Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́МШЫ ((Gramsci) Антоніо) (23.1.1891, г. Алес, вобл. Сардзінія, Італія — 27.4.1937),
італьянскі паліт. дзеяч, філосаф, гісторык. Вучыўся ў Турынскім ун-це (1911—14). У 1913—21 чл.Італьянскай сацыялістычнай партыі, адзін з кіраўнікоў яе левага крыла. З 1919 выдаваў час. «L’Ordine Nuovo» («Новы лад»), які заснаваў разам з У.Тэрачыні і П.Тальяці. Адзін з заснавальнікаў (1921) і ген. сакратар (з 1924) Італьян.Камуніст. партыі. У 1922—23 удзельнічаў у працы Камуністычнага інтэрнацыянала. Дэп. парламента (1924—26). Выступаў за паліт. саюз з інш. партыямі — праціўнікамі фашызму. У 1926 арыштаваны, у чэрв. 1928 асуджаны на 20 гадоў зняволення (пазней тэрмін скарочаны). У зняволенні напісаў «Турэмныя сшыткі», у якіх даследаваў сац.-паліт. гісторыю Рысарджымента, марксізм як светапогляд і вучэнне, тэорыю прыродазнаўства, крытыкаваў погляды на культуру Б.Крочэ і інш. Фашызм вызначаў як «несанкцыянаванае законам насілле з боку капіталіст. класа».
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произведения. М., 1980.
Літ.:
Григорьева И.В. Исторические взгляды Антонио Грамши. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ ВАЛЕ́РА ((De Valera) Іман) (14.10.1882, Нью-Йорк — 29.8.1975),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Ірландыі. Скончыў Дублінскі ун-т (1904). З 1908 чл.Гэльскай лігі, з 1913 — патрыят. арг-цыі «Ірл. валанцёры». Адзін з кіраўнікоў Ірландскага паўстання 1916, за што зняволены і прыгавораны да смерці, але амнісціраваны. З 1917 лідэр паліт. арг-цыі Шын фейн і «Ірл. валанцёраў». У 1919 абраны прэзідэнтам Ірл. рэспублікі, не прызнаў англа-ірландскі дагавор 1921. У 1922 адмовіўся ад пасады прэзідэнта і ў грамадз. вайну 1922—23 узначаліў апазіцыю, якая дамагалася поўнага суверэнітэту і цэласнасці краіны. У 1923 заснаваў партыю «Фіяна файл», пасля яе перамогі на выбарах узначальваў у 1932—48 урад і быў міністрам замежных спраў. Імкнуўся да поўнай паліт. і эканам. незалежнасці Ірландыі ад Вялікабрытаніі. У 1932 узначальваў сесію Савета Лігі Нацый, у 1938 — Асамблею Лігі Нацый. У 2-ю сусв. вайну захаваў нейтралітэт Ірландыі. У 1951—54, 1957—59 зноў кіраўнік урада, у 1959—73 прэзідэнт Ірландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ ФАЛА́НГА (Falanga Espanola),
фашысцкая партыя ў Іспаніі ў 1933—67. Засн. Х.А.Прыма дэ Рыверам. У 1934 аб’ядналася з другой фаш. арг-цыяй — Хунтамі нацыянал-сацыялісцкага наступлення (засн. ў 1931). Абедзве групоўкі ўзніклі ў маладзёжным асяроддзі пад уплывам ідэйных і арганізац. узораў італьян. фашызму і ням. нацызму. Мела нацыяналіст. праграму: імкнулася да стварэння таталітарнай дзяржавы, прыняла прынцып аднаасобнага кіраўніцтва (нац. правадыр — Прыма дэ Рывера). Стварыла парт. міліцыю, якая дзейнічала тэрарыст. метадамі. Супрацоўнічала з італьян. і ням. фашыстамі. Варожа ставілася да ісп. рэспублікі 1931—36, пасля перамогі на выбарах Нар. фронту забаронена (сак. 1936). Актыўна падтрымала антырэсп. мяцеж (ліп. 1936), з 1937 адзіная легальная паліт. партыя на чале з Ф.Франка, прыняла назву «Ісп. фаланга традыцыяналістаў і хунт нацыянал-сацыялісцкага наступлення». Лічылася адным з гал. элементаў дыктатуры Франка; не адыгрывала самаст.паліт. ролі. Паводле дэкрэта 1958 ператворана ў грамадска-паліт. рух, у 1967 заменена Нац. рухам (распушчаны ў 1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ВЫЯ» І «ПРА́ВЫЯ» ў палітыцы,
традыцыйныя паліталагічныя паняцці для абазначэння 2 найб. значных паліт. плыней у большасці краін свету. Тэрміны «Л.» і «п.» ўзніклі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99, калі радыкальныя і кансерватыўныя дэпутаты Канвента размяшчаліся адпаведна на лаўках з левага і правага бакоў залы пасяджэнняў. З тых часоў у зах. (еўрап.) традыцыі «левымі» называюць прыхільнікаў паліт., сац. і эканам. пераўтварэнняў у інтарэсах працоўных, прыярытэту агульнадзярж. і грамадскіх інтарэсаў над асабістымі (з 2-й пал. 19 ст. пераважна носьбітаў камуніст. і сацыяліст. ідэалогіі); «правымі» адпаведна лічаць прыхільнікаў капіталізму і захавання традыц. форм дзярж. ладу — звычайна членаў антыкамуніст. і антысацыяліст. партый і рухаў. У СССР панавала ўяўленне, што «правыя» — гэта перш за ўсё прыгнятальнікі народа, ворагі свабоды думкі і слова, а «левыя» — супрацьлеглая ім плынь прыхільнікаў вызвалення чалавека ад паліт., сац., нац. і эканам. прыгнёту. У наш час у краінах былога СССР паступова ўсталёўваецца традыц. для зах. краін падзел на «Л.» і «п.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБА́ВАЧНЫ ПРАДУ́КТ,
