ГІМНА́СТЫКА (грэч. gymnastikē ад gymnazō трэнірую, практыкую),
сістэма фізічных практыкаванняў для ўмацавання здароўя і ўсебаковага фізічнага развіцця асобы. Гімнастычныя практыкаванні былі вядомыя за 3 тыс. гадоў да н.э. ў Кітаі і Індыі; у Стараж. Грэцыі пад гімнастыкай разумелі сістэму практыкаванняў. Вылучаюць віды гімнастыкі: асноўная, спартыўная і дапаможная. Асн. гімнастыка спрыяе агульнаму фіз.развіццю і ўмацаванню здароўя, развівае спрыт, сілу і інш. Гэта пераважна вучэбная гімнастыка. Уведзена ў дашкольных і школьных установах, арміі. Яе разнавіднасць — гігіенічная гімнастыка больш вядомая як зарадка. Спарт. гімнастыка апрача спецыяльна падабраных (вольных) практыкаванняў уключае практыкаванні на спарт. снарадах (брусы, перакладзіна, бервяно, «конь», батут і інш.), з рознымі прадметамі (скакалка, мяч, абруч і інш.); некаторыя практыкаванні ідуць з муз. суправаджэннем. Спарт. гімнастыка мае на мэце дасягненне вышэйшага спарт. майстэрства (гл.Акрабатыка, Мастацкая гімнастыка, Спартыўная гімнастыка). Дапаможная (прыкладная) гімнастыка спрыяе высокім дасягненням у розных відах спорту (спарт.-прыкладная гімнастыка), павышэнню прадукцыйнасці працы (вытворчая, прафесійна-прыкладная гімнастыка), узнаўленню страчаных функцый, умацаванню здароўя (лячэбна-аздараўленчая гімнастыка, гл. таксама Лячэбная фізкультура).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬ (грэч. Konstantinupolis, лац. Constantinopolis),
Царград, сталіца Рымскай (330—395) і Візантыйскай (395—1453, акрамя 1204—61) імперый. Засн. ў 324—330 рым. імператарам Канстанцінам I (адсюль назва) на месцы стараж.-грэч. калоніі Візантый. Развіццю горада спрыяла зручнае геагр. размяшчэнне (на перакрыжаванні гандл. шляхоў з Зах. Азіі ў Егіпет і з Міжземнага м. ў Чорнае). Яго неаднаразова асаджвалі авары (626), арабы (673—677, 717—718), балгары (814), усх. славяне (напр., Алег). Да канца 11 ст. дамінуючы гандл.-рамесніцкі і культ. цэнтр Візантыі. У 1204 захоплены і разрабаваны крыжаносцамі, якія зрабілі горад сталіцай створанай імі (1204) Лацінскай імперыі. У 1261 адваяваны візантыйцамі пры падтрымцы генуэзцаў. Найбуйнейшы (больш за 100 тыс. жыхароў) і найбагацейшы горад сярэдневяковай Еўропы. Яго лічылі сваёй рэліг. і культ. сталіцай паўд. і ўсх. славяне (называлі Царград). У 1453 захоплены і разрабаваны туркамі-асманамі, перайменаваны ў Стамбул (сталіца Турцыі да 1923; назва «К.» ужывалася ў еўрап. і інш. краінах да 1920-х г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ ВЯЛІ́КІ (лац. Carolus Magnus, франц. Charlemagne; 2.4.747—28.1.814),
франкскі кароль (з 768), імператар [800—814], палкаводзец. З дынастыі Каралінгаў (назва ад яго імя). Сын Піпіна Кароткага, унук Карла Мартэла.
