ПЛІ́ЕЎ Грыс (Рыгор Дзамбалатавіч; 15.10.1913, с. Рук, Паўднёвая Асеція — 17.11.1999),

асецінскі паэт, драматург, перакладчык. Нар. паэт Паўн. Асеціі (1973). Скончыў Маск. тэатр. ін-т (1935), вучыўся на Вышэйшых літ. курсах пры Літ. ін-це імя М.​Горкага (1955—57). З 1935 акцёр Паўн.-Асецінскага драм. т-ра, у 1946—48 яго дырэктар. Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў вершаў «У крылатыя гады» (1933), «Салдат» (1948), «Жыццё і смерць» (1963), «Сем чэркесак» (1967) і інш., драм. твораў у вершах (трагедыя «Чэрмен», 1949). Паэзія П. адметная музыкальнасцю, кампазіцыйнай стройнасцю, дакладнай апрацоўкай формы. Пераклаў на асецінскую мову асобныя вершы Я.​Купалы, М.​Багдановіча, некат. творы У.​Шэкспіра, А.​Пушкіна, М.​Лермантава.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1959;

Пятый кинжал: Стихи. Баллады. Поэмы. Орджоникидзе, 1972.

А.​С.​Пухаеў.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́НДАЎ (Randow) Норберт (н. 27.11.1929, г. Нойштрэліц, Германія),

нямецкі перакладчык; адзін з прапагандыстаў бел. л-ры ў Германіі. Скончыў Берлінскі ун-т (1953), у 1955—62 выкладаў у ім балг. л-ру. Перакладае з бел., рус., балг. і інш. слав. моў. Пераклаў на ням. мову вершы Я.​Купалы, апавяданні М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, К.​Каганца, М.​Чарота, аповесці «Абеліск» (1976), «Здрада» (1978), «Аблава» (1995) В.​Быкава (разам з Г. і У.​Чапегамі), «Раданіца» А.​Кудраўца (1983). Укладальнік і выдавец анталогій бел. апавяданняў «Буслы над балотамі» (1971), «Малады дубок» (1987), зб-каў апавяд. «Казкі жыцця» Я.​Коласа (1988), вершаў «Знакі вертыкальнага часу» А.​Разанава (1995). Выступае ў ням. друку і энцыкл. выданнях з артыкуламі па праблемах бел. л-ры, творчасці бел. пісьменнікаў.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЎЧЫКАЎ Уладзімір Мікалаевіч (н. 3.5.1958, г. Жодзіна Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1977), БДУ (1986). Настаўнічаў, працаваў мастаком-афарміцелем. У 1986—90 у час. «Бярозка». З 1994 дырэктар выд-ва «Радыёла-плюс». Друкуецца з 1982. Аўтар кн. апавяданняў і п’ес «Гульня ў тэстамент» (1992), зб. прозы «Лісты да брата» (1998), у якіх філас. роздум над праблемамі сучаснасці. Пераклаў з груз. на бел. мову раман Н.​Думбадзе «Закон вечнасці» (1989), некат. вершы груз. паэтаў. На груз. мову пераклаў зб. версэтаў А.​Разанава «Горад-вандроўнік» (1991). Аўтар п’ес-казак. У яго пераказе ў Віцебскім т-ры «Лялька» паст. (1995) п’еса-казка паводле О.​Уайльда «Хлопчык-зорка». У 1987—89 па сваіх сцэнарыях вёў тэлеперадачы «У сям’і адзінай», «Дыялогі маладых перакладчыкаў».

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПРЫНЧА́Н Вадзім Браніслававіч (н. 14.1.1950, г. Гомель),

