ПЛА́НУЛА (новалац. planula ад лац. planus плоскі),
адна з лічынкавых стадый развіцця кішачнаполасцевых. Развіваецца з яйца. Плавае ў тоўшчы вады, потым прымацоўваецца да субстрату (дно і інш.) і пераходзіць у наступную стадыю развіцця — паліп.
Цела авальнае, падоўжанае або чэрвепадобнае; складаецца з 2 слаёў. Вонкавы (эпітэліяльны) слой — эктадэрма — мае жгуцікавыя клеткі, сярод якіх размешчаны эпітэліяльна-мускульныя, нерв. і жыгучыя клеткі. Унутр. слой — энтадэрма — утварае замкнутую поласць кішкі.
т. 12, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́МБІЙ (ад. лац. pro перад, раней, замест + камбій),
эмбрыянальная фаза ў развіцці першаснай праводнай сістэмы; ч. верхавінкавай мерыстэмы. Закладваецца ў парастках, у вобласці фарміравання лісцевых зачаткаў і ў каранях. Клеткі П. моцна выцягнутыя (празенхімныя), танкасценныя, слабавакуалізаваныя, размешчаны ў выглядзе цяжоў і ўтвараюць адзіную пракамбіяльную сістэму. Колькасць цяжоў паміж сцяблом і лістом пастаянная для віду (важная таксанамічная адзнака). З П. ўтвараюцца праводныя тканкі — першасныя ксілема і луб (флаэма).
т. 12, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁМЕТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,
узнікненне сілы адштурхоўвання паміж 2 паверхнямі, якія размешчаны ў разрэджаным газе і вытрымліваюцца пры розных т-рах. Тлумачыцца тым, што малекулы газу адскокваюць ад гарачай паверхні з большай кінетычнай энергіяй, чым малекулы, якія ўзаемадзейнічаюць з халоднай паверхняй. У выніку паверхня халоднай пласціны, павернутая да гарачай, атрымлівае большы імпульс, чым процілеглая. На Р.э. заснаваны прынцып работы радыяметра Крукса (вяртушкі Крукса) і радыёметрычнага манометра.
т. 13, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНГ (англ. ring) баксёрскі, пляцоўка для правядзення паядынкаў па боксе. Мае квадратную форму, даўж. бакоў ад 4,9 м да 6,1 м, абмежаваных радамі канатаў або тросаў, нацягнутых паміж вуглавымі стойкамі. Падлога Р. ўкрыта мяккім насцілам з няслізкай паверхняй. Звычайна Р. размешчаны на памосце, выш. 0,75—1,25 м з даўж. бакоў да 10 м. Канструкцыя Р. паходзіць з 1838, калі зацверджаны правілы «Лонданскага прызавога бокса».
А.У.Дзмітрыеў.
т. 13, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САУ́Р,
хрыбет у Казахстане і Кітаі. Размешчаны на ПдУ ад воз. Зайсан. Даўж. 140 км, выш. да 3816 м (г. Музтаў). Складзены з вулканагенных адкладаў, сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў, гранітоідаў. Радовішчы вугалю і гаручых сланцаў. На паўн. схіле — сярэднягорныя лугі і лясы з сібірскай лістоўніцы, цяньшанскай елкі з дамешкамі сібірскай піхты, на паўд. схіле — стэпы, паўпустыні. На грэбені — высакагорныя лугі. Ледавікі (агульная пл. 17 км²).
т. 14, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЎЖО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 2000). Размешчаны за 1,2 км на ПнЗ ад в. Смаўжы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Шэры дробназярністы граніт з пражылкамі ружовага пегматыту. Даўж. 5,3 м, шыр. 2,9 м, выш. 1,2 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 9,8 м³, маса бачнай часткі 25,9 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. г. назад з тэр. Швецыі.
В.Ф.Вінакураў.
т. 15, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік сярэдневяковага дойлідства ў с. Татэў (Арменія). Засн. ў 9 ст. як мужчынскі. Рэзідэнцыя Сюнікскага мітрапаліта. Размешчаны над глыбокай цяснінай. Арх. комплекс уключае цэрквы Грыгорыя (836—848), Пагоса і Петраса (895—906), надбрамную Аствацацын (11 ст.), культавы манумент — слуп, які гойдаецца (904), крапасныя сцены, жылыя і гасп. пабудовы 17—18 ст. На тэр. Т.м. размяшчаецца культ. цэнтр з ун-там, скрыпторыем, б-кай.
т. 15, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́ЛЬСК,
горад, цэнтр Зах.-Казахстанскай вобл. Казахстана. Размешчаны на правым беразе р. Урал. Засн. у 1584, на сучасным месцы з 1613. Да 1775 наз. Яіцкі гарадок. Каля 220 тыс.ж. (2000). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прыстань. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (прыладабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт і інш.), харч. (мясная, рыбная, мукамольна-крупяная і інш.), лёгкая (футравая, гарбарна-абутковая і інш.). 2 ВНУ. Тэатр. Гіст.-краязнаўчы музей, Дом-музей Е.І.Пугачова.
т. 16, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНЕРАФІ́ТЫ (ад грэч. phaneros яўны, адкрыты + ...фіт),
расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны высока над паверхняй зямлі і працягваюць рост пасля неспрыяльнага перыяду года; адна з жыццёвых форм раслін. Растуць пераважна ў зонах з мяккім кліматам. Да Ф. належаць дрэвы, кусты, ліяны. Паводле вышыні іх падзяляюць на мега(больш за 30 м), меза- (8—30 м), мікра(2—8 м) і нанафанерафіты (ніжэй за 2 м).
т. 16, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́РКАВІЦКІ, Чырковіцкі,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 463 га. Размешчаны на нізінным балоце Непраходнае і вярховым Далёкае. Пласкахвалістая тэраса р. Мольча з дзюнамі, катлавінамі, лагчынамі. Глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфянабалотныя (слой торфу да 1,3 м). У расліннасці пераважаюць хвойнікі сфагнавыя, кусціка- і пушыцава-сфагнавыя, шмат журавін.
П.І.Лабанок.
т. 17, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)