Ажыццявіў 53 ваен. паходы (27 узначальваў асабіста) супраць саксаў (772—804 з перапынкамі), лангабардаў (773—774, 776—777), арабаў у Іспаніі (778—779, 796—810), зах.-слав. плямён (789—806), авараў (791—799) і інш. Стварыў вялізную дзяржаву (умацаваў яе граніцы праз заснаванне марак), якая ўпершыню пасля распаду Зах. Рымскай імперыі аб’яднала амаль усе хрысц. краіны Зах. Еўропы (уключала тэр. сучасных Францыі, зах. і паўд. Германіі, паўн. і сярэдняй Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Аўстрыі, паўн.-ўсх. Іспаніі). Каранаваны як імператар у Рыме папам Львом III (800), пасля чаго лічыўся правадыром усяго хрысц. Захаду (як візант. імператары на Усходзе). Правёў суд. і ваен. рэформы, апекаваўся царквой, садзейнічаў развіццю культуры і асветы (выдаў указ пра абавязковае навучанне дзяцей вольных людзей, пры яго двары існавала акадэмія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,
метад атрымання інфармацыі аб Зямлі, інш. планетах Сонечнай сістэмы, нябесных целах, туманнасцях і розных касм. з’явах пры дапамозе здымачных сістэм. Заснавана на вымярэнні і рэгістрацыі ўласнага ці адбітага эл.-магн. выпрамянення Зямлі (гл.Аэракасмічныя метады). Здымачныя сістэмы звычайна размешчаны на ШСЗ, касм. станцыях і караблях. Першыя здымкі з космасу атрыманы ў 1946 з ракет, у 1960 з ШСЗ, у 1961 з касм. карабля (Г.С.Цітовым). Здымкі зямной паверхні, атрыманыя шляхам К.з., маюць вял. аглядальнасць (маштаб іх 1:1 000 000—1:10 000 000), даюць магчымасць вывучаць асн. структурныя, рэгіянальныя, занальныя і глабальныя асаблівасці атмасферы, літасферы, гідрасферы, біясферы і ландшафты планеты. К.з. праводзіцца з геасінхронных (выш. 150—950 км) або з геастацыянарных (36 тыс.км) арбіт. Выкарыстоўваюць розныя віды К.з.: фатаграфічную, фотатэлевізійную, інфрачырвоную, радыёлакацыйную, лазерную, спектраметрычную, геафізічную і інш. Шырока выкарыстоўваецца шматзанальная здымка. Вывучэнне Зямлі з дапамогай К.з. спрыяла развіццюкасмічнага землязнаўства.
Ф.Е.Шалькевіч.
Да арт.Касмічная здымка. Фрагмент касмічнага здымка паўвострава Камчатка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1830,
рэвалюцыя ў Францыі, у выніку якой скінута манархія Бурбонаў, пакончана з дваранска-клерыкальным рэжымам Рэстаўрацыі (1814—30) і ўстаноўлена Ліпеньская манархія — улада буйных капіталіст. уласнікаў (пераважна фінансістаў) у асобе караля Луі Філіпа. Падставай для рэвалюцыі стала спроба караля Карла X арданансамі ад 25 ліп. распусціць палату прадстаўнікоў, абмежаваць і без таго малую (90 тыс.) колькасць выбаршчыкаў і ўвесці жорсткую цэнзуру друку. Рухаючая сіла Л.р. — рабочыя, рамеснікі, прадпрымальнікі, студэнты, афіцэры. 27—29 ліп. пасля вулічных баёў рэвалюцыя перамагла ў Парыжы, а потым у правінцыі. 2.8.1830 Карл X адрокся ад прастола. Паводле новай канстытуцыі («Хартыі 1830») колькасць выбаршчыкаў павялічылася да 166 тыс., абмежавана ўлада караля, праведзены інш. рэформы. Л.р. не вырашыла задачы дэмакратызацыі франц. грамадства, што абумовіла непазбежнасць новай рэвалюцыі. Але яна пакончыла са спробамі аднаўлення ў Францыі феад.-абсалютысцкіх парадкаў, спрыяла развіццю рыначных адносін у краіне, нанесла ўдар сістэме Свяшчэннага саюза, дала штуршок Бельгійскай рэвалюцыі 1830.
