегін, П.​М.​Сянько, Я.​М.​Сцепановіч і інш.), мацерыковыя лугі Бел. Паазер’я (М.​Е.​Баранава), лугава-балотная расліннасць на меліяраваных землях Палесся. Абгрунтавана геабатанічнае раянаванне расліннасці Беларусі. Створана серыя картаў расліннасці краіны і асобных яе рэгіёнаў. Вядуцца даследаванні розных тыпаў расліннасці на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

Дз.​С.​Голад.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАФІ́ЗІКА (ад грэч. «Meta ta phisica» пасля фізікі),

1) частка, галіна філасофіі, прысвечаная гал. абстрактным праблемам чалавечага быцця і пазнання. Тэрмін «М.» паходзіць ад назвы зборніка філас. прац Арыстоцеля, якія складалі «першую філасофію», г.зн. лічыліся ўласна філас. працамі і паводле свайго прадмета адрозніваліся ад «фізікі» як навукі аб свеце канкрэтных рэчаў і з’яў. У працэсе эвалюцыі М. паступова траціла сувязь з рэчаіснасцю і накіроўвала намаганні на абстрактны пошук нейкай агульнай першаснай асновы ўсяго існага незалежна ад акрэсленых форм яго існавання ў прасторы і часе. Панаванне метафіз. поглядаў характэрна для сярэдневяковай філас. думкі, калі М. прэтэндавала на месца асобай «навукі» аб звышпачуццёвай сутнасці свету і абгрунтоўвала думку пра яго боскае паходжанне. Адыход ад элементаў аб’ектыўных ведаў аб чалавеку і яго прыродным і сац. асяроддзі, а таксама канструяванне штучных уяўленняў аб свеце прывялі да ператварэння М; ў схаластыку. Зацікаўленасць грамадства ў навук. філас. асэнсаванні рэчаіснасці і дасягненнях прыродазнаўчых навук суправаджалася вызваленнем філасофіі ад метафіз. падыходаў. Аб’ект метафіз. разважанняў быў абмежаваны выключна з’явамі, якія былі недаступныя чалавечаму вопыту і атаясамліваліся з звышпрыродным пачаткам. Элементы М. ёсць у некат. кірунках сучаснай філасофіі, у сцвярджэннях пра існаванне «вышэйшай», г.зн. звышпачуццёвай рэчаіснасці, пра немэтазгоднасць і немагчымасць навук. пазнання сутнасці прыродных і грамадскіх працэсаў.

2) Метад мыслення, які супрацьстаіць дыялектыцы. У гэтым сэнсе паняцце М. ўпершыню выступае ў філасофіі Г.​Гегеля, дзе метафіз. падыход да рэчаў і з’яў у адрозненне ад дыялектычнага лічыцца абмежаваным і не дазваляе раскрыць іх супярэчнасці, а таксама паказаць працэс развіцця паняццяў, таму што абапіраецца на канчатковыя адназначныя высновы. Паводле Гегеля. М. з’яўляецца недастатковай, але ў той жа час неабходнай умовай працэсу пазнання. Выкарыстанне ў навуцы метафіз. метаду з гіст. пункту гледжання было апраўданым у 17—18 ст., калі навука займалася збіраннем фактаў і расшчапляла прыроду на асобныя часткі. У 2-й пал. 19—20 ст. назіраецца негатыўнае стаўленне вучоных да М., што тлумачыцца пераходам навукі да абагульнення набытых навук. звестак, пранікненнем у глыбіню аб’ектаў пазнання і даследаваннем заканамерных сувязей паміж імі. Метафіз. метад абсалютызуе знешняе ўзаемадзеянне паміж аб’ектамі і ў той жа час недаацэньвае ўнутр, вытокі развіцця, у першую чаргу супярэчлівасць саміх аб’ектаў. На працягу 20 ст. М. як метад пазнання выступае ў некаторых кірунках сучаснай філасофіі (фенаменалогія, экзістэнцыялізм, рэалізм), а таксама ў тэалогіі.

Літ.:

Аристотель. Метафизика // Соч. М., 1976. Т. 1;

Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);

Вартофский М. Эвристическая роль метафизики в науке: Пер. с англ. // Структура и развитие науки М., 1978;

Исторические типы философии. М., 1991;

Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;

Boeder H. Topologie der Metaphysik. Freiburg-München, 1980.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)