ІНДУ́КТАР (лац. inductor ад induco уводжу, наводжу, вымушаю),
1) І. награвальны — электрамагнітнае прыстасаванне для індукцыйнага нагрэву віхравымі токамі цвёрдых, вадкіх і газападобных праваднікоў. Складаецца з проваду, з дапамогай якога ствараецца пераменнае магн. поле, і токападводаў для падключэння проваду да крыніцы эл. энергіі. Бывае адначасовага і бесперапынна-паслядоўнага (асобнымі ўчасткамі) награвання.
2) І. тэлефонны — магнітаэлектрычны генератар пераменнага току нізкай (18—21 Гц) частаты з ручным прыводам. Выкарыстоўваўся ў тэлеф. апаратах для пасылання сігналаў выкліку і адбою на станцыях ручнога абслугоўвання (у тэлеф. сетках з мясц. батарэяй сельскай і ваен. сувязі).
3) І. электрычнай машыны — частка эл. машыны, прызначаная для стварэння ў ёй асноўнага магн. поля.
Індуктары: а — награвальны (1 — загартовачная камера, 2 — патрубкі падачы вады, 3 — індукцыйны провад з адтулінамі для выхаду загартовачнай вады, 4 — трубаправод вадзянога ахаладжэння); б — тэлефонны шматполюсны (1 — вярчальны магніт, 2 — нерухомая абмотка, 3 — дыск з рукаяткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНЫ НАГРЭ́Ў,
нагрэў токаправодных цел (пераважна металаў) віхравымі токамі, якія наводзяцца ў іх пераменным эл.-магн. полем.
Матэрыялы (загатоўкі, вырабы), якія трэба нагрэць, змяшчаюць у эл.-магн. поле, што ствараецца спец.індуктарам (падключаецца да крыніцы сілкавання непасрэдна або праз трансфарматар). Выкарыстоўваецца пераменны ток прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты. Для І.н. характэрна вылучэнне цяпла ў паверхневым слоі, адсутнасць эл. кантакту з крыніцай току, лёгкасць аўтаматызацыі і ўключэння ў паточныя лініі. Выкарыстоўваецца для плаўкі металаў і сплаваў (гл.Індукцыйная печ), зоннай плаўкі, тэрмічнай апрацоўкі (для загартоўкі, коўкі, штампоўкі), зваркі і інш. Пра награванне эл.-магн. полем дыэлектрыкаў гл. ў арт.Дыэлектрычны нагрэў.
Схемы індукцыйнага нагрэву: а — для загартоўкі (1 — індуктар, 2 — выраб, 3 — трансфарматар, 4 — кандэнсатар, 5 — генератар); б — для плаўлення металу (1 — крыніца току, 2 — блок кандэнсатараў, 3 — індуктар, 4 — тыгель, 5 — метал, які плавіцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁСБА́ЎЭРА ЭФЕ́КТ,
рэзананснае выпрамяненне і паглынанне гама-квантаў атамнымі ядрамі. Адкрыты ў 1958 Р.Л.Мёсбаўэрам. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўнутраных эл. і магн. палёў у крышталях, ваганняў атамаў крышт. рашоткі, пры правядзенні хім. аналізу і інш. З’яўляецца самым дакладным метадам вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення, напр., з дапамогай М.э. вызначана гравітацыйнае чырвонае зрушэннечастаты фатонаў, прадказанае адноснасці тэорыяй.
Назіраецца для ядраў з малымі (да 150 кэВ) энергіямі ўзбуджэння, напр., для жалеза-57, волава-119, цынку-67, ірыдыю-191; адпаведныя лініі выпрамянення маюць амаль натуральную шырыню. Пры выпрамяненні (ці паглынанні) гама-кванта свабоднае ядро набывае пэўны імпульс і адпаведную энергію аддачы. Значэнне гэтай энергіі істотна перавышае шырыню лініі выпрамянення, а імавернасць рэзананснага паглынання малая. М.э. узнікае, калі імпульс аддачы перадаецца ўсяму крышталю як цэламу, у выніку чаго энергія на аддачу не выдаткоўваецца і энергетычны спектр выпрамянення (паглынання) мае вузкую лінію, энергія якой роўная энергіі адпаведнага пераходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫВІБРА́ТАР (ад мульты... + вібратар),
двухкаскадны імпульсны генератар, які стварае разрыўныя ваганні амаль прамавугольнай формы. Выкарыстоўваецца як генератар імпульсаў, дзялільнік частаты, бескантактны пераключальнік у радыёлакацыі, аўтаматыцы, вымяральнай і выліч. тэхніцы і інш.
