дыпламатычны прадстаўнік, які часам узначальвае дыпламат. місію. Яго афіц. найменне часта залежыць ад акрэдытуючай дзяржавы (надзвычайны П., паўнамоцны міністр і інш.). Калі П. узначальвае місію, ён акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы знаходжання, яму даецца даверчая грамата, падпісаная кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы. Паводле Венскага рэгламенту аб класіфікацыі дыпламат. агентаў 1815 П. аднесены да 2-га класадыпламат. прадстаўнікоў, больш нізкага па міжнар.-прававым статусе, чым пасол. Карыстаецца тымі ж правамі і прывілеямі, што і кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў інш. класаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУЗА́ (ад перс. фірузе),
мінерал класа фасфатаў, водны гідраксілфасфат медзі і алюмінію, CuAl6[PO4]4(OH)8∙5H2O. Мае прымесі жалеза, кальцыю, цынку і інш.
Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае масіўныя, шчыльныя або скрытакрышталічныя да буйназярністых агрэгаты. Колер ад блакітнага да зялёнага. Бляск матавы, васковы. Цв. 5—6. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Другасны мінерал, утвараецца ў арыдных абласцях пры ўздзеянні паверхневых водаў на гліназёмныя пароды. Паўкаштоўны камень. Зялёныя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як ювелірна-вырабныя камяні. Радовішчы ў Іране, Таджыкістане, Узбекістане, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІДРЫ́Т (ад ан... + грэч. hydōr вада),
1) мінерал класа сульфатаў Са(SO4). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя, прызматычныя, ігольчастыя. Зярністыя, валакністыя агрэгаты, канкрэцыі. Бясколерны ці блакітнаваты, шэры. Бляск шкляны. Цв. 3,5—3,8. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Паглынаючы ваду, пераходзіць у гіпс. Асадкавы гідратэрмальны мінерал. Выкарыстоўваецца як звязвальнае рэчыва, угнаенне, сыравіна для атрымання сернай к-ты, вырабны камень.
2) Асадкавая парода, складаецца пераважна з мінералу ангідрыту. Выкарыстоўваюць як угнаенне, цэмент і інш. На Беларусі трапляецца ў адкладах сярэдняга і верхняга дэвону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЫПІГМЕ́НТ [ад лац. aurum (auri) золата + пігмент(ы)],
мінерал класа сульфідаў As2S3. Мае 60,9% мыш’яку і 39,1% серы.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе ліставатых, слупкаватых або валакністых масіўных агрэгатаў. Колер ад лімонна- і залаціста-жоўтага да аранжава-жоўтага. Паўпразрысты. Бляск тлусты да алмазнага. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Тыповы мінерал сярэдне- і нізкатэмпературных мыш’яковых і сурмяна-ртутных радовішчаў, а таксама ў адкладах гарачых мінер. крыніц. Выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і гарбарнай прам-сці, як мыш’яковая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКРЭА́ЛЬНЫЯ (Hypocreales),
парадак грыбоў з класа аксаміцэтаў. Вядома больш за 1000 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмеранай зоне і тропіках. На Беларусі каля 50 відаў з родаў нектрыя, гіпакрэя, мікранектрыела, фузарыум і інш. Сапратрофы і паразіты. Выклікаюць хваробы раслін.
Пладовыя целы (перытэцыі) мяккія, мясістыя, светлыя або ярка афарбаваныя, утвараюцца на паверхні або ўнутры субстрату. Сумкі цыліндрычныя, булавападобныя. Аскаспоры рознай формы і памераў, аднаклетачныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця часта ёсць канідыяльная стадыя, якая адыгрывае вял. ролю ў пашырэнні відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЭСК»,
жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн. частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.
Літ.:
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦШПРУНГ ((Hertzsprung) Эйнар) (8.10.1873, г. Фрэдэрыксбарг, Данія — 21.10.1967),
дацкі і нідэрландскі астраном. Чл. Нідэрландскай, Дацкай, чл.-кар. Парыжскай АН. Скончыў Капенгагенскі політэхн.ін-т (1898). Праф. астраноміі ў гарадах Гётынген, Патсдам, Лейдэн. У 1935—45 дырэктар абсерваторыі Лейдэнскага ун-та. Навук. працы па эвалюцыі зорак. Увёў раздзяленне зорак на гіганты і карлікі. Пабудаваў залежнасць зорнай велічыні ад спектральнага класа зорак (гл.Герцшпрунга—Рэсела дыяграма). Упершыню выкарыстаў фатаграфію для вывучэння падвойных зорак (1914—19).
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСЛЮ́ДЫ,
група мінералаў класа сілікатаў, якія па структуры і саставе адносяцца да слюд. Адрозненне — дэфіцыт шчолачаў і павышаная колькасць вады. Агульная формула гідраслюд: (K,Na,H3O)Al2(AlSi3)∙O10[(OH2), H2O]. Да гідраслюд належаць глаўканіт, вермікуліт, гідрабіятыт, гідрамускавіт, ілліт і інш. Структура слаістая. Афарбоўка светла-шэрая, бурая, цёмна-карычневая. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,5—3 г/см³. Пашыраны ў корах выветрывання, глебах, асадкавых пародах, нізкатэмпературных гідратэрмальных утварэннях. Выкарыстоўваюцца ў керамічнай і ліцейнай вытв-сці, для ачысткі і змякчэння вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАЗІ́Т (позналац. marcasita ад перс. калчадан),
прамяністы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза FeS2. Хім. аналаг пірыту. Змяшчае 46,6% жалеза, часта прымесі нікелю, мыш’яку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае канкрэцыі, сфераліты, нацёчныя агрэгаты, суцэльныя масы; крышталі таблітчастыя, радзей вострапірамідальныя, прызматычныя. Колер латунна-жоўты.
Бляск металічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 4,9 г/см³. Трапляецца М. эндагенны ў гідратэрмальных, пераважна жыльных радовішчах, М. экзагенны ў карбанатных пародах, глінах, каменных вуглях. Сыравіна для вырабу сернай кіслаты. Пры акісленні ўтварае ліманіт.