ПАЛІ́ЦЫЯ (ням. Polizei ад грэч. politeia кіраванне дзяржавай),

сістэма асобных органаў дзярж. кіравання, якія займаюцца аховай грамадскага парадку і барацьбой са злачыннасцю. П. праводзіць папярэдняе расследаванне і дазнанне па некаторых відах правапарушэнняў. Існуюць 2 формы арганізацыі нац. паліцэйскіх сістэм: цэнтралізаваная (Аўстрыя, Францыя, Фінляндыя і інш.) і дэцэнтралізаваная (Вялікабрытанія, Германія і інш.). У Францыі, напр., паліцэйскія ўстановы падпарадкаваны Ген. дырэкцыі нац. П., якая ўваходзіць у склад МУС. У Вялікабрытаніі П. ўваходзіць у сістэму МУС, яе аператыўны штаб — лонданскае ўпраўленне крымін. расследавання; у гарадах і графствах функцыянуе мясц. П. У ЗША федэральная П. складаецца з федэральнага бюро расследавання і шэрагу інш. паліцэйскіх устаноў, якія ўваходзяць у склад розных мін-ваў; П. штатаў падпарадкоўваецца звычайна губернатару штата, мясц. (найб. шматлікая) — муніцыпалітэтам. У Рас. імперыі П. як самаст. арг-цыя ўстаноўлена Пятром I і існавала да Лют. рэвалюцыі 1917. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах функцыі П. выконваюць міліцыя і інш. праваахоўныя органы. У Расійскай Федэрацыі ў 1993 створана падатковая П.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА, Понт,

эліністычная дзяржава ў М. Азіі ў 302 (ці 301) — 64 да н.э. Засн. былым дынастам Мітрыдатам II з перс. роду Ахеменідаў. Склалася шляхам дыпламатыі і заваёў яго напаўгрэч.-напаўіранскіх валадароў. Этнічны склад насельніцтва неаднародны. Разам з высокаразвітымі грэч. гарадамі ў П.ц. ўваходзілі тэр., дзе існавалі родаплемянныя адносіны. Мела гандл. сувязі з гарадамі Паўн. Прычарнамор’я, рэгіёнам Эгейскага мора. З пач. 2 ст. да н.э. вяло актыўную знешнюю палітыку. Дасягнула найвышэйшага росквіту пры Мітрыдаце VI Еўпатару, уключыўшы амаль усе землі вакол Понта Эўксінскага (адсюль назва). П.ц. супрацьстаяла экспансіі Рыма, уступіўшы з ім у працяглы канфлікт — т.зв. Мітрыдатавы войны, якія скончыліся паражэннем і ўключэннем П.ц. ў склад рым. дзяржавы. Часткова адноўлена Маркам Антоніем як залежная ад Рыма дзяржава на чале з дынастыяй Палеманідаў, з мэтай супрацьстаяння Парфіі. Паводле загаду Нерона (64 да н.э.) канчаткова ператворана ў правінцыю.

Літ.:

Ломоури Н.Ю. К истории Понтийского царства. Ч. 1. Тбилиси, 1979;

Сапрыкин С.Ю. Понтийское царство. М., 1996.

А.​Г.​Зельскі.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,

аператыўнае аб’яднанне баявых суднаў у ліп. — вер. 1919 на стыку 16-й арміі Зах. фронту з 12-й арміяй Паўд.Зах. фронту. Створана на р. Прыпяць і яе прытоках на базе Прыпяцкага атрада рачных суднаў, папоўнена атрадам ваенных маракоў з Чудской, Латвійскай флатылій і Заходнядзвінскай ваеннай флатыліі і караблямі Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Гал. базы — г.Мазыр і ст. Калінкавічы, тылавая — Нароўля, аператыўная — Багрымавічы. У склад флатыліі ўвайшлі 7 узбр. параходаў, 7 мотакатэраў, паравы баркас, некалькі баржаў, Нараўлянская суднарамонтная майстэрня, майстэрні на прыстані Пхоў. У ліп. маракі флатыліі разам з часцямі Чырв. Арміі вызвалілі ад польскіх войск Тураў, у жн. ўдзельнічалі ў стварэнні Мазырскага ўмацаванага раёна. У вер. 1919 вызвалілі Петрыкаў і прадухілілі захоп праціўнікам Мазыра. Пастановай РВС Сав. Расіі ад 27.8.1919 Прыпяцкая флатылія ўключана ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (да 26.9.1919 выконвала самастойныя задачы). Камандуючыя: М.​А.​Іокіш, П.І.Пашкін (з 10.8.1919), камісар А.​М.​Кульберг.

