ПАДГА́ЙНЫ (Міхаіл Васілевіч) (н. 5.1.1954, в. Ізбішча Пухавіцкага р-на Мінскай вобл),
бел.дзярж. дзеяч. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1975), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1991). З 1975 працаваў інжынерам-тэхнолагам Мінскага вытв. аб’яднання вылічальнай тэхнікі. У 1977—91 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1991 нам. міністра культуры Рэспублікі Беларусь, з 1992 старшыня К-та па справах моладзі пры СМ Рэспублікі Беларусь, з 1995 дырэктар гуманітарных праграм Бел.цэнтра інфармацыі ЮНЕСКА, з 1996 начальнік гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1997 старшыня Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па друку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСПЕКТЫ́ВА (франц. perspective ад лац. perspicio ясна бачу) у геаметрыі, метад адлюстравання аб’ёмных цел на плоскасці (ці інш. паверхні), які ўлічвае іх прасторавую структуру і аддаленасць іх асобных частак ад назіральніка. Адрозніваюць П.: лінейную — на плоскасці, панарамную — на ўнутр. паверхні цыліндра, ку́пальную — на ўнутр. паверхні сферы і інш. Аснова П. — цэнтр. праекцыя (гл.Праекцыя).
Для атрымання перспектыўнага відарыса прадмета з выбранага пункта прасторы (цэнтра П., у якім знаходзіцца назіральнік) праводзяць прамяні праз кожны бачны пункт дадзенага прадмета. На шляху прамянёў ставяць паверхню; на перасячэнні прамянёў з паверхняй атрымліваюць відарыс прадмета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБЛЕ́М АХО́ВЫ ІНФАРМА́ЦЫІ НДІДзяржаўнага цэнтра бяспекі інфармацыі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1987 у Мінску як Дзярж.н.-д. і праектна-канструктарскі тэхнал.ін-т па тэхн. абслугоўванні сродкаў вылічальнай тэхнікі. Са жн. 1992 Дзярж.н.-д. і праектна-тэхнал.ін-т міжгаліновых праблем інфармацыі. З 1996 дзярж. прадпрыемства «НДІ праблем аховы інфармацыі». З 2000 навукова-вытв.рэсп. унітарнае прадпрыемства «НДІ праблем аховы інфармацыі». Асн. кірунак дзейнасці: навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы па стварэнні засцерагальных інфарм.сістэм. Распрацаваны нац. стандарт электроннага лічбавага подпісу. У ін-це працуе д-ртэхн. н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗІДЭНТУ́РА,
заканспіраванае структурнае падраздзяленне знешняй разведкі, якое па даручэнні цэнтра ажыццяўляе разведвальную дзейнасць за мяжой. Складаецца з кадравых супрацоўнікаў разведкі або агентаў на чале з рэзідэнтам. Супрацоўнікі Р. ўтойваюць сваю прыналежнасць да знешняй разведкі і дзейнічаюць пад прыкрыццём якой-н. установы (арг-цыі, кампаніі і інш.). У залежнасці ад віду прыкрыцця Р. падзяляюцца на легальныя (ствараюцца пад прыкрыццём дзярж. установы або прыватнага прадпрыемства, што належыць краіне, у інтарэсах якой ажыццяўляецца развед. дзейнасць) і нелегальныя (арганізуецца з разведчыкаў-нелегалаў і ў якасці прыкрыцця можа выбірацца любая ўстанова або арг-цыя краіны знаходжання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЛЕКТО́НАЯ ДУГА́,
сукупнасць утварэнняў, якія ажыццяўляюць рэакцыю арганізма (рэфлекс) на раздражненне рэцэптараў. У састаў Р.д. ўваходзяць нерв. канцы, што ўспрымаюць раздражненне (рэцэптары); адчувальныя (аферэнтныя) нерв. валокны (перадаюць імпульсы ад рэцэптараў у ц. н. с.); нервовы цэнтр (успрымае ўзбуджэнне і перадае яго ўставачным і эфектарным нейронам); рухальныя (эферэнтныя) нерв. валокны (праводзяць узбуджэнне ад нерв.цэнтра да выканаўчых апаратаў); эфектары, выканаўчыя органы (мускулатура, залозы і інш.), якія мяняюць сваю дзейнасць у выніку рэфлексу. У Р.д. нерв. імпульс праводзіцца ў адным напрамку ад аферэнтнага нейрона да эферэнтнага, што вызначаецца механізмам сінаптычнай міжнейроннай перадачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦІМО́ВІЧ (Анатоль Яфімавіч) (н. 26.9.1940, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Выкладчык АМ Беларусі (з 1966). Асн. творы ў галіне манум. скульптуры: мемарыяльны комплекс «Слава» ў г. Алматы (1975, у сааўт.), рэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Бел.