у некаторых рэлігіях устрыманне на пэўны перыяд ад прыняцця ўсякай ежы або асобных яе відаў; адзін з важных сродкаў царк. рэгламентацыі жыцця вернікаў, паглыблення іх рэлігійнасці. Напр., у праваслаўных у П. забараняецца скаромная ежа, асабліва мяса. Харч. забароны ўзыходзяць каранямі ў мінулае, калі ў выніку недахопаў прадуктаў харчавання людзі вымушаны былі самаабмяжоўвацца ў ежы. З часам гэтыя забароны атрымалі рэліг. санкцыю.
Існуюць шматдзённыя і аднадзённыя П. У праваслаўных П. займаюць каля 200 дзён у год. Вял. П., што папярэднічае Вялікадню, доўжыцца 7 тыдняў; пятроў П. — ад 8 да 42 дзён; прачысценскі — 2 тыдні і інш. Аднадзённыя П. прадпісваюцца вернікам па серадах і пятніцах, а таксама ў інш. дні года. На час П. забараняецца браць шлюб, удзельнічаць у свецкіх забавах. У католікаў П. не такі строгі, яны не прытрымліваюцца шматдзённых П., хворым і дзецям дазваляецца ўжываць малочныя стравы Шчыра посцяць у 1-ю сераду перадвелікоднага П., у пятніцу і на пярэдадні Прачыстай, у перадкалядны дзень (на 1-ю, ці посную, куццю). У мусульман важнае месца займае П. ураза, у час якога на працягу месяца рамазан забараняецца прымаць ежу ад усходу да захаду сонца. У іудзеяў побач з грамадскімі П. існуюць індывідуальныя — па зароку, у дзень шанавання памяці бацькоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАНКАРЭ́ ((Poincaré) Жуль Анры) (29.4.1854, г. Нансі, Францыя 17.7.1912),
французскі матэматык, фізік і астраном. Чл. Парыжскай АН (1887), Французскай акадэміі (1909). Скончыў Політэхн. (1875) і Горную (1879) школы. З 1881 у Парыжскім ун-це (з 1886 праф.), адначасова з 1893 чл. Бюро даўгот. Навук. працы па тэорыі лікаў, алгебры, тапалогіі, тэорыях функцый, дыферэнцыяльных ураўненняў і імавернасцей, матэм. і тэарэт. фізіцы, нябеснай механіцы і касмагоніі, метадалогіі навук. пазнання. Пабудаваў якасную тэорыю дыферэнцыяльных ураўненняў, распрацаваў тэорыю інтэгральных інварыянтаў і інш. Адкрыў аўтаморфныя функцыі ад адной камплекснай пераменнай (1883) і распрацаваў іх тэорыю. Увёў асн. паняцці камбінаторнай тапалогіі, даў уласную інтэрпрэтацыю геаметрыі Лабачэўскага (1882). Вызначыў фігуры важкіх вадкасцей пры іх вярчэнні ва ўласным гравітацыйным полі, даказаў існаванне фігур раўнавагі, адрозных ад эліпсоіда-, кольца- і грушападобных і даследаваў іх устойлівасць. Незалежна ад А.Эйнштэйна развіў матэм. асновы спец. тэорыі адноснасці, увёў тэрмін «Лорэнца пераўтварэнні». Даследаваў праблемы цеплаправоднасці, электрамагнетызму, оптыкі, тэорыі пругкасці, тэорыі патэнцыялу. Залаты медаль Каралеўскага астр.т-ва (1900). Імем П. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Рус.пер. — О кривых, определяемых дифференциальными уравнениями. М.; Л., 1947;
Лекции по небесной механике. М., 1965;
Избр. труды. Т. 1—3. М., 1971—74;
О науке. 2 изд. М., 1990.
Літ.:
Тяпкин А.А., Шибанов А.С. Пуанкаре. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́Н (франц. béton ад лац. bitumen горная смала),
штучны буд. матэрыял, які атрымліваецца пасля фармавання і цвярдзення сумесі вяжучага рэчыва (з вадой ці без яе), напаўняльнікаў і (пры неабходнасці) спец. дабавак. Вяжучае — звычайна цэмент, запаўняльнікі — пясок, жвір, пемза, туф, ракушачнік ці керамзіт, аглапарыт. Бетонная сумесь набывае трываласць пры дадатных т-рах у прыродных умовах каля месяца, пасля тэрмаапрацоўкі — за 8—10 гадз (пры адмоўных т-рах робяць пара- і электрапрагрэў).
Бетоны бываюць на неарганічных (цэментны і сілікатны бетоны, гіпсабетон і інш.) і арганічных (асфальтабетон, палімербетон) вяжучых. У залежнасці ад аб’ёмнай шчыльнасці (у кг/м³) бетоны падзяляюць на асабліва цяжкі (больш за 2500), цяжкі (ад 1800 да 2500), лёгкі (ад 500 да 1800), асабліва лёгкі (менш за 500). Па прызначэнні адрозніваюць бетоны канструкцыйныя, канструкцыйна-цеплаізаляцыйныя, цеплаізаляцыйныя і спецыяльныя (гарачаўстойлівыя, кіслотатрывалыя, дарожныя і да т.п.). Асноўная ўласцівасць бетону — трываласць, якая характарызуецца яго маркай (бывае ад 50 да 800). Бетоны ідуць на бетонныя вырабы і канструкцыі, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, збудаванні.