Вырабляецца на электронных лямпах, транзістарах (найб. пашырана), тырыстарах і інтэгральных мікрасхемах. Можа працаваць у неперарыўным ці чакальным рэжымах генерацыі. У чакальным рэжыме (затарможаны М., аднавібратар, спускавое прыстасаванне, кіпрэле) М выкарыстоўваецца як фарміравальнік імпульсаў, для затрымкі імпульсаў, а таксама для шыротна-імпульснай і фазава-імпульснай мадуляцыі ваганняў і інш. Існуюць мнагафазныя (л-фазныя) М., якія генерыруюць паслядоўнасць л зрушаных у часе і прасторы імпульсаў і выкарыстоўваюцца ў многаканальных сістэмах адбору, перадачы і пераўтварэння інфармацыі. Гл. таксама Імпульсная тэхніка.
Схема сіметрычнага мультывібратара (а) і сігналы (б), што ім генерыруюцца: Tp1, Tp2 — транзістары; C1, C2 — кандэнсатары; R1—R4 — рэзістары; E — напружанне крыніцы сілкавання; UK — напружанне на калектары (выхадны сігнал); T — перыяд ваганняў; T1, T2 — працягласць рабочых тактаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАШЭ́ВІЧ (Ілья Рыгоравіч) (2.3.1905, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 18.11.1993),
бел. фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па фізіцы плазмы. Праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1927) і Маскоўскі ун-т (1930). У 1930—41 і з 1945 у БДУ (з 1937 і 1945 заг. кафедры), адначасова ў 1932—37 і 1946—69 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі (у 1946—67 заг. лабараторыі). Навук. працы па цвердацельнай электроніцы, фізіцы і тэхніцы плазмы. Даследаваў механізм электронных працэсаў у кантактах металаў з паўправаднікамі і газаразраднай плазмай, выявіў частотную інверсію выпрамлення пераменных токаў высокай частаты кропкавым кантактам паўправаднік-метал. Стварыў (з І.А.Бакутам) т.зв. міграцыйную тэорыю эл. эрозіі.
Тв.:
Частотная залежнасць уніпалярнай правадзімасці кантактаў // Весці АНБССР. 1948. № 6;
Об особенностях электрической эрозии пористых электродов (разам з І.А.Бакутам, М.К.Міцкевічам) // Сб. науч. тр. Физико-техн. ин-та АНБССР. 1956. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНА-ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,
электронная лямпа, прызначаная ў асн. для ўзмацнення эл. сігналаў, пераўтварэння частаты, а таксама для генерыравання эл. ваганняў. дэтэктыравання (выпрамлення). Выкарыстоўваецца пры частотах, меншых за 300 МГц.
Бываюць прамога і ўскоснага напальвання катода; паводле колькасці электродаў падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды, гептоды, актоды і інш.; паводле канструкцыі — шкляныя з цокалем ці без яго, звышмініяцюрныя, нувістары, маячковыя, металакерамічныя і інш., а таксама камбінаваныя, якія маюць у 1 балоне 2 (ці больш) сістэмы электродаў з незалежнымі электроннымі патокамі, напр., дыёд-трыёды, трыёд-пентоды. Да П.-ў.л. адносяць таксама электронна-светлавыя індыкатары, электраметрычныя лямпы і механатроны. З 1960-х г. П.-ў.л. замяняюцца паўправадніковымі прыладамі, аднак маюць шэраг пераваг перад імі: могуць працаваць у апаратуры пры ўздзеянні радыяцыі, павышаных т-р, а таксама ў апаратуры спец. прызначэння, напр., у выхадных каскадах магутных перадатчыкаў, апаратуры з малымі нелінейнымі скажэннямі, у т. л. студыйнай апаратуры гуказапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЧАСТО́ТЫ,
частоты эл.-магн. ваганняў, якія адпавядаюць радыёхвалям. У верхняй частцы дыяпазону часткова перакрываюцца з інфрачырвоным выпрамяненнем, у ніжняй — з эл. ваганнямі нізкай (гукавой) частаты. У адпаведнасці з міжнар. рэгламентам Р. для радыёсувязі падзяляюцца на 10 дыяпазонаў, якія пазначаюцца нумарамі ад 3 да 12 (гл.табл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯТЫ́ЎНЫ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны даведнік, у якім фіксуюцца семантычныя сувязі паміж словамі (з указаннем іх частаты), выяўленыя ў выніку прамога псіхалінгвістычнага апытання носьбітаў мовы (інфармантаў).
