АРЫСТАКРА́ТЫЯ (грэчаскае aristokratia літаральна ўлада найлепшых),

1) форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць вышэйшым прывілеяваным класам; процістаіць манархіі і дэмакратыі. У антычнай палітычнай тэорыі праўленне арыстакратыі лічылася найбольш кампетэнтным і бескарыслівым (у адрозненне ад тымакратыі, праўлення карыслівых людзей), блізкім да ідэальнага. Гэтая канцэпцыя развіта ў працах Піфагора і прадстаўнікоў яго школы, Платона, Арыстоцеля і іншых. У старажытнасці арыстакратычнымі рэспублікамі былі Спарта, Рым (6—1 стагоддзі да нашай эры), Карфаген; у сярэдневяковай Еўропе — Венецыя, Пскоўская і Наўгародская феадальныя рэспублікі і іншыя.

2) Замкнутая грамадская група, якая займае вышэйшае становішча ў грамадстве; прыналежнасць да яе вызначаецца паходжаннем і спадчыннасцю (радавая арыстакратыя). Існуе таксама паняцце пра арыстакратыю духоўную або інтэлектуальную.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВЫ КАНДЭНСА́Т,

прыродная сумесь узаемараствораных газападобных і лёгкакіпячых вадкіх вуглевадародаў (C5H12 + вышэйшыя), якія знаходзяцца ў зямных нетрах у газа- або парападобным стане. Ахалоджванне і зніжэнне ціску да атмасфернага пры эксплуатацыі газакандэнсатных пакладаў вядзе да выпадзення з сумесі вадкай фазы — кандэнсату. Газавая частка газавага кандэнсату належыць да катэгорыі тлустых газаў. Утрыманне вадкіх вуглевадародаў (кандэнсату) залежыць ад саставу газу, пластавых тэрмабарычных умоў, асаблівасцей міграцыі газавага кандэнсату і вагаецца ад 5—10 да 500—1000 г/м³. Генетычна газавы кандэнсат неаднародны. Фракцыйны і вуглевадародны састаў разнастайны (бензінавыя, газныя, метанавыя і інш. кампаненты). Газавы кандэнсат і яго састаўныя часткі выкарыстоўваюць як паліва для рухавікоў і як сыравіну для хім. прам-сці.

У.​Я.​Бардон.

т. 4, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЮЦЫНАГЕ́НЫ (ад галюцынацыі + ...ген(ы)], псіхатаміметыкі, дызлептыкі, прыродныя і сінт. рэчывы, здольныя выклікаць у людзей разнастайныя псіхічныя парушэнні, у т. л. галюцынацыі. Паводле хім. будовы падзяляюцца на вытворныя фенілэтыламіну (адрэнахром, адрэналюцін, мескалін); вытворныя крыптаміну (дыэтыламід лізергінавай кіслаты, псілацыбін, буфатэнін); вытворныя дыбензіпірану (канаблоіды, або гашыш, — прэпараты з індыйскіх канапель); інш. хім. рэчывы (серніл і інш.). Прыродныя галюцынагены маюць расліннае паходжанне. Іх здабываюць з некаторых мекс. грыбоў і спарынні, кактусаў, канапель, каранёў магільніку, саломкі і каробачак маку і інш.; шэраг такіх алкалоідаў належыць да наркатычных сродкаў. Найб. вывучана дзеянне мескаліну і дыэтыламіду лізергінавай кіслаты (выклікаюць выразныя псіхічныя парушэнні са зрокавымі галюцынацыямі). На Беларусі лек. і навук. выкарыстанне галюцынагенаў забаронена.

Ф.​М.​Гайдук.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ Фёдар Сцяфанавіч (н. 15.9.1946, в. Іванава Слабада Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1971). Выкладаў у Магілёўскім культ.-асв. вучылішчы (1973—79). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «Вартавыя неба» (1973), «У краі азёрным» (1976), серыя «Рытмы Лаўсанбуда» (1978), «Зямля рэчыцкая» (1979), «Ляўкі. Дарога да паэта» (1982), «Полацк, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр» (1988), «Ноч у Гімраку» (1991), «Паводка ў Падніколлі» (1993), «Лідскі замак» (1996), «Восеньская вясёлка» (1997). Асн. роля ў стварэнні лірычнага або рамант. вобраза прыроды, арганізацыі эфектнай рытмічнай структуры кампазіцыі належыць дынамічным, падкрэслена вольным і лёгкім спалучэнням колераў.

М.​Л.​Цыбульскі.

Ф.Кісялёў. Паводка ў Падніколлі. 1993.

т. 8, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАВЕ́РШ (ад мана... + верш), аднарадковік,

верш, які складаецца з аднаго радка, завершанага па сэнсу, сінтаксічнай і метрычнай структуры. Зрэдку ўжываўся ў ант. паэзіі (Архілох, Аўсоній). Звычайна пісаўся гекзаметрам і меў афарыстычнае гучанне. Эксперым. ўзор у рус. паэзіі належыць М.​Карамзіну:

Покойся, милый прах, до радостного утра.