эрцгерцагіня Аўстрыі, каралева Чэхіі і Венгрыі (з 1740), імператрыца «Свяшчэннай Рым. імперыі» (з 1745). З дынастыі Габсбургаў. Дачка імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла VI (правіў у 1711—40). Атрымала ў спадчыну аўстр. прастол пасля смерці бацькі паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (у 1740—48 спадчыннае права М.Т. аспрэчвалі еўрап. манархіі ў ходзе вайны за аўстрыйскую спадчыну). Да 1765 яе суправіцелем быў муж (з 1736) герцаг Франц Стэфан Латарынгскі (з 1745 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Франц I), з 1765 — старэйшы сын Іосіф II. У час праўлення М.Т. Аўстрыя ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63 і 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772), завалодала Букавінай (1775); ва ўнутр. палітыцы цэнтралізавала дзярж. кіраванне, садзейнічала развіццю прам-сці і гандлю, прытрымлівалася асветнага абсалютызму, у т. л. заснавала нар. школьніцтва ў Аўстрыі (1774), абмежавала паншчыну ў Чэхіі (1775), адмяніла катаванні (1776).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЎРЭР ((Maurer) Георг Людвіг фон) (2.11.1790, Эрпальцгайм, каля г. Дзюркгайм, Германія — 9.5.1872),
нямецкі дзярж. дзеяч, гісторык, стваральнік абшчыннай тэорыі. З 1826 праф. права ў Мюнхенскім ун-це. Займаў вышэйшыя пасады ў суд. ведамстве Баварыі. У 1832—34 адзін з рэгентаў пры грэч. каралю Атоне I Баварскім, рэарганізаваў там судовую сістэму, зрабіў грэч. царкву незалежнай ад візант. патрыярха. Ў 1847 фактычна старшыня баварскага ўрада (міністр замежных спраў і юстыцыі). Быў прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі, якая, на яго думку, павінна засноўвацца на абшчынных прынцыпах. Даследаваў гісторыю маркі ў Германіі; лічыў яе рэшткамі першапач. агр. камунізму, характэрнага для стараж. германцаў. Аўтар 12-томнай серыі прац, прысвечаных развіццюсац.-эканам. ладу Германіі ў сярэднявеччы, у т. л. «Гісторыі стану марак у Германіі» (1856), «Гісторыі панскіх двароў, сялянскіх двароў і стану сядзіб у Германіі» (т. 1—4, 1862—63), «Гісторыі стану вёскі ў Германіі» (т. 1—2, 1865—66).
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НДЭЛЯ ЗАКО́НЫ,
правілы атрымання ў спадчыну прыкмет, адкрытыя Г.Мендэлем (1865). Першы М.з. (закон аднароднасці гібрыдаў) — патомства 1-га пакалення ад скрыжавання ўстойлівых форм, што адрозніваюцца па адной прыкмеце, маюць аднолькавы фенатып па ёй. Другі М.з. (закон расшчаплення) — пры скрыжаванні гібрыдаў 1-га пакалення паміж сабой сярод гібрыдаў 2-га пакалення ў пэўных суадносінах з’яўляюцца асобіны з фенатыпамі зыходных бацькоўскіх форм і гібрыдаў 1-га пакалення. Трэці М.з. (закон незалежнага камбінавання прыкмет) — пара альтэрнатыўных прыкмет паводзіць сябе ў пакаленнях незалежна адна ад адной (паяўляюцца асобіны з новымі камбінацыямі прыкмет). З М.з. вынікае, што гены адносна пастаянныя, могуць знаходзіцца ў розным стане, парныя ў саматычных клетках і адзінкавыя ў гаметах; дыскрэтныя, могуць паводзіць сябе незалежна адзін ад аднаго. Законы праяўляюцца ў пэўных умовах і маюць універсальны характар для дыплоідаў. М.з. спрыялі развіццюгенетыкі. Гл. таксама Мендэлізм.
Літ.:
Мендель Г. Опыты над растительными гибридами: Пер. с вем. М., 1965. Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),
міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.
МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т. л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ЙДЗІ ІСІ́Н,
«Рэстаўрацыя Мэйдзі», буржуазная рэвалюцыя ў Японіі ў 1867—68. З’явілася вынікам сац.-эканам. крызісу ў Японіі ў 1-й пал. 19 ст., пасля прымусовага «адкрыцця» краіны замежнымі дзяржавамі. Ажыццяўлялася ў выглядзе руху за аднаўленне ўлады імператара і скасавання ўлады сёгунаў з дома Такугава. Рух М.і. узначалілі самураіпаўд.-зах. княстваў, якія выступалі за перабудову Японіі на аснове дасягненняў еўрап. культуры і тэхнікі. 3.1.1868 яны абвясцілі пра скасаванне сёгуната і перадачу ўсёй улады імператару Муцухіта (дэвіз яго кіравання «Мэйдзі» — «Асвячонае кіраванне», адсюль назва). У маі 1868 сёгун Кэйкі капітуляваў, а войскі імператара занялі сталіцу Эда (з 1868 Токіо). У 1870—80-я г. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. пераўтварэнняў, якія ліквідавалі феад. сістэму і спрыялі развіццюкапіталіст. адносін: ліквідаваны рамесныя цэхі (1868), скасавана саслоўная сістэма (1872), абвешчана свабодная купля-продаж зямлі (1872) і інш.
Літ.:
Лещенко Н.Ф. «Революция Мэйдзи» в работах японских историков-марксистов. М., 1984.