На Беларусі распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць тэхналогіі прыгатавання лёгкага аглапарытабетону (гарачаўстойлівы), аглапарытасілікатабетону (канструкцыйны і цеплаізаляцыйны матэрыял), палімерцэментнага бетону (мае павышаную дэфармавальнасць, зносаўстойлівасць, устойлівы да хім. агрэсіўных асяроддзяў), палімербетонаў (каразійна-, зноса- і марозаўстойлівы), буйнапорыстага бетону (цеплаізаляцыйны і фільтравальны матэрыял), цэнтрыфугаванага бетону (ідзе на выраб танкасценных трубаў, калон, паляў і інш.) і ячэістага бетону (мае нізкую вільгацепаглынальнасць, не патрабуе параізаляцыйнага слоя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЙМАН, Нойман (Neumann) Джон (Янаш) фон (28.12.1903, Будапешт — 8.2.1957), амерыканскі матэматык і фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1937). Замежны чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1956). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Цюрыху (1925) і Будапешцкі ун-т (1926). З 1926 у Берлінскім, з 1929 у Гамбургскім ун-тах. З 1930 у ЗША у Прынстанскім ун-це (з 1931 праф.), з 1933 праф. Прынстанскага ін-та перспектыўных даследаванняў. У 1951—53 прэзідэнт Амер.матэм.т-ва. З 1955 чл. камісіі па атамнай энергіі (ЗША). Навук. працы па матэматыцы, фізіцы, тэхніцы, эканоміцы. Фундаментальныя даследаванні па функцыян. аналізе і яго дастасаваннях да пытанняў класічнай і квантавай механікі. Даў строгае матэм. абгрунтаванне квантавай механікі. Развіў тэорыю гульняў і тэорыю аўтаматаў. Даў першыя фармулёўкі метаду Монтэ-Карла (разам з С.Уламам). Зрабіў вял. ўклад у стварэнне першых ЭВМ і распрацоўку метадаў іх выкарыстання. Удзельнічаў у стварэнні атамнай і вадароднай бомбы. Імем Н. наз. кратэр на адваротным баку Месяца. Медалі імя А.Эйнштейна і імя Э.Фермі (1956).
Тв.:
Рус.пер. — Математические основы квантовой механики. М., 1964;
Теория игр и экономическое поведение. М., 1970 (разам з О.Моргенштэрнам);
Теория самовоспроизводящихся автоматов. М., 1971;
Избранные труды по функциональному анализу. Т. 1—2. М., 1987.
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ.М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМЕ́ТРЫЯ (ад астра... + ...метрыя),
раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначае найб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назіраць ШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;
Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;
Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;
Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЁЎ (Сяргей Паўлавіч) (12.1.1907, г. Жытомір, Украіна — 14.1.1966),
савецкі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1961). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1930) і адначасова Маскоўскую школу лётчыкаў. З 1927 працаваў у авіяц. прам-сці. Адзін з арганізатараў, з 1932 нач. Групы вывучэння рэактыўнага руху, дзе ствараліся першыя сав. вадкасныя ракеты і праводзіліся іх выпрабаванні. З 1933 нам. дырэктара Рэактыўнага НДІ, з 1934 кіраўнік аддзела ракетных лятальных апаратаў. У 1942—46 нам.гал. канструктара па рэактыўных устаноўках для баявых самалётаў. Канструктар першых сав. шматступеньчатых балістычных ракет і ракетна-касм. сістэм, з дапамогай якіх запушчаны першы ў свеце ШСЗ, аўтам. міжпланетныя станцыі «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд». Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны і запушчаны арбітальныя касм. караблі «Усход» і «Узыход», ажыццёўлены першы ў свеце касм. палёт чалавека (12.4.1961, Ю.А.Гагарын) і выхад чалавека ў космас (18.3.1965, А.А.Лявонаў), вывад на арбіту спадарожнікаў рознага прызначэння ( «Электрон», «Маланка-1», «Космас», «Зонд» і інш.). Рэпрэсіраваны ў 1938—44; знаходзіўся ў зняволенні на Калыме (1938-40); потым працаваў у КБ у Маскве (1940—42) і Казані (1942—44). Ленінская прэмія 1957. Імем К. названа буйное ўтварэнне (таласоід) на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Творческое наследие академика С.П. Королева: Избр. тр. и док. М., 1980.
Літ.:
Голованов Я К. Королев: Хроника. Кн. 1. М., 1973. Яго ж. Королев: Факты и мифы. М., 1994.
