прыкладная навука пра дакладнае, надзейнае і бяспечнае ваджэнне ў паветры лятальных апаратаў (ЛА) па зададзенай аптымальнай траекторыі ва ўстаноўлены час. Вывучае і распрацоўвае метады, спосабы і сродкі (навігацыйныя прылады, навігацыйнае абсталяванне, навігацыйныя сістэмы), з дапамогай якіх ажыццяўляецца навігацыя. Часам пад Н.п. разумеюць толькі працэс ваджэння ЛА (самалётаваджэнне, верталётаваджэнне).
Пры Н.п. вызначаюць месцазнаходжанне (каардынаты), скорасць і напрамак руху ЛА (з выкарыстаннем палётных карт, аэралоцый, бартавых і наземных навігацыйных сродкаў — геатэхн., радыётэхн., астр., светатэхн.), чарговы пункт маршруту і метад палёту да яго. Каардынаты ЛА вымяраюць: злічэннем шляху — вылічэннем бягучых каардынат па вядомых пач. каардынатах, скорасці і напрамку руху; метадам ліній (паверхняў) становішча, заснаваным на вымярэнні з дапамогай радыёнавігацыйных сістэмфіз. або геам. велічынь, што дазваляюць вызначыць месцазнаходжанне ЛА; аглядна-параўнальным метадам, які грунтуецца на параўнанні бягучых арыенціраў ці параметраў геафіз. палёў, з тымі, што вызначаны загадзя. Палёт ЛА да чарговага пункта маршрута ажыццяўляюць 3 асн. метадамі: маршрутным, пуцявым і курсавым. Дакладны палёт ЛА па зададзеным маршруце ў любых умовах надвор’я забяспечваецца навігацыйнымі сродкамі, заснаванымі на розных прынцыпах і канструкцыйна аб’яднанымі ў адзіныя навігацыйныя комплексы. Перспектыўнае выкарыстанне спадарожнікавых радыёнавігацыйных сістэм (гл.Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы).
Літ.:
Воздушная навигация: Справ. М., 1988;
Селезнев В.П. Навигационные устройства. 2 изд М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЭКАЛО́ГІЯ (ад палеа... + экалогія),
раздзел палеанталогіі і экалогіі, што вывучае ўмовы пражывання, спосабы жыцця, узаемаадносіны арганізмаў геал. мінулага паміж сабою і з навакольным асяроддзем, іх гіст. змены. Даследуе выкапнёвыя флоры, фауністычныя комплексы, рэшткі, адбіткі і біягліфы арганізмаў асобных відаў, папуляцый і згуртаванняў (арыктацэнозы), арганагенныя горныя пароды і пабудовы і інш. Звязана з палеаіхналогіяй, тафаноміяй, эвалюц. вучэннем, гіст. геалогіяй, літалогіяй, палеакліматалогіяй і інш. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў стратыграфіі, рэканструяванні палеагеагр. абставін (напр., палеаклімату), умоў асадканамнажэння і ўтварэння некат. карысных выкапняў і інш.
Як навука П. ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (заснавальнік — У.А.Кавалеўскі). Уклад у яе развіццё зрабілі Л.Дало, аўстр. вучоны А.Абель, ням. І.Вальтэр, рус. — М.І.Андрусаў, А.П.Карпінскі, М.М.Якаўлеў і інш.
На Беларусі палеаэкалагічныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.В.Фурсенка, вывучэнне дэвонскіх адкладаў Прыпяцкага прагіну). Праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (А.С.Махнач, С.А.Кручак, Л.І.Мурашка, Я.К.Яловічава і інш.) і Бел. геолагаразведачным НДІ (В.К.Галубцоў, Г.І.Кеда, В.І.Пушкін і інш.). Даследаваны палеаэкалагічны стан у перыяды кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, юры, мелу, неагену, антрапагену.
Літ.:
Геккер Р.Ф. Введение в палеоэкологию. М., 1957;
Голубцов В.К., Махнач А.С. Фации территории Белоруссии в палеозое и раннем мезозое. Мн., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,
прыродныя аб’екты, каштоўныя ў навуковых, культурна-пазнавальных і аздараўляльных адносінах. З’яўляюцца ўсенар. здабыткам і ахоўваюцца дзяржавай. Адна з форм аховы прыроды.
