МУНКУ́-САРДЫ́К,

найбольш высокі горны масіў ва Усх. Саяне, у Бураціі (Расія). Выш. да 3491 м (найвыш. пункт Саян). Складзены з гранітаў. У рачных далінах да выш. 2000 м трапляюцца лясы, вышэй на схілах — альпійскія лугі, горныя тундры і камяністыя россыпы. Ледавікі (агульная пл. каля 1,3 км²).

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БЫ (лац. Pisces),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Найб. яркія зоркі 3,6; 3,7 і 3,8 візуальнай зорнай велічыні; 75 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У сузор’і Р. знаходзіцца пункт вясенняга раўнадзенства. З тэр. Беларусі відаць летам, увосень і ў пач. зімы. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Рыбы.

т. 13, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШЫЦЫ (Kośice),

горад на У Славакіі, каля падножжа Славацкіх Рудных гор. Адм. ц. Усходне-Славацкай вобл 240 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Металургічны камбінат, цяжкае машынабудаванне, апрацоўка магнезіту, харч., дрэваапр. прам-сць. Ун-т. Тэатры, у т. л. оперны. Музей Усх. Славакіі. Арх. помнікі 14—18 ст., у т. л. гатычны сабор св. Альжбеты 14—16 ст. Культ. цэнтр венг. і ўкр. насельніцтва.

Засн. ў 13 ст. як гандл. пункт на шляху ў Польшчу і Расію. З 1249 горад, у 1290 вакол яго пабудаваны крапасныя сцены, важны пункт абароны ў войнах з Турцыяй. Росквіт у 14—15 ст. Польскі кароль Людовік I Венгерскі выдаў тут Кошыцкі прывілей 1374. Да 1-й сусв. вайны і ў 1938—45 у складзе Венгрыі, у 1921—38 і з 1945 — Чэхаславакіі. З 1992 у складзе Славацкай Рэспублікі.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗГО́РТКА ў часе,

спосаб адлюстравання змен фіз. велічыні ў часе з дапамогай адназначнага пераўтварэння яе ў інш. велічыню, якая змяняецца ў прасторы. Ажыццяўляецца разгортвальным элементам, які паслядоўна абягае (сканіруе) прастору, і пры гэтым кожнаму моманту часу адпавядае яго пэўнае становішча.

Разгортвальным элементам бывае святлівы Пункт, які рухаецца па відарысе (экране) пры адхіленні светлавога праменя (аптычная Р.), невялікая рухомая адтуліна ў экране, які закрывае відарыс, ці пяро самапісца (мех. Р.), святлівы пункт на экране электронна-прамянёвай трубкі (электронная Р.) і інш. Паводле траекторыі руху гэтага элемента адрозніваюць прамалінейную, кругавую, спіральную, растравую (2-мерную) і інш. Р. можа быць неперарыўная (пры заканчэнні аднаго цыкла адразу пачынаецца наступны). перыядычная і інш. Выкарыстоўваецца ў асцылографах, прыладах аўтам. рэгістрацыі, радыёлакацыйных індыкатарах і прыладах перадачы інфармацыі на адлегласці. У тэлебачанні і фотатэлеграфіі ў асн. карыстаюцца растравымі Р. з прамавугольным растрам.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАВО́Е ПО́ЛЕ,

частка прасторы (абмежаваная ці неабмежаваная), у кожным пункце якой на змешчаны там матэрыяльны пункт (часціцу) дзейнічае вызначаная сіла. Характарыстыкі С.п. могуць залежаць толькі ад каардынат (стацыянарнае С.п.), ад каардынат і часу (нестацыянарнае С.п.) ці мець пастаяннае значэнне ва ўсіх пунктах С.п. (аднароднае С.п.), незалежнае ад каардынат і часу.

С.п., у якім работа сіл поля, што дзейнічаюць на рухомую часціцу, залежыць толькі ад пачатковага і канцавога месцазнаходжанняў гэтай часціцы і не залежыць ад віду яе траекторыі, наз. патэнцыяльным, кожны пункт якога характарызуецца пэўным значэннем патэнцыялу. Напр., гравітацыйнае поле, электрамагнітнае поле. Работу сіл такога поля можна выразіць праз патэнцыяльную энергію часціцы U(x, y, z): A = U(x1, y1, z1) − U(x2, y2, z2), дзе x1, y1, z1, і x2, y2, z2 — каардынаты пачатковага і канцавога пунктаў траекторыі часціцы адпаведна. Гл. таксама Поле фізічнае.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАГЕ́Й (ад апа... + грэч. gē Зямля),

1) пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі, найб. аддалены ад цэнтра Зямлі; процілеглы перыгею). У астраноміі тэрмін «апагей» адносіцца толькі да целаў, што рухаюцца па замкнёных арбітах вакол Зямлі.

2) У пераносным сэнсе апагей — найвышэйшая ступень, найб. ўздым, росквіт дзейнасці, творчасці, славы.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЛАНДХА́Р,

горад на ПнЗ Індыі, у міжрэччы рэк Біяс і Сатледж, у штаце Пенджаб. Каля 500 тыс. ж. (1994). Стараж. гандл.-трансп. пункт на шляхах з Сярэдняй і Зах. Азіі ў Індыю. Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст., гарбарна-абутковая, металаапрацоўчая. Вытв-сць спорттавараў, цацак. Маст. рамёствы.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НДО́ЛА (Ndola),

горад на ПнЗ Замбіі. Адм. ц. прав. Копербелт. Засн. ў 1902. Каля 400 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Канцавы пункт нафтаправода з Дар-эс-Салама (Танзанія). Міжнар. аэрапорт. Цэнтр прам-сці каляровых металаў; развіты нафтаперапр., хім., аўтазборачная, шынная, харч., металаапр., цэм., мэблевая прам-сць. ЦЭС.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КСЕЛ [ад англ. pic(ture) el(ement)],

элементарны ўчастак (святлівы пункт) відарыса, атрыманы пры яго дыскрэтызацыі, напр., у перадавальных тэлевізійных трубках, з мэтай далейшай перадачы ці апрацоўкі. Пры кадзіраванні П. ўлічваецца яго сярэдняя яркасць, для каляровых відарысаў дадаткова ўлічваюцца яркасці элементарных колераў, атрыманых пры колерадзяленні (гл. Лічбавая апрацоўка відарысаў).

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЛО́ДАК,

акалотак, 1) у Рас. імперыі частка (раён) горада, якая замацоўвалася за паліцэйскім чынам (акалодачным наглядчыкам) для адм. і паліт. нагляду за насельніцтвам. Сістэма акалодачнага паліцэйскага нагляду ўведзена паводле паліцэйскай рэформы 1862, была адным з яе элементаў; існавала да 1917.

2) Лекарскі пункт пры вайсковых часцях, падраздзяленнях, лазарэтах у царскай арміі.

т. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)