ФЕДАРО́ЎСКІ (Federowski) Міхал (1.9.1853, Варшава — 10.6.1923),
польскі і бел.фалькларыст, этнограф, археолаг. Чл. Львоўскага этнагр.т-ва (1896), Антрапалаг. камісіі Акадэміі ведаў у Кракаве (1899), Польскага краязнаўчага т-ва, Кракаўскага нумізматычна-археал.т-ва, Т-ва сяброў навук у Вільні і інш. Скончыў Варшаўскую прагімназію (1870). З 13 гадоў хварэў на туберкулёз. У 1873—74 вольны слухач Пятроўска-Разумоўскай акадэміі (пад Масквой). Удзельнічаў у фальклорна-этнагр. экспедыцыях з З.Глогерам. У 1875—77 даследаваў польскі фальклор і этнаграфію (манаграфія «Люд ваколіц Жарак, Севежа і Піліцы...», т. 1—2, 1888—89). У 1877—1904 у зах. Беларусі. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа, збіраў кнігі, гіст. дакументы, творы жывапісу і графікі, раскопваў курганы, стараж. паселішчы і могільнікі, збіраў матэрыялы да археал. карты дагіст. Беларусі і інш. Сабраў больш за 5 тыс.бел.нар. песень (больш як 1,5 тыс.бел. песенных і танц. мелодый для Ф. запісалі Я.Карловіч, Л.Патул, І.Трачык), каля 10 тыс. прыказак, сотні казак, загадак, легендаў, нар. павер’яў, забабонаў, прымхаў, парад па нар. медыцыне і г.д. З 1904 у Варшаве. Падтрымліваў кантакты з рэдакцыяй «Нашай нівы», сустракаўся з Г.Леўчыкам, Р.Зямкевічам. Фальклорныя матэрыялы ўвайшлі ў працу «Люд беларускі» (т. 1—8, 1897—1981). Рукапісная спадчына Ф. (фальклорныя запісы, апісанні побыту беларусаў, каляндарных і сямейных абрадаў, заняткаў насельніцтва, прылад працы і гасп. начыння, муз. інструментаў і інш.) у Рукап. аддзеле б-кі Варшаўскага ун-та, у Навук. архіве Польскага этнагр.т-ва (Вроцлаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСО́ВІЧ Іван Іванавіч (7.10.1788, в. Гразівец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 6.8.1877),
бел. мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў магілёўскія гімназію і духоўную семінарыю (1812). З 1812 выкладчык, інспектар Аршанскага, рэктар Мсціслаўскага духоўных вучылішчаў, з 1822 заг., наглядчык, выкладчык Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. З 1843 у адстаўцы, жыў і займаўся навук. працай у г. Мсціслаў. Шмат падарожнічаў па Беларусі. Супрацоўнічаў з Аддзяленнем рус. мовы і славеснасці Пецярбургскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рус.геагр.т-ва. Па іх прапанове склаў першы гіст. слоўнік бел. мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», дзе растлумачыў каля 13 тыс. слоў і паняццяў (Увараўская прэмія 1865; рукапіс завершаны ў 1867, захоўваецца ў Нац. б-цы ў Пецярбургу). Асн. месца ў яго навук. спадчыне займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўключана больш за 30 тыс. слоў запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губ., выбраных з вуснай нар. творчасці, старабел. пісьмовых крыніц. У 1881 выдадзены «Дадатак да беларускага слоўніка І.І.Насовіча» (каля 1 тыс. новых слоў). Аўтар фалькл.-этнагр. прац: «Зборнік беларускіх прыказак» (1867, залаты медаль Рус.геагр.т-ва), у які ўключыў і растлумачыў эквівалентамі з інш. моў, пракаменціраваў каля 3500 прыказак, прымавак, прыгаворак і інш. блізкіх да іх паняццяў, «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Беларускія песні» (1873, больш за 350 тэкстаў), зборнік «Легенды, паданні, быліны, байкі, анекдоты» (рукапіс не выяўлены) і інш. У гіст.-лінгвістычным даследаванні «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» даводзіў, што назва плямён «дрыгавічы», «радзімічы», «крывічы» і інш. паходзяць ад бел.нар. слоў. Аўтар гісторыка-мемуарнай працы «Успаміны майго жыцця» (рукапіс у б-цы Рас.АН у Пецярбургу), артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Пераклаў з лац. мовы 3-томную працу А.Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя зямель Беларусі з 1217 да 1696.
