ДВАНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ (надзвычайны). Адбыўся ў Мінску 20—23.11.1936 і 15—19.2.1937. Прысутнічалі 843 дэлегаты, пераважную большасць якіх складалі камуністы і камсамольцы. Парадак дня: аб праекце Канстытуцыі СССР (А.​Р.​Чарвякоў); выбары дэлегатаў на VIII Усесаюзны Надзвычайны з’езд Саветаў; праект Канстытуцыі БССР (М.​М.​Галадзед). На пасяджэннях у ліст. 1936 з’езд абмеркаваў і аднагалосна адобрыў праект Канстытуцыі СССР, абраў на VIII Усесаюзны з’езд Саветаў 63 дэлегаты і ў сувязі з пачаткам яго работы (25 ліст.) спыніў сваю працу. У лют. 1937 з’езд разгледзеў і прыняў за аснову праект Канстытуцыі БССР, утварыў рэдакцыйную камісію для разгляду паправак і дадаткаў. У апошні дзень працы зацвердзіў Канстытуцыю Беларускай ССР 1937. ЦВК рэспублікі было даручана распрацаваць і зацвердзіць палажэнне аб выбарах і прызначыць дату выбараў у Вярх. Савет БССР. Работу з’езда характарызавалі здравіцы І.​В.​Сталіну і інш. кіраўнікам саюзнага і рэсп. маштабу. У абставінах культу асобы работа з’езда праходзіла па строгім рэгламенце, пад кантролем парт. і адм. структур.

Літ.:

Бюлетэнь Надзвычайнага XII з’езда Саветаў БССР. [Мн., 1936], № 1—6.

М.​П.​Касцюк.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НШТЭЙН, Манштайн (Manstein) Эрых фон Левінскі (Lewinski; 24.11.1887, Берлін — 10.6.1973),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1942). Скончыў ваен. акадэмію (1914). У арміі з 1906, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1935—38 нач. Аператыўнага ўпраўлення і 1-ы обер-кватармайстар Генштаба сухап. войск. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба групы армій «Поўдзень» у Польскую кампанію 1939, потым групы армій «А»; у Французскую кампанію 1940 камандзір 38-га корпуса; камандзір 56-га танк. корпуса (1941) і кіраўнік баявых дзеянняў (жн. — ліст. 1942) у раёне Ленінграда, каманд. 11-й арміяй у Крыме (вер. 1941 — ліп. 1942), групамі армій «Дон» у раёне Сталінграда (з ліст. 1942) і «Поўдзень» на Украіне (люты 1943 — сак. 1944). Адхілены ад камандавання і залічаны ў рэзерв з-за рознагалоссяў з А.​Гітлерам. У 1949 асуджаны брыт. ваен. трыбуналам на 18 гадоў зняволення, у 1952 вызвалены. Аўтар кніг успамінаў «Страчаныя перамогі» (1955) і «З салдацкага жыцця, 1887—1939» (1958).

Тв.:

Рус. пер. — Утерянные победы. М., 1999.

Літ.:

Бузукашвили М.И. Крах «Зимней грозы». М., 1984.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НХ (Бурхард Крыстоф) (Хрыстафор Антонавіч; 9.5.1683, г. Ольдэнбург, Германія — 27.10.1767),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1732), граф (1728). Да 1721 інжынер у арміях шэрагу краін Зах. Еўропы, у т. л. ў польска-саксонскай арміі. З 1721 на рас. службе, інж.-генерал. Па даручэнні Пятра I кіраваў буд-вам шлюза на р. Тосна, Абводнага і Ладажскага каналаў. З 1728 ген.-губернатар Інгерманландыі, Карэліі і Фінляндыі. У час біронаўшчыны прэзідэнт (з 1732) Ваен. калегіі. У 1734 кіраваў аблогай і ўзяццем Гданьска, дзе знаходзіўся прэтэндэнт на прастол Рэчы Паспалітай Станіслаў Ляшчынскі. У рус.-тур. вайну 1735—39 камандаваў рас. войскамі ў Крыме і Бесарабіі. Дамагаўся адмены аўтаноміі Левабярэжнай Украіны (меў там буйныя маёнткі), імкнуўся стаць «кіраўніком Маларосіі». Дапамог фаварыту імператрыцы Ганны Іванаўны герцагу Э.​І.​Бірону стаць рэгентам (да ліст. 1740). Аднак у ліст. 1740 М. са згоды «правіцельніцы» Рас. імперыі Ганны Леапольдаўны арыштаваў Бірона і саслаў у Пялым (Зах. Сібір). У 1742 адпраўлены імператрыцай Лізаветай Пятроўнай у ссылку, дзе правёў 20 гадоў.

Літ.:

Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986.