частка чыстага прадукту, створанага ў працэсе вытв-сці звыш неабходнага прадукту, які пакрывае працоўныя затраты; тэрмін марксісцкай паліт. эканоміі. Кошт П.п. наз.прыбавачнай вартасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС-КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (ад англ. press-conference),
сустрэча дзярж., паліт., грамадскіх ці навук. дзеячаў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі для паведамлення пэўных звестак, высвятлення актуальных пытанняў грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДЗІ (Махандас Карамчанд) (2.10.1869, г. Парбандар, Індыя — 30.1.1948),
мысліцель, грамадска-паліт. і дзярж. дзеяч, адзін з лідэраў інд.нац.-вызв. руху, заснавальнік і ідэолаг гандзізму. Празваны Махатмам («вялікая душа»). Юрыдычную адукацыю атрымаў у Вялікабрытаніі. У 1893—1915 жыў у Паўд. Афрыцы. Філас. і грамадска-паліт. погляды Гандзі сфарміраваліся на аснове класічнай інд. філасофіі і пад уплывам ідэй прадстаўнікоў зах.-еўрап. (К.Маркс, Ч.Дарвін, ідэолагі фабіянскага сацыялізму) і рус. (П.А.Крапоткін, Л.М.Талстой) філас. і паліт. думкі. Асн. палажэнне яго філасофіі — атаясамліванне Бога і ісціны, спасціжэнне якой магчыма праз маральнае самаўдасканаленне чалавека, гуманіст. арыентаванасць яго думкі і дзеянняў; найважнейшы прынцып — гуманізм, які трактуецца як абавязак-людзей у барацьбе за здзяйсненне сваіх патрабаванняў і ідэалаў паважаць жыццё ва ўсіх яго праявах. Распрацаваў канцэпцыю сат’яграхі (літар. ўпартасць у ісціне) — сілы ісціны і любові, ненасілля, якія супрацьпастаўляюцца любым формам зла і насілля. Гандзі звязваў узвышанасць грамадскага ідэалу з чысцінёй сродкаў яго дасягнення. Адстойваў тэорыю інд. нацыі, цэласнасць незалежнай інд. дзяржавы, грамадз. і паліт. адзінства індусаў, сікхаў, мусульман і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Моя жизнь. М., 1969.
Літ.:
Роллан Р. Махатма Ганди: Пер. с фр.Л., 1924;
Датта Д. Философия Махатмы Ганди: Пер. с англ.М., 1959;
Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ Адбылася 12—16.10.1925 у Берліне як нарада бел.паліт. дзеячаў у эміграцыі. Склікана А.Цвікевічам. З’явілася вынікам расколу ў бел. эмігранцкім асяроддзі, а таксама перамен, што адбыліся ў 1921—25 у БССР і Зах. Беларусі пасля Першай Усебеларускай канферэнцыі (Прага, 1921). На Д.У.к. прыехалі З.Жылуновіч і нам. паўнамоцнага Прадстаўніка СССР у Польшчы А.Ульянаў. Перад канферэнцыяй урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыняў 2 пастановы. Паводле 1-й, супраць якой галасаваў В.Захарка, Рада Міністраў БНР спыняла сваю дзейнасць і прызнавала Мінск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі». Паводле 2-й, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зліквідаваным. Пасля гэтага Д.У.к. большасцю галасоў прызнала Мінск цэнтрам бел. адраджэння. Пастановы Рады Міністраў не мелі сілы, бо яна не магла засядаць асобна ад Прэзідыума Рады БНР. Старшыня Рады БНР П.Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі рашэнні Д.У.к., а член Прэзідыума Рады БНР Я.Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канферэнцыі К.Езавітава. Дзярж. пячатка засталася ў Крачэўскага. Потым яна перадавалася наступным старшыням Рады БНР. У л-ры за 1-й і 2-й канферэнцыямі замацаваліся назвы Усебел. паліт. канферэнцый або Нац.-паліт. нарад.
Літ.:
Цьвікевіч А. Берлінская канферэнцыя // Полымя. 1926. № 4;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Крэчэўскі П. Мандаты БНР // Спадчына. 1993. № 1;
Сідарэвіч А. Берлінская канферэнцыя 1925 г.: паліт. варункі, рашэнні, вынікі // Культура. 1993. 3 жн.