«БРЭСТБЫТХІМ»,
навукова-вытворчае аб’яднанне ў г. Брэст. Створана ў 1991 на базе Брэсцкага завода бытавой хіміі і бел.-польскага сумеснага прадпрыемства «Аўра». Уключае 12 прадпрыемстваў і фінансава-камерцыйных структур, у т. л. бел.-герм. сумеснае прадпрыемства «Брэст-Аэразоль», бел.-амер. сумеснае прадпрыемства «Амрон», бел.-рас. сумеснае прадпрыемства «Бярэсце» (Тула), навук.-вытв. малое прадпрыемства «Віёла», вытв.-камерцыйнае «Ятвязь» (Мінск) і інш. Асн. прадукцыя (1995): тавары быт. хіміі і касметыка — усяго 50 найменняў.
т. 3, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СНІК БЕЛАРУ́СКАГА ДЗЯРЖА́ЎНАГА ЭКАНАМІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА»,
навукова-практычны часопіс. Выходзіць штоквартальна з 1994 у Мінску на бел. і рус. мовах. Друкуе матэрыялы па пытаннях пераходу да рыначнай эканомікі, гісторыі эканам. думкі, арганізацыі працы і заработнай платы, фінансаў, крэдытаў, грашовага абарачэння, гасп. планавання, статыстыкі і інш. Змяшчае кансультацыі для практыкаў па праблемах эканам. навукі, рэцэнзіі на эканам. л-ру, справаздачы з канферэнцый, тэарэт. семінараў, алімпіяд, агляды абароненых дысертацый.
В.К.Пахутка.
т. 4, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВІ́ЦКІ (Мікалай Аляксеевіч) (27.12. 1911—15.8.1982),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1936, майстэрня С.Эйзенштэйна). З 1957 працаваў у навукова-папулярным і дакумент. кіно. Сярод фільмаў: «Рускі камень» (1960), «Вялікі выкрывальнік» (1971, сцэнарый з Л.Горыным), па ўласных сцэнарыях зняў фільмы «Крылом да крыла» (1972), «Рэпін малюе Талстога» (1978), «Яўген Баратынскі» (1979), «Фёдар Дастаеўскі» (1980) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1968.
т. 9, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ,
выкарыстанне тэхнічных сродкаў, эканоміка-матэм. метадаў і сістэм кіравання, якія часткова ці цалкам вызваляюць чалавека ад непасрэднага ўдзелу ў працэсах атрымання, пераўтварэння, перадачы і спажывання энергіі, матэрыялаў або інфармацыі; адзін з асн. кірункаў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Мэта аўтаматызацыі — павышэнне прадукцыйнасці і эфектыўнасці фіз. і разумовай працы, аптымізацыя планавання і кіравання ў розных галінах дзейнасці, вызваленне чалавека ад працы ва ўмовах, небяспечных для здароўя. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызацыя праграмавання, Аўтаматызацыя праектавання.
т. 2, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫШЭ́ЙШАЯ ШКО́ЛА»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва. Засн. ў 1961 у Мінску на базе выд-ва БДУ і рэдакцыйна-выдавецкага аддзела. Да 1963 наз. Выд-вам вышэйшай, сярэдняй спец. і прафес. адукацыі БССР. Выдае падручнікі, навук. дапаможнікі і навуч.-метадычную л-ру для ВНУ, сярэдніх спец. навуч. устаноў сістэмы прафес.-тэхн. адукацыі, манаграфіі, навук.-папулярную л-ру, даведнікі, слоўнікі, міжведамасныя навук. і навукова-тэхн. зборнікі, кнігі па гісторыі Беларусі, тапаніміцы, гісторыі бел. культуры, фальклоры і інш.
т. 4, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЕРТА́ЦЫЯ (ад лац. dissertatio меркаванне, даследаванне),
навукова-даследчая праца, падрыхтаваная для публічнай абароны па атрыманне вучонай ступені. Д. на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук павінна выявіць фундаментальныя тэарэт. веды дысертанта ў пэўнай галіне навукі і спец. веды па пытаннях Д., здольнасць да самаст. навук. даследавання, мець новыя навук. і практычныя вывады. Д. на атрыманне вучонай ступені доктара навук павінна мець тэарэт. абагульненні, вырашаць важную навук. праблему, якая з’яўляецца значным укладам у навуку і практыку.
т. 6, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІПО́ВІЧ (Мікалай Міхайлавіч) (6.4.1862, г. Суаменліна, Фінляндыя — 23.2.1939),
расійскі заолаг, гідрабіёлаг; кіраўнік рус. школы іхтыёлагаў. Ганаровы чл. АН СССР (1935, чл.-кар. 1927). У 1911—30 у Ленінградскім мед. ін-це. Арганізатар і кіраўнік шэрагу навукова-прамысл. экспедыцый (1898—1932) па даследаванні Паўн. Ледавітага ак., Каспійскага, Чорнага, Азоўскага, Балтыйскага мораў. Навук. працы па гідралогіі і промысле ў Паўн. Ледавітым ак., Баранцавым, Каспійскім, Азоўскім і Чорным морах, гідралогіі і заалогіі марскіх беспазваночных, геал. мінулым паўн. мораў.
т. 8, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЎСУ́Н (Эдуард Паўлавіч) (н. 29.9.1940, в. Гільцы Чарнухінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Харкаўскі авіяц. ін-т (1963). З 1967 у Акад. навукова-тэхн. комплексе «Сосны» Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Навук. працы па канструяванні машын ядз. энергет. установак і даследаванні працэсаў герметызацыі. Распрацаваў тэорыю працэсаў трэння ў намінальна плоскіх парах тарцовых герметызатараў і падшыпнікаў з улікам уласцівасцей паверхняў і кавітацыйных з’яў.
т. 8, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПРАЕ́КТНА-КАНСТРУ́КТАРСКІ І ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПЕРАПРАЦО́ЎЦЫ І ЗАХАВА́ННІ ПЛОДААГАРО́ДНІНЫ І БУ́ЛЬБЫ (Беларускі плодаагароднінатэхпраект) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1978 у Мінску як Спец. канструктарска-тэхнал. бюро з доследнай вытворчасцю. З 1989 ін-т. Асн. кірункі дзейнасці: арганізацыя і правядзенне навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і тэхнал. работ у галіне перапрацоўкі і захавання плодаагароднінных прадуктаў і бульбы; распрацоўка праектна-канструктарскай дакументацыі на машыны і комплексы тэхнал. абсталявання для перапрацоўкі і захавання плодаагародніны і інш.
т. 2, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНАЯ БУДО́ВА КАПІТА́ЛУ,
адносіны паміж вартасцю пастаяннага капіталу і вартасцю пераменнага капіталу, катэгорыя марксісцкай палітэканоміі. Адлюстроўвае тэхн. склад капіталу: колькасныя адносіны сродкаў вытв-сці да рабочай сілы. Чым больш машын, абсталявання, матэрыялаў і інш. сродкаў вытв-сці прыпадае на аднаго рабочага, тым арганічная будова капіталу і яго тэхн. будова вышэйшыя. З развіццём вытворчасці, паскарэннем тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу гэты паказчык павялічваецца. Гэта азначае, што доля жывой працы змяншаецца, а доля мінулай працы расце, у выніку прадукцыйнасць працы павышаецца.
т. 1, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)