Е́ЛЬСКІ (Канстанцін Міхайлавіч) (17.2.1837, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 26.11.1896),

бел. вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік. З роду Ельскіх. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860). Адзін з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюц. тэорыі Ч.​Дарвіна. Ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 на Украіне, у 1863 эмігрыраваў за мяжу. З 1865 у Франц. Гвіяне, з 1869 у Перу, вывучаў фауну гэтых краін. Удзельнічаў у стварэнні (1875) і дзейнасці (да 1879 хавальнік) прыродазнаўчага музея ў Ліме. Адкрыў новы від жывёлы Dinonys. Удасканаліў спосаб захоўвання насякомых, дасылаў сабраныя калекцыі насякомых, раслін, чучалы птушак, у музеі Еўропы. Як заолаг і геолаг працаваў у Турцыі, Германіі, Францыі. З 1880 у Кракаве: хавальнік прыродазнаўчых калекцый АН. У гонар вучонага названы адзін від лаўра — Ocotea Jelscii і некат. віды птушак і звяроў. Аўтар даследавання «Аб узаемнай залежнасці геалагічных з’яў» і кнігі «Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» (1898).

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;

Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969.

М.​К.​Багадзяж.

т. 6, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПУГА́І, папугаепадобныя (Psittaci, Psittaciformes),

атрад птушак. Вядомы з міяцэну (каля 17 млн. г. назад). 1 сям., 7 падсям., 69 родаў, 324 віды. Пашыраны пераважна ў трапічнай і субтрапічнай зонах. Жывуць на дрэвах; гнёзды ў дуплах, расколінах скал, норах. Трымаюцца статкамі. Многія віды здольныя пераймаць чалавечую гаворку (ара, жако, какаду і інш.). Добра пераносяць няволю, многія віды аматары трымаюць як дэкар. птушак (на Беларусі — да 30 відаў: неразлучнікі, амазоны, какаду, жако, хвалістыя папугайчыкі і інш.). 27 відаў у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. ад 9,5 см (дзятлавыя П.) да 1 м (ара гіяцынтавы), маса адпаведна ад 10 г да 1 кг. Апярэнне пераважна яркае, стракатае. Галава вялікая, шыя кароткая. У многіх відаў на галаве чубок. Дзюба высокая, выгнутая, моцная; наддзюб’е рухома сучленена з лобнымі касцямі. Крылы закругленыя, дужыя. 1-ы і 4-ы пальцы на нагах павернуты назад. Пераважна расліннаедныя, часам спажываюць жывёльны корм. Манагамы. Нясуць 2—5 яец (зрэдку да 12). Гл. таксама Лоры, Нестары.

Э.​Р.​Самусенка.

Папугаі: 1 — разела; 2 — карлікавы; 3 — німфавы; 4 — сінялобы; 5 — каралевы.

т. 12, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дразлы (сям. птушак) 3/33, 372; 4/267—268, 499; 5/297; 9/328; 11/176

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Фазанавыя (сям. птушак) 2/132; 5/95; 7/592; 8/386; 10/527; 11/96, 400

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́НІКІ,

лічынкі бясхвостых земнаводных. Развіваюцца з яйца. Жывуць у вадзе. У адрозненне ад дарослых асобін маюць прыкметы, уласцівыя рыбам (2—3 пары шчэлепаў, двухкамернае сэрца, доўгі хвост для перамяшчэння, органы прымацавання і бакавую лінію). Корм пераважна раслінны. Пасля 3—4 месяцаў развіцця гэтыя прыкметы знікаюць пры метамарфозе: сэрца робіцца трохкамерным, дыханне лёгачным, хвост знікае, вырастаюць заднія ногі і на сушу выходзіць маладое земнаводнае (напр., жабяня). Пажыва для рыб, птушак.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРЫЦЫ́ДЫ [ад грэч. akari клешч + ...цыд(ы)],

пестыцыды, прызначаныя для барацьбы з кляшчамі. Існуюць акарыцыды расліннага (анабазін, нікацін) і сінтэтычнага (фосфарарган., хлараваныя арган. злучэнні, карбаматы і інш.) паходжання. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў, эмульсій, суспензій, дустаў, газаў, аэразоляў. Магчыма атрутнае ўздзеянне на чалавека, жывёл і птушак. З акарыцыдаў найб. шырока ўжываюцца мінер. масла, сера, вапнава-серны адвар, фосфарарган. злучэнні (хларафос, карбафос). Парушэнні тэхналогіі выкарыстання акарыцыдаў вядуць да экалагічных страт.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЕ́ЙДЫЯ (Acadia),

нацыянальны парк у ЗША, на астравах у Атлантычным ак., каля берагоў штата Мэн. Засн. ў 1916 пад назвай Сьёр-дэ-Мон (у 1919—29 наз. Лафеет) для захавання маляўнічага ўзбярэжжа, мяшаных лясоў на а-вах Маўнт-Дэзерт і Хо. Пл. 15,6 тыс. га. У флоры больш за 500 відаў вышэйшых раслін, шмат імхоў і лішайнікаў. У фауне — 50 відаў млекакормячых (у т. л. віргінскі алень), каля 300 відаў птушак.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІСКУ, Абіска (Abisko),

нацыянальны парк на Пн Швецыі, у Скандынаўскіх гарах. Засн. ў 1909 як ландшафтны запаведнік. Уключае бас. р. Абіску і ч. паўд. ўзбярэжжа воз. Турнетрэск. Пл. 7,5 тыс. га. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Разнастайная фауна млекакормячых (буры мядзведзь, воўк, лемінг, лось, паўн. алень, пясец, расамаха) і птушак (бакас, беркут, варакушка, курапатка палярная, паморнік даўгахвосты, пуначка, сава белая, уюрок). На тэр. парку навук.-доследная станцыя Шведскай АН.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГАЮЧЫЯ ПТУ́ШКІ, бескілявыя (Ratitae або Gradientes),

група птушак, якія не могуць лётаць. 4 атр.: страусападобныя (Struthioniformes), нандупадобныя (Rheiformes), казуарападобныя (Casuariiformes), ківіпадобныя (Apterygiformes). 10 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі і бліжэйшых астравах, Афрыцы, Паўд. Амерыцы.

Выш. 20—270 см, маса 3—90 кг. Грудныя мышцы слаба развітыя, пярэднія крылы недаразвітыя. Кіль адсутнічае. Пер’е на крылах мяккае. Ногі моцныя, добра бегаюць. Гнёзды на зямлі. Кормяцца расліннасцю і дробнымі жывёламі. Гл. таксама Кілявыя птушкі.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗІНСЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + лац. insectum насякомае),

комплекс ветэрынарна-сан. мерапрыемстваў па знішчэнні або зніжэнні колькасці шкодных членістаногіх (насякомых, кляшчоў і інш.). Метады Д.: мех. (сеткі, ліпкія стужкі, пасты, ачыстка ферм і тэрыторый), фіз. (уздзеянне высокіх і нізкіх тэмператур, гама-выпрамянення), хім. (інсектыцыды), біял. (выкарыстанне прыродных ворагаў членістаногіх — птушак, рыб, бактэрый, вірусаў, грыбоў). Выкарыстоўваюць супраць пераносчыкаў узбуджальнікаў інфекц. і інвазійных хвароб жывёл, чалавека і раслін, а таксама свірнавых шкоднікаў.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)