расійскі спявак (бас), педагог. Нар.арт.СССР (1976). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Інж.-буд. ін-т (1961), кансерваторыю (1965) у Ленінградзе. З 1963 саліст ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета, з 1967 — т-ра імя С.М.Кірава, з 1971 — Вял.т-ра ў Маскве. У 1967—72 выкладчык Ленінградскай, з 1975 Маскоўскай (з 1981 праф.) кансерваторый. Валодае голасам, адметным сілай, глыбінёй і выразнасцю, багаццем фарбаў, драм. талентам. Яго выкананню ўласцівы глыбокі псіхалагізм, гармонія муз. і сцэн. вобразаў, шчырасць і натуральнасць. Сярод партый: Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Райманд («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі). Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Барыс Гадуноў і Варлаам, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Князь Ігар і Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Руслан, Сусанін («Руслан і Людміла», «Іван Сусанін» М.Глінкі), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Рыгор («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага), Звамбай («Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Першы выканаўца многіх песень Г.Свірыдава, сюіты на вершы Мікеланджэла і «4 вершаў капітана Лябядкіна» Дз.Шастаковіча. У рэпертуары таксама вак.-сімф. творы І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, Дж.Вердзі, Ю.Шапорына і інш. Выступае і ў оперных спектаклях замежных т-раў. Аўтар кн. «Роздумы аб прафесіі» (1985). Прэміі Міжнар. конкурсаў вакалістаў (Сафія, 1967; Масква, 1970). Ленінская прэмія 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАР’Я́НЦ (Армен Багратавіч) (28.9.1918, г. Андыжан, Узбекістан — 24.3.1976),
бел. мастак т-ра. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскае маст.-пед. вучылішча (1939). Працаваў у т-рах Ташкента, Вільні і інш. З 1953 гал. мастак Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі, з 1962 гал. мастак Бел.т-ра імя Я.Купалы. З 1958 выкладаў таксама ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Творчасці Грыгар’янца ўласцівы глыбокае разуменне жанравай асновы спектакля, выразнасць зрокавых вобразаў, арган. адзінства традыцыйнага і наватарскага. Сярод лепшых спектакляў: «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1953), «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага (1957), «Беспасажніца» А.Астроўскага (1962) у Рус. т-ры; «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1953), «Салавей» З.Бядулі (1956), «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета (1958), «Чацвёрты» К.Сіманава (1962), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (1965), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1966, з Б.Герлаванам), «Трыбунал» А.Макаёнка (1971), «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма (1972), «Забыць Герастрата!» Р.Горына (1974), «Гульня з кошкай» І.Эркеня (1976) у т-ры імя Я.Купалы; «Багема» Дж.Пучыні і «Рыгалета» Дж.Вердзі (1968) у Дзярж. т-ры оперы і балета. Маст. і рэж. спектакляў «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта (1962, Рус.т-р) і «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1968, Бел.рэсп.т-р юнага гледача). Мастак кінафільмаў «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з У.Белавусавым) і інш.
П.А.Карнач.
А.Грыгар’янц. Эскізы касцюмаў да спектакля «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта.А.Грыгар’янц. Эскіз дэкарацый да спектакля «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
шчыльныя або рыхлыя прыродныя мінеральныя агрэгаты больш ці менш пастаяннага мінералагічнага і хім. саставу, якія ўтвараюць самаст.геал. целы, што складаюць зямную кару, а таксама верхнія абалонкі планет зямной групы, Месяца, астэроідаў. Складаюцца з мех. злучэння розных паводле саставу мінералаў, у т. л. вадкіх. У прыродзе вядома больш за 3 тыс. мінералаў, з іх 40—50 пародаўтваральных. Тэрмін «горныя пароды» ўпершыню ў сучасным сэнсе выкарыстаў рус. мінералог і хімік В.М.Севяргін (1798).
Утвараюцца ў выніку геал. працэсаў у пэўных фіз.-хім. умовах унутры зямной кары ці на яе паверхні. Гэтыя працэсы вызначаюць састаў, будову, структуру, тэкстуру і ўмовы залягання горных парод. Паводле паходжання вылучаюць асадкавыя горныя пароды, магматычныя горныя пароды, метамарфічныя горныя пароды і метасаматычныя горныя пароды. Асадкавыя складаюць каля 10% аб’ёму зямной кары і каля 75% пл. зямной паверхні, на магматычныя, метамарфічныя і метасаматычныя горныя пароды прыпадае каля 90% аб’ёму. Як фіз. целы горныя пароды характарызуюцца шчыльнасцю, пругкасцю, трываласцю, цеплавымі, электрычнымі, магнітнымі, радыяцыйнымі і інш. ўласцівасцямі. Горныя пароды вывучаюць геахімія, літалогія, петраграфія, петрафізіка, фізіка. Амаль усе горныя пароды могуць выкарыстоўвацца як карысныя выкапні (каменны вугаль, галіт, пясок, гліна і інш.) або як руды (апатыт, баксіт і інш.). Да руд адносяць горныя пароды з кандыцыйнай колькасцю каштоўных кампанентаў.
На Беларусі ўсе класы горных парод вядомы ў складзе асадкавага чахла крышт. фундамента. Яе тэр. ўкрыта магутным чахлом асадкавых горных парод, сярод якіх пераважаюць пясчана-алеўрытавыя (34,7% аб’ёму), карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты, мел і інш. — 24,5%), гліны і сланцы (20,7%), солі (14,8%) і інш.