НА́СТЫІ (ад грэч. nastos ушчыльнены),

рухі (выгіны) органаў раслін у адказ на змены фактараў навакольнага асяроддзя (святло, т-ра і інш.). Напр., хуткае складанне лісця ў мімозы пры дакрананні да яго, раскрыццё кветак у залежнасці ад надвор’я, рух лісця насякомаедных раслін і інш. Пераважна абумоўлены зменай у спецыялізаваных клетках канцэнтрацый асматычна актыўных рэчываў (малату, іонаў калію, хлору), што прыводзіць да змены тургару. Адбываюцца таксама ў выніку нераўнамернага росту расцяжэннем. Напр., пры больш хуткім росце верхняга боку ліст або пялёстак выгінаецца ўніз. У залежнасці ад прыроды раздражняльніка адрозніваюць тэрма-, фота-, гідра-, хема-, сейсма-; нікці- (рэакцыя на змену дня і ночы), траўма-, электранастыі. Забяспечваюць ахову органаў (зачыненне кветак, вусцейкаў, апусканне лісця), захопліванне прадметаў (рух вусікаў, залозістых валаскоў). З’яўляюцца больш дасканалай формай руху, чым трапізмы.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАМЕ́ННЫЯ АМІНАКІСЛО́ТЫ,

кіслоты, якія не сінтэзуюцца ў арганізме жывёл і чалавека або сінтэзуюцца ў недастатковай колькасці і павінны паступаць з ежай. Для чалавека неабходны 8 Н.а.: валін, ізалейцын, лейцын, лізін, метыянін, трыптафан, трэанін, фенілаланін. Астатнія амінакіслоты адносяць да заменных, але некат. ўмоўна. Напр., тыразін у арганізме ўтвараецца толькі з фенілаланіну, пры недахопе якога ў ежы можа стаць незаменным. Для розных жывёл набор Н.а. абумоўлены іх відам, узростам і інш. (напр., для белага пацука Н.а. — 10, для кураняці — 15). Адсутнасць або недахоп адной ці некалькіх Н.а. у ежы прыводзіць да адмоўнага балансу азоту ў арганізме, парушэння біясінтэзу бялкоў, развіцця, росту, паяўлення цяжкіх захворванняў, асабліва ў дзяцей (квашыаркор). У пэўныя перыяды (напр., лактацыя, цяжарнасць, некат. захворванні) патрэбнасць у Н.а. павялічваецца.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭНДЭНЦЫ́ЙНАСЦЬ (ад тэндэнцыя) у мастацтве, ідэйная, сац.-паліт. накіраванасць маст. твораў; выяўленне ў маст. творчасці сац.-паліт., ідэйна-эстэт. пазіцый творцы. Цесна звязана з ідэйнасцю ў мастацтве, якая раскрывае прыхільнасць аўтара да пэўных сац. па змесце ідэй і каштоўнасных арыентацый. Як катэгорыя Т. атрымала метадалагічнае абгрунтаванне ў марксісцкай эстэтыцы, дзе яна трактавалася як аб’ектыўная заканамернасць маст. творчасці; найвышэйшай формай выяўлення Т. абвяшчалася партыйнасць — адлюстраванне ў маст.-вобразнай форме карэнных інтарэсаў прагрэсіўнага класа. З канца 20 ст. ў эстэтыцы і маст. крытыцы Т. разглядаецца як выяўленне ўплыву соцыуму на маст. творчасць. Калі гэты ўплыў не мае арган. сувязі з сістэмай і логікай развіцця маст. вобразаў, ён зніжае ўзровень мастацтва, прыводзіць да прэваліравання ідэалагічнага і маралізатарскага пачаткаў над маст. каштоўнасцю твора.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ НУКЛЕАТЫ́ДЫ,

пурынавыя і пірымідзінавыя нуклеатыды, у якіх астатак фосфарнай к-ты звязваецца з рыбозай у 3′ і 5′-становішчах (утвараюць кольца); універсальныя рэгулятары біяхім. працэсаў у жывых клетках.

Найб. значныя цыклічны 3′ і 5′-адэназінмонафасфат (цАМФ) і 3′ і 5′-гуаназінмонафасфат (цГМФ). У арганізме жывёл і чалавека цАМФ рэгулюе клетачную пранікальнасць, мышачнае скарачэнне, сакрэцыю гармонаў, дыферэнцыроўку тканак і інш. У стрэсавых сітуацыях адрэналін праз пасрэдніцтва цАМФ актывуе ў клетках печані фермент глікагенфасфарылазу і ў кроў выкідваецца вял. колькасць глюкозы (крыніца энергіі для арганізма). Механізм дзеяння Ц.н. у клетцы звязаны з актывацыяй Ц.н.-залежных пратэінкіназ і зводзіцца да фасфарыліравання спецыфічных бялкоў, у т. л. ферментаў, што прыводзіць да змены іх актыўнасці і адпаведных функцый клеткі.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАО́З (Varroosis), вараатоз (Varroatosis),

эктапаразітная хвароба пчол і пячатнага расплоду. Выклікаецца кляшчом Varroa jacobsoni. Трапляецца ў многіх краінах Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Беларусі. Пры масавым пашырэнні прыводзіць да вял. эканам. страт.