бел. паэт, перакладчык. Сын Б.​П.​Спрынчана. Скончыў БДУ (1972). У 1972—89 у выд-ве «Мастацкая літаратура» (з 1982 заг. рэдакцыі паэзіі). Друкуецца з 1976. Піша на рус. мове. У паэт. зб-ках «Зямля і зоры» (1981), «Святло непадзельнае» (1991) філас. роздум пра чалавека, прыроду, трывога за лёс свету, тэма кахання. Вершы 1990-х г. вызначаюцца ўзмацненнем хрысц. матываў. Складальнік кніг вершаў бел. паэтаў «Адданасць» (1978), «Дзень паэзіі, 1965—1984» (1986, з Я.​Міклашэўскім), кніг твораў М.​Лермантава «Зорка зорцы голас падае» (1989), А.​Пушкіна (т. 1—2, 1990) і інш. Пераклаў на рус. мову асобныя вершы Я.​Коласа, Р.​Барадуліна, А.​Канапелькі, М.​Мятліцкага, Г.​Пашкова, А.​Пысіна, М.​Стральцова, Я.​Янішчыц і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДАВО́ДСТВА,

устаноўлены законам парадак узбуджэння, расследавання, судовага разгляду і вырашэння крымін., цывільных 1 адм. спраў. С. Рэспублікі Беларусь будуецца на дэмакр. прынцыпах: непасрэднасць, вуснасць і бесперапыннасць суд. разбору, галоснасць судаводства, нязменнасць складу суда (суддзі) пры суд. разборы, спаборнасць у форме суд. спрэчак, роўнасць правоў бакоў, забеспячэнне правоў абвінавачаных на абарону, вядзенне разбору на бел. або рус. мове (для тых, хто не валодае гэтымі мовамі, павінен быць прадастаўлены перакладчык). Адрозніваюць С. па цывільных і гасп. справах, што адбываецца непасрэдна ў адпаведных судах, і крымін. С., якое ўключае ў сябе не толькі суд. дзейнасць, але і парадак вядзення папярэдняга следства і дазнання. Працэсуальнае заканадаўства вызначае паўнамоцтвы судоў, органаў пракуратуры, папярэдняга следства і дазнання, рэгламентуе правы і абавязкі ўдзельнікаў працэсу. Гл. таксама Падследнасць, Падсуднасць.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУЛУКІ́ДЗЕ Тамара Рыгораўна (19.12.1903, Тбілісі — 9.2.1991),

грузінская актрыса, бел. пісьменніца, перакладчык. Жонка К.Пальчэўскага. Засл. арт. Грузіі (1934). Скончыла Тбіліскі тэатр. ін-т (1924). Працавала ў Т-ры імя Ш.​Руставелі (Тбілісі, 1926—36 і 1956—59), Сыктыўкарскім і Курскім лялечных т-рах (1946—50). Сярод роляў: Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра), Амалія («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Ксенія («Разлом» Б.​Лаўранёва). У 1936 і 1950 рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1956. З 1959 жыла ў Мінску. Друкавалася з 1933. Пісала на груз., бел. і рус. мовах. У бел. друку з 1959. Аўтар дзіцячых п’ес (зб. «Тваё слова гонару», 1973), нарысаў (зб. «Блакітны факел», 1965), кн. «Да дзяцей прыйшоў важаты» (1967), апавяданняў пра т-р (зб. «Калі ўздымаецца заслона», 1963) і кн. «Усяго адно жыццё» (1983). Перакладала на груз. мову творы бел. і інш. пісьменнікаў.

т. 17, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРКА́САЎ Анатоль Паўлавіч (28.11.1928, г. Светлаводск Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.11.2000),

бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі (1956—64), у выд-вах «Беларусь» (з 1967), «Мастацкая літаратура» (з 1972), «Юнацтва» (1986—89). Друкаваўся з 1953. Аўтар зб-каў навук.-папулярных нарысаў для дзяцей «Балотны скарб» (1959), «Цудоўны камень» (1963), нарысаў пра Мінскі трактарны («Магутны твой зямляк», 1969) і Бел. аўтамаб. («Волаты на дарогах», 1974) заводы. Пераклаў на бел. мову «Аповесць пра суровага сябра» Л.​Жарыкава (1961), «Клуб калумбаў» В.​Біянкі (1962), «Тры дні спакою» М.​Прыляжаевай. (1970), зб. аповесцей і апавяданняў І.​Васіленкі «Зялёны куфэрак» (1964) і інш. Паводле яго сцэнарыяў паст. дакумент. і навук.-папулярныя фільмы.

