МЕЗАРЭЛЬЕ́Ф [ад мез(а)... + рэльеф],

форма рэльефу, сярэдняя па памерах паміж формамі макрарэльефу і мікрарэльефу з амплітудамі вышынь, якія не перавышаюць звычайна некалькіх дзесяткаў метраў (невял. грады, камы, озы, лагчыны, дзюны, гразевыя вулканы і інш.). Створаны пераважна экзагеннымі працэсамі (акумуляцыя, эрозія, дэфляцыя і інш.).

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫС,

участак сушы, які ўдаецца ў мора, возера або раку. Устойлівыя М. звычайна складзены з карэнных парод. М. нізкіх участкаў сушы з’яўляюцца канцавой часткай акумулятыўных берагавых форм. Англ. аналаг М. — кейп часам служыць састаўной часткай геагр. назваў (напр., г. Кейптаўн).

т. 11, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІ́Ў (ад лац. passivus нядзейны),

1) сукупнасць даўгоў і абавязацельстваў прадпрыемства (у процілегласць актыву).

2) Частка бухгалтарскага балансу (звычайна правы бок), дзе абазначаюцца крыніцы ўтварэння сродкаў прадпрыемства, яго фінансавання, згрупаваныя па прыналежнасці і мэтавым прызначэнні (уласныя рэзервы, пазыкі інш. устаноў).

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЁС,

больш глыбокі ўчастак рэчышча ракі, размешчаны паміж перакатамі. Звычайна ўтвараецца ў месцах павелічэння скорасці цячэння вады і інтэнсіўнага размывання дна (напр., у выгінах рэк, у звужаных рачных далінах). П. называюць таксама ч. азёр ці вадасховішчаў, адасобленыя астравамі, паўастравамі, косамі.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАСЁНАКВЕ́ТНЫЯ (Polygonales),

парадак двухдольных кветкавых раслін. Уключае 1 сям. — драсёнавыя, больш за 30 родаў, каля 800 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў паўн. умераных паясах. На Беларусі больш за 30 дзікарослых і каля 10 інтрадукаваных відаў з 9 родаў. Найб. вядомыя роды: грэчка, драсён, рэвень, шчаўе. Сярод Д. лек., кармавыя, каштоўныя харч., дубільныя, фарбавальныя і меданосныя расліны, ёсць ядавітыя.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, кусты, ліяны, рэдка дрэвы (у тропіках). Сцябло галінастае, вузлаватае, каленчатае. Лісце звычайна чаргаванае, рэдка супраціўнае або кальчаковае, простае, суцэльнае ці лопасцевае, з прылісткамі, якія зрастаюцца каля асновы чаранка ў раструб. Кветкі дробныя, звычайна двухполыя, правільныя, трохчленныя, беспялёсткавыя, сабраныя ў складаныя суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Насенне з мучністым эндаспермам.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАЗІГО́ТНАСЦЬ (ад гетэра... + зігота),

спадчынная неаднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах розных форм (алелей) таго ці іншага гена. Узнікае часцей у выніку зліцця разнаякасных паводле геннага або структурнага складу гамет у гетэразіготу, магчыма і праз мутацыі. Звычайна спрыяе высокай жыццяздольнасці арганізмаў і прыстасаванасці іх да зменлівых умоў асяроддзя, таму пашырана ў прыродных папуляцыях, падтрымлівае ў іх пэўны ўзровень генатыпічнай зменлівасці. У эксперыментах гетэразіготнасць атрымліваюць скрыжаваннем паміж сабой гомазігот па розных алелях. Нашчадкі ад такога скрыжавання аказваюцца гетэразіготамі паводле дадзенага гена. Маскіруючае дзеянне дамінантных алелей пры гетэразіготнасці — прычына захавання і пашырэння ў папуляцыі шкодных рэцэсіўных алелей, якія выяўляюць звычайна пры племянной і селекцыйнай рабоце; у мед. генетыцы важная пры вызначэнні спадчынных захворванняў. Гл. таксама Гомазіготнасць.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́ЛЬ (франц. modèle узор ад лац. modulus мера, узор, норма),

1) узор (эталон) якога-н. вырабу для серыйнай ці масавай вытв-сці.

2) Тып, марка, узор канструкцыі.

3) Прадмет маст. адлюстравання (натура); чалавек, які пазіруе мастаку (натуршчык).

