паўправадніковы дыёд з аднабаковай фотаправоднасцю, якая ўзнікае пры ўздзеянні на яго аптычнага выпрамянення. Дзеянне заснавана на паглынанні святла паблізу вобласці паўправадніковага пераходу, у выніку чаго генерыруюцца новыя носьбіты зараду (электронна-дзірачныя пары).
Адрозніваюць 2 рэжымы работы Ф.: фотадыёдны (са знешняй крыніцай сілкавання) івентыльны (без крыніцы сілкавання). У фотадыёдным рэжыме пры падачы на паўправадніковы пераход неасветленага Ф. зваротнага напружання праз яго праходзіць невял. цемнавы ток, а пры асвятленні ў Ф. ўзнікае фотаток, які ў шырокім дыяпазоне лінейна залежыць ад інтэнсіўнасці выпрамянення. У вентыльным рэжыме пры асвятленні Ф. на яго вывадах з’яўляецца эрс. Выкарыстоўваецца ў оптаэлектроніцы, аўтаматыцы. выліч. і вымяральнай тэхніцы як фотаэлемент — для атрымання фотаэрс (вентыльны рэжым), а таксама для кіравання токам у эл. ланцугах (фотадыёдны рэжым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯ́ГАВАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,
электрычная падстанцыя, прызначаная для сілкавання токам рухавікоў эл.цягі на чыгунках, метрапалітэне, прамысл. электратранспарце, трамвайных і тралейбусных лініях. Будуюцца ў выглядзе трансфарматарных падстанцый і пераўтваральных падстанцый.
Трансфарматарныя Ц.п. служаць для паніжэння напружання 3-фазнага току (ад энергасістэмы) да 27,5 кВ, неабходнага для работы чыг. рухомага саставу, і 6—10 кВ — для прамысл. транспарту, а таксама 1-фазнага току ад спец. электрастанцый. Пераўтваральныя Ц.п. выкарыстоўваюцца на лініях, што працуюць на пастаянным току. Яны пераўтвараюць 3-фазны пераменны ток (ад энергасістэмы) у пастаянны (напружаннем 275 В для падземнага эл. транспарту, 600 і 825 В для гар. і прамысл., 1650 В для прамысл. транспарту, 3300 В для магістральных чыгунак) або ў 1-фазны пераменны паніжанай частаты. Адрозніваюць Ц.п. адкрытага і закрытага (размешчаны ў асобных памяшканнях) тыпаў, перасоўныя (звычайна на чыг. платформах). Чыг. Ц.п. выкарыстоўваюць для сілкавання і нецягавых спажыўцоў, размешчаных паблізу электрыфікаваных чыгунак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДАПАДЗЕ́Л,
вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.І.Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.У.Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб.напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.В.Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. ad да + perceptio успрыманне),
залежнасць успрымання ад мінулага вопыту, псіхічнага стану і індывідуальных асаблівасцяў чалавека. Тэрмін уведзены ням. філосафам Г.Лейбніцам, які трактаваў аперцэпцыю як выразнае (усвядомленае) успрыманне душой пэўнага зместу. І.Кант разам з «эмпірычнай» аперцэпцыяй увёў паняцце «трансцэндэнтальнай» аперцэпцыі, якая дазваляе сінтэзаваць шматлікія ўспрыманні на аснове спрадвечнага, нязменнага «адзінства свядомасці» як умовы ўсялякага вопыту і пазнання. У заснаванай В.Вунтам псіхалогіі аперцэпцыя (канец 19 — пач. 20 ст.) — успрыманне, якое патрабуе напружання волі і ад якога залежаць усе формы псіхічнай дзейнасці чалавека. Сучасная псіхалогія трактуе аперцэпцыю як вынік жыццёвага вопыту індывіда, які адлюстроўваецца ў кожным псіхічным працэсе (ад прасцейшага ўспрымання да найскладанейшых відаў дзейнасці). Адрозніваюць устойлівую аперцэпцыю — залежнасць успрымання ад асаблівасцяў асобы (светапогляду, перакананняў, адукаванасці і інш.) і часовую аперцэпцыю, у якой звязваюцца сітуацыйна розныя формы псіхічнага стану (эмоцыі, устаноўкі і г.д.).
Літ.:
Лейбниц Г.В. Новые опыты о человеческом разуме. М.; Л., 1936;
Вундт В. Очерки психологии. М., 1912;
Гримак Л.П. Резервы человеческой психики. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
разбурэнне макрамалекул пад уздзеяннем цяпла, кіслароду, святла, іанізуючай радыяцыі, мех.напружання, біял. і інш. знешніх фактараў. Пагаршае ўласцівасці палімераў ці выклікае разбурэнне вырабаў з іх. Для барацьбы з Д.п. распрацаваны метады стабілізацыі палімераў.