Каштоўныя прыродныя аб’екты і комплексы аб’яўляюцца П.п. з прычыны іх нязначнай плошчы ці адасобленасці, што не дае магчымасці стварыць запаведнік або заказнік, ці бясшкодна перавесці П.п. ў штучныя ўмовы. Вылучаюць П.п. рэсп. і мясц. значэння. Падзяляюцца на батанічныя помнікі прыроды, геалагічныя помнікі прыроды і гідралагічныя помнікі прыроды. Для кожнага П.п. складаецца спец. пашпарт, вызначаецца рэжым яго ўтрымання і меры аховы. У шырокім сэнсе да П.п. часам адносяць таксама запаведнікі, заказнікі, нац. паркі, якія ўяўляюць сабой эталонныя ці унікальныя прыродныя ўтварэнні. У 1972 падпісана Міжнар. канвенцыя па ахове помнікаў сусв.культ. і прыроднай спадчыны.
На Беларусі спісы П.п. зацверджаны ў 1923 і 1926. У 1963 прынята пастанова аб ахове П.п. Існуюць 303 П.п. рэсп. значэння, у т. л. 116 бат., 182 геал. і 5 гідралагічных (2000). У 1992 нац. парк Белавежская пушча ўключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв.культ. і прыроднай спадчыны.
Помнікі прыроды: 1 — дэндрарый у батанічным садзе БСГА; 2 — валун Вялікі камень у Шумілінскім раёне Віцебскай вобл; 3 — Барэцкая дуброва ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобл.; 4 — агаленне Дарашэвічы ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЕ КІРАВА́ННЕ,
кіраванне рэжымам работы аб’екта па загадзя зададзенай праграме, пры якім аб’ект праходзіць пэўную паслядоўнасць станаў у адпаведнасці з алгарытмам. Напр., рэалізацыя П.к. лятальным апаратам забяспечвае патрэбную траекторыю яго руху.
Сістэма П.к. мае праграмнае прыстасаванне і сістэму сачэння, якая ўзнаўляе праграму і пераўтварае яе ў кіравальныя сігналы. Адрозніваюць сістэмы П.к. з неперарыўным (аналагавым) запісам праграмы (у выглядзе капіраў, кулачкоў, шаблонаў і інш.) і з дыскрэтным запісам (перфакарты, перфастужкі, магнітныя стужкі і інш.запамінальныя прыстасаванні). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы з разамкнёным ланцугом уздзеяння і з адваротнай сувяззю (замкнёныя), якія функцыянуюць з адаптацыяй і аптымізацыяй, сістэмы прамога П.к. (з непасрэднай сувяззю ЭВМ і аб’екта) і высокім узроўнем аптымальнасці кіравання і саманавучання. Пашырана ў кіраванні тэхнал. працэсамі (змяненне фіз. і хім. параметраў, т-ры, ціску, канцэнтрацыі і інш.) і абсталяваннем (рух машын, механізмаў, трансп. сродкаў, металарэзных станкоў), у энергетыцы пры вывадзе на аптымальны рэжым работы розных агрэгатаў. На базе П.к. распрацаваны шматаперацыйныя станкі, робататэхн. комплексы машын і абсталявання з убудаванымі мікрапрацэсарнымі сродкамі і на іх аснове гібкія аўтаматызаваныя вытворчасці.
Літ.:
Ратмиров В.А. Управление станками гибких производственных систем. М., 1987;
Ильин О.П., Козловский К.И., Петренко Ю.Н. Системы программного управления производственными установками и робототехническими комплексами. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭХНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ,
род войск для вядзення радыёлакацыйнай разведкі паветраных цэлей, радыёлакацыйнага забеспячэння баявых дзеянняў часцей і злучэнняў проціпаветранай абароны і інш.
Узніклі ў пач. 1-й сусв. вайны, калі авіяцыя стала адным са сродкаў узбр. барацьбы. З 1932 у СССР ствараліся падраздзяленні паветр. назірання, апавяшчэння і сувязі (ПНАС). Пераўзбраенне войск ПНАС радыёлакацыйнымі сістэмамі выклікала неабходнасць фарміравання (1952) Р.в. ППА.
Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў (у т. л. асобных) і ўтвараюць на тэр. краіны адзіную цэнтралізаваную сістэму. Гал. задачы Р.в.: выяўленне паветр. аб’ектаў, вызначэнне каардынат, саставу і параметраў іх руху, кантроль за палётамі сваёй авіяцыі, апазнаванне і суправаджэнне розных класаў (тыпаў) цэлей праціўніка і забеспячэнне камандавання інфармацыяй. Р.в. выкарыстоўваюцца таксама для кіравання баявымі дзеяннямі, цэлеўказання зенітным ракетным комплексам, навядзення знішчальнікаў на паветр. цэлі і інш.Асн. сродкі выяўлення паветр. цэлей — радыёлакацыйныя станцыі і комплексы, а таксама сродкі аўтам. сістэм кіравання, перадачы даных, прыстасаванні адлюстравання інфармацыі і інш. На Беларусі Р.в. з’яўляюцца родам войск ППА; радыётэхн. часці і падраздзяленні існуюць і ў інш. відах Узбр. Сіл.
Літ.:
Дружинин В.В. Радиотехнические войска ПВО. М., 1968;
Лобанов М.М. Развитие советской радиолокационной техники. М., 1982;
Костенко В.В. ПВО. Взгляд в завтра // Армия. 2000. № 5.
І.М.Нераслаўскі.
Да арт.Радыётэхнічныя войскі. Радыёлакацыйная станцыя «Гама» для выяўлення паветраных цэлей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПХЕНЬЯ́Н,
горад, сталіца Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР). Адм. ц. правінцыі Пхёнан-Намдо, вылучаны ў асобную адм. адзінку цэнтр. падпарадкавання. Знаходзіцца на З краіны, на р. Тэданган, за 90 км ад Жоўтага м. 3197 тыс.ж. (2000). Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Сунан; аванпорт П. на Жоўтым м. — г.Нампхо, р. Тэданган часткова суднаходная. З суседнімі гарадамі П. утварае буйны індустр. раён: чорная і каляровая металургія, шматгаліновае машынабудаванне (з-ды дакладнага, тэкст. і трансп. машынабудавання, вымяральных прылад і інш.), эл.-тэхн., тэкст. (буйнейшы ў КНДР камбінат), харч. і харчасмакавая, хім.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэм. і цагельныя з-ды); абутковыя, фармацэўтычныя, фарфора-фаянсавыя, дрэваапр. прадпрыемствы. П. — цэнтр буйнейшага ў краіне вугальнага басейна. ЦЭС. Метрапалітэн (з 1973). АН КНДР. Ун-т. Тэатры. Музеі, у т. л.нар. рэвалюцыі, выяўл. мастацтва; Кар. філармонія.
Крэпасць П. засн. ў пач. 4 ст. У 427—668 П. — сталіца дзяржавы Кагуро. У час існавання дзяржавы Каро — зах. сталіца пад назвай Сагён (ці Садо). На працягу стагоддзяў П. — важны апорны пункт у барацьбе супраць іншаземных захопнікаў (кіт. дынастыі Суй і Тан, кідані, манголы, чжурчжэні, маньчжуры, японцы і інш.). У 1592—93 захоплены японцамі, вызвалены карэйска-кіт. войскамі. У 1899 горад адкрыты для замежнага гандлю. У час яп. панавання (1905—45) П. — цэнтр нац.-вызв. руху (у 1919 тут адбылося антыяп. паўстанне). У 1945 вызвалены Сав. Арміяй. З 1948 П. — сталіца КНДР. Моцна разбураны ў час Карэйскай вайны 1950—53, адбудаваны.
На правым беразе р. Тэданган — стараж.ч. горада, абкружаная крапасной сцяной (даўж. 16 км, выш. 7 м; захавалася часткова), з дазорнай вежай Ыльмільдэ (246, перабудавана ў 14 ст.) і манум. брамамі, у т. л. Тэданмун (982 г., перабудавана ў 1635), Патханмун (997 г., перабудавана ў 1473). На левым беразе — прамысл. раён з радыяльнай планіроўкай (узнік у пач. 20 ст.). Сярод арх. помнікаў: павільёны — Пубеклу (Енменлу; 4 ст., рэстаўрыраваны ў 1616), манастыра Ёнмёнса (засн. ў 392 г. зруйнаваны ў 1953), Ёнгванджон (1111, рэстаўрыраваны ў 1670); пагады — 13-ярусная храма Пахёнса, храма Ёнмёнса (абодва 11 ст.); будыйскі храм Сунрэнджон (1439). Да 20 ст. П. забудоўваўся пераважна невял. дамамі з унутр. дварамі і тэрасамі. У 1953 прыняты генплан рэканструкцыі і аднаўлення П. Створаны новыя плошчы, вуліцы. жылыя масівы, комплексыкульт.-быт. прызначэння. Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: т-ры «Маранбон» (1953, арх. Кан Чахван і інш.) і Вялікі (1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.), ун-т, гасцініца «Пхеньян» (абодва 1960), палацы навучэнцаў і піянераў (1963), спорту (1973), культуры (1974). Паркі: Тэсансан, Маладзёжны. Помнікі: сав. воінам-вызваліцелям на гары Маранбон (1945), воінам Нар.кар. арміі, што загінулі (1959), манумент Чхаліма (1961), статуя Кім Ір Сена, помнік рэв.вызв. барацьбы (абодва 1972) і інш. Каля П. — шматлікія грабніцы перыяду Кагуро.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ КАМБА́ЙН,
камбінаваная машына для адначасовага аддзялення ад масіву карыснага выкапня, здрабнення і пагрузкі яго на трансп. сродкі (канвееры, ваганеткі, самаходныя вагоны). Горныя камбайны для здабычы карысных выкапняў наз. здабыўнымі, для правядзення горных вырабатак — праходчымі.