Тв.:
Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983 (Факс. выд.).
Літ.:
Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЧО́Т Ян Антоні (7.7.1796, в. Малюшычы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 23.8.1847),
бел. і польскі паэт, фалькларыст, этнограф. Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), дзе пасябраваў з А.Міцкевічам. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1815—16). Працаваў у бюро па ўпарадкаванні архіваў кн. Радзівілаў (Вільня). З 1818 чл.т-вафіламатаў, пісаў песні і вершы на бел. і польскай мовах для студэнцкіх сходаў. З 1820 узначальваў літ. (блакітны) аддзел т-вафіларэтаў. У 1823 за прыналежнасць да студэнцкіх згуртаванняў зняволены ў Віленскую турму, дзе склаў рукапісны зб. «Песенькі і іншыя вершы». У 1824 сасланы на Урал (турэмнае зняволенне адбываў у крэпасці Кізіл), у 1825 пераведзены ва Уфу, у 1831 — у Цвер. У 1833 вярнуўся на радзіму, працаваў на Лепельшчыне і ў б-цы Храптовічаў на Навагрудчыне. Пісаць пачаў у філамацкі перыяд. У 1818—19 напісаў каля 10 балад (збераглося 8), засн. на бел. фальклоры («Свіцязь», «Бекеш», «Узногі», «Мышанка», «Калдычэўскі шчупак», «Наваградскі замак», «Падземны звон на горцы ў Пазяневічах», «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні»). Адстойваў інтарэсы самага бяспраўнага класа тагачаснага бел. грамадства — сялянства, выказваўся за адмену прыгоннага права («Узногі»). Збіраў і вывучаў бел. фальклор. Выдаў 6 фалькл. зб-каў «Сялянскія песні» (1837—46), куды ўвайшлі 1000 песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале, прыказкі і прымаўкі, слоўнік бел. мовы (200 слоў) і ўласныя вершы. Аўтар кніг «Аповесці для маладых дзяўчат» (1845), «Некаторыя заўвагі, якія асабліва датычацца стылю трэцяй песні «Анафеляс» з «Вітаўтавых баёў» П.Крашэўскага» (1846), лібрэта аперэты «Малгажата з Зембаціна». Выяўлены вял. цыкл яго песень-балад на польскай мове «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 г.» (нап. ў 1842—44, апубл. ў перакладзе на бел. мову 1996). Многія яго вершы пакладзены на музыку Т.Занам. На бел. мову творы Ч. пераклаў К.Цвірка.
Тв.:
Бел.пер. — Наваградскі замак: Творы. Мн., 1989;
Выбр. творы. Мн., 1996;
Свіцязь. Мн., 1999.
Літ.:
Мальдзіс А. Ян Чачот // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Перкін Н. Літаратурная спадчына Яна Баршчэўскага і Яна Чачота // Перкін Н. Абсягі думкі. Мн., 1980;
Малаш Л. Ян Чачот // Каханоўскі Г., Малаш Л., Цвірка К. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСЛО́ЎЕ,
агульная назва для розных відаў трапных выказванняў, якія маюць лагічна закончаную думку-суджэнне. Перадаюць яе лаканічна, яскрава і ўваходзяць у ідыяматыку мовы побач з лексікай і фразеалогіяй. Уключаюць афарызмы («Не шукай ты шчасця, долі На чужым далёкім полі». Я.Купала), выказванні павучальна-маральнага характару — сентэнцыі («Ты са старымі размовы ахвотна вядзі і старанна. Хто разумнейшы за іх? Мудрасць іх словы нясуць». Я.Л.Намыслоўскі, зб. «Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці», 1589), максімы, якія перадаюць лагічныя або этычныя прынцыпы, пэўныя нормы паводзін чалавека («Дарма пра песню пытацца ў глухога. Дарма пра сонца пытацца ў сляпога». М.Танк), апафегмы — маральныя парады ў форме звароту да субяседніка («Гуслям, княжа, не пішуць законаў». Я.Купала), прыказкі («Не чапай ліха, пакуль спіць ціха»), крылатыя словы, выражаныя сказам («Хто ж дужэй ад грамады?» Я.Колас; «Усё мінае — Гонар не мінае, Бо народжаны адным сумленнем». У.Караткевіч). Фалькларыст М.Я.Грынблат уключае ў паняцце «выслоўя» розныя кароткія жанры нар. вусна-паэт. творчасці: скорагаворкі («Цецеручыха цецеруковым цецеручанятам цеста месіць»), прыгаворкі і жарты ў час застолля («Госць, не дзьміся, еш што ў місе»), віншаванні, пажаданні ў тостах на вяселлях, радзінах («Каб у вас было ўвесь час на стале, у місцы і ў калысцы! Дай, Божа, разам двое: шчасця і здароўя! Каб ваш ложак добра скрыпаў і да года сынок выпаў!»), вітанні («Дзень добры ў хату!»), развітанні («Заставайцеся здаровенькія!»), нар. параўнанні («Зазвінела бы ў новым цэбры»); нават праклёны, зламоўныя пажаданні і пагрозы («Дай, Божа, каб твае дзеці тваімі рэбрамі яблыкі абівалі») і інш. Выслоўі шырока выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры (творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ядвігіна Ш., А.Паўловіча, К.Крапівы, М.Танка, У.Караткевіча, Б.Сачанкі, Я.Брыля, В.Адамчыка, Я.Сіпакова і інш.).
