1) адм-тэр. адзінка ў 1413—1795 у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле Гарадзельскага прывілея 1413. У Віленскім ваяводстве ўвайшла большая частка зах., цэнтр, і ўсх. зямель Беларусі, тэр.паўн.-ўсх.літ. зямель. Фармальна ў Віленскае ваяводства ўваходзілі Клецкае (да 1521) і Мсціслаўскае (да 1529) княствы, якія фактычна былі аўтаномныя. У Бабруйскай воласці мела цераспалосныя ўчасткі з Трокскім ваяводствам — «віленскую палавіцу» (г. Бабруйск і 18 сёл). У 1507 са складу Віленскага ваяводства вылучана і ўтворана Навагрудскае ваяводства, пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 — Мінскае ваяводства; у Віленскім ваяводстве засталося 5 пав. (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі, Лідскі). У 1514—1611 і ў 1654—1793 на тэр. Віленскага ваяводства намінальна існавала экстэрытарыяльнае Смаленскае ваяводства. У 1793 Браслаўскі пав. пераўтвораны ў ваяводства. У 1795 Віленскае ваяводства ўвайшло ў склад Рас. імперыі, на яго тэр. ўтвораны Віленская губерня і Слонімская губерня.
2) Адм.-тэр. адзінка на тэр.Зах. Беларусі ў складзе Польшчы ў 1922—39. Пл. 28,9 тыс.км, нас. 1275,2 тыс.чал. (1931). Цэнтр — г. Вільня. Паводле ўмоў рас.-літ. дагавора 12.7.1920 урад РСФСР фармальна перадаў гэтыя землі Літве, але фактычнай перадачы не адбылося. 9.10.1920 яны былі захоплены польск. войскамі ген. Л.Жалігоўскага і на іх тэр. ўтворана Сярэдняя Літва, якая 20.2.1922 была далучана да Польшчы. Віленскае ваяводства ўключала 9 паветаў. У час 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Віленскае ваяводства занята часцямі Чырв. Арміі. Паводле сав.-літ. дагавора 10.10.1939 тэр. Віленскага краю (г. Вільня, Віленска-Трокскі і б.ч. Свянцянскага пав.) перададзена Літве, на астатняй тэр. ў снеж. 1939 утворана Вілейская вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАКО́ЎСКІ ((Sierakowski) Зыгмунт) (Сігізмунд; псеўд.Даленга; 30.5.1826, с. Лісавое Маневіцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 27.6.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1845—48), скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1859). У 1848 за ўдзел у студэнцкіх гуртках высланы радавым у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Т.Р.Шаўчэнкам, Б.Залескім. У 1856 вярнуўся ў Пецярбург, падтрымліваў сувязі з М.А.Дабралюбавым, М.Г.Чарнышэўскім, супрацоўнічаў у час. «Современник». Арганізатар і кіраўнік ваен.-рэв. арг-цыі ў Пецярбургу, членамі якой былі браты В. і К.Каліноўскія. Чл. арг-цыі выступалі супраць сац., нац і рэліг. прыгнёту, за бурж.-дэмакр. пераўтварэнні ў Расіі, за свабодную і незалежную Рэч Паспалітую, узаемадзейнічалі з польскімі канспіратарамі з партыі «чырвоных», з «Зямлёй і воляй», К-там рускіх афіцэраў у Польшчы. У час замежных паездак (1860—61, 1862) сустракаўся і зблізіўся з А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым, Дж.Гарыбальдзі, наладзіў канспіратыўныя сувязі з польскай рэв. эміграцыяй. Да пач. паўстання працаваў у Генштабе. У снеж. 1862 прызначаны ваен.нач. паўстання ў Літве. Вясной 1863 на Ковеншчыне арганізаваў паўстанцкае злучэнне (2 тыс.чал.). Прыхільнік цеснай сувязі польскага паўстання з агульнарус. рухам. Імкнуўся аб’яднаць рух літ. сялян на чале з А.Мацкявічусам з бел. паўстанцкімі атрадамі К.Каліноўскага. 7—9.5.1863 паўстанцы С. разбіты пад мяст. Біржы, паранены С. ўзяты ў палон. Павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.