4) Узнаўленне, імітацыя якога-н. прадмета, часцей у зменшаным выглядзе (напр., М. самалёта). Гл. таксама Макет.

5) Узор прадмета (звычайна з матэрыялу, што лёгка апрацоўваецца), з якога робіцца форма для ўзнаўлення ў інш. матэрыяле. Напр., ліцейная мадэль, з дапамогай якой робіцца рабочая поласць у ліцейнай форме.

6) Схема, апісанне якой-н. з’явы ці працэсаў у прыродзе і грамадстве.

7) Канструкцыя, якая перадае, імітуе (звычайна ў зменшаным маштабе) будову і дзеянне якога-н. інш. («сапраўднага») аб’екта ў навук., вытв. (гл. Мадэліраванне) ці спарт. мэтах (гл. Мадэлізм спартыўны).

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФ (франц. nef ад лац. navis карабель),

карабель, у хрысціянскіх храмах прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці абодвух бакоў радам калон ці слупоў. Адрозніваюць Н. сярэдні, бакавыя і папярочныя (трансепт). Вядомы са старажытнасці ў храмах тыпу базілікі. На Беларусі пашыраны з 16 ст. Сярэдні Н., звычайна больш высокі за бакавыя, асвятляўся невысокімі аконнымі праёмамі над дахамі бакавых Н., у алтарнай ч. завяршаўся апсідай або прэсбітэрыем (у некат. храмах існавалі сярэднія Н. без апсід). На скрыжаванні сярэдняга Н. і трансепта часта рабілі купал на барабане, у бакавых размяшчалі алтары. У архітэктуры готыкі Н. мелі складаныя ўзорыстыя скляпенні, у архітэктуры барока і класіцызму сярэдні Н. звычайна перакрываўся цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Скляпенні Н. ўпрыгожвалі дэкар. лепкай, размалёўкай.

Нефы базілікальнага храма.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЭ́Р (франц. parterre ад раг па + terre зямля),

1)у тэатральным будынку, кінатэатры, канцэртнай зале — частка глядзельнай залы ніжэй узроўню сцэны (звычайна павышаецца ад сцэны да задніх радоў) з месцамі для гледачоў. Звычайна з’яўляецца асн. па аб’ёме часткай глядзельнай залы. Вырашэнне П. залежыць ад агульнай кампазіцыі інтэр’ера будынка. Існуюць прамавугольныя ў плане, у выглядзе сегментаў, паўкруга ці паўавала, больш складанай формы. У некаторых відовішчных збудаваннях П. вырашаюцца амфітэатрам.

2) У садова-паркавым мастацтве — адкрытая частка саду ці парку на роўнай мясцовасці з газонамі, кветнікамі, вадаёмамі, бардзюрамі з кустоў. На П. часта размяшчаюць скульптуру, фантаны, курціны, асобныя дрэвы. П., падзеленыя на ўчасткі правільнай формы з узорамі, створанымі стрыжаным самшытам, каляровым пяском, тоўчанай цэглай і інш., характэрны для рэгулярных паркаў 17—18 ст.Версалі, Петрадварцы). Больш свабодныя па абрысах П. ў пейзажных парках, звычайна ў выглядзе лужкоў (паркі Стоу ў Англіі, у Паўлаўску). На Беларусі пашырыліся ў 17—18 ст. у рэгулярных парках, т.зв. італьянскіх садах, уяўлялі сабой прамавугольныя ўчасткі, акаймаваныя алеямі са шпалерамі (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль) у 19 — пач. 20 ст. выкарыстоўваліся ў кампазіцыях пейзажных паркаў (паркі ў Гомелі, Нясвіжы). П. шырока выкарыстоўваюцца ў ландшафтнай архітэктуры і азеляненні пры стварэнні буйных горадабудаўнічых ансамбляў (П. на плошчах Незалежнасці і Перамогі ў Мінску і інш.).

В.​Р.​Анціпаў.

т. 12, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́Я,

назва ліста папарацей, звычайна буйнога, моцна расчлянёнага, перыстарассечанага, падобнага на галінку. Марфалагічна адпавядае цэлым буйным галінкам іх верагодных продкаў — рыніяфітаў. Існуюць навук. доказы, што лісце папарацей узнікла з галінак у выніку іх сплесквання і абмежавання ў росце. Ваяй таксама наз. лісце пальмаў.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)