Літ.:
Выслоўі. Мн., 1979;
Янкоўскі Ф.М. Крылатыя словы і афарызмы. Мн., 1960;
Яго ж. Беларуская фразеалогія. Мн., 1968;
Яго ж. Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік. Мн., 1973;
Яго ж. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд.Мн., 1992;
Прыказкі і прымаўкі. Кн. 1—2. Мн., 1976;
Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Ч. 1—2. Мн., 1981—93;
Яго ж. З народнай фразеалогіі: Дыферэнц. слоўнік. Мн., 1991;
Яго ж. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;
Лепешаў І.Я., Якаялцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЖГГУТО́ЎСКІ Аляксандр Казіміравіч (21.6.1864, в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.3.1940),
бел. этнограф і фалькларыст. Правадз.чл. Інбелкульта (1925). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1884) і Пецярбургскі археал.ін-т (1904). Працаваў настаўнікам нар. вучылішчаў на Мазыршчыне і Случчыне (1884—93), у Мінскім аддз. сялянскага пазямельнага банка і Мінскім паштова-тэлегр. ведамстве (1893—96), на паштамце ў Пецярбургу (1896—1906), у этнагр. аддзеле Рус. музея ў Ленінградзе (1906—30). Узначальваў падкамісію ў Камісіі па складанні этнагр. карт і вывучэнні нац. складу насельніцтва Расіі пры АН, аналагічную камісію ў Рус.геагр. т-ве (РГТ, 1922—23), выкладаў у нядзельным рабочым ун-це (1919—20), бел. школе (1918—23) у Петраградзе. У час працы настаўнікам і ў экспедыцыях па даручэнні Рус. музея сабраў на Беларусі багаты этнагр. і фалькл. матэрыял. У этнагр. нарысе «Беларусы-палешукі» (1908, рукапіс) апісаў пабудовы, побыт, звычаі і вераванні сялян Мазыршчыны і Случчыны. Даследаваў земляробчыя прылады працы, бортніцтва, заняткі, звычаі сябрыны, талакі і інш. («Нарысы Беларусі», 1907—09; «Земляробчыя прылады Беларускага Палесся», 1910; «Бортніцтва на Беларусі», 1914, і інш.); вывучаў таксама побыт рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, татараў, народаў Каўказа. Выдаў зб-кі «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911), «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926), «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930). Захаваўся рукапісны зб. «Беларускія песні», у якім змешчаны 53 тэксты, запісаныя ў канцы 1890-х г. у Мазырскім пав. Рукапісныя зб-кі «Песні Магілёўшчыны» і этнагр. праца «Быт беларусаў» не захаваліся. У 1908 падрыхтаваў да друку зб.бел. прыказак з слоўнікам (збераглася частка рукапісу), за што атрымаў малы залаты медаль Аддзялення этнаграфіі РГТ, у 1912 — рукапісны зб. «Беларускія прыказкі і прымаўкі, запісаныя ў Мазырскім павеце». Вывучаў дыялекты бел. мовы («Граматычны нарыс беларускай гаворкі в. Чудзіна Слуцкага павета Мінскай губерні», 1911), падрыхтаваў да друку «Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы» (1919, не захаваўся). У час. «Чырвоны шлях» (1918) апублікаваў шэраг артыкулаў пра станаўленне бел. народнасці, пра паходжанне і сутнасць рэлігіі, а таксама серыю публіцыст. нарысаў (пад псеўд. Навум Смага) у рубрыцы «Малюнкі Беларусі», у якіх апісаў гаротнае жыццё бел. сялян у дарэв.час. Рукапісная спадчына С. зберагаецца ў Музеі этнаграфіі (С.-Пецярбург), Рус. музеі, Рас.АН (С.-Пецярбург), Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПІЛЕ́ЎСКІ Павел Міхайлавіч (12.11.1823, в. Шыпілавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1861),