І.​Я.​Краўцоў.

т. 13, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАНО́МНАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (АССР),

у б. СССР нацыянальная дзяржаўная адзінка, якая ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі і ажыццяўляла дзярж. ўладу па-за межамі кампетэнцыі саюзнай рэспублікі на аўт. пачатках (гл. Аўтаномія). У 1990 было 20 АССР, з іх 16 у РСФСР. Пасля распаду СССР аўтаномныя рэспублікі захаваліся ў некаторых краінах СНД (у Азербайджане, Грузіі).

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРКЕНГЕ́ЙМ (Барыс Майсеевіч) (25.4.1885, Масква — 23.4.1959),

савецкі хімік. Д-р хім. н. (1936). Засл. дз. нав. і тэхн. Расіі (1945). У 1921—27 у Мінску: арганізатар і першы заг. кафедры неарган., аналітычнай і фіз. хіміі БДУ. З 1927 у ВНУ Масквы. Вывучаў склад і ўласцівасці мінер. рэсурсаў Беларусі.

Літ.:

Б.​М.​Беркенгейм // Успехи химии. 1959. Т. 28, вып. 5.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАБРО́ГІ (лац. Allobroges),

кельцкае племя, якое жыло паміж Жэнеўскім воз., рэкамі Рона і Ізер і Альпамі. Іх гал. гарады — Віена (сучасны В’ен у Францыі) і Генава (сучасная Жэнева). Алаброгі выступалі на баку Ганібала (218 да н.э.), у 121 да н.э. падпарадкаваны рым. палкаводцам Фабіем Максімам Квінтам, а іх тэр. ўключана ў склад правінцыі Карбонская Галія Нарбонская Галія.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ВАР, вінакурня, вінакурны завод,

традыцыйнае вытв. збудаванне, дзе варылі піва, гналі гарэлку.

На Беларусі вядомы з 16 ст. ў замках, сядзібах (звычайна размяшчаліся каля рэк, сажалак, зрэдку ў дварах), пры корчмах і аўстэрыях. Найчасцей гэта былі вял. драўляныя будынкі, накрытыя драніцай або гонтай, з мураванымі печамі ўнутры. Нярэдка ў склад бровара уваходзілі саладоўня з сушыльняй, варыўня, лазня, жыллё.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЕНВІ́ЛЬ (Bougainville),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы вял. ў групе Саламонавых астравоў. Уваходзіць у склад дзяржавы Папуа-Новая Гвінея. Пл. 10 тыс. км². Выш. да 3123 м (вулкан Балбі). Вільготныя трапічныя лясы. Радовішчы медзі (адно з буйнейшых у свеце) і волава. Здабыча золата. Лесанарыхтоўкі. Вырошчванне какосавай пальмы, бананаў. Гал. горад — Кіета. Названы ў гонар франц. мараплаўца Я.А.Бугенвіля.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ВІС (ад лац. gravis цяжкі),

1) тон складоў у стараж.-грэч. мове, які характарызуецца адсутнасцю павышэння голасу. Супрацьпастаўляецца акуту.

2) Від націску ў швед. мове, пры якім склад, што ідзе за складам з асноўным націскам, мае слабы пабочны націск; рух тону пры гэтым характарызуецца як сыходна-ўзыходны.

3) Дыякрытычны знак (`), які абазначае ў франц. мове ступень адкрытасці галосных: pére.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗО́Р,

у сухапутных войсках орган разведкі або паходнай аховы, які высылаецца ад падраздзяленняў і часцей з мэтай здабыць звесткі аб праціўніку, мясцовасці, радыяцыйным і хім. стане, не дапусціць раптоўнага нападу на ахоўваемыя войскі. Склад Д. залежыць ад пастаўленых перад ім задач і умоў мясцовасці. Можа быць пешы або механізаваны, звычайна не больш за ўзвод, забяспечаны неабходнай зброяй і тэхнікай.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)