Здабыўныя горныя камбайны выкарыстоўваюць у доўгіх (100—400 м) ачышчальных забоях пры выемцы вугалю, калійнай солі і інш. Ёсць іх разнавіднасці для работы на пакатых (0—25°), нахіленых (25—45°) і крутых (45—90°) пластах; па глыбіні захопу падзяляюцца на вузказахопныя (0,5—1 м) і шыроказахопныя (1,5—2 м). Маюць рабочыя органы ў выглядзе бараў (разбураюць забой ланцугамі з разцамі), барабанаў і шнэкаў (з разцамі на перыферыі), буравых каронак (праразаюць у забоі шчыліны з далейшым іх сколваннем ламальнікамі). Пагружаюць горную масу шнэкамі, пагрузчыкамі, лемяшамі. Уздоўж лавы камбайн перасоўваецца спец. механізмам. Праходчыя горныя камбайны працуюць у кароткіх забоях горных вырабатак па пародзе (палявыя вырабаткі), па карысным выкапні (пластавыя вырабаткі) і па змешаным масіве. Іх рабочыя органы: паваротная страла з рэжучай каронкай, ротар са знешнім і ўнутраным бурамі, планетарныя разцовыя дыскі. Горную масу загружаюць шнэкамі і скрабалкавымі канвеерамі.
Літ.:
Машины и оборудование для угольных шахт: Справ. 4 изд. М., 1987;
Солод В.И., Зайков В.И., Первов К.М. Горные машины и автоматизированные комплексы. М., 1981.
П.Я.Антонаў.
Горныя камбайны: а — праходчы (1 — пагрузачны стол, 2 — фрэзерная каронка, 3 — выканаўчы орган; 4 — перагружальнік, 5 — хадавая частка); б — здабычны (выкарыстоўваецца на рудніках ВА «Беларуськалій»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІЯ СЯДЗІ́БЫ,
тры сядзібныя комплексы, якія існавалі ў 17—19 ст. у мястэчку Койданава (цяпер г.Дзяржынск Мінскай вобл.).
Комплекс 1-й пал. 17 ст. ўключаў палац, 3 жылыя будынкі і гасп. пабудовы. Цэнтрам яго кампазіцыі быў 3-павярховы драўляны крыжовы ў плане палац з элементамі стылю рэнесансу, завершаны 4 латуннымі пазалочанымі купаламі. У памяшканнях былі дубовыя разныя і размаляваныя дзверы, грубкі і каміны, абліцаваныя белай і каляровай кафляй, сцены абабіты ўзорыстымі апонамі, каберцамі, чырвоным сукном. У сталовай вісела вял. латунная люстра ў выглядзе галавы аленя. Жылы будынак (з рысамі стылю рэнесансу) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты гонтавым дахам, ашаляваны дошкамі; 2 іншыя вырашаны ў традыцыях нар. дойлідства. У буд-ве ўдзельнічалі нар. дойліды Ж.Матусовіч, Я.Пялецкі. Комплекс знішчаны ў вайну 1654—67.
У 2-й пал. 17 ст. пабудавана новая сядзіба. Злева і справа ад уязной брамы размяшчаліся гал. жылы будынак з алькежамі і гасп. пабудовы. У 1680-я г. пастаўлены новы драўляны жылы дом. Комплекс быў абнесены астрогам. Не захаваўся.