бел. і рус. этнограф, фалькларыст, пісьменнік, публіцыст, тэатр. крытык. Канд. багаслоўя (1847). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1843), Пецярб. духоўную акадэмію (1847). З 1847 выкладаў славеснасць у Варшаўскім пав. духоўным вучылішчы, з 1853 служыў у Гал.пед. ін-це ў Пецярбургу, у 1855—59 настаўнік школы пры Экспедыцыі падрыхтоўкі дзярж. папер. Друкаваўся з 1846. Супрацоўнічаў з пецярб.перыяд. выданнямі. Пісаў пад псеўд. Драўлянскі, Знаёмы чалавек, Барон Ікс. Вывучаў гісторыю, побыт, вусную нар. творчасць і мову беларусаў. Аўтар нарысаў і арт. «Беларускія народныя павер’і» (1846—52), «Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскве ў 1600 г.» (1850), «Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх» (1852), «Даследаванне пра ваўкалакаў: На падставе беларускіх павер’яў» (1853), «Вясельныя абрады ў засцянкоўцаў (акалічан) Віцебскай губерні» (1854), «Мазыршчына: (3 падарожжа па заходнярускім краі)» (1859), «Паездка ў заходнія губерні» (1860). Цыклы белетрызаваных нарысаў «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» (1853—55) і «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853—56) прынеслі Ш. вядомасць у рас. друку як аднаму з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Нарысы сумяшчалі аўтарскія навук. разважанні і лірычныя адступленні, гіст. даведкі і маляўнічыя апісанні бел. гарадоў, вёсак і мястэчак, фалькл. запісы і этнагр. замалёўкі. Ш. належыць таксама спроба стварэння слоўніка і граматыкі бел. мовы («Слоўнік і караняслоў беларускай гаворкі», 1845, рукапіс). Даследаваў таксама гісторыю, мову і фальклор літ. народа («Нарысы Жмудзі», 1855). Аўтар зб. «Беларускія прыказкі» (1853), апавяданняў «Нарысы польскіх звычаяў» (1854), аповесці для дзяцей «Цыганё» (1855), серыі апавяданняў «Заходнярускія нарысы» (1858—59). У аснову драмы «Дажынкі» (1857), якая ўяўляе сабой варыяцыю на тэму «Ідыліі» В.Дуніна-Марцінкевіча, пакладзены бел.этнагр. абрад. У журналісцкія агляды ўключаў весткі з Беларусі, першы паведаміў пра творчасць Дуніна-Марцінкевіча, рэцэнзаваў спектаклі Мінскага т-ра. Непаслядоўнасць і супярэчлівасць светапогляду Ш., які вагаўся ад дэмакратызму і памяркоўнай ліберальнасці да адкрытай рэакцыйнасці, выклікалі нападкі на яго рас. кансерватараў і рэзкую крытыку з боку дэмакр. колаў (палеміка вакол «Заходнярускіх нарысаў»). Творы Ш., прысвечаныя Беларусі, сцвярджалі нац. самабытнасць бел. народа, садзейнічалі фарміраванню бел.нац. культуры і л-ры.
Тв.:
Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992.
Літ.:
Кузняева С.А. Русская дореволюционная печать и советское литературоведение о Павле Шпилевском // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981;
Германовіч І.К. П.М.Шпілеўскі // Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВІЧ Язэп Нарцызавіч (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),
бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац.гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.Багушэвіча, Я.Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразы стараж.бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар. дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.Грыневіча, Я.Пачопкі, М.Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).
Тв.:
Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.
Літ.:
Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;
Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.В.Габрусь. Мн., 1993;
Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.
М.Л.Цыбульскі.
