раўніна на ПдЗах. Сібіры ў Алтайскім краі Расіі і Паўладарскай вобл. Казахстана. Размешчана ў міжрэччы Обі і Іртыша. На ПдУ прылягае да перадгор’яў Алтая, на Пн мяжуе з Барабінскім стэпам. Пл. каля 100 тыс.км². Выш. ад 100 — да 250 м. Паверхня хвалістая з характэрным чаргаваннем грыў (выш. да 60 м) і паніжэнняў, занятых рэкамі (Кучук, Кулунда, Бурла і інш.) і бяссцёкавымі азёрамі. У азёрах запасы соды (Петухоўскія, Танатарскія азёры), мірабаліту (Кулундзінскае, Кучукскае) і кухоннай солі (Вял. і М. Яравое). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -19 °C, ліп. 19—22 °C. Гадавая колькасць ападкаў 250—350 мм. На Пн і У злакавыя стэпы на паўд. чарназёмах, на Пд і З палынова-злакавыя на каштанавых глебах. На схілах грыў — «стужачныя» хваёвыя бары і бярозава-асінавыя колкі. Малочная жывёлагадоўля, збожжавая гаспадарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 14—17 ст. з г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 14 ст. выраблялі кафлю з цыліндрычным тулавам і круглым вусцем, у 15 ст. — гаршковую з крыжападобным, сэрцападобным і трохвугольным вусцем, у 15—16 ст. — невысокую гаршковую з прамавугольным вусцем і дном, аздобленым рэльефнымі кругамі. Кафля 16—17 ст. мела прамавугольную вонкавую пласціну з рамкай па краі і румпу выш. 7—9 см. Паводле прызначэння падзялялася на сценную, карнізную, фрызавую, вуглавую, а таксама «каронкі» і «гарадкі», якімі завяршалі печы. У яе дэкоры былі пашыраны геам. (квадраты, ламаныя лініі), расл. (званочкі, валошкі, ружы, рамонкі), геральдычныя (гербы і манаграмы ўладальнікаў) арнаменты, выявы анёлаў, грыфонаў і інш., на кафлі 17 ст. — «дывановы» арнамент са стылізаваным расл. узорам.
Літ.:
Панічава Л.Р. Навагрудская кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.
А.А.Трусаў.
Да арт.Навагрудская кафля. Паліваная кафля з малюнкам дывановага тыпу. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Яраслаў Сільвестравіч) (8.3. 1930, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 20.3.1996),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1949—52), скончыў Мінскую Вышэйшую парт. школу (1973). Працаваў у раённых, рэсп. газетах, на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык», «Родная прырода». Друкаваўся з 1946. Пісаў вершы і прозу. Асн. тэмы твораў — чалавек і прырода, прыгажосць роднай зямлі, каханне. Адметнасць прозы — лірызм, паэтычнасць (зб. «Ты пайшла ў сонца», 1973). Краязнаўчая тэматыка, эцюды пра родны край, яго славутых людзей у кн. «Жаваранак над полем» (1985), «Зямля бацькоў нашых» (Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1992), «Пад высокім сонцам» (абедзве 1988), «Дарогамі надзеі і трывог» (1989), «Крыніца ёсць у родным краі...» (1992). Дасціпнасцю і займальнасцю адметныя кн. для дзяцей «Казка зялёнай дубровы» (1960), «Там, дзе жыве Юлька» (1978), «Перапёлачка» (1979). Гумарыстычныя і сатыр. апавяданні, гумарэскі, фельетоны ў кн. «Мудрая цялушка» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́ПЧЫК (Леанід Цімафеевіч) (14.11.1933, Мінск — 7.12.1998),
бел. пісьменнік. Скончыў Ціміразеўскую с.-г. акадэмію (Масква, 1958). Хадзіў матросам на рыбалавецкім траўлеры, настаўнічаў, быў журналістам, працаваў у саўгасе на Піншчыне, на Бел. тэлебачанні, рэжысёрам мультфільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1958. Аўтар кніг краязнаўчых нарысаў «Даўгінаўскія вёрсты» (1977), «Ў краі Налібоцкай пушчы», «Ёсць у сэрцы запаветны куток» (абедзве 1979), «Адкуль у вёскі імя» (1981), «Дрэмле памятка дзён» (1991). Апісаў многія літ.-гіст. мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Ядвігіна Ш., З.Бядулі і асабліва Я.Купалы. П’еса П. (з Дз.Кальчанкам) «Князь Наваградскі» паст. Гродзенскім драм. т-рам у 1988 (на яго лібрэта кампазітар А.Бандарэнка напісаў аднайм. оперу, паст. 1992). Па сцэнарыях П. Бел. тэлебачанне і «Беларусьфільм» паст. фільмы «Наваградак, чытаючы Міцкевіча» (1980), «Налібоцкія пчаляры» (1982), «Круіз на кані» (1990), «Напалеон Орда» (1991), «Беларускія ратушы» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́СНІЦА,
старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн. тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П -грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.
