«АКЦЯ́БР»,

газета, орган ЦК КП(б)Б. Выдавалася з 7.11.1925 да 22.6.1941 штодзённа ў Мінску на яўр. мове. Асвятляла міжнар. становішча, гасп. і культ. жыццё рэспублікі, змены ў побыце яўр. насельніцтва. Раз на тыдзень змяшчала літ. старонку, на якой друкаваліся пісьменнікі І.​Харык, З.​Аксельрод, М.​Кульбак і інш., пераклады твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, М.​Чарота, М.​Лынькова і інш.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЗЯЛЁНЫХ (БПЗ),

палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1992. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Зялёная рада. Асн. мэты — забеспячэнне грамадзянам Беларусі права пражывання ў здаровым асяроддзі, удзел у распрацоўцы заканад. актаў па ахове навакольнага асяроддзя і падрыхтоўцы праектаў рашэнняў, у т. л. альтэрнатыўных, якія маюць дачыненне да аховы і аздараўлення навакольнага асяроддзя. Найбольшыя арг-цыі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Салігорску, Светлагорску.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́САВЫ КАМІТЭ́Т АМЕ́РЫКІ (БККА),

грамадская арганізацыя беларусаў у ЗША. Створаны ў 1951 у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі) як выканаўчы орган Кангрэса беларусаў Амерыкі. Каардынуе работу бел. згуртаванняў, якія прытрымліваюцца паліт. платформы Бел. цэнтр. рады. Старшыні БККА М.​Шчорс (1951—57), І.​Касяк (1957—89), Р.​Завістовіч (з 1990). Збірае і распаўсюджвае інфармацыю на надзённыя бел. тэмы. Выдае час. «Беларуская думка».

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЭМІГРА́НТ»,

штомесячная газета бел. эміграцыі, орган Згуртавання беларусаў Канады. Выдавалася ў 1948—54 у Таронта (да кастр. 1949, № 1—19, на рататары). Гал. рэдактар К.​Акула (з № 9 за 1948). Газета прапагандавала ідэю нац. незалежнасці Беларусі, друкавала матэрыялы аб грамадска-паліт. жыцці на Беларусі і інш. Імкнучыся дапамагчы беларусам прыстасавацца да жыцця ў эміграцыі, змяшчала інфармацыю аб Канадзе, парады. Выйшла 58 нумароў.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕТА́НГІЙ (ад гаметы + грэч. angeion сасуд), спецыялізаваная клетка або шматклетачны палавы орган раслін і грыбоў, у якім развіваюцца гаметы. У некат. грыбоў і водарасцей гаметангій прадстаўлены адной шмат’ядзернай клеткай, змесціва якой без падзелу на гаметы зліваецца са змесцівам другой падобнай клеткі. У ааміцэтаў, аскаміцэтаў, базідыяміцэтаў і вышэйшых раслін з дыферэнцыраванымі паводле полу гаметамі мужчынскія гаметангіі называюцца антэрыдыямі, жаночыя — аагоніямі або архегоніямі.

В.​С.​Гапіенка.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНАГА КАНТРО́ЛЮ Рэспублікі Беларусь, орган дзярж. кантролю ў краіне. Створаны ў 1996 шляхам пераўтварэння службы кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Утвараецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Ажыццяўляе кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта, парламента, урада і інш. дзярж. органаў, якія рэгулююць адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Старшыня к-та назначаецца Прэзідэнтам. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці к-та вызначаюцца заканадаўствам.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫВЕ́ БЕЛАРУ́СЬ!»,

часопіс. Орган Саюза беларускай моладзі (СБМ). Выдаваўся пры падтрымцы акупац. улад у ліп. 1943 — жн. 1944 у Мінску на бел. мове. Асвятляў мэты і задачы арг-цыі, палажэнні арганізац. і страявога статута СБМ, інфармаваў пра семінары, нарады і інспекцыйныя паездкі кіраўнікоў СБМ. Сярод публікацый нарысы па гісторыі Беларусі, вершы і песні бел. аўтараў, антысав. і антысеміцкая публіцыстыка. Выйшла 12 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 6, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАЎКА́ЗСКІ СЕЙМ,

орган дзярж. улады ў Закаўказзі ў 1918. Скліканы Закаўказскім камісарыятам 23.2.1918 у г. Тбілісі з мэтай юрыдычна аформіць адрыў Закаўказзя ад Сав. Расіі. Уваходзілі дэпутаты, выбраныя ад Закаўказзя ва Устаноўчы сход, прадстаўнікі партый меншавікоў, дашнакоў, мусаватыстаў і інш. З.с. аб’явіў сябе заканад. органам Закаўказзя, у сак. 1918 санкцыяніраваў аддзяленне Закаўказзя ад Сав. Расіі. 9.4.1918 абвясціў незалежнасць Закаўказскай дэмакр. федэратыўнай рэспублікі. Кіраўнік А.​Чхенкелі. 26.5.1918 распушчаны.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЫ И ВРЕ́МЯ»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і інфарм. газета. Выдаецца з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. З вер. 1991 незалежная левая газета, з ліст. 1996 орган КПБ. Паліт. пазіцыя газеты — адраджэнне СССР, пераарыентацыя грамадства на сацыяліст. шлях развіцця. Друкуе афіц. матэрыялы КПБ, руху «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць», інш. левых арг-цый, тэарэт. і публіцыст. артыкулы на актуальныя паліт. тэмы.

Л.​Я.​Школьнікаў.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІДЭ́НЦКАЕ ПРАЎЛЕ́ННЕ,

у большасці краін свету (ЗША, Індыя, Расія і інш.) часовы парадак кіравання асобнымі мясцовасцямі, калі ў прадугледжаных законам выпадках (стыхійныя бедствы, экалагічныя катастрофы, вострыя сац.-эканам. і сац.-паліт. крызісы, масавыя беспарадкі і інш.) абвяшчаецца надзвычайнае становішча. Уводзіцца прэзідэнтам. Пры П.п. паўнамоцтвы адпаведных мясц. органаў улады і кіравання прыпыняюцца, ажыццяўленне іх функцый ускладаецца на створаны прэзідэнтам спец. орган або на прызначаную ім службовую асобу.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)