цэнтра моды ў Мінску (1979), манум. кампазіцыя «Рагнеда» (1992) у Заслаўі, Дзярж. герб Беларусі на Доме ўрада (1994). Станковыя работы: «Трубач» (1969), «Араты», «Змена» (абедзве 1980). Распрацоўвае гіст. вобразы Ефрасінні Полацкай, Ф.Скарыны, К.Каліноўскага, княгіні Вольгі. Адзін з аўтараў Кургана славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі і мемарыяльнага комплексу (уваход) Брэсцкай крэпасці-героя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФТАНА́ЗЫ ((Aftanazy) Раман) (н. 2.4.1914, г.п. Моршын Львоўскай вобл., Украіна),
польскі гісторык культуры. Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1946). У 1944—81 працаваў у Бібліятэцы Нац.цэнтра імя Асалінскіх у Львове і Вроцлаве. Даследуе гісторыю магнацкіх і шляхецкіх сядзібаў на б.усх. землях Рэчы Паспалітай (Беларусь, Украіна, Літва, Латвія), архітэктуру маёнткаў, паркавае мастацтва, гісторыю маст. збораў і бібліятэк, генеалогію ўладальнікаў сядзібаў. Увёў у навук. ўжытак шматлікія дакументы з дзярж. і прыватных архіваў, багатыя іканаграфічныя матэрыялы.
Тв.:
Materiały do dziejów rezydencji. T. 1—11. Warszawa, 1986—93;
Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. T. 1—6. 2 wyd. Wrocław etc., 1991—95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛФЁРАЎ (Жарэс Іванавіч) (н. 15.3.1930, Віцебск),
расійскі фізік. Акад.АНСССР (1979, чл.-кар. 1972). Замежны чл.АН Беларусі (1995). Скончыў Ленінградскі эл.-тэхн. ін-т (1952). З 1953 у Фізіка-тэхн. ін-це АНСССР (Ленінград), з 1972 адначасова праф. Ленінградскага эл.-тэхн. ін-та, з 1989 старшыня Прэзідыума С.-Пецярбургскага цэнтра Расійскай АН. Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў, паўправадніковай і квантавай электроніцы, тэхн. фізіцы. Паклаў пачатак даследаванням паўправадніковых гетэраструктур, удзельнічаў у стварэнні першых у СССР транзістараў, фотадыёдаў і магутных германіевых выпрамнікоў. Ленінская прэмія 1972. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Літ.:
Вул Б.М. и др. Ж.И.Алфёров // Физика и техника полупроводников. 1980. Т. 14, вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГА́НСКАЯ (Галіна Аляксандраўна) (н. 10.5.1934, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыла БПІ (1958). З 1958 у БелНДІдзіпрасельбудзе (з 1970 кіраўнік майстэрні тыпавога і эксперым. праектавання). Сярод работ: праект планіроўкі і забудовы цэнтра (1967—73; у сааўт.), Дом культуры (1967), гасцініца (1970), жылыя дамы (1973), пед. вучылішча (1980) у в. Леніна Горацкага р-на; эксперым. дзіцячыя яслі-сад (1970, у сааўт.) у пасёлках Малеч Бярозаўскага і Замасточча Бярэзінскага р-наў; гандл. Цэнтры (1971) у в. Расна Камянецкага і Верцялішкі Гродзенскага р-наў; клуб у в. Баяры Мядзельскага р-на (1972); конна-спарт. школа ў в. Ратамка Мінскага р-на (1978—80, у сааўт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Анатоль Дзмітрыевіч) (н. 22.6.1928, ст. Жыжыца Велікалуцкай вобл., Расія),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1979), праф. (1980). Скончыў БДУ (1952). З 1954—64 выкладаў у БДУ, з 1973 заг. кафедры ў Рэсп. ін-це вышэйшай школы пры БДУ (з перапынкамі; у 1968—72, 1982—88 у Сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, Вене). Кіраўнік Цэнтра па інфармацыі і навучанні ў галіне правоў чалавека і грамадз. адукацыі Рэсп. ін-та вышэйшай школы пры БДУ. Аўтар прац па праблемах сацыяльнай філасофіі і паліталогіі. Прэзідэнт Бел. асацыяцыі палітолагаў, віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі садзеяння ААН.
Тв.:
Общество и личность. Мн., 1963;
Социальная политика США: классовая сущность, проблемы, противоречия. Мн., 1980.