АЛЬФЁЛЬДСКІ РУХ,

нац.-дэмакратычны рух збяднелай інтэлігенцыі, малазямельных і беззямельных сялян у паўд.-ўсх. Венгрыі (Альфёльдзе) супраць пагаднення 1867 пра стварэнне аўстра-венг. дзяржавы. Праходзіў пад лозунгамі свабоды, раўнапраўя, аднаўлення канстытуцыі 1848. Пачаўся са стварэння па ініцыятыве адваката Я.​Асталаша дэмакр. гурткоў. Сяляне выступалі за падзел лугоў і пашаў, адмену падаткаў; мелі месца ўзбр. сутыкненні з войскамі. Альфёдаўскага руху задушаны аўстра-венг. урадам у 1868.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАГРАФІ́ЗМ (ад дэрма + грэч. graphō пішу),

змена афарбоўкі скуры пры мех. яе раздражненні. Адрозніваюць Д. белы (палосы пры раздражненні белага колеру), узвышаны (палосы чырв. колеру, узвышаныя над скурай і доўга не знікаюць), чырвоны (палосы чырв. ці ружовага колеру), разліты (палосы выходзяць за межы ўчастка, які раздражнялі), рэфлектарны (шырокая паласа з чырв. і белых плям), уртыкальны (на месцы раздражнення пухіры), мясцовы (толькі месца штрыхавога раздражнення). Мае дыягнастычнае значэнне.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ЛА»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі дзеляцца на 2 каманды — дружыны. Кожная дружына выбірае «вялікага», ці «выбранніка», найб. дужага гульца, які кідае ў бок праціўніка гулу (каменнае ці жал. ядро, у некат. месцах — кола воза). Дружына праціўніка як мага раней павінна спыніць яе. З таго месца, дзе гула спынена, «выбраннік» другой каманды кідае яе назад. Перамагае тая каманда, якая першай перакіне гулу за вызначаную мяжу.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГХОР, Эль-Гор,

тэктанічная ўпадзіна ў Зах. Азіі, у Ізраілі, Сірыі і Іарданіі. Даўж. з Пн на Пд каля 200 км, шыр. да 25 км. У межах Гхора — даліна р. Іардан, Тыверыядскае воз. і Мёртвае м., узровень якога на 395 м ніжэй узроўню акіяна (на яго беразе самае нізкае месца на сушы Зямлі). Упадзіна акаймавана стромкімі спадзістымі схіламі выш. 1000—1400 м. Клімат і расліннасць паўпустынныя.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РМІШ-ПА́РТЭНКІРХЕН (Garmisch-Partenkirchen),

горна-кліматычны курорт у Германіі, на ПдЗ ад г. Мюнхен, на схілах Баварскіх Альпаў. Умераны горны клімат, мяккая зіма, высокая сонечнасць, чыстае халаднаватае паветра, ахаванасць ад вятроў спрыяльныя для эфектыўнага лячэння хвароб органаў дыхання, нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Шмат санаторыяў. Адзін з буйнейшых у Еўропе цэнтраў турызму і зімовага спорту, месца зімовых Алімпійскіх гульняў 1936. У наваколлях запаведнік Амергебірге.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́АБА (араб., літар. куб),

свяшчэнны храм мусульман у г. Мекка (Саудаўская Аравія). Пабудаваны ў старажытнасці каля крыніцы Земзем у форме куба, размешчанага ў цэнтры прамавугольнага двара. У знешняй сцяне з усх. вугла ніша з «чорным каменем» — метэарытам (стараж. фетыш). Да 7 ст. н.э. храм быў свяцілішчам язычніцкіх плямён Хіджаза; паводле падання, вакол яго стаялі 300 ідалаў. Пасля прызнання ісламістамі святасці К. храм — месца паломніцтва мусульман.

Кааба.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ВА,

даўні від бел. нар. мэблі. Масіўная доўгая шырокая дошка, замацаваная на калодках ці ножках. У хаце звычайна былі 2 нерухомыя Л. ўздоўж сцен, якія сыходзіліся на покуці. Л. маглі мець спінку (з адной дошкі ці наборную), часам упрыгожаную разьбой. З канца 19 ст. Л. саступіла месца рухомай мэблі (канапам, крэслам і інш.) і часта выкарыстоўвалася разам з ёй. У наш час амаль выйшла з ужытку.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПІНО́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Kampinoski Park Narodowy),

у Польшчы, на левым беразе р. Вісла, паблізу Варшавы. Засн. ў 1959. Пл. каля 22,4 тыс. га, у т. л. 1,9 тыс. га — запаведнікі. У стараж. даліне Віслы — дзюны, укрытыя хваёвымі лясамі (рэшткі Кампіноскай пушчы), і балоты. Трапляюцца ласі, казулі, дзікі, гняздуюцца буслы, жураўлі, чаплі і інш. На тэр. парку 10 запаведнікаў; музей, стараж.

гарадзішча. Папулярнае месца адпачынку варшавян.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПАРЫ́Т (назва ад месца першай знаходкі — Ліпарскія астравы),

эфузіўная горная парода, якая паводле хім. саставу адпавядае граніту. Вылучаюць рознасці расшклаваныя, схаванакрышталічныя, радзей сфералітавыя. Часта з парфіравымі ўкрапінамі кварцу, палявых шпатаў, слюд і інш. Характэрна флюідальная тэкстура пароды (патокаўтваральныя палосы). Звычайна багаты вулканічным шклом (50—100%), кварцам (больш за 73%). Колер ружовы, шэры, буры. Выкарыстоўваецца для атрымання друзу і абліцовачнага каменю. Пашыраны ў вулканічных абласцях.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫ БАНК,

расійскі банк у 1909—17 у Маскве. Узнік у выніку санацыі і зліцця Маскоўскага міжнар. гандлёвага, Арлоўскага камерцыйнага і Паўднёва-Рускага прамысл. банкаў. У 1914 яму належалі філіялы ў Брэсце, Вільні, Віцебску, Гомелі, Дзвінску, Магілёве, Оршы, Полацку. Па колькасці філіялаў З.б. займаў 1-е месца ў Беларусі, аднак па аб’ёме банкаўскіх аперацый уступаў Азоўска-Данскому і Руска-Азіяцкаму банкам.

В.​М.​Сяховіч.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)