Інфармантам даецца слова-стымул і прапануецца адказаць на яго першым словам-рэакцыяй (свабодны асацыятыўны эксперымент) альбо сінанімічнымі, антанімічнымі, тэматычна звязанымі і інш. словамі-рэакцыямі (накіраваны асацыятыўны эксперымент). Вынікі такіх эксперыментаў афармляюцца ў выглядзе розных тыпаў асацыятыўных слоўнікаў. Прамы асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-стымулаў і ўсіх выяўленых на іх слоў-рэакцый ці толькі тых, што сустрэліся ў адказах 10 і больш інфармантаў, т.зв. ўстойлівыя асацыяцыі. Адваротны асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-рэакцый і ўсіх слоў-стымулаў, што выклікалі іх, ці толькі тых, якія з’яўляюцца ўстойлівай асацыяцыяй. Слоўнік асацыятыўных нормаў сумяшчае рысы прамога і адваротнага асацыятыўных слоўнікаў. Асацыятыўны тэзаўрус на падставе выяўленых сувязяў паміж словамі пэўнай мовы групуе іх у семантычныя палі, вызначае ўзаемаадносіны паміж імі і гэтак далей
На Беларусі выдадзены толькі прамы «Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы» А.І.Цітовай (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭХНАЛО́ГІЯ (ад геа... + тэхналогія),
хімічныя, фіз.-хім., біяхім. і мікрабіял. метады здабычы карысных выкапняў на месцы іх залягання. Звязаны з выкарыстаннем буравых свідравін. Ажыццяўляюцца пад зямлёй без прысутнасці людзей.
Метадамі геатэхналогіі ператвараюць вугаль у гаручыя газы няпоўным спальваннем яго пад зямлёй (гл.Падземная газіфікацыя вугалю); здабываюць цвёрдыя карысныя выкапні іх гідрамех. разбурэннем і перамяшчэннем на паверхню здробненых часціц разам з вадой, што запампоўваецца ў радовішча; атрымліваюць серу расплаўленнем яе гарачай вадой або газіфікацыяй токамі высокай частаты; ажыццяўляюць тэрмічную здабычу нафты (нафтаносныя пласты награюць эл. токам, парай, гарачай вадой або спальваннем часткі нафты); здабываюць кухонную соль (па адной трубе ў свідравіну запампоўваюць ваду, па другой адпампоўваюць расол). Асобны від геатэхналогіі — бактэрыяльнае вышчалочванне, пры якім з дапамогай мікраарганізмаў вылучаюць з шматкампанентных злучэнняў пэўныя хім. элементы (пераважна медзі, урану). Метады геатэхналогіі выкарыстоўваюцца на радовішчах з невялікай колькасцю карысных выкапняў і рассеянымі элементамі.
Да арт.Геатэхналогія: 1 —здабыча солі падземным растварэннем; 2 — здабыча карысных выкапняў гідраўлічным спосабам; 3 — здабыча серы падземнай выплаўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫ́МЕТР,
прылада для вымярэння вугла павароту плоскасці палярызацыі монахраматычнага святла ў аптычна актыўных рэчывах або для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла (гл.Палярыметрыя).
Найпрасцейшы П. для вызначэння ступені палярызацыі — паўценявы П. Карню, асн. элементы якога — прызма Воластана (гл.Прызма аптычная) і аналізатар (гл.Аналізатар у оптыцы). Фотаэл. П. складаецца з аналізатара і фотапрыёмніка. Адносіны пераменнай складальнай току прыёмніка, атрыманай пры вярчэнні аналізатара, да яго пастаяннай складальнай вызначаюць ступень палярызацыі. Пры ўстаноўцы перад П. пласцінкі ў чвэрць даўжыні хвалі (гл.Палярызацыйныя прылады) вымяраюць ступень кругавой палярызацыі. У П., пабудаваных па схеме паўценявых прылад, вымярэнне вугла павароту плоскасці палярызацыі зводзіцца да ўраўновання яркасцей палавін поля зроку і адліку паказанняў па шкале вярчэнняў (прылады высокай адчувальнасці). Больш пашыраны аўтам. П. з фотаэл. рэгістрацыяй, дзе супастаўленне светлавых патокаў зводзіцца да палярызацыйнай мадуляцыі (гл.Мадуляцыя святла) і вылучэння на выхадзе прыёмніка святла сігналу асн.частаты. Гл. таксама Палярыскоп, Спектрапалярыметрыя.