Да М. можна аднесці асобныя вершаваныя крылатыя выслоўі і афарызмы, што выкарыстоўваюцца для лозунгаў, у загалоўках твораў, эпіграфах і г.д. М. з’яўляюцца і некаторыя рытмічна арганізаваныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі, якія часам змяшчаюць на посудзе, мэблі, малюнках; «У родным краі, як у раі», «Чым хата багата, тым рада», «Які дагляд, такі і лад». У апошні час М. ствараюць некаторыя маладыя бел. літаратары.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНО́ДЫЯ (ад грэч. palinōdia перапеў),

твор вершаванай формы, у якім аўтар адракаўся ад таго, што было ім напісана ў папярэднім творы. У старажытнасці асаблівай папулярнасцю карысталіся П. стараж.-грэч. паэта Стэсіхора. Пазней П. называлі ўсякае адрачэнне. На Беларусі гэты від творчасці быў пашыраны ў 1-й пал. 17 ст. ў перыяд росквіту палемічнай літаратуры. Адна з першых П. належыць М.​Сматрыцкаму, напісаная ў 1610-я г. супраць свайго ж твора «Трэнас» (не захавалася). У далейшым пад П. разумелі твор, напісаны супраць пэўнага твора процілеглага паліт. ці рэліг. зместу. Найб. значны такі твор — «Палінодыя...» З.​Капысценскага (1621—22), накіраваны супраць кнігі уніяцкага апалагета Л.​Крэўзы «Абарона уніі» (1617).

У.​Г.​Кароткі.

т. 12, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ДА́НІІ (СДПД; Danmarks Socialdemokratiske Parti),

адна з вядучых партый краіны (належыць да левага кірунку). Засн. ў 1871 як секцыя 1-га Інтэрнацыянала, у 1872 распушчана дацкім урадам, у 1876 адноўлена як С.-д. саюз. З 1884 сучасная назва, парламенцкая партыя. Уваходзіла ў 2-і Інтэрнацыянал (з 1889). У 1924—42 (акрамя 1926—29), 1945, 1947—50, 1953—68, 1971—73, 1975—82 і з 1993 кіруючая партыя. Ідэалогія — рэфармізм. Сярод прэм’ер-міністраў Даніі ад партыі — яе лідэры Т.​Стаўнінг (1924—26, 1929-42), Х.​К.​Хансен (1955—60), П.​Н.​Расмусен (з 1993). Уваходзіць у Сацыяліст. інтэрнацыянал.

Літ.:

Тимашкова О.К. Скандинавская социал-демократия на современном этапе. М., 1978.

т. 14, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́, протасінайскае пісьмо,

старажытная пісьмовая сістэма семіцкіх народаў. Адна з першых у гісторыі цывілізацыі спроб стварэння алфавітнай пісьменнасці на падставе акрафаніі (вымаўленне пачатковай фанемы слова, якое перадаецца малюнкам). С.п. лічаць прамежкавай ступенню паміж егіпецкім іерагліфічным пісьмом і семіцкімі кансанантна-гукавымі алфавітамі. Помнікі С.п. (надпісы на камянях, статуэтках багінь) знойдзены ў 1905 на Сінайскім п-ве англ. археолагам У.​М.​Пітры. Датаванне помнікаў да гэтага часу спрэчная (ад 18 да 15 ст. да н.э.). Найб. удалая спроба прачытання (дэшыфроўкі) помнікаў належыць У.​Ф.​Олбрайту ў сярэдзіне 20 ст. Некат. даследчыкі лічаць С.п. крыніцай арабскага пісьма.

Літ.:

Павленко Н.А. Истории письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

Слова ’rth «Цяліца» ў сінайскім пісьме.

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАНТРО́ПНЫЯ ВІ́ДЫ, сінантропы (ад грэч. syn разам + anthrōpos чалавек),

жывыя арганізмы, прыстасаваныя да існавання ва ўмовах, створаных або змененых чалавекам. Сярод жывёльных С.в. вылучаюцца аблігатныя, ці абавязковыя С.в. (напр., хатняя мыш, пацукі, пасцельныя клапы, тараканы), якія цесна звязаны з чалавекам і па-за межамі яго паселішчаў не сустракаюцца; факультатыўныя, ці магчымыя С.в. (напр., звычайная палёўка, некат. дробныя драпежнікі, вераб’іныя і курыныя птушкі), якія менш звязаны з чалавекам, пазбягаюць населеных пунктаў і жывуць на пасевах, у пасадках і інш. Інтэнсіўная урбанізацыя, развіццё трансп. сувязей садзейнічаюць пашырэнню арэалаў і колькасці відаў С.в., многія з якіх сталі касмапалітамі. Сярод С.в. шмат жывёл-шкоднікаў, што абумоўлівае неабходнасць барацьбы з імі. Да раслін-сінантропаў належыць пустазелле.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫБЕ́ЦКАЯ МО́ВА,

мова тыбецка-бірманскай галіны кітайска-тыбецкіх моў. Літ. пісьмовая Т.м. як мова ламаісцкай царквы ўжываецца ў Кітаі, Манголіі, Бураціі, Тыве. Пашырана ў зах. частцы Тыбецкага нагор’я (Кітай). Пісьмовая Т.м. і яе лхаскі дыялект — сродкі міжплемянных зносін і справаводства на ўсёй тэр. Тыбецкага р-на Кітая. Належыць да моў ізаляванага ладу (з некат. адхіленнямі). Узнікненне літ. мовы звязана з паяўленнем пісьменства (самы стараж. помнік — надпіс у манастыры Сам’е, 7 ст.) і пранікненнем у Тыбет будызму. Сучасная літ. Т.м. захавала са стараж. часоў традыц. арфаграфію, граматыка змянілася мала, інавацыі пераважна ў лексіцы.

Літ.:

Рерих Ю.Н. Тибетский язык. М., 1961;

Парфионович Ю.М. Тибетский письменный язык. М., 1970.

А.​А.​Кожынава.

т. 16, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)