ЛА́НДСБЕРГ (Рыгор Самуілавіч) (22.1.1890, г. Волагда, Расія — 2.2.1957),
расійскі фізік, заснавальнік навук. школы па спектраскапіі. Акад.АНСССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1913), працаваў у ім у 1913—15, 1923-45 і 1947—51. З 1934 у Фіз. ін-це АНСССР, адначасова з 1951 праф. Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та. Навук. працы па фіз. оптыцы і спектраскапіі. Разам з Л.І.Мандэльштамам (незалежна ад індыйскіх фізікаў Ч.Рамана і К.С.Крышнана) адкрыў камбінацыйнае рассеянне святла на крышталях (1928). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны метады спектральнага аналізу металаў, сплаваў і арг. сумесей, створаны шэраг спектраскапічных прылад. Аўтар навуч. дапаможніка «Оптыка» і 3-томнага «Элементарнага падручніка фізікі». Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІНАТЭРМІ́Я (ад алюміній + грэч. thermē цяпло),
від металатэрміі; тэрмічны працэс, заснаваны на аднаўленні парашкападобным алюмініем кіслародных злучэнняў металаў.
Адбываецца ў плавільнай шахце ці тыглі, куды засыпаецца парашкападобная шыхта, якая падпальваецца з дапамогай запальнай сумесі. Пры гарэнні развіваецца высокая т-ра (да 3000 °C), цеплата рэакцыі складае не менш за 2300 кДж/кг сумесі. Калі цеплата рэакцыі меншая, то сумесь вокісу металу з алюмініем падаграваюць у эл. печы (алюмінатэрмія электрапечная), калі пры аднаўленні вылучаецца вял. колькасць цяпла (без дадатковага яго падвядзення), ажыццяўляецца алюмінатэрмія пазапечная. Алюмінатэрмія выкарыстоўваецца для награвання і расплаўлення кантаў метал. вырабаў, што зварваюцца (напр., пры тэрмічнай зварцы рэек), для запальных сумесяў, у металургіі для атрымання з аксідаў металаў і сплаваў (безвугляродзістых металаў, ферасплаваў, лігатур).
французскі хімік, заснавальнік вучэння аб хім. раўнавазе. Чл. Парыжскай АН (1780). Скончыў Турынскі ун-т (1768). У 1770—83 урач і аптэкар. З 1794 праф. Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы. Навук. кансультант Напалеона Банапарта ў Егіпецкай экспедыцыі 1798—99. Асн.навук. даследаванні па неарган. хіміі, хіміі раствораў і сплаваў. Устанавіў састаў аміяку, балотнага газу, сінільнай кіслаты, серавадароду. Распрацаваў спосаб бялення палатна хлорам. Адкрыў солі хларнавацістай і хларнаватай (берталетава соль) кіслот, нітрыд серабра (грымучае серабро), залежнасць напрамку рэакцыі і саставу злучэнняў ад масы рэагентаў і ўмоў рэакцый. Разам з А.Л.Лавуазье распрацаваў хім. наменклатуру і класіфікацыю целаў, заснаваў час. «Annales de chimie» («Аналы хіміі»).
Літ.:
Фигуровский Н.А. Очерк общей истории химии: От древнейших времен до начала XIX ст, М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ЗВА́РКА, аўтагенная зварка,
спосаб злучэння металаў мясцовым расплаўленнем іх полымем, якое ўтвараецца пры згаранні сумесі гаручага газу (ацэтылену, вадароду, пароў бензіну і інш.) з кіслародам. Робіцца з дапамогай гарэлкі зварачнай (ручная газавая зварка) ці шматполымных гарэлак вял. магутнасці (машынная газавая зварка). Выкарыстоўваецца для зваркі танкасценных (1—3 мм) вырабаў са сталі, каляровых металаў і сплаваў, чыгуну, наплаўкі слою металу на паверхню вырабаў і інш.
