аўтаномная вобласць на ПнЗ Іспаніі на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.Пл. 29,4 тыс.км². Нас. каля 3 млн.чал. (1994), пераважна галісійцы, народ, блізкі да партугальцаў. Уключае правінцыі: Ла-Карунья, Пантэведра, Луга, Арэнсе. Адм. ц. — г. Ла-Карунья. Галісія займае стараж.крышт. Галісійскі масіў выш. да 1778 м, расчлянёны густой сеткай горных рэк. Узбярэжжа моцна парэзана, шмат зручных натуральных гаваней. Клімат умераны акіянскі. Характэрны шыракалістыя горныя лясы (дуб, граб, бук, ясень) і хмызнякі.
У старажытнасці — тэрыторыя рассялення племя галекаў (адсюль назва), якое сфарміравалася ў 1-м тыс. да н. э. ў выніку змяшэння прышлых кельтаў з мясц. плямёнамі эстрымніяў. У 2—1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі. У 5—7 ст.н.э. ў складзе каралеўстваў свеваў і вестготаў. У 8 ст. галісійцы супраціўляліся араб. заваяванню. У 718-—739 далучана да каралеўства Астурыя. У 1065—72 незалежнае каралеўства. З 1072 у складзе Кастыліі. З 1479 у складзе адзінай ісп. дзяржавы. У сярэдзіне 19 ст. ў Галісіі пачаўся працэс адраджэння галісійскай мовы, умацавання рэгіянальнай самасвядомасці. З-за вастрыні агр. пытання і беднасці многія галісійцы эмігрыравалі ў Амерыку (больш за 1,3 млн.чал. за 1-ю пал. 20 ст.). Пасля абвяшчэння Ісп. рэспублікі (1931) на рэферэндуме 28.6.1936 ухвалены праект аўтаноміі Галісіі, аднак яе ўвядзенню перашкодзіла ўсталяванне ў краіне дыктатуры Ф.Франка. Пасля падзення дыктатуры Галісіі нададзена аўтаномія (1981).
У сельскай гаспадарцы пераважае малочная і мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Пасевы кукурузы, жыта, бульбы, садоўніцтва (яблыкі). Вінаробства. Значная роля рыбалоўства (каля паловы рыбалавецкага флоту Іспаніі) і лясной прам-сці. Значныя ГЭС. Здабыча жал. і вальфрамавай руды, волава, бурага вугалю. Суднабудаванне (Эль-Фероль і Віга), дрэваапр., хім., тэкст. і харч.прам-сць. Аўтамабілебудаванне (грузавыя аўтамабілі), нафтаперапрацоўка, алюмініевая прам-сць. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Буйныя порты Ла-Карунья і Віга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТАРЫ́НГІЯ (Lorraine),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПнУ Францыі. Уключае дэпартаменты Мозель, Мёрт і Мозель, Мёз, Вагезы. Пл. 23 тыс.км². Нас. каля 3,4 млн.чал. (1995). Гал. гарады і прамысл. цэнтры Нансі і Мец. Большую ч. тэрыторыі займае Латарынгскае ўзв., на Ў горы Вагезы. Клімат умераны. Гал. раён жалезаруднай і металургічнай прам-сці. Здабыча жал. руды, вугалю і каменнай солі. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (выпуск металаканструкцый, абсталявання для горнай і металургічнай прам-сці, с.-г. машын, трансп. сродкаў, эл.-тэхн. вырабаў і інш.), тэкст., дрэваапр., хім., нафтаперапрацоўчая. Пасевы збожжавых, цукр. буракоў, бульбы. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
