ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),

пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд. г. назад і закончыўся 570 млн. г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.​Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.

Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл. Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд. г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.

Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.

На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл. Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.

Літ.:

Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕЎРЫ́Т (ад грэч. aleuron мука),

рыхлая дробнаабломкавая асадкавая горная парода, паводле саставу прамежкавая паміж пяскамі і глінамі (пыл, глей, лёс і лёсападобныя пароды). Складаецца пераважна з мінер. зярнят (кварц, палявы шпат, слюда і інш.) памерам 0,01—0,1 мм. У залежнасці ад пераважных памераў вылучаюць буйна- і дробнаалеўрытавыя (тонкаалеўрытавыя) рознасці. Алеўрыт выкарыстоўваюць у вытв-сці цэменту і буд. керамікі.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАХТО́Н (ад грэч. autochthōn мясцовы, карэнны) у геалогіі, участак зямной кары, які не зведаў значных гарыз. перамяшчэнняў і залягае пад насунутым на яго тэктанічным покрывам (алахтонам). Подсцільныя пароды звычайна рэзка адрозніваюцца ад покрыўных, зона размежавання іх запоўнена міланітамі. Можа мець складкавыя ці разрыўныя парушэнні незалежна ад покрыва або сумесна з ім. Пашыраны ў складкавых абласцях.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТЫГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад грэч. authigenës мясцовага паходжання),

мінералы асадкавых горных парод, якія ўтварыліся ў працэсе седыментацыі і літагенезу. Аўтыгеннымі мінераламі з’яўляюцца розныя карбанаты, растваральныя солі, рудныя мінералы, барыт, цэлесцін, палявы шпат, цэаліты, некаторыя гліністыя мінералы. На Беларусі пашыраны ў пародах асадкавага чахла, складаюць саляныя і сульфатныя пароды дэвону Прыпяцкага прагіну (галіт, сільвін, карналіт, ангідрыт, гіпс і інш.).

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСФА́ЛЬТ (ад грэч. asphaltos горная смала),

будаўнічы су́вязны матэрыял. Прыродны асфальт утвараецца пры акісленні нафты пасля выпарэння лёгкіх фракцый. Пашыраны ў раёнах неглыбокага залягання і выхаду на паверхню нафтаноснай пароды. Штучны асфальт — сумесь бітумаў (13—60%) з тонказдробненым вапняком, пясчанікам і інш., адрозніваецца ад прыроднага наяўнасцю парафіну і нафтавага масла. Асфальт выкарыстоўваюць як дахавы гідраізаляцыйны матэрыял, у вытв-сці асфальтабетону, замазак, клею.

т. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІ́Т (ад лац. albus белы),

пародаўтваральны мінерал групы плагіяклазаў Na[AlSi3O8]. Крышталі таблітчастыя трыкліннай сінганіі. Агрэгаты зярністыя, буйна- і дробнапласціністыя. Колер белы, жаўтаваты, чырванаваты. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 6—6,5; крохкі. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Тыповы мінерал гранітных пегматытаў, нефелінавых і шчолачных сіенітаў і інш.; цалкам складае горныя пароды метасаматычнага паходжання — альбітыты. Выкарыстоўваецца ў шкляной, керамічнай, абразіўнай вытв-сцях.

Альбіт.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВА́Л,

раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд. м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МА́ГМЫ,

сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, у выніку якіх з магмы ўзнікаюць горныя пароды рознага хім. саставу або з колькаснымі суадносінамі адных і тых жа мінералаў. Асн. фактары Д.м.: змена тэрмадынамічных умоў, гравітацыя, асіміляцыя і інш. Адрозніваюць крышталізацыйную дыферэнцыяцыю (раздзяленне цвёрдых фаз у працэсе крышталізацыі) і ліквацыйную (раздзяленне расплаву на 2 вадкія фазы, якія не змешваюцца, аддзяленне лятучых і інш. форм).

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫФО́Н,

1) раптоўны прарыў з затрубнай прасторы буравой свідравіны флюіду (у асн. газу), які рухаецца пад вял. ціскам. Суправаджаецца ўтварэннем кратэраў, дыяметр варонкі якіх можа дасягаць некалькіх дзесяткаў і нават соцень метраў; выклікае прасяданне зямной паверхні. Часта грыфоны прыводзяць да пажараў і ліквідацыі свідравіны.

2) Выхад падземнай вады з ваданоснай пароды сканцэнтраваным струменем, які падымаецца вышэй за паверхню зямлі ці дно вадаёма.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ЗІЯ ў геалогіі, сутыкненне вялізных літасферных пліт або кантынентаў. У месцы К. ствараліся магутныя горныя сістэмы, пароды зямной кары зміналіся ў складкі, разломаўтварэнне дасягала глыбінь мантыі, актывізаваліся тэктанічныя і вулканічныя працэсы. Прыкладам К. служыць сутыкненне п-ва Індастан (Інд. платформа якога лічыцца ч. даюрскага кантынента Гандвана) з кантынентам Еўразія, што, магчыма, з’явілася адной з прычын утварэння Гімалаяў.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)