Найб. т-ру (каля 3200 °C) мае ацэтыленава-кіслароднае полымя. Ацэтылен атрымліваюць на месцы работы з карбіду кальцыю ў ацэтыленавых генератарах, кісларод трымаюць у балонах пад ціскам. Віды швоў пры газавай зварцы такія ж, як і пры дугавой зварцы. Ручную газавую зварку выкарыстоўваюць пераважна на рамонтных і мантажных работах, машынную — у стацыянарных умовах для зваркі труб і тонкаліставых канструкцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКІ́ЛЬ (франц. coquille літар. ракавіна, шкарлупіна),
металічная ліцейная форма для атрымання адлівак з каляровых сплаваў, чыгуну, сталі. Складаецца з двух і болей частак з гнёздамі (утвараюць вонкавую паверхню адліўкі) і літніковай сістэмы (каналаў для запаўнення рабочай поласці).
К. бываюць: плоскія і цыліндрычныя; суцэльныя (нераздымныя) і састаўныя (раздымныя); з паветр, вадкасным і камбінаваным ахаладжэннем. Устойлівасць да 10 тыс. залівак (павышаецца ахоўнымі пакрыццямі). Выкарыстоўваецца ў серыйнай і масавай вытв-сці. Ліццём у К. атрымліваюць адліўкі масай да некалькіх тон: простыя па форме (балванкі, утулкі, пліты), складаныя (картэры, галоўкі блокаў рухавікоў) і з асаблівымі ўласцівасцямі (з павышанай герметычнасцю, зносаўстойлівасцю і інш.).
Літ.:
Специальные способы литья: Справ. М., 1991.
Л.Р.Дудзецкая.
Какіль з раздымам у вертыкальнай плоскасці: 1 — палавіны какіля; 2 — гняздо (рабочая поласць); 3 — выпар (для выхаду газаў); 4 — літнік для запаўнення формы вадкім металам пад ціскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНТА́Н (лац. Lanthanum),
La, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 57, ат. м. 138,9055, адносіцца да рэдказямельных элементаў. Прыродны Л. складаецца з 2 ізатопаў 139La (99,911%) і радыеактыўнага 138La (перыяд паўраспаду 2 ∙ 1011 гадоў). У зямной кары 2,9 ∙ 10−3% па масе. Адкрыты швед. хімікам К.Мосандэрам у 1839. Назва (ад грэч. lanthanō хаваюся) абумоўлена цяжкасцю атрымання.
Серабрыста-белы метал, tпл 920 °C, шчыльн. 6162 кг/м³. У вільготным паветры акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, мінер. к-тамі, пры награванні — з большасцю металаў і неметалаў. Выкарыстоўваюць для легіравання алюмініевых, магніевых, нікелевых і кобальтавых сплаваў, як кампанент міш-металу — сплаў 45—50% цэрыю, 22—25% Л., 15—17% неадыму і інш. рэдказямельных элементаў з жалезам (да 5%) і крэмніем (0,1—0,3%), для паляпшэння мех. уласцівасцей сталі, чыгуну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛІ́ДЫ, металічныя злучэнні,
хімічныя злучэнні металаў паміж сабой (інтэрметаліды), а таксама металаў (пераважна пераходных) з неметаламі (карбіды, нітрыды, сульфіды і інш.).