У сярэднія вякі Л. наз. розныя дзярж. і тэр. ўтварэнні. У 855—900 пасля распаду Франкскай дзяржавы і падзелу ўладанняў імператара Лотара I (адсюль назва) у бас. ніжняга і сярэдняга Рэйна ўзнікла каралеўстваЛ.; з 925 герцагства ў складзе Герм.каралеўства, у 959 падзелена на 2 герцагствы — Ніжнюю Л. і Верхнюю Л. У 11—12 ст. Ніжняя Л. распалася на графствы Лувен, Намюр, Лімбург і інш. Пазней Ніжняя Л. ўвайшла ў склад Бельгіі і Нідэрландаў. Герцагства Верхняя Л. (менавіта яе тэрыторыі адпавядае гіст. вобласць Л.) з 12 ст. паралельна наз. герцагствам Л. У 13—15 ст. за валоданне ёю сапернічалі Германія і Францыя, у выніку чаго герцагі Л. прызнавалі сябе васаламі абедзвюх дзяржаў. З 2-й пал. 16 ст. пачалося далучэнне латарынгскіх зямель да Францыі, якая ў 1633 пашырыла сваю ўладу на ўсю тэр. Л. Ў 1697 герцагства Л. ўвайшло ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Паводле Венскага мірнага дагавора (1738) перададзена ў пажыццёвае ўладанне каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Ляшчынскаму, пасля смерці якога (1766) у складзе Францыі на правах асобнай правінцыі. У 1871 Усх. Л. і Эльзас далучаны да Германіі (імперская прав. Эльзас-Л.), у 1919 вернуты Францыі. Ў 1940 яны анексіраваны фаш. Германіяй, у 1944 вызвалены і вернуты Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ САЮ́З ЛІТВЫ́,
РСЛ (Związek Robotniczy na Litwie), інтэрнацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў Вільні, Мінску і Смаргоні ў 1896—1900. Створаны па ініцыятыве С.С.Трусевіча як альтэрнатыва Літ.с.-д. партыі (ЛСДП), якая адмовілася ад узаемадзеяння з рас. рабочым рухам. Арганізатары і кіраўнікі: Трусевіч, В.Вайткевіч, В.Васілеўскі, С.Рулькоўскі, М.Казлоўскі. Іх погляды склаліся пад уплывам рас. групы «Вызваленне працы» і польскай сацыяліст. партыі «Пралетарыят». РСЛ лічыў неабходным уступленне ў будучую Рас.с.-д. партыю на правах аўтаномнай групы. Ставіў за мэту звяржэнне царызму і ўстанаўленне рэсп. ладу, вызваленне рабочых ад прыгнёту бачыў у сацыялізме. Нац. пытанне ў праграме замоўчвалася. Гарантыю поўнай свабоды нац.-культ. развіцця насельніцтва «Літвы» звязваў са стварэннем рас.дэмакр. -канстытуцыі. У паняцце «Літва» дзеячы РСЛ уключалі і б.ч. Беларусі ў межах Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ., але прытрымліваліся пашыранага на той час памылковага меркавання пра адсутнасць бел. нацыі і, адпаведна, бел. рабочых, якіх па канфесіянальных прыкметах падзялялі на «рускіх» і «палякаў». У 1896—97 РСЛ кіраваў шэрагам стачак у Вільні і Смаргоні, якія суправаджаліся арыштамі. Да канца 1896 арганізаваў прафесійны саюз гарбароў Літвы з аддзяленнямі ў Вільні, Мінску і Смаргоні. Паслаў Г.В.Пляханаву, П.Б.Аксельроду, В.І.Засуліч мандат на Лонданскі міжнар.сац. кангрэс 2-га Інтэрнацыянала. Арышты 1897 большасці кіраўнікоў не спынілі дзейнасці саюза. Ён выпускаў пракламацыі, вёў вусную агітацыю, у сак. 1899 быў адным з арганізатараў 3 антыўрадавых дэманстрацый віленскіх рабочых, праведзеных з нагоды адпраўкі ў ссылку членаў РСЛ, ЛСДП і Бунда. У 1897—99 выдаў 6 нумароў газ. «Przegląd Robotniczy» («Рабочы агляд»). У студз. 1900 аб’яднаўся з сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы, некат. члены РСЛ пасля ссылкі ўдзельнічалі ў стварэнні Віленскай арг-цыі і Паўн.-Зах.к-таРСДРП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́Н (Milano),
