БАРАЦЬБІ́СТЫ,

украінская партыя левых эсэраў у 1918—20. Узнікла ў маі 1918 у выніку расколу Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Назва ад парт. газ. «Боротьба». З сак. 1919 наз. Укр. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў-камуністаў, са жн. 1919 — Укр. камуніст. партыя (барацьбістаў). Прадстаўнікі барацьбістаў уваходзілі ў сав. ўрад Украіны, Усеўкр. рэўком. Выступалі за незалежнасць Украіны, нац. характар укр. рэвалюцыі і інш., вялі паліт. барацьбу з бальшавікамі, але па шэрагу пытанняў падтрымлівалі іх. Сац. базу партыі складалі сяляне і інтэлігенцыя. Кіраўнікі: В.​М.​Блакітны (сапр. Яланскі), Р.​Ф.​Грынько, А.​П.​Любчанка, І.​В.​Міхайлічэнка, А.​Я.​Шумскі. У 1920 левае крыло барацьбістаў дамаглося самароспуску партыі.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́ЧНІКІ,

сяляне-слугі ў ВКЛ 14—18 ст., гал. абавязкам якіх была ахова пушчаў вял. князя ці буйных феадалаў, падрыхтоўка палявання і ўдзел у ім. Жылі ў асобных вёсках ці на хутарах каля пушчаў, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, удзельнічалі ў ваен. паходах. Паводле «Уставы на валокі» 1557 за службу атрымлівалі 2 валокі зямлі, якія не абкладаліся падаткамі. З развіццём фальваркаў эканам. становішча асочнікаў пагоршала, іх зямельныя надзелы паменшалі да 1—0,5 валокі. У 18 ст. асочнікаў пераводзілі на чынш, а за зямельны надзел яны павінны былі выплачваць дзякло, ахоўваць лясы, рамантаваць дарогі і масты ў пушчах, перавозіць пошту і інш.

С.​Ф.​Цярохін.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФЕР ((Hofer) Андрэас) (22.11.1767, г. Сан-Леанарда-ін-Пасірыя, Італія — 20.2.1810),

кіраўнік узбр. выступлення супраць баварскага панавання ў аўстр. Ціролі ў 1809. Карчмар. У пач. 1809 наведаў Вену, дзе ўзгадніў план паўстання. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы (пераважна сяляне) тройчы вызвалялі Ціроль ад баварскіх і саюзных ім франц. войск (поспеху паўстанцаў спрыялі падзеі аўстра-франц. вайны 1809). У жн.кастр. 1809 Гофер — фактычны правіцель Ціроля. Пасля заключэння 14.10.1809 Шонбрунскага міру паміж Аўстрыяй і Францыяй паўстанне задушана ваен. сіламі французаў. У выніку здрады Гофер трапіў у палон, паводле загаду Напалеона I расстраляны.

Літ.:

Пристер Е. Краткая история Австрии: Пер. с нем. М., 1952. С. 325, 328—330.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́КУПЫ,

катэгорыя залежнага сялянства ў Кіеўскай Русі і ВКЛ. 1) Паводле Рускай Праўды З. станавіліся збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць у яго гаспадарцы, пакуль не вернуць яе. У адрозненне ад поўных халопаў З. маглі звярнуцца ў суд са скаргамі на пана, з дазволу пана пайсці на пошукі грошай. У выпадку продажу З. у халопы без законных падстаў пан плаціў штраф, а З. станавіўся вольным.

2) У ВКЛ 14—16 ст. З. — даўжнікі феадалаў, якія закладвалі сваю асобу ў няволю, пакуль не адпрацуюць доўг у гаспадарцы пана. З сярэдзіны 16 ст. з запрыгоньваннем асн. масы сялянства З. паступова знікаюць.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБЕ́РЫЯ (грэч. Ibēria, лац. Hiberia),

1) старажытная назва Усх. Грузіі (наз. таксама Іверыя). Сустракаецца ў ант. і візант. гісторыкаў. На мяжы 4—3 ст. да н.э. на тэр. І. ўзнікла дзяржава (царства) са сталіцай у г. Мцхета. Асн. масу жыхароў складалі сяляне-абшчыннікі, на цяжкіх работах і ў палацавай гаспадарцы выкарыстоўвалася праца рабоў (пераважна ваеннапалонных). У гарадах развіваліся рамёствы і гандаль, грэч. і арамейская пісьменнасць. І. дасягнула росквіту пры цару Фарсмане II (2 ст.). З 4 ст. развіваліся раннефеад. адносіны. З 337 хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй. У канцы 4 ст. І. трапіла пад панаванне Сасанідаў.

2) Адна са стараж. назваў Іспаніі.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Ф.​Энгельса.