Я.Н.Драздовіч.Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.Я.Драздовіч. Космас. 1940.Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ Еўдакім Раманавіч (11.9.1855, мяст. Нова-Беліца, цяпер у межах г. Гомель — 20.1.1922),
бел. этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, педагог. Правадз.чл.Рус.геагр.т-ва (РГТ, 1886), Маскоўскага т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археал.т-ва (1890, чл.-кар. з 1886). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рус. мовы і гісторыі (1872). З 1872 працаваў настаўнікам, у 1886—1906 інспектарам нар. вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губ. У 1906—16 чл. Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай б-кі і музея. У 1897—1903 рэдактар неафіц. аддзела газ.«Могилевские губернские ведомости», у 1900—03 пад яго рэдакцыяй выдадзены 3 вып.«Магілёўскай даўніны». З 1910 заг. секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўн.-Зах. аддзялення РГТ. У 1917—22 жыў у г. Стаўрапаль (Расія). Друкаваўся з 1880. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, нар. абрады, сямейны побыт, нар. каляндар і медыцыну, вераванні, дзіцячыя гульні. Апублікаваў працы па археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мова-, літ.- і музеязнаўстве, археаграфіі. Скразной лініяй навук. дзейнасці Р. стала яго думка пра самабытнасць нац. культуры бел. народа. Меркаваў выдаць бел.фалькл.-этнагр. матэрыялы ў 15 кн. Пры яго жыцці выйшла 9 тамоў «Беларускага зборніка» (1886—1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт, падрыхтаваныя 11—14-ы зб-кі матэрыялаў загінулі ў Вял.Айч. вайну, лёс 15-га невядомы. У 1886—94 вёў археал. раскопкі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на). Склаў археал. карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ. Сабраў звесткі пра 1 тыс. гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Удзельнічаў у рабоце 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геагр. назваў. Вывучаў гарады Полацкай зямлі, у прыватнасці Лукомль, яго манастыр. Выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Шмат знаходак перадаў у Магілёўскі, Віцебскі, Віленскі музеі. Працуючы ў музеі ў Вільні, на кожны экспанат даваў падрабязную анатацыю. Сярод прац: «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), «Крыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916). У 1901 апублікаваў (са скарачэннямі) працу А.Меера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». У 1900 выдаў зб. «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (у 1902 дап. выданне). Папулярызаваў бел. л-ру, асабліва творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча. Дзейнасць Р. адзначана залатым і вял. сярэбраным медалямі, дыпломамі навук. т-ваў.
Тв.:
Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898;
Учебник русской грамматики. 4 изд. Могилев, 1904;
Беларускія народныя казкі: (Са зборнікаў Е.Р.Раманава). Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗКІ ПРА ЖЫВЁЛ,
адзін з найб. старажытных відаў казачнага эпасу, у сістэме маст. вобразаў якога цэнтр. месца займаюць персанажы жывёльнага свету. У бел. казачным эпасе складаюць 12—14% вядомых запісаў. Прайшлі складаны шлях развіцця ад паляўнічых апавяданняў продкаў, дзе прац. вопыт і трапныя назіранні за прыродай і жывёльным светам спалучаліся з анімізмам і татэмізмам, да сатыр. твораў, у якіх у алегарычнай форме адлюстраваны сац. канфлікты класавага грамадства. Ім уласцівы кампазіцыйная завершанасць, рыфмаваная ці рытмізаваная мова, асабліва ў прыказках-зачынах і канцоўках, шырокае ўжыванне прыказак і прымавак, песень. Характэрныя рысы гэтых казак — займальная ўмоўнасць, лаканічная форма, якая часам набліжае іх да байкі. Разгорнуты дыялог казак стварае магчымасці для імправізацыі. Часта дзеянне будуецца на нарошчванні падзей накшталт славутай казкі пра рэпку (гл.Кумулятыўныя казкі).
Тыповыя персанажы — ліса, воўк, мядзведзь, заяц, сабака, кот, баран, конь, певень і інш. — надзелены рысамі, якія адлюстроўваюць пануючыя ў народзе вобразныя ўяўленні пра гэтых жывёл. ліса заўсёды хітрая, кот мудры, воўк дурны і прагны. Праз гэтыя вобразы раскрываюцца тыповыя характары і якасці людзей, іх сац. і маральна-этычныя адносіны. У казках услаўляюцца тыя, хто стаіць за праўду і справядлівасць, высока ставіць шчырасць і ўзаемадапамогу, асуджае няўдзячнасць, гультайства, прагнасць, выказваюцца крытычныя адносіны народа да служак культу. З тонкім гумарам народ высмейвае фанабэрыстасць, зайздрасць, баязлівасць і інш. недахопы людзей. Мэта такіх казак, спецыяльна разлічаных на дзіцячую аўдыторыю, — пазнаёміць малых з навакольным светам, паказаць прасцейшыя ўзаемаадносіны паміж дзеяннем і яго вынікам.