горад на Пн Італіі, у цэнтр.ч. Паданскай раўніны. Адм. ц. вобласці Ламбардыя і прав. Мілан. 1,5 млн.ж., з прыгарадамі каля 4,5 млн.ж. (1998); другі па колькасці насельніцтва (пасля Рыма) горад краіны. Важны вузел чыгунак і аўтадарог, злучаны суднаходнымі каналамі з р. По. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар.Гал.прамысл., важны навук. і культ. цэнтр краіны. Больш за 50% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў прам-сці (каля 10 % занятых ва ўсёй прам-сці краіны), якая мае шматгаліновы характар. Вядучая галіна — машынабудаванне: вытв-сць абсталявання для металургіі і інш. галін прам-сці, аўтамаб., авіяц., трактарная прам-сць, вытв-сць матацыклаў, веласіпедаў, с.-г. машын, чыг. рухомага саставу і абсталявання, матора-, прылада- і станкабудаванне, электратэхн., радыёэлектронная, ваенная прам-сць. Развіты нафтаперапр., хім., гумавая прам-сць, металургія (асабліва вытв-сць якасных сталей). Прадпрыемствы тэкст., харч., швейнай, гарбарна-абутковай і інш. галін. Найбуйнейшы цэнтр выдавецкай справы ў Італіі. Метрапалітэн. У М. знаходзяцца праўленні вядучых канцэрнаў краіны, банкі, гандл. і фондавая біржы. У М. — шэраг ВНУ, у т. л. 3 ун-ты, кансерваторыя, акадэмія выяўл. мастацтваў, і навук. устаноў, у т. л. Акадэмія л-ры. Нац.б-ка, б-ка Амбразіяна і інш. Міланская прамысл. выстаўка.
Засн. ў 4 ст. да н.э. інсубрамі (адно з кельцкіх плямён). З 196 пад уладай Рыма, буйны эканам. цэнтр Рым. імперыі. У 313 выдадзены Міланскі эдыкт. У 539 разбураны остготамі, у 569 заваяваны лангабардамі. З 774 пад уладай Каралінгаў. З канца 10 ст. ўладанне архіепіскапа, буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (выраб зброі, шоўку, сукна). Вайна (патарыя) гараджан супраць архіепіскапа прывяла да ўтварэння ў М. камуны (1147). Горад падтрымаў вайну папства супраць ням. імператара Фрыдрыха I Барбаросы, у 1162 разбураны яго войскамі. Адбудаваны на сродкі Ламбардскай лігі. У 1176 гараджане ўдзельнічалі ў разгроме імперскіх войск пад Леньяна. Паводле Канстанцкага міру 1183 за М. замацаваны правы камуны. З 1277 пад уладай тыраніі Вісконці, з 1395 сталіца Міланскага герцагства. У 14 ст. адзін з гал. цэнтраў гандлю і вытв-сці ў Еўропе (вырабы з жалеза, тэкстыль), горад чаканіў сваю манету. З 1450 уладанне роду Сфорца, пры двары якіх працавалі Д.Брамантэ і Леанарда да Вінчы. Пасля смерці апошняга Сфорца (1535) М. захапіў імператар Карл V і аддаў горад свайму сыну Філіпу II (каралю Іспаніі). У 1706 заваяваны Аўстрыяй. У 1796 акупіраваны Напалеонам, з 1797 сталіца Цызальпінскай рэспублікі, з 1802 — Італьян. рэспублікі, з 1805 — Італьян.каралеўства. У (815—59 у складзе Аўстрыі, цэнтр Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. У 1859 вызвалены, разам з Ламбардыяй у складзе Сардзінскага каралеўства, з 1861 — адзінага Італьян.каралеўства. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. М. ператварыўся ў буйны гандл.-прамысл. і фінансавы цэнтр з моцным рабочым рухам. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.
