ФОТАДЫЁД (ад фота... + дыёд),

паўправадніковы дыёд з аднабаковай фотаправоднасцю, якая ўзнікае пры ўздзеянні на яго аптычнага выпрамянення. Дзеянне заснавана на паглынанні святла паблізу вобласці паўправадніковага пераходу, у выніку чаго генерыруюцца новыя носьбіты зараду (электронна-дзірачныя пары).

Адрозніваюць 2 рэжымы работы Ф.: фотадыёдны (са знешняй крыніцай сілкавання) івентыльны (без крыніцы сілкавання). У фотадыёдным рэжыме пры падачы на паўправадніковы пераход неасветленага Ф. зваротнага напружання праз яго праходзіць невял. цемнавы ток, а пры асвятленні ў Ф. ўзнікае фотаток, які ў шырокім дыяпазоне лінейна залежыць ад інтэнсіўнасці выпрамянення. У вентыльным рэжыме пры асвятленні Ф. на яго вывадах з’яўляецца эрс. Выкарыстоўваецца ў оптаэлектроніцы, аўтаматыцы. выліч. і вымяральнай тэхніцы як фотаэлемент — для атрымання фотаэрс (вентыльны рэжым), а таксама для кіравання токам у эл. ланцугах (фотадыёдны рэжым).

Р.​М.​Шахлевіч.

Схема крэмніевага планарнага фотадыёда: 1 — крэмніевы крышталь n-тыпу; 2 — амічныя кантакты; 3 — антыадбівальнае пакрыццё; 4 — дыфузная p-вобласць.

т. 16, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)