Звычайна М. існуюць у пэўнай вобласці канцэнтрацый кампанентаў, т. зв. вобласці гамагеннасці. Іх састаў і структура абумоўлены становішчам элементаў у перыяд. сістэме, іх атамнымі радыусамі і электраадмоўнасцю; састаў звычайна не адпавядае фармальнай валентнасці элементаў. Для большасці М. характэрна пераважна металічная сувязь. Паводле колькасці элементаў адрозніваюць М. падвойныя (напр.. CuAu, AlCu3, TiC), патройныя (напр., CuInSe2, Cu2Mo6S8) і складаныя (напр., высокатэмпературныя аксідныя звышправаднікі BaYCu3O0,65+x пры 0,23 < x < 0,3). Інтэрметаліды ў параўнанні з чыстымі металамі маюць меншую электра- і цеплаправоднасць, больш высокія т-ры плаўлення і цвёрдасць; многія вызначаюцца нізкай пластычнасцю. Для злучэнняў металаў з неметаламі, як правіла, характэрны паўправадніковыя ўласцівасці. Выкарыстоўваюць М. як магнітныя і паўправадніковыя матэрыялы, звышправаднікі, кампаненты высокатрывалых канстр. матэрыялаў і гарачатрывалых сплаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛУРГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна цяжкай прамысловасці, якая спецыялізавана на атрыманні металаў з руды і інш. матэрыялаў, на змене хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал.сплаваў. Уключае чорную металургію і каляровую металургію. Вядзе здабычу і абагачэнне няруднай сыравіны для чорнай металургіі, вырабляе чорныя і другасныя каляровыя металы, трубы, метызы вытв. прызначэння, другасную апрацоўку чорных металаў, цвёрдыя сплавы тугаплаўкіх і гарачатрывалых металаў. На Беларусі найб. прадпрыемствы — Беларускі металургічны завод, Магілёўскі металургічны завод, Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Рэчыцкі метызны з-д. Сталь выплаўляюць таксама цэхі пераважна машынабуд. з-даў. У Мінску дзейнічае з-д па другаснай перапрацоўцы каляровых металаў. У 1997 М.п. уключала 19 прадпрыемстваў, на якіх занята 14 тыс.чал.; выраблена: чыгуннага ліцця 209 тыс.т, сталі 1220 тыс.т, гатовага пракату 1072 тыс.т, стальных труб 30,7 тыс.т (13 314 тыс.м), металакорду 40,4 тыс.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДЫ́М (лац. Neodymium),
Nd, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 60, ат. м. 144,24; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з сумесі ізатопаў з масавымі лікамі 142—146, 148, 150; ізатопы 144Nd і 150Nd слабарадыеактыўныя; найб. колькасць 142Nd (27,07%) і 144Nd (23,78%). У зямной кары 2,5∙10−3% па масе. Адкрыты ў 1885 аўстр. хімікам К.Аўэрам фон Вельсбахам, назва ад неа... і грэч. didymos — блізня, двайнік (празеадыму).
Мегал светла-шэрага колеру, tпл 1016 °C, шчыльн. 6905 кг/м³. У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з кіпнем, мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам. Метал. Н. атрымліваюць электролізам расплаву фтарыду NdF3 ці хларыду NdCl3, а таксама кальцыятэрмічным аднаўленнем гэтых злучэнняў. Выкарыстоўваюць як кампанент мішметалу (сплаву рэдказямельных элементаў), алюмініевых і магніевых сплаваў, як актыватар лазерных матэрыялаў, аксід Nd2O3 — у вытв-сці аптычнага шкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРА́М (лац. Wolframium),
W, хімічны элемент VI гр.перыяд. сістэмы, ат. н. 74, ат. м. 183,85. Прыродны складаецца з 5 ізатопаў 180W (0,135%), 182W (26,41%), 183W (14,4%), 184W (30,64%) і 186W (28,41%). У зямной кары знаходзіцца 10−4% па масе, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Вальфраміт). Светла-шэры метал, шчыльн. 19 300 кг/м³, tпл 3380 ± 10 °C (самы тугаплаўкі метал), tкіп 5900—6000 °C. Пры звычайных умовах у кіслотах (акрамя сумесі азотнай і плавіковай) і шчолачах не раствараецца. Акісляецца кіслародам паветра пры t > 400 °C і ў расплаве шчолачаў (утварае вальфраматы). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, азотам, вугляродам (гл.Вальфраму карбіды). Здабываюць з вальфрамавых руд. Атрымліваюць аднаўленнем аксідаў вадародам да парашкападобнага вальфраму. Метал вырабляюць метадамі парашковай металургіі. Выкарыстоўваюць як аснову сплаваў (гл.Вальфрамавыя сплавы), для легіравання сталі, у вытв-сці вакуумных прылад і ніцяў лямпаў напальвання.