Аблічча сярэдневяковага М. вызначалася авальным планам з радыяльнай сеткай вуліц і цэнтрам на пл. П’яцца даль Дуома. Захаваліся фрагменты стараж.-рым. пабудоў, помнікі раннехрысц. і раманскага дойлідства: касцёлы Сан-Ларэнца Маджорэ (пачаты ў 4 ст., перабудаваны ў 11 і 16 ст., мазаікі 4—5 ст.), Сант-Амброджа (9—12 ст.; клуатры — з 1492, арх. Брамантэ), Сант-Эўсторджа (12—13 ст.; капэла Партынары, 1462—68, арх. Мікелоца, фрэскі В.Фопы). У М. — гатычны сабор (1386—1856, арх. А. і Ф. дэльі Аргані, С.Арсеніга, М.Фрызоне, К.Салары, П.Тыбальдзі і інш.), замак Кастэла Сфарцэска (пачаты ў 1450, арх. Дж. да Мілана, А.Філарэтэ, Брамантэ, фрэскі паводле эскізаў Леанарда да Вінчы; у 1952—56 рэканструяваны пад музей), рэнесансавыя касцёлы Санта-Марыя дэле Грацые (1466—97, арх. Г.Салары, Брамантэ; у трапезнай размалёўка «Тайная вячэра» Леапарда да Вінчы), Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра (1479—83, арх. Брамантэ, фасад 19 ст.); шэраг збудаванняў у стылях барока і класіцызму, у т. л.т-р«Ла Скала» (1778, арх. Дж. П’ермарыні). Сярод пабудоў у сучасных стылях: вышынныя будынкі Пірэлі (1956—60, арх. Дж.Понці, А.Раселі; выш. 130 м), Торэ Веласка (1956—58) і інш. Музеі: Нац. навукі і тэхнікі Леанарда да Вінчы, марскі, карцінныя галерэі Брэра, Амбразіяна. Тэатры «Ла Скала», «Пікала-тэатр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс.чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал.гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1 мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр. Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕНЦЬЯ́Н,
горад, сталіца Лаоса. Размяшчаецца на левым беразе р. Меконг каля мяжы з Тайландам. Вылучаны ў асобную адм. адзінку на правах правінцыі. 442 тыс.ж. (1990). Рачны порт, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пераважае саматужная прам-сць: рысаачышчальныя, гарбарныя, бавоўнавыя, шаўковыя, мэблевыя прадпрыемствы; мастацкія рамёствы. Буйны рынак драўніны цвёрдых парод, каўчуку, баваўняных, шаўковых, лакавых вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Арх. помнікі: манастыры-храмы 16—19 ст., ват Ін-Пенг, каралеўскі ват Фра-Кеа (1565), ват Сісакет (1820), комплекс свяцілішчаў, каралеўскі палац і інш.
Засн. ў 13 ст. У 16 — пач. 18 ст. сталіца (з перапынкамі) лаоскай дзяржавы Лансанг, у 1707—1828 — княства В’енцьян. У 1827—28 разбураны сіямскімі войскамі. З 1899 адм. цэнтр т.зв.Франц. Лаоса. У 1946—75 сталіца каралеўства Лаос, з 1975 — дзяржавы Лаос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОШ (польск. grosz, ням. Groschen ад лац. denarius grossus цяжкая манета),
1) буйная сярэбраная манета. Выраблялася з 1172 у Італіі, з 1266 у Францыі, стала метралагічным і якасным эталонам для гроша некат. дзяржаў Паўн. і цэнтр. Еўропы. Каля 1300 выраб пачаты ў Багеміі, каля 1337 — у Польшчы, каля 1339 — у Саксоніі, з 1329 — у Венгрыі, з 1535 — у ВКЛ (гл.Грош літоўскі). З 18 ст. біліся і медныя грошы.
2) Лікава-грашовае паняцце ў ВКЛ і Польшчы ў 14—16 ст., Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. 3) Манета і элемент грашовай сістэмы каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі (1815—50), міжваеннай Рэчы Паспалітай (1924—39), Генеральнай губ. (1939—44).