Крыніца інвазіі — хворыя сем’і, раі і зрэзаны трутневы расплод. Пашырэнню хваробы садзейнічаюць перамяшчэнне пчальнікоў, купля і продаж пчол. Клешч праходзіць поўны цыкл развіцця на кукалках пчол на працягу 8—9 сут і пашкоджвае дарослых насякомых. Пры вараозе назіраецца гібель недаразвітых кукалак пчол, нараджэнне нежыццяздольных трутняў і пчол з рознымі пачварнасцямі. Скарачаецца тэрмін жыцця матак, пашкоджаныя сем’і адстаюць у развіцці. Вясной і восенню хварэе пераважна пчаліны расплод, а ўлетку — трутневы.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНАХО́ДНІЦТВА,

творчы працэс, які прыводзіць да новага вырашэння задачы ў любой галіне тэхнікі, культуры, аховы здароўя, абароны і дае станоўчы эфект. Вынаходніцкае права Рэспублікі Беларусь забяспечвае спрыяльныя ўмовы для развіцця масавага В., непасрэднага ўдзелу ў тэхнал. прагрэсе і ўдасканаленні вытв-сці. Шляхам матэрыяльнай і маральнай падтрымкі, наданнем пэўных ільгот дзяржава заахвочвае вынаходнікаў і рацыяналізатараў вытв-сці. У 1932 на 1-м Усебел. з’ездзе вынаходнікаў арганізацыйна аформлена т-ва вынаходнікаў Беларусі. З 1956 дзейнічаў Камітэт па справах вынаходстваў і адкрыццяў СМ СССР, з 1958 — Бел. рэсп. савет Усесаюзнага т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў, з 1990 — Бел. т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРМІНА́ЦЫЯ (ад лац. determinatio абмежаванне, вызначэнне) у эмбрыялогіі ўзнікненне якасных адрозненняў паміж часткамі зародка на стадыях развіцця, якія папярэднічаюць з’яўленню ў іх марфалагічна выразных закладак органаў і тканак; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Вылучаюць Д. тканкавую (спецыфічнасць тканак) — абумоўленую філагенетычна ўласцівасць тканкавых структур змяняцца пад уплывам розных уздзеянняў у акрэсленых межах, захоўваючы якасныя адрозненні адна ад адной і Д. полу, якая абумоўлена наяўнасцю Y-храмасомы. Д. прыводзіць да марфалагічна бачнай дыферэнцыроўкі. На Д. арганізма, які развіваецца, асн. ўплыў аказваюць генетычныя фактары, з’явы экспрэсіі генаў пад уплывам індукцыйных уздзеянняў, уплыў навакольнага асяроддзя, узаемадзеянне клетак і ўзровень інтэграцыі цэласнага арганізма.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРАДЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. irradio ззяю, выпраменьваю) у фізіялогіі, распаўсюджванне ўзбуджэння ці тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Асновай І. з’яўляецца вызначаная марфал. і функцыян. структура розных аддзелаў галаўнога мозга, таму пашыраецца па вызначаных шляхах і ў часавай паслядоўнасці. І. ўзбуджэння асабліва праяўляецца пры моцным раздражненні, калі ў рэфлекторны адказ уцягваюцца і інш. нерв. цэнтры. Напр., на ўмеранае раздражненне токам ступні жывёла адказвае згінаннем лапы ў галёнкаступнёвым суставе, павелічэнне сілы току прыводзіць да згінання нагі ў каленным і тазасцегнавым суставах. Пры ўзнікненні моцнага ачага ўзбуджэння і змены ўласцівасцей нерв. тканкі, І. ўзбуджэння можа стаць паталагічнай, напр., пры эпілепсіі. Тармажэнне таксама распаўсюджваецца ў клетках кары галаўнога мозга.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРОЗАЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле 1 або 2 нітрозагрупы (-N=O), звязаныя з атамам вугляроду арган. радыкала, R-N=O. Звычайна Н. — раўнаважная сумесь манамераў і дымераў. Для дымераў характэрна геаметрычная ізамерыя; у дымерных Н. традс-ізамеры больш стабільныя.

У індывід. стане большасць Н. знаходзіцца ў дымернай форме. Наяўнасць электронаакцэптарных груп у радыкале Н. прыводзіць да існавання толькі манамераў (напр., нітрозатрыхлорметан CCl3NO). Манамерныя Н. — газы або вадкасці блакітнага ці зялёнага колеру, дымерныя — бясколерныя крышталі [напр., нітрозаметан, дымер (CH3NO)2]. Выкарыстоўваюць у сінтэзе фарбавальнікаў, амінакіслот, гетэрацыклічных злучэнняў, лек. прэпаратаў, эластамераў (фторкаўчуку). Некаторыя Н. з’яўляюцца канцэрагеннымі і мутагеннымі рэчывамі.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСШЧАПЛЕ́ННЕ ў генетыцы,

паяўленне ў патомстве гібрыдаў асобін (клетак) рознага генатыпу (Р. па генатыпе) ці генатыпічна абумоўленае адрозненне патомкаў па праяўленні адзнакі (Р. па фенатыпе). Аснова — траплянне розных алеляў генаў храмасом і храматыд у даччыныя клеткі пры дзяленні мацярынскай. Утварэнне розных палавых клетак у меёзе наз. меятычным, ці гаметычным Р., а клетак рознага генатыпу ў мітозе — мітатычным або саматычным Р. (у шматклетачных арганізмаў прыводзіць да мазаіцызму). Пры нармальных паводзінах храмасом патомкі рознага генатыпу (і фенатыпу) паяўляюцца з вызначанай частатой, таму Р. характарызуюць колькасна. Выяўленне Р. — важны інструмент генет. аналізу, які сведчыць пра гетэразіготнасць зыходных арганізмаў (клетак). Выкарыстоўваецца для атрымання зыходных форм у селекцыі арганізмаў.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)