т. 10, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛА́ННЕ,

жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.​Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творы палемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.​Чачота, «Уставайма, братцы» В.​Каратынскага, «Не цурайся» Ф.​Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.​Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял. Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел. партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят. запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Рыгор Іванавіч) (4.2.1878, г. Харкаў, Украіна — 9.1.1958),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Бацька Л.Р.Пятроўскага. Чл. ЦК (1921—39), канд. у чл. Палітбюро ЦК (1926—39) Камуніст. партыі. У 1897 уступіў у екацярынаслаўскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1899—1900 на рэв. рабоце ў Харкаве і Мікалаеве. У рэвалюцыю 1905—07 адзін з арганізатараў Екацярынаслаўскага Савета рабочых дэпутатаў і Баявога стачачнага к-та. Дэп. 4-й Дзярж. думы (з 1912), дзе ўзначальваў фракцыю бальшавікоў. У ліст. 1914 арыштаваны, у лют. 1915 навечна сасланы ў Сібір. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Якуцкай вобл. З чэрв. 1917 на парт. рабоце ў Петраградзе, Екацярынаславе, актыўны ўдзельнік барацьбы за Сав. ўладу ў Данбасе. У ліст. 1917 — сак. 1919 нарком унутр. спраў РСФСР. У 1919—38 старшыня ЦВК Украінскай ССР, адначасова нам. старшыні ЦВК СССР (1922—37), нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1937—38). Старшыня Усеўкр. камісіі бедных сялян (1920—33). З 1940 нам. дырэктара Музея рэвалюцыі СССР. У яго гонар названы г. Днепрапятроўск (б. Екацярынаслаў).

Р.І.Пятроўскі.

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАФІЛІ́Т (ад апа... + грэч. phyllon ліст),

пародаўтваральны мінерал падкласа слаістых сілікатаў KCa4[Si4O10]2F∙8H2O. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Таблітчастыя, прызматычныя крышталі або зярністыя, ліставатыя і інш. агрэгаты, шчыльныя масы. Бясколерны, белы, бледна-жоўты, ружовы ці зялёны. Празрысты. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 4,5—5. Шчыльн. 2,3—2,4 г/см³. Гідратэрмальны мінерал. Трапляецца ў міндалінах і друзах у базальтах, пустотах і трэшчынах у гранітах, вапняках, скарнах і інш.

Апафіліт.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛЕ́СЯ»,

штомесячны грамадска-публіцыстычны і літаратурна-мастацкі часопіс для жанчын і сям’і. Выходзіць з ліст. 1924 у Мінску на бел. мове. Спачатку называўся «Беларуская работніца і сялянка», у 1931—41 «Работніца і калгасніца Беларусі», з 1946 «Работніца і сялянка», з 1995 сучасная назва. Асвятляе пытанні жыцця, працы, грамадскай дзейнасці жанчын Беларусі, папулярызуе пед. і юрыд. веды, дае парады, расказвае пра жыццё блізкага і далёкага замежжа.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯЧЭ́РНІ МІ́НСК»,

газета. Выходзіць у Мінску з ліст. 1967 на бел. і рус. мовах 5 разоў на тыдзень. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця горада і рэспублікі. Друкуе вершы, апавяданні. Выдае штотыднёвы рэкламны дадатак (з 1973), штомесячныя дадаткі — знешнеэканамічную газ. «Международный клуб» і час. «Здоровье и успех» (абодва з 1996). З ліп. 1996 у камп’ютэрнай сістэме ІНТЭРНЭТ выходзіць электронны варыянт «Вячэрняга Мінска».

т. 4, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС X А́РМИИ»,

вайсковая газета. Выдавалася ў чэрв.—ліст. 1917 у Маладзечне на рус. мове. Мела эсэра-меншавіцкі кірунак. Змяшчала афіц. дакументы, загады ваен. камандавання і інш. Падтрымлівала дзеянні камандавання арміі і Зах. фронту. Выступала за працяг вайны, супраць бальшавікоў. Спыніла выхад у сувязі з утварэннем ВРК арміі і пераабраннем армейскага к-та на карысць бальшавікоў. Замест яе выдаваўся «Бюллетень Военно-революционного комитета Х армии».

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯБНІ́ЦКІ (Мікалай Васілевіч) (17.12.1919, г. Краснаармейск, Казахстан — 29.11.1975),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Арлоўскае пях. вучылішча (1941). На фронце з чэрв. 1941, з вер. ў тыле ворага, камандзір узвода партыз. атрада спец. прызначэння, у ліп. 1942 — ліст. 1943 камандзір спецатрада НКДБ БССР «Другія», які дзейнічаў на тэр. Беларусі і Расіі. Да 1955 у органах КДБ.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)