4) Сучасная разменная манета Польшчы (1/100 злотага) і Аўстрыі (1/100 шылінга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЎСКІ (Іван Яўстахавіч) (? — 26.3.1664),
гетман Украіны. Служыў у польск. войску, у бітве пад Жоўтымі Водамі (1648) трапіў у тат. палон, з якога выкуплены Б.Хмяльніцкім. Быў у апошняга генеральным вайск. пісарам. Пасля смерці Хмяльніцкага выбраны гетманам Украіны (1657—59). Арыентаваўся на збліжэнне з Польшчай, рыхтаваў план сумеснай з палякамі барацьбы супраць маскоўскага войска. Падпісаў Гадзяцкі дагавор 1658, паводле якога Украіна на федэратыўных асновах зноў уваходзіла ў Польскае каралеўства. Паводле ўмоў пагаднення, гетман павінен быў вызваліць ад казакоў тэр. Беларусі. Летам 1659 Выгоўскі пры падтрымцы польск. войска і татар разграміў пад Канатопам буйныя сілы рус. ваяводы А.Трубяцкога. Большасць казакоў была незадаволена палітыкай Выгоўскага, супраць яго выбухнула паўстанне на чале з І.Багуном і інш. Выгоўскі ўцёк у Польшчу, адмовіўшыся ад гетманства. Расстраляны ў выніку інтрыг гетмана Правабярэжнай Украіны П.Цяцеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́У (Аляксандр Артуравіч) (8.3.1906, Масква — 28.12.1973),
расійскі кінарэжысёр, буйнейшы майстар жанру кінаказкі. Нар.арт. Расіі (1968). Скончыў кінашколу Б.Чайкоўскага (1930) і драм. тэхнікум імя Ярмолавай у Маскве (1934). У кіно з 1930. Паставіў прасякнутыя паэзіяй, гумарам, фантаст. рамантыкай фільмы: «Па шчупаковаму загаду» (1938), «Васіліса Прыгожая» (1940), «Канёк-гарбунок» (паводле П.Яршова, 1941), «Кашчэй Бессмяротны» (1945), «Новыя прыгоды Ката ў ботах» (1958), «Мар’я-майстрыха» (1960), «Каралеўства крывых люстэркаў» (1963), «Марозка» (1965, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў у Венецыі), «Агонь, вада і медныя трубы» (1968), «Варвара-краса, доўгая каса» (1970), «Залатыя рогі» (1973) і інш. Экранізаваў творы М.Гогаля: «Майская ноч, або Тапельніца» (1952, стэрэафільм), «Вечары на хутары каля Дзіканькі» (1961). Ставіў карціны, прысвечаныя сучаснасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ сеймавая, ухвала, пастанова вальнага сеймаКаралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай. К. звычайна выдаваліся для ўсёй Рэчы Паспалітай, зрэдку асобна для Польшчы і ВКЛ. Прымаліся К. вячыстыя, дзеянне якіх не абмяжоўвалася часам, і часовыя. Абмеркаванне і прыняцце праходзіла ў абедзвюх палатах сейма — сенаце і пасольскай ізбе. У пасольскай ізбе прымаліся спачатку большасцю галасоў, а пасля ўвядзення ў 1589 ліберум вета — аднагалосна. Канчаткова К. рэдагаваў кароль, ад імя якога яна выдавалася. Яе ўпісвалі ў Каронную Метрыку і Метрыку Вялікага княства Літоўскага і друкавалі (з 1576 у абавязковым парадку), спачатку кожную асобна. З канца 16 ст. пастановы сейма выдавалі ў выглядзе зборніка, які лічыўся адной К. Друкаваныя экзэмпляры з дзярж. пячаткай і подпісамі маршалка сейма і канцлера рассылалі па ваяводствах. У 18—20 ст. ажыццёўлена неафіц. выданне К. Польшчы і Рэчы Паспалітай — Валюміна легум.