Цэнтрам кампазіцыі сядзібы, створанай у 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., быў 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны палац (уключаў 13 жылых і гасп. пакояў і капліцу) з мезанінам. Гал. яго фасад быў вылучаны 4-слуповым ганкам. Палац з 2 бакоў фланкіравалі флігелі, за ім размяшчаліся мураваная скарбніца са склепам, гасп. пабудовы. Двор абкружаў італьян. сад з ліпавымі шпалерамі. Комплекс не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна горназдабыўной прамысловасці, якая займаецца здабычай, першаснай перапрацоўкай і абагачэннем сыравіны (фасфатных, серных, борных, мыш’яковых, барыевых і барытавых руд, прыродных сульфату натрыю, калійных солей, соды і кухоннай солі), а таксама атрыманнем брому, ёду і інш. рэчываў. Засн. на комплексным выкарыстанні сыравіны з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя адходамі і недапушчэння агульнага адмоўнага ўплыву сваіх працэсаў. Прадпрыемствы горнахімічнай прамысловасці пераважна з’яўляюцца часткай адпаведных спецыялізаваных аб’яднанняў, што ўключаюць аб’екты здабычы, перапрацоўкі зыходнай сыравіны, атрымання спадарожных рэчываў і разнастайных матэрыялаў. У месцах развіцця горнахімічнай прамысловасці паявіліся цэлыя прамысл.комплексы, з гарадамі, якія іх абслугоўваюць.
Узнікненне горнахімічнай прамысловасці як самаст. галіны вытв-сці звязана з неабходнасцю забеспячэння сельскай гаспадаркі мінер. ўгнаеннямі. У 1913 прамыслова развітыя краіны здабывалі каля 10 млн.т горнахім. сыравіны, з якой на самародную серу, флюарыты, бараты, бром, ёд і хромавую руду прыпадала каля 1,15 млн.т, астатняе — фасфатная сыравіна і калійныя солі. У 1980 у краінах з рыначнай эканомікай здабывалася 165 млн.т горнахім. сыравіны. Буйнейшыя здабытчыкі і краіны-экспарцёры — ЗША і Марока, буйнейшыя імпарцёры — дзяржавы Зах. Еўропы, Японія і Канада. У б.СССР здабыча фасфарытных (Ягор’еўскае і Вяцка-Камскае радовішчы) і апатыта-нефелінавых (на Кольскім п-ве) руд і іх перапрацоўка пачалася ў 1928—30-я г.; у 1980 здабыта 155 млн.т горнахім. сыравіны.
У Беларусі развіццё горнахімічнай прамысловасці пачалося з адкрыцця ў 1949 Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (буйнейшае ў свеце). На базе іх здабычы і перапрацоўкі ўзнік г. Салігорск з ВА«Беларуськалій».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЁЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Падняпроўі. Бытаваў у 18 — пач. 20 ст. пераважна ў Магілёўскім, Быхаўскім, Шклоўскім, Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. Летні жаночы гарнітур складалі пераважна 2 варыянты-комплексы: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным (радзей вузкім стаячым) каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвоны з украпінамі чорнага) кампанаваўся ў палосы на плечавых устаўках і рукавах (паралельна лініі ўточкі), на каўняры. Пераважалі геам. (ромб, крыжык, зорачка) і раслінныя (васількі, бярозка) узоры. Суконная спадніца (андарак, саян) чырвона-малінавая з белай, зялёнай, сіняй, чорнай клеткай, палатняная (бяляк) — гладка-белая ці клятчастая шэра-белая з арнаментальным шлякам на падоле. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Фартух-трыпольнік шылі з 3 белых полак палатна. Гарсэт (кабат) шылі з сіняга, чырвонага аксаміту, шарсцянкі з баскай у выглядзе клінкоў або прышывалі да спадніцы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы. Галаўныя ўборы жанчын — чапец, намітка, аздобленая вышыўкай і нашыўкамі мохрыкаў даматканая хустка. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, абразкі, крыжыкі. У мужчынскіх кашулях тунікападобнага крою багата вышывалі манішку. Нагавіцы шылі з белага палатна ці сукна. Насілі таксама суконныя ці палатняныя камізэлькі са стаячым каўняром, шыйныя даматканыя хустачкі-шалікі, вышытыя чырвоным арнаментам на канцах. Галаўны ўбор — каўпаковая з лямцу магерка ці футраванка. Мужчынская і жаночая вопратка — белыя світы, аздобленыя вышыўкай, нашыўкамі тасьмы і шнура.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Магілёўскі строй. Сялянкі ў традыцыйным летнім адзенні. Вёска Заходы Шклоўскага раёна. 1903.