Існаваў у 1920—21 у Віцебску. Засн. на базе парт. школы (з 1918). Рыхтаваў парт. і сав. работнікаў. Тэрмін навучання 6 месяцаў. Слухачы праходзілі агульнаадук. курс, пасля чаго вучыліся ў адной са спец. секцый (адм., культ.-асв., эканам.), у праграму кожнай з іх уключаўся спец. курс агітработы сярод насельніцтва. Пры ун-це працавалі валасныя цыклы, слухачамі якіх былі пераважна сяляне. Для іх выкладаліся тэарэт. курс (асновы палітэканоміі, гісторыі рэвалюцыі, гісторыі Камуніст. партыі і III Інтэрнацыянала), курсы сав. буд.-ва і практычнай работы. Першыя выпускнікі К.у. былі накіраваны на парт., сав. і агітацыйна-прапагандысцкую работу. У 1921 рэарганізаваны ў губ. саўпартшколу.

т. 7, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЫ́МНАЕ,

асноўны дзярж. пазямельны падатак у Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі, у 17—18 ст. Уведзена ў 1649. Адзінка абкладання — двор ці дым; стаўка 1 П. складала 0,5 злотага (15 грошаў за год). Памер падатку не залежаў ад заможнасці гаспадаркі і вызначаўся сеймам: у 1650—16 П., у 1653—12 П. з дыма. Плацілі П. сяляне, мяшчане і дробная шляхта; феадалы ад яго вызваляліся (да 1775) і збіралі яго з насельніцтва ў сваіх уладаннях. Для налічэння П. перыядычна праводзіліся перапісы дымоў, пры гэтым феадалы нярэдка ўгойвалі частку дымоў, а падатак з іх прысвойвалі. Пасля далучэння Беларусі да Расіі заменены інш. падаткамі.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЭСІ́ЙНАЕ ПРА́ВА (ад лац. possessio уладанне),

права, паводле якога ўладальнікам фабрык і заводаў недваранскага саслоўя дазвалялася набываць сялян для работы на прадпрыемствах. Устаноўлена ў Расіі указам Пятра I 18.1.1721, у адпаведнасці з якім створаны асобы разрад прыгонных фабрычных сялян, прыпісаных назаўсёды да прамысл. устаноў без права адчужэння. Пасэсійныя рабочыя не атрымлівалі ўзнагароджання за працу на пасэсійных прадпрыемствах, але атрымлівалі зямельныя надзелы, якія яны апрацоўвалі для сябе. Да разраду пасэсійных адносіліся і «прыпісныя» сяляне, якіх урад замацоўваў за прыватнымі заводамі і фабрыкамі. Пры Пятру III у 1762 П.п. адменена, у 1798 адноўлена і праіснавала да 1863. Пасэсійнае валоданне землямі месцамі захавалася да 1917.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРНГУ́ТЭРСКІЯ АБШЧЫ́НЫ,

рэлігійна-грамадскі рух у Прыбалтыцы ў 18—19 ст. Распаўсюдзіўся ў Латвіі з 1729 з мяст. Гернгутэ ў Саксоніі (адсюль назва). Вучэнне запазычылі ад «мараўскіх братоў» (гл. Чэшскія браты). Прапаведавалі працавітасць, беражлівасць і паслухмянасць, усе члены абшчыны называліся братамі і выбіралі са свайго асяроддзя старастаў. У гернгутэрстве лат. і эст. сяляне шукалі ратунак і вызваленне ад ням. памешчыкаў і пастараў. У 1743 Гернгутэрскія абшчыны забаронены. У 1764 Кацярына II дазволіла аднавіць дзейнасць Гернгутэрскіх абшчын. Найб. размаху яны дасягнулі ў 1-й пал. 19 ст. (у 1828 у Прыбалтыцы было больш за 40 тыс. гернгутэраў). У 2-й пал. 19 ст. колькасць абшчын скарацілася. Асобныя асяродкі руху існавалі і ў пач. 20 ст.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ТА РО́БЕРТА ПАЎСТА́ННЕ 1549,

буйное сялянскае паўстанне ва Усх. Англіі. Выклікана захопам землеўладальнікамі ворных зямель і пашавых угоддзяў сялян (гл. Агароджванні). Пачалося ў чэрв. 1549 у графстве Норфалк, у хуткім часе ахапіла Суфалк і суседнія графствы. У сваёй праграме (29 артыкулаў) сяляне патрабавалі выканання раней прынятых законаў супраць агароджванняў, памяншэння арэнднай платы, скасавання дзесяціны, адмены прыгону. Узначаліў паўстанне мясц. сквайр Роберт Кет. Паўстанцы асадзілі гал. горад Норфалка Норыдж і з дапамогаю бедных гараджан захапілі яго. Перагаворы ўрада з сялянамі не мелі поспеху, войскі італьян. і ням. наёмнікаў штурмам узялі Норыдж і ў жн. 1549 разбілі сял. апалчэнне. Паўстанне пацярпела паражэнне, сотні яго ўдзельнікаў (у т. л. Р.​Кет) пакараны смерцю.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)