ІЯНЕ́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура мезаліту (8,5—7 тыс. г. назад) у міжрэччы р. Волга і Ака. Генетычна звязана з грэнскай культурай паўн. і цэнтр. часткі Верхняга Падняпроўя Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Жытлы наземныя або крыху заглыбленыя ў зямлю, акруглай ці авальнай формы. Характэрны крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскага тыпу, адшчэпы, скрабкі, вуглавыя разцы, вастрыі са скошаным краем, нуклеўсы.
У.П.Ксяндзоў.
т. 7, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Тэкстыльнай керамікі культура 2/472; 3/119; 10/379
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Касцёнкаўска-аўдзееўская культура 1/570; 2/302; 8/8
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура фіна-угорскіх плямён, якія ў 7 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. жылі ў міжрэччы Волгі і Акі, у Верхнім Падзвінні, на Валдайскім узвышшы. Назву атрымала ад гарадзішча каля в. Дзякова (у межах Масквы). Насельніцтва жыло патрыярхальнымі сем’ямі ў наземных жытлах і паўзямлянках на гарадзішчах і паселішчах. Займалася жывёлагадоўляй, лядным земляробствам, паляваннем і рыбалоўствам, вырабляла жал. і касцяныя прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні. Кераміка слоікападобнай формы з тэкстыльнымі адбіткамі (адсюль інш. назва Дз. к. — тэкстыльнай керамікі культура) і арнаментам на верхняй частцы пасудзін. На тэр. Беларусі найб. даследаваныя помнікі: Загорцы, Новы Болецк, Мямлі (Гарадоцкі р-н) і інш.
Літ.:
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966.
т. 6, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫГІ́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура Харэзма ў 4—8 ст. Назва ад харэзмскай дынастыі Афрыгідаў. Склалася пад уплывам навакольных стэпавых плямёнаў у перыяд крызісу рабаўладальніцкага ладу і станаўлення феадалізму. Для афрыгідскай культуры характэрны заняпад старых антычных гарадоў і ўтварэнне новага тыпу сельскіх паселішчаў — феад. сядзібаў-замкаў і абшчынных дамоў. Пераважаў керамічны посуд, зроблены на ганчарным крузе. На апошнім этапе афрыгідскай культуры пачалі ўзнікаць новыя гарады.
т. 2, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў бронзавага веку (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), што жылі ў Італіі. Назва ад Апенінскага п-ва. Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй на высакагорных пашах, жыло ў пячорах і на ўмацаваных паселішчах. Прылады вырабляліся з косці, рогу і каменю; бронзавыя рэчы трапляюцца адносна рэдка. Характэрны групавыя пахаванні паводле абраду трупапалажэння. Кераміка — цемнаглянцавая, упрыгожаная стужачным арнаментам з белай інкрустацыяй.
т. 1, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕНІКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі позняга мезаліту (6—4 тыс. г. да н. э.) на тэр. Паўн. Прычарнамор’я ў міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Назва ад стаянкі каля в. Грабенікі Адэскай вобл. Насельніцтва займалася паляваннем на каня, быка, кулана. Для грабенікоўскай культуры характэрны нуклеусы для пласцін, скрабкі на адшчэпах, геам. мікраліты (трапецыі). Акрамя стаянак вядома патройнае дзіцячае пахаванне ў скурчаным становішчы ў прамавугольнай яме.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЦО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён ранняй пары верхняга палеаліту (каля 40—24 тыс. г. назад), што насялялі вярхоўі Дона. Назва ад прозвішча аднаго з першых даследчыкаў культуры В.А.Гарадцова. Насельніцтва займалася паляваннем на мамантаў і коней, жыло у наземных жытлах, пабудаваных, верагодна, з выкарыстаннем дрэва. Вырабляла крамянёвыя долатападобныя прылады, дробныя скрабкі, скрэблы, багата арнаментаваныя касцяныя прылады, упрыгожанні, лапатачкі т.зв. «гарадцоўскага тыпу» (вёслападобныя прылады са сценак трубчастых галёначных касцей маманта).
т. 5, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФО́НТАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў верхняга палеаліту, якія жылі ў даліне Енісея 20—12 тыс. г. назад. Назва ад стаянак на Афонтавай Гары на ўскраіне г. Краснаярска. Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, пясца і інш. Для афонтаўскай культуры характэрны крамянёвыя скрэблы, скрабкі, адшчэпы з рэтушаванымі краямі, касцяныя наканечнікі коп’яў, іголкі. Выяўлены рэдкія для Сібіры рэшткі палеалітычнага чалавека (зуб, косці рукі, фрагмент чэрапа з выразнымі мангалоіднымі рысамі).
т. 2, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІРАБА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі позняй бронзы (9—8 ст. да н.э.), што жылі на тэр. Стараж. Харэзма (нізоўе р. Амудар’я). Назва ад стаянак у раёне канала Амірабад (Каракалпакія). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло на паселішчах з 15—20 прамавугольных паўзямлянак. Для іх керамікі характэрна плоскае дно і акруглая форма тулава. На паселішчы Яке-Парсан-2 знойдзены бронзавыя наканечнікі стрэл, сярпы і формы для іх адліўкі.
т. 1, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)