Тв.:
Записка З.Сераковского «Вопрос польский» // Русско-польские революционные связи. М., 1963. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТВІ́ННІК (Марат Барысавіч) (н. 22.12.1928, Мінск),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1970). Скончыў БДУ (1951). Працаваў ва ўстановах нар. асветы, у 1977—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе гістарыяграфію эпохі феадалізму, гісторыю культуры і асветы Беларусі, ролю спадчыны Ф.Скарыны ў дзейнасці бел. друкароў і выдаўцоў 16—17 ст., гісторыю бел. л-ры, славістыку. Аўтар кніг і артыкулаў пра жыццё і дзейнасць бел. вучоных (М.М.Нікольскага, У.М.Перцава, Г.М.Ліўшыца), адзін з аўтараў кн. «Беларускі асветнік Францыск Скарына і пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве» (1979), «Іван Фёдараў і ўсходнеславянскае кнігадрукаванне» (1984), аўтар кн. «Адкуль ёсць пайшоў буквар» (1983) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЎСКАС ((Bieliauskas) Альфонсас) (н. 5.10.1923, в. Невяроніс Каўнаскага р-на, Літва),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1965). Нар. пісьменнік Літвы (1983). Скончыў Вільнюскі ун-т (1951). Першы эпічны твор — аповесць «Рабочая вуліца» (1956; новы варыянт — раман «Яна любіла Паўліса», 1976). У раманах «Цвітуць пунсовыя ружы» (1959; Дзярж. прэмія Літвы 1959), «Мы яшчэ сустрэнемся, Вільма» (1962), «Каўнаскі раман» (1966), «Тады, у дождж» (1977) і інш. — сац.-паліт. супярэчнасці і духоўнае станаўленне чалавека; «Спакойныя часіны» (1981) — сямейныя калізіі сучасных інтэлігентаў. Аўтар дакумент. рамана «Вільнюскія пагоркі» (1984) пра падзеі ў Літве 1940. У раманах Бяляўскаса спалучаны псіхал. аналіз, лірычнасць і публіцыстычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.М.Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.С.Пушкін і А.С.Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л.бел.) народаў, друкаваліся працы З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, К.Ф.Калайдовіча, М.П.Пагодзіна, І.М.Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЛЕНСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ»,
група арганізатараў і ўдзельнікаў шляхецка-бурж. блока на Беларусі і ў Літве ў час паўстання 1794, якая выступала за рэв.сац.-паліт. пераўтварэнні. Да «віленскіх якабінцаў» належалі ў асн. вайскоўцы — пераважна афіцэры шляхецкага паходжання, часткова выхадцы з інш. саслоўяў, сярод іх: Я.Ясінскі, П.Грасмані, А.Гушкоўскі, Ю.Гарноўскі, М.Шульц, К.Эльснер, М.Карповіч. «Віленскія якабінцы» адкрыта падтрымлівалі мэты франц. рэвалюцыі 1789—94 і выказвалі надзею на дапамогу з боку рэв. Францыі. Выступалі за паступовую ліквідацыю прыгонніцтва, адмену саслоўных абмежаванняў для мяшчан, за рэсп. лад у дзяржаве, братэрства народаў. Яны ўвайшлі ў Найвышэйшую літоўскую раду, далі пачатак радыкальна-дэмакр. плыні ў вызв. руху на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Пётр Яцак) (10.9.1797, г. Варта, Польшча — 1.1874),
дзеяч польскага нац.-вызв. руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Скончыў школу падхаружых у Лазенках (пад Варшавай). У 1827 атрымаў чын падпаручніка. Заснаваў тайнае т-ва «Ваенны саюз» (1828), якое ставіла за мэту падрыхтоўку ваен. перавароту і сфарміраванне рэв. ўрада. 29.11.1830 пачаў паўстанне на чале атрада падхаружых, быў ад’ютантам галоўнакамандуючага польскімі войскамі М.Радзівіла, удзельнічаў у рэйдзе корпуса ген. Ю.Дзвярніцкага на Валынь і ў Галіцыю. Пры абароне Варшавы (вер. 1831) трапіў у палон. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена катаргай у Сібіры. У 1857 памілаваны, вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў пра паўстанне 1830—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗДА́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся больш за 200 родаў, у т. л. Гадлеўскія, Корфы, Міцуты, Неміровічы, Падбярэзскія, Пацы, Рымшы, Трызны, Храпавіцкія. У чырвоным полі 2 сярэбраныя лілеі, павернутыя ўверх і ўніз і змацаваныя залатым пярсцёнкам; клейнод — над прылбіцай з каронай выява такіх жа лілей на паўлінавым хвасце (герб «Газдава I»). Існуюць варыянты герба: з 5 страусавымі пёрамі і 2 лілеямі ў клейнодзе («Газдава II»); з 5 страусавымі пёрамі («Газдава III»); з падзеленым на 2 часткі полем, дзе ў верхнім сярэбранага колеру змешчана чорная лілея, а ў ніжнім чорнага колеру — сярэбраная, клейнод — 3 страусавы пёры («Газдава IV»). Герб вядомы з пач. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУХО́ЎСКІ ((Gołuchowski) Юзаф) (11 або 14.4.1797, мяст. Лончкі Кухарскія, Польшча — 22.11.1858),
польскі філосаф, адзін са стваральнікаў т.зв.нац. філасофіі. Праф. філасофіі Віленскага ун-та (1823—24). Паслядоўнік Ф.Шэлінга. Праціўнік матэрыялізму. Аўтар канцэпцыі «дзяржава—народ» як боскае стварэнне са своеасаблівым нац. духам. Мэтай філасофіі лічыў выражэнне гэтага духу. Аўтар прац «Філасофія ў яе адносінах да жыцця ўсяго чалавецтва і кожнага чалавека паасобку» (1822), «Разважанні над найгалоўнейшымі праблемамі чалавека...» (т. 1—2, 1861) і інш. Выступаў супраць усеўладдзя розуму, прызнаваў першынство пачуццёвасці і інтуіцыі. Выказваў ідэі класавага супрацоўніцтва, быў праціўнікам радыкальнага вырашэння сял. пытання і падтрымліваў прыгон. Паўплываў на філаматаў, філарэтаў і іншыя т-вы на Беларусі і ў Літве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМБІ́НСКІ ((Dembiński) Генрык) (16.1.1791, в. Стшалкаў Келецкага ваяв., Польшча — 13.6.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў ваенна-інжынернай акадэміі ў Вене, служыў у войску герцагства Варшаўскага. Удзельнічаў у кампаніях войск Напалеона. У час паўстання 1830—31 капітан, пасля палкоўнік, генерал брыгады. Пад Райградам разбіў рус. атрад ген. Ф.В.Остэн-Сакена (29.5.1831). Летам 1831 уступіў на тэр. Беларусі, але неўзабаве адышоў у Польшчу. Нам. галоўнакамандуючага, потым губернатар Варшавы і галоўнакамандуючы польскім войскам. Здаў Варшаву рус. войскам. Пасля паражэння паўстання жыў за мяжой, служыў у егіпецкай арміі. Удзельнік венгерскай рэвалюцыі 1848—49, галоўнакамандуючы рэв. арміяй. Пасля паражэння рэвалюцыі жыў у Турцыі, Францыі. Аўтар успамінаў.