Бел. казкі — неад’емная частка казачнага эпасу ўсх. славян, яны маюць нямала агульных рысаў з казкамі інш. народаў. Сюжэты такіх казак, як «Пра мужыка і лісу», «Лісічка-сястрычка і воўк», «Каток, пеўнік і ліска», «Дурны воўк», «Каза Дарота», цікава распрацаваны і ў бел., і ў рус., і ўкр. фальклоры. Яны вядомы і ў творчасці інш. народаў свету. Але бел. казкі маюць адметныя рысы, захоўваюць нац. каларыт і непаўторнасць: напр., «Чаму ваўкі званка баяцца», «Бык і ваўкі», «Чалавек і мядзведзь», «Сава і дзяцел», «Музыка і яшчарка», «Варона і рак». Даследчык усх.-слав. казак С.У.Саўчанка называў іх перламі бел. казачнага эпасу і вылучаў іх як адметную з’яву ў фальклоры ўсх. славян. Іх адметнасць падкрэслівалі Я.Ф.Карскі, чэш.фалькларыст І.Поліўка. Найбольш К. пра ж. апублікавана ў зб-ках Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна, М.Федароўскага, яны ўвайшлі ў асобную кн. шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць» «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), дзе змешчаны 145 варыянтаў розных сюжэтных тыпаў. У архіве Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі захоўваецца больш за 100 тэкстаў, сярод якіх творы на невядомыя раней у бел. фальклоры сюжэты. У наш час гэтыя казкі сталі здабыткам пераважна дзіцячай аўдыторыі.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, ч. 1. М., 1916;
Костюхин Е.А. Типы и формы животного эпоса. М., 1987;
Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЕ́ВІЧ Ніл Сымонавіч (н. 30.9.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1991). Канд.філал.н. (1963), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1956). У 1960—80 выкладчык кафедры бел. л-ры БДУ, у 1980—89 1-ы сакратар праўлення СП БССР. Старшыня пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны (1990—96). Друкуецца з 1946. Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Выдаў зб-кі лірыкі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, сатыра, гумар, 1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзярж. прэміяй БССР імя Я.Купалы 1980). Асн. змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гіст. вопыту бел. народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыц. формы класічнай паэтыкі, тэмы гіст. повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў (вянок санетаў «Нарач», паэмы «Заручыны», «Сто вузлоў памяці», нізка вершаў «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына»). Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хваляваўся творца. Раман ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сац. і духоўныя каштоўнасці. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Гілевіча апошніх гадоў: кн. «Повязь» (1987), «Незалежнасць» (1991), «Жыта, сосны і валуны» (1992), «На высокім алтары», «Талісман» (абедзве 1994). Гілевіч — аўтар прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1070), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зб-каў літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993). Ён стваральнік кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зб-ка п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіягр. аповесці «Перажыўшы вайну» (1988); укладальнік і навук. рэдактар зб-каў фальклору «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш. Перакладае творы балт. пісьменнікаў (зб. «Балгарскія народныя песні», 1961; анталогіі «Ад стром балканскіх», 1965; «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», 1978, і інш.), паасобныя творы югасл., польскіх, рус., укр., сербалужыцкіх паэтаў. Выдаў зб. выбраных перакладаў слав. паэтаў «Роднасць» (1983). Узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Лаўрэат Міжнар. прэміі імя Хрыста Боцева (1986). На вершы Гілевіча напісалі музыку М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Глебаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, І.Лучанок, М.Пятрэнка, Дз.Смольскі, Э.Ханок, Я.Цікоцкі, М.Чуркін і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991;
Лісце трыпутніку. Мн., 1968;
Запаветнае. Мн., 1975;
Любоў прасветлая. Мн., 1996.
Літ.:
Сіненка Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці. Мн., 1981;
Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. №7;
Бечык В. Любоўю кроўнай... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Быкаў В. Высакароднасць погляду на свет і жыццё // Гілевіч Н. Святлынь. Мн., 1984;
Вярцінскі А. Калі радок хвалюе // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1979;
Калеснік У. Паэт у страі: (Рысы да літ. партрэта Ніла Гілевіча) // Полымя. 1976. №4;
Конан У. Паэтычны голас сумлення // Там жа. 1996. №9;
Ламека Л. Радок чысціні світальнай // Маладосць. 1991. № 9;
Яе ж. Боль і сумленне Бацькаўшчыны // Роднае слова. 1996. № 9.