Літ.:
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІГО́РСК,
горад у Стаўрапольскім краі, у Расіі. Размешчаны ў Перадкаўказзі, на Стаўрапольскім узв., на р. Падкумак (прыток р. Кума) і схілах гор Машук і Гарачая. 133 тыс.ж. (2000). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне, металаапр., харчасмакавая, хім., лёгкая. 2 ВНУ. Тэатр. Краязн. музей. Музей-запаведнік М.Ю.Лермантава. Арх. помнікі: Лермантаўскія ванны (1826—31), альтанка «Эолава арфа» (1828), «Грот Дыяны» (1830—31). Бальнеатэрапеўтычны і гразевы курорт з групы Каўказскіх Мінеральных Вод. Вядомы з пач. 19 ст. Клімат кантынентальны. Асн. лекавы фактар — мінер. крыніцы з вуглякісла-серавадароднымі, радонавымі, вуглякіслымі гідракарбанатна-хларыдна-сульфатна-натрыева-кальцыевымі (нарзан) водамі (на пітное лячэнне і ванны). Пашырана тэрапія глеевай граззю Тамбуканскага воз. Лечаць органы руху, захворванні страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, кровазвароту, функцыян. расстройствы нерв. сістэмы, хваробы скуры і інш., таксама дзіцячыя хваробы, якія ўзніклі ў выніку родавай траўмы. НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЦА, расянка (Drosera),
род кветкавых раслін сям. расіцавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных і ўмераных паясах, пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 4 віды Р.: адваротнаяйцападобная (D. obovata), англійская, ці даўгалістая (D. anglica), круглалістая (D. rotundifolia) і прамежкавая (D. intermedia), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах, асабліва сфагнавых.
Шматгадовыя насякомаедныя травы выш. да 25 см з паўзучым або клубнепадобным карэнішчам. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, доўгачаранковае, распасцёртае па зямлі. На верхнім баку і па краі пакрытае адчувальнымі валаскамі з чырв. залозістай галоўкай, якая ўтрымлівае кроплю ліпкай вадкасці (здаецца, што на лісці раса, — адсюль назва). Калі насякомае трапляе на ліст, валаскі накрываюць яго і абвалакваюць сліззю. Адначасова ліст складваецца па цэнтры (стрымлівае насякомае) і выдзяляе стрававальныя ферменты. Пасля ператраўлівання насякомага ліст зноў раскрываецца. Кветкі дробныя, белыя, у негустых гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,
інверсійны слоўнік, тып лінгвістычнага даведніка, у якім рэестравыя словы размяшчаюцца ў алфавітным парадку з улікам іх палітарнага прачытання справа налева, а не злева направа, як у звычайных алфавітных слоўніках. Рэестравыя адзінкі адваротнага слоўніка выраўноўваюцца ў наборы па правым краі:
самба
бомба
пломба
клумбаі г.д.
Побач размяшчаюцца словы з аднолькавымі канчаткамі і суфіксамі, што дазваляе высвятляць словаўтваральную і марфемную структуру слова, вызначаць тып словазмянення рэестравай адзінкі, выяўляць прадукцыйнасць пэўнага словаўтваральнага тыпу, распрацоўваць рыфмаў слоўнікі і інш. Адваротныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі-індэксы і слоўнікі з самаст. рэестрамі. Адваротны слоўнік створаны больш чым для 30 моў. На матэрыяле бел. мовы распрацаваны: адваротны слоўнік мікратапонімаў (змешчаны ў слоўніку «Мікратапанімія Беларусі», 1974), «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» А.Барташэвіча і І.Камендацкай (т. 1—4, 1988—89), які падае каля 100 тыс. слоў з акад. «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84); «Адваротны слоўнік беларускай мовы» Л.М.Вардамацкага і В.І.Несцяровіча (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНА́Т (лац. ornatus),
верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 палотнішчаў, закругленых унізе і змацаваных плечавымі швамі. Апранаецца паверх інш. адзення. Да эпохі барока арнаты мелі выгляд палярыны; яе перад аздабляўся вертыкальна нашытым пасам, тыльны бок — нашытым крыжам. Барочны арнат меў фігурныя краі пярэдняга палотнішча, якое набыло абрыс віяланчэлі. На Беларусі захаваліся арнаты 17—19 ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту адпаведнага канкрэтнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта жэмчугам і каштоўнымі камянямі. Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага і Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г. Косава Івацэвіцкага р-наў). Калекцыі арнатаў 17—18 ст. зберагаюцца ў Нац. музеі Беларусі і Нац.маст. музеі Беларусі; значная калекцыя арнатаў 18—19 ст. — у Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МАН»,
рэвалюцыйная народніцкая група ў Пецярбургу ў 1880-я г. Аформілася да пач. 1884. Складалася са студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі. Выдавала падпольны час.«Гомон». Утварылася па ініцыятыве былых членаў Віцебскага рэв. гуртка А.І.Марчанкі і Х.А.Ратнера. Належала да заснавальнікаў бел.нац. плыні ў рас. народніцкім руху, адным з ініцыятараў якой быў І.Я.Грынявіцкі. Група «Гоман» упершыню паставіла і тэарэтычна абгрунтавала бел.нац. пытанне. Ажыццяўленне сац. і нац. разнявольвання бел. народа звязвала з перамогай нар. рэвалюцыі ў Расіі, пераходам улады да Устаноўчага сходу і ўтварэннем федэрацыі свабодных раўнапраўных аўтаномных абласцей. Мела сувязі з арг-цыяй «Народнай волі» ў Паўн.-Зах.краі, з рэв. гурткамі Віцебска, Мінска, Магілёва, Гродна. Спыніла існаванне ў выніку разгрому арг-цыі «Народная воля».
Літ.:
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии: (40-е — начало 80-х годов XIX в.). Мн., 1972;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.