Д.п. выклікае звычайна адначасовае ўздзеянне некалькіх знешніх фактараў, напр., пры эксплуатацыі на палімерныя вырабы ўздзейнічаюць святло, кісларод і вільгаць паветра, шматразовыя дынамічныя нагрузкі і інш. Пры Д.п. разрываюцца хім. сувязі ў макрамалекулах, што прыводзіць да памяншэння малекулярнай масы і змянення будовы. Часам дэструкцыя суправаджаецца дэполімерызацыяй (рэакцыя, адваротная полімерызацыі) — паслядоўным адшчапленнем малекул манамера ад макрарадыкала ці інш. актыўнага палімернага цэнтра. Гэты працэс найб. характэрны для палімераў, якія маюць чацвярцічны атам вугляроду ў ланцугу (напр., поліметылметакрылат). Д.п. адна з прычын старэння палімераў. Д.п. выкарыстоўваюць для палягчэння перапрацоўкі (напр., пластыкацыя каўчуку — шматразовая дэфармацыя на вальцах), выкарыстання (напр., для зніжэння вязкасці эфірацэлюлозных лакаў і эмалей праводзяць дэструкцыю цэлюлозы), а таксама высвятлення хім. будовы палімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАФА́РБАВЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці, якія ўтвараюцца пасля ацвярдзення (высыхання) лакафарбавых матэрыялаў, нанесеных на цвёрдую паверхню. Асн. прызначэнне Л.п. — ахова матэрыялаў ад разбурэння (напр., металаў ад карозіі, драўніны ад гніення) і дэкаратыўная апрацоўка паверхні.
Паводле эксплуатацыйных уласцівасцей Л.п. падзяляюць на атмасфера-, тэрма-, вода-, масла- і бензаўстойлівыя, хімічна ўстойлівыя, электраізаляцыйныя, кансервацыйныя і спец. прызначэння. Звычайна Л.п. атрымліваюць нанясеннем на паверхню некалькіх слаёў лакафарбавых матэрыялаў, якія адрозніваюцца саставам і хім. прыродай плёнкаўтваральных рэчываў. Адрозніваюць слаі: ніжнія (грунтовачныя, гл.Грунтоўкі), прамежкавыя (шпаклёвачныя, гл.Шпаклёўка), верхнія (покрыўныя), якія ўтвараюць фарбы і лакі. Агульная таўшчыня мнагаслойных Л.п. — 30—300 мкм. Асн.тэхнал. аперацыі атрымання Л.п.: падрыхтоўка паверхні для забеспячэння добрай адгезіі Л.п.; нанясенне лакафарбавых матэрыялаў распыленнем (пнеўматычным, гідраўлічным, аэразольным, у электрастатычным полі высокага напружання), акунаннем, абліваннем, уручную; сушка пры пакаёвай т-ры тэрмапластычных Л.п. ці пры павышаных т-рах (80—160 °C) тэрмарэактыўных; прамежкавая апрацоўка — шліфаванне ніжніх і паліраванне верхніх слаёў для надання Л.п. люстранога бляску. Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі (найб. у машынабудаванні, буд. індустрыі) і ў быце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫ́ЛАДА,
электравымяральная прылада, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. поля нерухомага пастаяннага магніта з магнітным полем току, што вымяраецца і працякае па рухомым правадніку (шпулі, рамцы). Выкарыстоўваецца для вымярэння эл.напружання, сілы току, супраціўлення, колькасці электрычнасці ў ланцугах пастаяннага току (у вальтметрах, амперметрах, омметрах, гальванометрах).
Найб. пашыраны М.п. са шпуляй, якая верціцца вакол восі паміж нерухомым магнітам і жалезным стрыжнем. Сіла, што адхіляе шпулю з замацаванай стрэлкай, прапарцыянальная сіле току. Ёсць таксама М.п., у якіх пастаянны магніт змешчаны ўнутры рухомай шпулі, і прылады з рухомым магнітам, замацаваным на восі ўнутры нерухомай шпулі. Выкарыстоўваюцца таксама магнітаэл. лагометры. М.п. як састаўная ч. ўваходзяць у выпрамныя, тэрмаэл., электронныя аналагавыя і інш. прылады, што вымяраюць сілу пераменнага току і напружанне. Межы вымярэння пашыраюць шунтамі і дабавачнымі супраціўленнямі. У спалучэнні з вымяральнымі пераўтваральнікамі М.п. вымяраюць і неэл. велічыні (т-ру, ціск і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОМ (Ohm) Георг Сіман (16.3.1787, г. Эрланген, Германія — 7.7.1854),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1839), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1842). Вучыўся ў Эрлангенскім ун-це (1805—06), дзе атрымаў ступень д-ра (1811). Выкладаў у гімназіях. З 1833 дырэктар Політэхн. школы ў г. Нюрнберг, з 1849 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы і акустыцы. Эксперыментальна ўстанавіў асн. закон эл. ланцуга (гл.Ома закон) і даў яго тэарэт. тлумачэнне (1827). Увёў паняцці электрарухальнай сілы (эрс), падзення напружання і эл. праводнасці, правёў першыя вымярэнні эрс крыніцы току. Паказаў, што найпрасцейшыя слыхавыя адчуванні выклікаюцца толькі гарманічнымі ваганнямі, на якія вуха раскладае складаныя гукі (акустычны закон О.). Яго імем названа адзінка эл. супраціўлення ом.
Літ.:
Голин Г.М.Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 339—347;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 257—261.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.
Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылемэл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксама бескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),
спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.