Тв.:

Паштальён: Апавяданне ў малюнках. Мн., 1991;

На ўсе рукі майстар: Нарыс. Мн., 1993.

т. 17, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРШАНЕ́ВІЧ Вадзім Габрыелевіч (6.2.1893, Казань, Татарстан — 18.5.1942),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т. Прымыкаў да футурызму, у 1919—24 адзін з прадстаўнікоў імажынізму. Першая кніга паэзіі — «Вясновыя праталінкі» (1911). Тэарэт. погляды выклаў у працах «Футурызм без маскі» (1913), «Зялёная вуліца» (1916), «2×2=5. Лісты імажыніста» (1920) і інш. У паэт. кнігах «Рамантычная пудра», «Экстравагантныя флаконы» (абедзве 1913), «Вечны жыд» (1916), «Крэматорый» (1919), «Залаты кіпень» (1921, з А.​Марыенгофам і С.​Ясеніным), «Адна суцэльная недарэчнасць» (1922) і інш. урбаністычныя матывы, тэмы кахання і мастацтва. У гады грамадз. вайны разам з У.​Маякоўскім пісаў тэксты для «Вокнаў РОСТА». Аўтар інсцэніровак, лібрэта, мемуараў і інш. Пераклаў «Кветкі зла» Ш.​Бадлера, асобныя п’есы У.​Шэкспіра, П.​Карнеля, Б.​Брэхта, вершы Т.​Гацье, А.​Рэмбо і інш.

т. 17, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯВО́РСКІ (Jaworski) Казімеж Анджэй (28.11,1897, Сядлішча Люблінскага ваяв., Польшча — 6.9.1973),

польскі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Харкаўскім, Люблінскім, Варшаўскім ун-тах. Заснавальнік і рэдактар (1933—39, 1945—49) літ. час. «Kamena» («Камэна»), дзе змяшчаў пераклады бел. паэзіі. У 2-ю сусв. вайну вязень канцэнтрацыйнага лагера. Аўтар зб-каў вершаў «Венцеры: Вянок санетаў» (1932), «Выбраныя вершы. 1939—54» (1955), «Поступ часу» (1961, уключаны і пераклады) і інш. Перакладаў творы Я.​Купалы (урыўкі з паэм «Яна і я», «Над ракою Арэсай» і вершы), М.​Танка (паэма «Кастусь Каліноўскі» і вершы), Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Чарота, П.​Броўкі, А.​Куляшова, Я.​Пушчы і інш. Аўтар артыкулаў пра Я.​Купалу [«Янка Купала: (Да 10-годдзя з дня смерці паэта)», 1952; «Паэт Беларусі», 1955; «Творца сучаснай беларускай паэзіі», 1962], пра бел. паэзію «Беларуская паэзія ў перакладах» (1971).

Тв.:

Pisma. T. 1—9. Lublin, 1971—72.

І.​У.​Саламевіч.

т. 18, кн. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛАВУ́С Дзмітро (Дзмітрый Рыгоравіч; н. 24.4.1920, с. Курманы Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі ун-т (1945). Творчасць Білавуса, пераважна вострасатырычнага і гумарыстычнага кірунку, выкрывае негатыўныя з’явы жыцця (зб-кі вершаў «Вясёлыя твары», 1953; «Зігзаг», 1956; «Альфы — не амегі», 1967; «Асцярожна: слова!», 1984; ліра-эпічныя паэмы «Жыццё Адаркі Палягечы», 1956; «Грыц Гачык», 1986). Піша для дзяцей. На ўкр. мову перакладаў творы рус., літ., балг., а таксама бел. пісьменнікаў (Ф.​Багушэвіча, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, М.​Калачынскага, Я.​Коласа, У.​Корбана, К.​Крапівы, Я.​Купалы, М.​Макаля, М.​Танка і інш.). На бел. мову творы Білавуса пераклалі А.​Бялевіч, Вялюгін, Гілевіч, С.​Дзяргай. Літ. прэмія Украіны імя М.​Рыльскага 1976.

Тв.:

Вибране. Киів, 1980;

Бел. пер. — Птушыныя галасы. Мн., 1960.

Літ.:

Томенко М. Дмитро Білоус. Киів, 1988.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)